Чарнобыльскі быт
Беларускі шлях да чысьціні і выздараўленьня немінуча ляжыць праз Чарнобыль. І ня толькі з той прычыны, што сотні тысячаў беларусаў жывуць у забруджаных радыяцыяй раёнах, вяртаюцца ў сьпехам пакінутыя хаты, з кутоў якіх нячутна патыхае сьмерцю, але й таму, што мы, тыя, каго Чарнобыль непасрэдна не закранае, зьяўляемся назіральнікамі ды маўклівымі саўдзельнікамі яго, бо не супрацьдзейнічаем яму…
Сёлета выпускнікоў менскага Мэдінстытуту разьмяркоўваюць на 3 гады ў забруджаныя радыяцыяй раёны — усяго 270 студэнтаў. Вось што кажуць гэтыя студэнты — пакуль што шостага курсу — мэдінстытуту.
Сьвятлана: «На камісіі разьмеркаваньня першымі гарадамі, куды мне прапанавалі ехаць, былі Хойнікі і Брагін. Я катэгарычна адмовілася. Тады мне далі «выбраць»: якісьці забруджаны радыяцыяй горад на Магілёўшчыне або такую ж брудную Нароўлю. Я родам з Мазыра, 30 кілямэтраў ад Нароўлі, таксама, лічы, зона, аднак ніхто й не падумаў разьмеркаваць у свой горад… Чаму падпісвала паперы на разьмеркаваньне? Мне сказалі, «падпісвай, нават калі ня згодная, пасьля будзем для ўсіх нязгодных паўторную камісію зьбіраць». Я, дурная, паверыла. Камісію зьбіралі толькі для тых, хто не падпісаў, але й тых там пужалі, я чула, амаль усіх прымусілі падпісаць накіраваньні абы куды… Я хутчэй за ўсё туды не паеду».
Алена: «З васьмі дзяўчын у маёй групе тры пабраліся фіктыўнымі шлюбамі зь менчукамі».
Яшчэ адной праявай нязгоды былі нядаўнія пікеты каля будынку Мэдінстытуту, ладжаныя ЗБСам. Нешматлікія. Гатовых хоць якім законным чынам змагацца за свае правы — адзінкі. Пераважная большасьць выпускнікоў шукае крывыя шляхі, каб адкруціцца ад разьмеркаваньня. Або едзе.
Ксенія ды Люба паедуць адпаведна ў Мазыр ды Хойнікі. Дзяўчыны матывуюць сваё рашэньне аднолькава: «адразу даюць кватэру», «вышэйшы заробак», «лягчэй зрабіць кар’еру…» Найноўшая беларуская прагматыка...
Андрусь Белавокі
Да ўсіх праблемаў пасьлячарнобыльскае Беларусі гадоў дзесяць таму пачала дадавацца яшчэ адна, пра якую пакуль ніхто не гаворыць. Акурат на час масавага адсяленьня з радыяцыйна забруджаных раёнаў прыпалі міжэтнічныя канфлікты ў былым СССР. У ветлую Беларусь пацягнуліся цугам уцекачы з Каўказу ды Сярэдняе Азіі. Іх вабіла пэрспэктыва сесьці ў ціхіх мясьцінах у гатовым жытле. І адселеныя вёскі ды мястэчкі застракацелі экзатычнымі тыпажамі.
Наколькі сур’ёзная гэтая праблема, можна меркаваць на прыкладзе Брагіна, дзе афіцыйна прапісаныя 2500 чалавек (а ў 1995-м жыло толькі 2000 чалавек), а леташні перапіс зафіксаваў 3416. Улічваючы нараджальнасьць новых насельнікаў Брагіна, сацыёлягі прадказваюць, што ў 2010 г. у горадзе жыцьме 5500 чалавек. Яшчэ больш уражваюць лічбы ў трохі чысьцейшай ад радыяцыі Нароўлі. Паводле афіцыйных зьвестак тут прапісана 6900 чалавек, фактычна жыве на тысячу болей, а праз 5 гадоў, лічыцца, прамысловая Нароўля адновіць дачарнобыльскую колькасьць насельніцтва — 11 тысячаў. А вось у Камарыне, на самым поўдні Лоеўшчыны, колькасьць насельніцтва не зьмянілася з 1986 году (2500 чалавек). У пераважнай большасьці гэтыя стыхійныя мігранты сацыяльна непрыстасаваныя, маюць нізкі ўзровень адукацыі й мізэрныя запатрабаваньні. Мясцовым уладам гэта толькі на руку. Прыбышы нічога не патрабуюць і гатовыя на любую працу. Ёсьць кім кіраваць. Праўда, у некаторых гасьцёў з Поўдня ёсьць цям. Напрыклад, у пустых новых пасёлках для чарнобыльцаў у чыстых зонах Мазыршчыны паселі армяне...
С.Х.
У Чэрыкаве Чарнобыль скончыўся
Апошнім часам чарнобыльская палітыка дзяржавы ў разумных людзей выклікае неўразуменьне і нават жах. Ільготы ліквідатарам і жыхарам забруджаных тэрыторыяў зьнялі. Працэс іх адсяленьня на чыстыя тэрыторыі практычна спыніўся. Няшчасныя чэрыкаўцы, прапайчукі ды краснапольцы топяць свой запалены розум у акіяне гарэліцы, бо наперадзе іх чакае адзін невясёлы сцэнар жыцьця — вечная нястача грошай, абыякавасьць дзяржавы, хваробы і сьмерць. Навакольныя глядзяць на іх са страхам і пагардай, ставяцца перадузята, як да пракажоных…
У той жа час афіцыйна ідзе шалёная прапагандысцкая кампанія па «рэабілітацыі» забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыяў. Маўляў, нічога страшнага няма, радыяцыя — гэта выдумкі апазыцыі і Захаду і ўвогуле няма чаго баяцца. Ужо пачалося шырокамаштабнае выкарыстаньне палеткаў, прадукцыя якіх будзе несьці сьмерць наступным — калі ўжо Лукашэнкі ня будзе — пакаленьням. На адселеныя тэрыторыі пачалі вяртацца закалыханыя ўладамі людзі, якім не дапамаглі прыжыцца на новых селішчах. Гэты працэс накіроўваецца і падтрымліваецца безадказнаю часткаю кіраўніцтва ўсіх узроўняў.
Падобную тэндэнцыю як найлепш можна прасачыць на прыкладзе Чэрыкаўшчыны. Гэты раён моцна пацярпеў. Адна з самых забруджаных — вёска Зоры. Пяць гадоў зарчанаў адсялялі на чыстыя тэрыторыі, а дамы бурылі і раўнялі зь зямлёй. Але ў 1996 годзе Зоры вырашылі рэабілітаваць. Пачалася праца па адбудове вёскі і ўзнаўленьні ў ёй жыцьця. Панасылалі будаўнікоў, пайшла праца.
Цяпер у Зорах і суседніх вёсачках адных толькі дзяцей — звыш 100. Людзі сеюць бульбу і буракі, ходзяць у грыбы, пасьвяць тавар. Жывуць людзі…
У самім Чэрыкаве, мякка кажучы, плююць на Чарнобыль. Падпарадкоўваючыся нейкай чароўнай палачцы, нядаўна стварылі спэцбрыгаду, якая хутка пачне валіць лес «з мэтай забесьпячэньня аб’ектаў ВА ЖКГ мясцовымі відамі паліва». Лес гэты будуць нарыхтоўваць у Верамейскім лясьніцтве, якое надзвычай моцна пацярпела ад радыяцыі і на прыдарожнай паласе ад в.Багданаўка да Крычаўскага раёну, утыканай злавеснымі ўказальнікамі радыяцыйнай небясьпекі.
А яшчэ плянуецца забясьпечыць Чэрыкаў лаўкамі. Паставіць іх на аўтобусных прыпынках, у парках, іншых грамадзкіх месцах. Лаўкі нарыхтуе, трэба думаць, тая самая «брыгада ВА ЖКГ», у тых самых лясах.
Андрэй Кузьмін, Крычаў
Каментары