Архіў

ПРАКУРАТУРА МАЎЧЫЦЬ

№ 12 (109), 1998 г.

Пракуратура маўчыць

 

Мы так i не дачакалiся рэакцыi Генэральнай пракуратуры РБ на нашу Заяву адносна фактаў ваенных злачынстваў савецкiх партызанаў супраць цывiльнага насельнiцтва на тэрыторыi Слонiмшчыны ў 1943 годзе (глядзi нумар «НН» ад 11 траўня 1998). Месяц, на працягу якога пракуратура мусiла даць нам адказ, прамiнуў. Рэакцыя — маўчаньне.

Нiводзiн з названых намi фактаў ня быў абвергнуты. Мы ведаем, што пракуратура праводзiла сваё дасьледаваньне слонiмскiх фактаў, i факты пацьвердзiлiся. Нагадаем, што год таму пракуратура афiцыйна папярэдзiла «Нашу Нiву» за публiкацыю гэтых самых фактаў. Сёньня юрыдычная сiла таго папярэджаньня выглядае прывiдна. Падобна, што мы маем справу нават не зь несправядлiвасьцю, а з прававым нiгiлiзмам установы, чыя найпершая задача — забясьпечваць у краiне прававы парадак.

Наша Заява была выклiкана грамадзянскай i прафэсiйнай пазыцыяй. Матэрыялы, якiя мы зьбiраем у Архiве Найноўшай Гiсторыi, распавядаюць пра малавядомыя i часта жахлiвыя эпiзоды беларускай гiсторыi ХХ ст. Хто мае права хаваць ад народа i ад суда факты зьверскiх забойстваў ваеннага часу — злачынствы, якiм няма тэрмiну даўнасьцi? Здавалася, хто заўгодна, але не пракуратура. Тым больш, што абавязкова рэагаваць на звароты прэсы публiчна абавязаў яе прэзыдэнт, падпiсаўшы сёлета ўвесну адпаведны ўказ.

Такiм чынам, не знайшоўшы водгуку ў краiне, мы мусiм апэляваць да мiжнароднага заканадаўства. Паводле Статута Мiжнароднага ваеннага трыбуналу 1945 году ўсё, што адбывалася ў вёсцы Якiмавiчы Слонiмскага раёну на працягу 1943 году належыць квалiфiкаваць як ваенныя злачынствы i злачынствы супраць чалавечнасьцi:

«— ваенныя злачынствы, а менавiта: парушэньне законаў i звычаяў вайны. Да гэтых парушэньняў адносяцца забойствы, катаваньнi альбо вывад у рабства цi для iншых мэтаў грамадзянскага насельнiцтва акупаванай тэрыторыi... рабаваньне грамадзкай цi прыватнай уласнасьцi; бяссэнсавае разбурэньне гарадоў i вёсак; спусташэньне, неапраўданае ваеннай неабходнасьцю, ды iншыя злачынствы;

— злачынствы супраць чалавечнасьцi, а менавiта: забойствы, зьнiшчэньнi, заняволеньне, ссылка ды iншыя жорсткасьцi ў адносiнах да грамадзянскага насельнiцтва да цi пад час вайны.... якiя падлягаюць юрысдыкцыi Трыбуналу незалежна ад таго, цi ёсьць гэтыя дзеяньнi парушэньнем унутранага права краiны, дзе яны былi зьдзейсьненыя, цi не».

Ужо паводле Рэзалюцыi 3074 (XXVIII) Генэральнай Асамблеi ААН ад 3 сьнежня 1973 году «Прынцыпы мiжнароднага супрацоўнiцтва адносна выяўленьня, арышту, выдачы i пакараньня асобаў, якiя павiнныя ў ваенных злачынствах i злачынствах супраць чалавецтва» «ваенныя злачынствы i злачынствы супраць чалавецтва, калi б i дзе б яны нi зьдзяйсьнялiся, падлягаюць расьсьледаваньню, а асобы, у адносiнах да якiх маюцца доказы ў зьдзяйсьненьнi такiх злачынстваў, — росшуку, арышту, прыцягненьню да судовай адказнасьцi i, у выпадку прызнаньня iх вiноўнымi, пакараньню».

«Канвэнцыя пра невыкарыстаньне тэрмiну даўнасьцi да ваенных злачынстваў i злачынстваў супраць чалавецтва», прынятая рэзалюцыяй 2391 (XXIII) Генэральнай Асамблеяй ААН 26 лiстапада 1968 г., юрыдычна замацавала прынцып, паводле якога «не iснуе тэрмiну даўнасьцi адносна ваенных злачынстваў i злачынстваў супраць чалавецтва», а таксама забясьпечыла «паўсюднае выкарыстаньне гэтага прынцыпу».

Канвэнцыя робiць спасылку на вельмi важны для нас прынцып: «эфэктыўнае пакараньне за ваенныя злачынствы i злачынствы супраць чалавецтва ёсьць важным фактарам у справе папярэджаньня такiх злачынстваў, абароны правоў чалавека i асноўных свабодаў, умацаваньня даверу, падтрымкi супрацоўнiцтва памiж народамi ды забесьпячэньня мiжнароднага мiру i бясьпекi».

Беларускае грамадзтва мае свае шляхi пераадоленьня мiжнароднай iзаляцыi — гэта выкарыстаньне мiжнародных законаў. Выступiўшы супраць прававога нiгiлiзму ўладаў, магчыма адначасова ўмацаваць прававое поле ў самой Беларусi.

Алег Дзярновiч

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі5

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ1

ЗША нанеслі ўдары па іранскім востраве Кешм у Армузскім праліве

Час пераабувацца. Ці ёсць сэнс ехаць па зімовыя шыны ў Польшчу і Літву?2

Перамовы паміж Расіяй, Украінай і ЗША пройдуць у Абу-Дабі 10—11 лістапада2

У восем гадоў у дзяўчыны пачалі імкліва расці грудзі і не спыніліся дагэтуль6

Амерыканцы хочуць уключаць сонечнае святло па начах — праз спадарожнікі

Вольга Гарбунова: Не хачу, каб апазіцыя ў выгнанні прыйшла да рэальнай улады ў Беларусі, а Святлана стала прэзідэнткай67

У сяле пад Кіевам сутычкі і страляніна каля дома з вайскоўцамі. Кажуць, што іх утрымлівалі незаконна8

Упершыню малітва на месцы гібелі ахвяр рэпрэсій не адбылася ва ўсёй Беларусі. Апошнім здаўся Гомель9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі5

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць