Архіў

Аляксандар Старыкевіч. Кубінскія казакі

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

Аляксандар Старыкевіч

Кубінскія казакі

 

Упершыню імя Лукашэнкі на Кубе пачулі гадоў пяць таму. У той час на «Востраве Свабоды» гасьціла група журналістаў зь Беларусі. Гэтая каманда наладзіла несанкцыянаваную дэманстрацыю па вуліцах знакамітага курорту Варадэра. Пад трапічнай залевай на арандаваным джыпе ехалі чацьвёра мужчын у адных плаўках і скандзіравалі: «Жыве Беларусь! Далоў Лукашэнку!» Відовішча, як сьведчылі тыя, хто бачыў яго на свае вочы, было экзатычнае нават па кубінскіх стандартах.

І вось нарэшце на Кубу ступіла нага беларускага сябра, хаўрусьніка і амаль што брата. Дзіўна, што дзьве такія сацыяльна блізкія асобы, як Лукашэнка з Кастрам, не сустрэліся значна раней. У новым сусьветным парадку абодва яны выглядаюць як апошнія прадстаўнікі своеасаблівай Запароскай Сечы, толькі ролю турэцкага султана ў гэтым выпадку адыгрывае амэрыканскі імпэрыялізм. Хоць гэтая вольніца гістарычна асуджаная і ейны час паступова сыходзіць, пакуль што яшчэ можна пацешыць сябе гарачымі пацалункамі «а-ля Брэжнеў», ордэнамі «за ўмацаваньне сувязяў паміж народамі» ды іншымі атавізмамі сацыялістычнай эпохі.

Кажуць, беларускага госьця бянтэжыла тое, што на фоне смуглявага рэвалюцыйнага камандантэ ён будзе выглядаць бледна ва ўсіх сэнсах. Так і адбылося, бо Кастра, як бы да яго ні ставіцца, постаць значна больш выбітная, чым сьціплы дырэктар саўгасу, якім Лукашэнка па вялікім рахунку застаўся дагэтуль. Істотная розьніца паміж імі палягае яшчэ і ў тым, што кубінскі лідэр усё ж такі бароніць незалежнасьць сваёй краіны, а не гандлюе ёй дзеля ўласнай выгоды. Лукашэнка падобны да Фідэля, як шашок да тыгра, і хутчэй стварае ўражаньне дрэннай пародыі, асабліва калі зьяўляецца на людзях у камуфляжцы.

Абмяркоўваць усур’ёз вынікі візыту Лукашэнкі на Кубу не выпадае з прычыны іх поўнай адсутнасьці. Заявы пра «рэзкую інтэнсыфікацыю» эканамічных сувязяў зьяўляюцца звычайнай пратакольнай лузгой. Папросту Кастра і Лукашэнка добра разумелі, што хоць іх і запрасілі на «саміт тысячагодзьдзя», на гэтым сьвяце яны будуць чужынцамі і таму напярэдадні наладзілі сваё асабістае — у сямейным коле.

Як і чакалася, «горад жоўтага д’ябла» сустрэў Кастра і Лукашэнку ня надта ласкава. Мэр Джуліяні без асаблівых цырымоніяў заявіў: «Удзельнікаў саміту будуць ахоўваць лепш, чым у любой іншай кропцы сьвету, аднак, па маім асабістым меркаваньні, некаторыя зь іх зьяўляюцца агіднымі жахлівымі істотамі, і пра гэта варта нагадваць ім кожны раз, калі ёсьць магчымасьць». Вашынгтонская адміністрацыя з гэтым цалкам пагадзілася і не запрасіла Лукашэнку на ўрачысты прыём. Але гэта здарылася не ў апошні момант, як падалі некаторыя сродкі масавай інфармацыі, а было вядома ўжо досыць даўно. Менавіта таму візыт Лукашэнкі ў Амэрыку быў сплянаваны такім кароткатэрміновым: трэ было адляцець у Менск як мага хутчэй, каб потым заявіць, што гэта ня Клінтан мяне адмовіўся частаваць, а я сам не пажадаў зь ім за адным сталом сядзець.

Сумясьціўшы паездку ў Вашынгтон з наведваньнем Кубы, Лукашэнка міжволі выразна акрэсьліў уласнае месца ў сучасным сьвеце. Крыўдзіцца тут няма на каго: Лукашэнка сам сябе загнаў у палітычнае гета, намаляваўшы чырвоную зорку на ілбе. Добра, што яшчэ хоць не распранулі дагала ў аэрапорце, як паўночных карэйцаў...


Каментары

Цяпер чытаюць

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца16

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Усе навіны →
Усе навіны

Праз санкцыі Марыя Калеснікава не можа разблакаваць свой нямецкі рахунак25

У вёску Асіповіцкага раёна прыйшоў зубр, але ад пачастункаў мясцовых адмовіўся ФОТА3

Сябры і калегі памерлага журналіста Алега Ануфрыенкі: Слядоў атручэння экспертыза не выявіла1

Беларуска дэбютавала ў Chanel ФОТАФАКТ7

«Гаспадары ўбачылі вынік і паднялі арэнду». Пара зняла «бабушатнік» і змяніла яго за $7008

Мерц: Уступленне Украіны ў ЕС да 2027 года немагчымае2

WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе1

Медыйны прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі пайшоў у псіхолагі-сэксолагі8

Завод Tesla цалкам пераабсталююць пад вытворчасць чалавекападобных робатаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца16

23‑гадовы ахоўнік з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць