Праект захопу неабмежаванай улады

Працяг. Пачатак у № 22, 24, 25.

“Калі ласка, не абвінавачвайце мяне і беларускі народ ва ўтрыманстве й існаваньні за ваш кошт. Вы пытаеце, у колькі абыдзецца гэтае аб’яднаньне? Колькі Расеі давядзецца заплаціць за саюз? Яна заробіць на ім тры мільярды даляраў у год. Вось колькі гэты саюз будзе каштаваць Расеі”, — казаў Лукашэнка. Зрабілася ясна, што ягоны “савецкі кансэрватызм” быў дзейсным інструмэнтам для дасягненьня палітычных мэтаў ня толькі ў межах Беларусі. Бо, толькі апэлюючы да СССР, можна было абгрунтаваць тэарэтычную роўнасьць Расеі й Беларусі як сузаснавальніц аб’яднанай дзяржавы і апраўдаць шырокі ўдзел беларускага прэзыдэнта ў расейскай палітыцы. Цяжка сказаць, чаму Лукашэнка зьмяніў ідэалягічны лейтматыў сваёй дзейнасьці — адмовіўся ад канцэпцыі Вялікай Расеі на карысьць сумесі беларускага нацыяналізму з “савецкім кансэрватызмам”. Але ў выніку Лукашэнкаў варыянт саюзу быў прыцягальны толькі для антыельцынскай апазыцыі, што павялічвала жаданьне прыхільнікаў “цара Барыса” пусьціць інтэграцыйны цягнік пад адхон. Праціўнікі інтэграцыі пераважалі ў той час як ва ўрадзе Расеі, так і сярод тых, хто вызначаў інфармацыйную палітыку СМІ. Пралукашэнкаўскі лягер меў немалую вагу ў выбарных органах улады, але іх рэальны ўплыў у посткамуністычнай Расеі быў непараўнальны з магутнасьцю альянсу ўрадоўцаў і алігархаў, які склаўся вакол Ельцына.

Як відаць з табліцы, у лік прыхільнікаў інтэграцыі ўваходзілі больш уплывовыя “публічныя палітыкі”, тады як сярод праціўнікаў дамінавалі тыя, хто меў права прымаць рашэньні ў ельцынскай адміністрацыі.

Аднак выглядала малаімаверным, што расейцы будуць вечна навязваць Беларусі “ўсходнегерманскі” варыянт узьяднаньня. Супраць простага паглынаньня Беларусі Расеяй разам з Лукашэнкам выступіла ня толькі бальшыня намэнклятуры, для якой ліквідацыя сувэрэнітэту краіны азначала паніжэньне статусу да ўзроўню расейскай правінцыйнай бюракратыі, але і, неспадзявана для расейцаў, пераважная частка беларускага грамадзтва. Зусім ужо нечаканым для іх было тое, што, нягледзячы на дамінаваньне тэмы інтэграцыі ў беларускай палітыцы падчас Лукашэнкавага кіраваньня і нават да яго, папулярнасьць гэтае ідэі сярод беларусаў перажыла адчувальны спад. Што праўда, ён ня быў незваротны й ня выклікаў усплёску беларускага нацыяналізму. Наагул, прыхільнікі саюзу паміж дзьвюма краінамі былі заўсёды, але ў верасьні 1998 г. ненадоўга ўзялі верх адэпты поўнай самастойнасьці. Пры гэтым іх колькасьць была амаль утрая большай, чымся ў часы Кебіча і Шушкевіча, а лік тых, хто быў гатовы падтрымаць аб’яднаньне, якое б цалкам ліквідавала беларускую дзяржаўнасьць, рэзка ўпаў.

Гэтыя зьмены грамадзкай думкі сьведчылі аб пашырэньні пранезалежніцкіх настрояў і аб тым, што здабыцьцё Беларусяй незалежнасьці не прайшло марна для вялікай часткі беларускага грамадзтва. Асабліва калі ўлічыць, што незалежнасьць актыўна падтрымала маладое постсавецкае пакаленьне. Нежаданьне яднацца з Расеяй узрастала шторазу, калі становішча там пагаршаў эканамічны або ваенны крызыс. Упершыню гэта здарылася пасьля першай чачэнскай вайны, другой нагодай стаўся жнівеньскі фінансавы крызыс 1998 г., трэцяй — узнаўленьне вайны на Каўказе ў жніўні 1999-га. Затое папулярнасьць ідэі аб’яднаньня вырастала падчас натаўскай кампаніі ў Косаве (паспрыяла афіцыйная антызаходняя прапаганда) і пасьля перамогі Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах, якую шмат хто і ў адной, і ў другой дзяржаве зьвязаў з пачаткам ажыўленьня расейскай эканомікі. Гэтыя пературбацыі паставілі Лукашэнку перад нялёгкім выбарам. Расейскія крызысы давалі яму магчымасьць прадэманстраваць грамадзтву перавагі сваёй унутранай палітыкі, процістаўляючы “беларускі парадак” “расейскаму хаосу”, але залішняя крытыка ўсходняга суседа аслабіла б энтузіязм вакол ягонага інтэграцыйнага праекту. Зь іншага боку, падтрымка ідэі саюзу ўзмацнілася б са зьяўленьнем новага лідэра, што ўспрымаўся як альтэрнатыва ня толькі Ельцыну, але і самому Лукашэнку.

