Віктар Марціновіч — журналіст, пісьменнік, палітолаг. Ён расказвае пра самае страшнае ў прафесіі журналіста, пра сапраўдных мужыкоў і жыццёвыя прынцыпы, якія робяць чалавека паспяховым.
Я быў паслухмяным і ціхім, як коцік
Калі я быў малы, матуля захварэла на рассеяны склероз. Гэта хвароба з часам вырубае ўсю нервовую сістэму чалавека і робіць яго непрыдатным для рухаў. Таму заўсёды ці я, ці бацька былі з матуляй. Адразу пасля школы я бег дадому, каб быць з ёй. І гэта вельмі моцна мяне сфарміравала. Я быў паслухмяным і ціхім, як коцік. Я як быў інтэлігентам, так і застаўся ціхім батанікам, утаропленым у кнігі.
Што 100 гадоў таму, што зараз — адно і тое ж
У школе першыя класы я вучыўся дрэнна. Бо было шмат негуманітарных прадметаў. Але раптам з’явіўся беларускамоўны выкладчык, які пачаў расказваць пра БНФ, і прыкладна з гэтага моманту нешта ў маёй галаве пстрыкнула і мне стала цікава вучыцца. Школа зрабіла вельмі шмат, каб адбіць ахвоту ад беларускай літаратуры і прызвычаіць мяне да думкі, што цікавай можа быць толькі руская літаратура. Але гэта нават добра, бо я адкрыў Гарэцкага, Дуніна-Марцінкевіча і Купалу, калі я быў ужо сталым чалавекам, а не падлеткам. Калі чытаеш Гарэцкага, то разумееш, што 100 гадоў таму, што зараз — усё адно і тое ж, і краіна не змянілася.
Дзікі Захад мы ўжо прайшлі
У мяне стандартная для беларусаў сітуацыя, калі маці каталічка, а тата з усходняй Беларусі і ён праваслаўны. Мая маці з Ашмянаў, і я там нарадзіўся, правёў першыя гады жыцця. У бацькоў яшчэ не было хаты ў Мінску, і я жыў па вёсках. Маці была доктаркай. Яна скончыла медыцынскі інстытут, адразу нарадзіла мяне і захварэла. Яна ведала, чым скончыцца яе хвароба. А тата быў інжынерам, які па класічнай беларускай схеме ў 1990-я займаўся бізнэсам і рабіў усё тое, што можна паглядзець у «Бумеры». Калі ён расказвае пра 1990-я, пра тое, як ад бандытаў хаваўся, я разумею, што дзікі Захад мы ўжо прайшлі, былі і кулямёты, і рэвальверы, і сапраўдная прага да жыцця. За тое, каб застацца жывым, трэба было біцца.
Бог стварыў гэты свет і кудысьці дзеўся
Па веравызнанні я каталік, таму што каталікоў вельмі моцна прасуюць у гэтай краіне. Я каталік асэнсавана, я бываю ў касцёле. Мне падабаецца каталіцызм хоць бы тым, што ў касцёле я адчуваю прысутнасць Бога.
Хакей без асалоды
Я гуляў у хакей, у мяне нават шнар каля вока застаўся, які я атрымаў клюшкай. Хаця асалоды ад гульні не атрымліваў. Проста бацькі разумелі: каб жыць у Зялёным Лузе, вучыцца ў школе №171, трэба валодаць пэўнымі ўяўленнямі пра баявыя навыкі.
Тата лічыў, што я магу быць добрым фізікам
Бацька мне казаў, што не трэба быць журналістам. На прыкладзе нашай коткі ён сцвярджаў, што журналіст — гэта той чалавек, які да таго моманту, як котка пасрэ, ужо павінен разбіць яе лайно на кавалачкі і прааналізаваць. Мой тата лічыў, што я магу быць добрым фізікам, але ж я ягоных парадаў не пачуў. Я пішу з 12 гадоў, спачатку дзённікі, потым нейкія гісторыі.
Ад турмы ў нашай прафесіі нельга заракацца
Вельмі вялікай школай для мяне была першая позва ў суд. Я быў адным з першых журналістаў, які атрымаў позву па абароне гонару і годнасці. Гэты суд быў і вопіс маёмасці, было вельмі складана псіхалагічна. Я тады зразумеў, што і як трэба пісаць. Трэба адказваць за кожнае сваё слова. Ад турмы ў нашай прафесіі нельга заракацца. Мы, як бандыты ў 90-х: кожны дзень рызыкуем.
Я з другога ці трэцяга эшалона
Пералік журналістаў у Беларусі з вялікай літары даволі кароткі, усе гэтыя людзі ўражваюць сваёй смеласцю. Ірына Халіп, Света Калінкіна, Андрэй Пачобут (ён проста Чак Норыс у нашай журналістыцы). А я з другога ці трэцяга эшалона. Сярод людзей, якія хутка ўзляцелі, я магу адзначыць Гудзіліна.
Кава
Мой дзень пачынаецца з кавы, якую я п’ю каля рэдакцыі. Гэта не самая выкшталцоная кавярня, яе трымаюць простыя пацаны.
Добрыя вандроўкі развіваюць людзей, як кнігі
Я знаходжу сэнс жыцця, каб вандраваць па Беларусі ці па свеце. Добрыя вандроўкі развіваюць людзей, як кнігі. Турыст едзе адпачываць, а трэба не адпачываць, а спазнаваць іншыя бакі жыцця. У вандроўцы ты разумееш, што існуюць дзве самыя істотныя рэчы — гэта світанак і заход.
У маёй памяці застаўся прыклад з апошняй вандроўкі ў В’етнам. У Хаяне я сустрэў дзеда, які пэўны час жыў у будысцкім кляштары. І ён расказаў мне дзіўную рэч, што розум чалавека пры рэінкарнацыі сыходзіць разам з чалавекам, а сэрца застаецца. І што трэба жыць сэрцам, бо яно чуе, што трэба рабіць, а што — не. Сэрца расце разам з намі, з кожным добрым учынкам, які мы здзяйсняем.
Трэба бестселер
Беларусь чакае бестселер. Але для таго, каб кніга стала бестселерам, трэба вынайсці не сюжэт, не мову, а падыход да чытача. Нам больш за ўсё бракуе разумення таго, як на беларускай ці расейскай мове стварыць нейкі тэкст, які б уся Беларусь раптам набыла ці спампавала.
Трэба, каб цябе пёрла
Калі нешта надакучыла і жыццё ўжо не падаецца цудам, то праблема толькі ў табе. Трэба, каб цябе заўсёды пёрла. І калі ты працуеш у офісе і табе нецікава жыць, дык набудзь алей і пачынай займацца жывапісам. У такой краіне, як Беларусь, праз два гады ты станеш першым.
Я заблытаўся ў канструкцыі «Будаваць сям’ю»
Працэс вызначэння жыццёвых прыярытэтаў не спыняецца ніколі. Зараз яны размеркаваныя так: 1) мая пісаніна, 2) маё выкладанне, 3) навука. А асабістае жыццё існуе паралельна з гэтымі працэсамі. У мяне ёсць асабістае жыццё. Нармальны чалавек, а не тэлевізійная зорка пра гэта не расказвае. Я заблытаўся ў канструкцыі «Будаваць сям’ю». Для мяне свет пачуццяў з’яўляецца больш істотным, чым свет кар’еры. Я кожную хвіліну жыву ўласнымі пачуццямі, у тым ліку да чалавека, які для мяне дарагі. Усё астатняе прадаецца.
Эміграцыя — гэта трагедыя
Час ад часу, асабліва калі вяртаешся аднекуль здалёку, дзе нябёсы блакітныя, а мора цёплае, узнікае жаданне ўсё кінуць і з’ехаць. Але я занадта моцна імкнуся пакінуць след пасля сябе, дасягнуць чагосьці. У мяне ёсць досвед двухгадовага жыцця ў Літве, я добра ведаю, што такое эміграцыя, і мне гэта не падабаецца. Для таго, каб нешта зрабіць, трэба жыць тут. Я — гэта мова. Мне трэба быць тут, мне трэба размаўляць на рускай і беларускай мове. Калі я з’еду ў іншае месца, проста загіну. Гэта наша непаўторная шэрасць. У нас у слоўніку павінна быць шмат слоў для перадачы шэрага колеру. Наш шэры колер вельмі высакародны. Я не ведаю ніводнага шчаслівага эмігранта. Эміграцыю без трагедыі я не разумею і не прымаю. Я не разумею, калі чалавек едзе ў іншую краіну па грошы ці дзеля таго, каб змяніць будучыню. Тут таксама ёсць будучыня і вельмі добрая, вельмі высакародная.
Я не карыстаюся ніякай парфумай
Бруд для мужчыны не праблема, пах — праблема. Калі яго няма, то ўсё нармальна, ты нармальны пацан. Я лічу, што мужчына павінен час ад часу мыцца і галіцца. Калі чалавек пачынае выкарыстоўваць розныя крэмы, то ў мяне ўзнікае шэраг пытанняў да яго. Я не карыстаюся ніякай парфумай. Адзін знаёмы дыпламат расказаў мне пра кодэкс гонару дыпламатаў, якім забаронена карыстацца парфумай. Калі ты пырскаешся нейкім пахам, ты пачынаеш выглядаць як клішэ, якое створана іншымі. Мне падабаецца, як пахне жанчына, падабаецца, як пахне жаночае цела, і не лічу, што яго трэба замяняць нейкай парфумай.
«Акропаліс» – гэта проста дрэнны густ
Звычайна я апранаюся ў Вільні, бо часта там бываю. Відавочна, што у Берліне цэны і шэраг лепшыя, але я там бываю раз на год. Маю да ўсіх параду, хто едзе у Вільню: не едзьце у гэты «Акропаліс» – гэта проста дрэнны густ. Усе тыя крамы, якія ёсць у «Акропалісе», ёсць ці то на праспекце Гедыміна, і ў «Еўропе». Хадзіце туды, як нармальныя літоўцы, хопіць рабіць выгляд бедных прыгнечаных беларусаў.
Трэба гнаць ад сябе думкі, нібыта ты ўсё ведаеш
Трэба гнаць ад сябе думкі, нібыта ты ўсё ведаеш. Я не стамляюся здзіўляцца. Увесь час я чымсьці здзіўлены, ці зачараваны, ці ўзрушаны.
Ты заўсёды атрымліваеш тое, да чаго імкнешся
Я адкрыў для сябе наступную таямніцу: чалавек у дадзены момант той, да чаго ён заўсёды імкнуўся. Усё астатняе гэта словы і поза. Ты заўсёды атрымліваеш тое, да чаго імкнешся. Нават калі ты небарака, які сядзіць на шыі ў сваёй жонцы. Значыць ты ўсё роўна дзесьці у сэрцы гэтага і хацеў. Проста варта сябе запытацца.
* * *
Віктар Марціновіч. Намеснік галоўнага рэдактара «Белгазеты», блогер радыё «Свабода». Выкладчык паліталогіі ЕГУ. Аўтар раманаў «Параноя» і «Сцюдзёны вырай».
Каментары