Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка паведаміў намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык.

«Мы яго стварэнне пачалі, работа ідзе ўвесь час. І той жа „Пеленг“ стварае „жалеза“, і нашы інстытуты ў рамках саюзных праграм працуюць у гэтым кірунку, работа не спынялася. Тэрмін службы спадарожніка пяць гадоў, і за гэты час ужо павінен быць гатовы наступны», — сказаў Чыжык.

Ён нагадаў, што першы беларускі спадарожнік працуе ўжо на працягу трох месяцаў.
«Завяршаюцца тэсты сістэмы эксплуатацыі, вызначаецца яго паслухмянасць у кіраванні, атрымліваюцца першыя здымкі. Мы бачым, што яны высокай якасці, мы бачым не толькі тэрыторыю нашай краіны, але і іншых краін. Ужо з’яўляюцца ахвотныя па выкарыстанні гэтых выяваў», — паведаміў Чыжык.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускія вучоныя маюць арыгінальныя алгарытмы апрацоўкі дадзеных спадарожніка «не толькі візуальнай, але і спектральнай, напрыклад па ацэнцы стану глеб, відаў на ўраджай, нават прыкметаў залягання карысных выкапняў».

Запуск Беларускага касмічнага апарата быў ажыццёўлены 22 ліпеня 2012 года ў 9 гадзін 41 хвіліну. БКА запушчаны з касмадрома Байканур разам з пяццю іншымі спадарожнікамі вытворчасці Расіі, Канады і Германіі. Кошт праекта па стварэнні і запуску спадарожніка складае прыкладна 16 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?