Масы па-ранейшаму падтрымлівалі ідэю “саюзу дзьвюх незалежных дзяржаваў”, якая легітымізавала адначасовае Лукашэнкава імкненьне і да “поўнага аб’яднаньня”, і да “поўнай незалежнасьці”. Супярэчнасьць між гэтымі жаданьнямі можа быць патлумачаная дзьвюма прычынамі. З аднаго боку, хацелася “злавіць халяву”: шмат хто ў Беларусі разглядаў саюз як магчымасьць падвысіць жыцьцёвы ўзровень за кошт ільготных цэнаў на расейскую нафту ды газ, ня плацячы за гэта адпраўкай навабранцаў у Чачэнію. Зь іншага боку, вялікая частка грамадзтва бачыла ў інтэграцыі рух да аднаўленьня колішняга СССР, няхай і ва ўцятым выглядзе. Рэстаўрацыя элемэнтаў савецкай гісторыі й эканомікі дапамагала Лукашэнку падтрымліваць перакананасьць, што сувэрэнітэт і саюз — цалкам сумяшчальныя рэчы.

Беларускае і расейскае грамадзтвы па-рознаму ўспрымалі інтэграцыю. Для прасавецка настроенай беларускай публікі яна была працэсам аднаўленьня краіны, якая грунтавалася на еднасьці й роўнасьці народаў ды, як сьцьвярджалася, дала пачатак дзяржаўнасьці й самастойнасьці Беларусі. У адрозьненьне ад усходняй суседкі, дзе СССР трактаваўся як чарговы этап існаваньня тысячагадовай Вялікай Расеі, беларускае бачаньне савецкай мінуўшчыны было прасякнута мітамі пра роўнасьць і братэрства. Пэрспэктыва аднаўленьня Расейскай імпэрыі не была папулярная ў беларускім грамадзтве: на парлямэнцкіх выбарах 1995 г. прарасейскія нацыяналістычныя сілы пацярпелі поўнае фіяска. Для беларусаў магла быць прыцягальнай толькі савецкая мадэль аб’яднаньня, якая цягнула за сабой аднаўленьне савецкіх парадкаў. Нягледзячы на “рашучую падтрымку” інтэграцыі, менш за 1% беларусаў бачылі сучасную Расею ўзорам, вартым перайманьня.

У Расеі ж інтэграцыя разглядалася як першы крок да аднаўленьня імпэрскай велічы, дасягнутай Пятром I і ўмацаванай Кацярынай II, а ня Леніным, які быў толькі адным з эпізадычных актораў на гістарычнай сцэне. Нават КПРФ, каб павялічыць свой палітычны капітал, прасіла “блаславеньня” ў Расейскай праваслаўнай царквы і выкарыстоўвала вобразы цара ды палкаводцаў імпэрскай эпохі для палітычнай мабілізацыі “патрыятычна” настроеных расейцаў.

Інтэграцыя зь Беларусяй дапамагала расейскім элітам аднавіць веру ў сябе, пераадолець комплекс непаўнавартасьці, выкліканы стратай статусу супэрдзяржавы. Расейскія нацыяналісты і “эўразійцы” ўспрымалі яе як першы этап адбудовы “расейскага сьвету”, трактаванага імі як натуральная жыцьцёвая прастора расейскай нацыі. Вайскоўцам аб’яднаньне дазваляла адсунуць заходнія межы дзяржавы яшчэ на 600 км ад Смаленску. Такія канцэпцыі і мэты не пакідалі месца Беларусі як самастойнай дзяржаве, і ніводная зь іх не магла быць прынятая беларускім грамадзтвам, ня кажучы ўжо пра яго палітычную эліту і Лукашэнку.

Цікава, што лукашэнкаўская палітыка русіфікацыі не спыніла пашырэньня ідэі незалежнасьці ў беларускім грамадзтве. Наадварот, яна спарадзіла фэномэн “беларускага расейскамоўнага нацыяналізму”, які пашырыўся ў апошняе дзесяцігодзьдзе й пацьвердзіў, паводле Яна Запрудніка, “павелічэньне розьніцы паміж моўнай ды палітычнай русіфікацыяй. Расейская мова ў Беларусі ў шматлікіх выпадках стала такой жа мовай культурнага адраджэньня краіны ды ўмацаваньня яе незалежнасьці, як і беларуская. Можна нават правесьці, хоць і грубае, параўнаньне з ангельскай мовай у Ірляндыі”.

“Беларускі расейскамоўны нацыяналізм” паглыбіў палітычны раскол у незалежніцкім лягеры: адбыўся падзел на прыхільнікаў “этнічнага” й “грамадзянскага” нацыяналізму. “Этнічны” нацыяналізм апэлюе да этнічнай моўнай ды культурнай традыцыі й культывуе міт пра адвечнасьць нацыі. “Грамадзянскі” нацыяналізм адштурхоўваецца ад лібэральнага бачаньня нацыі як прадукту “грамадзкай дамовы”. Нацыя і яе атрыбуты ў першым выпадку — вартасьць мэтафізычная, у другім — выключна інструмэнтальная, сродак дасягненьня іншых, у тым ліку палітычных мэтаў: дэмакратызацыі, дэсаветызацыі, вэстэрнізацыі й г.д. Прыхільнікі “этнічнага” нацыяналізму лічаць нацыянальнае адраджэньне зарукай пабудовы дэмакратыі ў незалежнай дзяржаве, адэпты ж “грамадзянскага” нацыяналізму, наадварот, мяркуюць, што дэмакратыя — рухавік у справе пабудовы нацыі.

У Беларусі “этнічны” ды “грамадзянскі” нацыяналізм мае сваіх палітычных носьбітаў у дэмакратычным лягеры (БНФ з аднаго боку і АГП зь іншага, хоць ідэалягічныя бар’еры між гэтымі партыямі апошнім часам зрабіліся менш адчувальнымі) і свой базавы электарат (з аднаго боку — нацыянальная інтэлігенцыя ды моладзь, зь іншага — касмапалітычнае гарадзкое насельніцтва, частка эканамічнай эліты ды дзяржапарату). Асноўная розьніца між “этнічнымі” ды “грамадзянскімі” нацыяналістамі — у стаўленьні да нацыянальнай мовы. Калі першыя лічаць, што акурат мова ператварае насельніцтва ў нацыю, дык з пункту гледжаньня другіх асобна ўзятая беларуская нацыя можа быць і расейскамоўнай, і дзьвюхмоўнай.

Гэтыя супярэчлівыя падыходы спарадзілі доўгатэрміновы падзел у дэмакратычнай апазыцыі на “нацыянальны” і “лібэральны” блёкі, які выклікаў падзеньне іх сукупнага ўплыву на беларускае грамадзтва. Не ў апошнюю чаргу з-за гэтага падзелу нацыянальна-дэмакратычны лягер дагэтуль не стварыў жыцьцяздольнай альтэрнатывы лукашэнкаўскаму “савецкаму кансэрватызму”. Саветызаваная частка беларускага грамадзтва таксама ўсё больш рабілася адной з палітычных меншасьцяў. Таму Лукашэнка й пачаў фармаваць у грамадзтве “кааліцыю мяншыняў”, імкнучыся легітымізаваць сваю ўладу. Ён фармуляваў сваю палітычную праграму так, каб яна знаходзіла водгук у розных сацыяльных групаў, часам зь несумяшчальнымі інтарэсамі ды прэфэрэнцыямі. Тактыка звычайная для бальшыні аўтарытарных рэжымаў, што ня могуць сфармаваць уласную ідэалёгію й замяняюць яе “клопатам пра кожнага чалавека”. Адсюль усе Лукашэнкавы апартуністычныя зыгзагі — ад грэбаваньня беларускай мовай да ўслаўленьня беларускай незалежнасьці, ад дэманізацыі NATO да “пагрозы” тэрмінова нармалізаваць стасункі з Захадам, ад “Славянскіх базараў” да параўнаньня самога сябе з “таварышам Сапегам”. Адсюль і Лукашэнкаў “doublespeak” — тэрміны накшталт “рынкавага сацыялізму”, “праваслаўнага атэізму” ды, нарэшце, “поўная інтэграцыя з поўным сувэрэнітэтам”. Падваеньне Лукашэнкавай рыторыкі сьведчыць перадусім пра “падваеньне сьвядомасьці” беларускага грамадзтва ці, хутчэй, пра яго падзеленасьць на некалькі палітычных мяншыняў. Істотна, што “савецкая” меншыня знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне, між “нацыянальна-дэмакратычнай” ды “прарасейскай” і складае трэцюю частку грамадзтва. Яе прыхільнасьць і да інтэграцыі, і да сувэрэнітэту дае пажыву для Лукашэнкавых апартуністычных выкрунтасаў — ад прызнаньня Расеі другой бацькаўшчынай беларускага народу да адстойваньня сьвятога права беларусаў на незалежнасьць і сувэрэнітэт. І шторазу адну з гэтых узаеманесумяшчальных пазыцыяў падтрымлівае большасьць грамадзтва.

Працяг будзе.

Гэты артыкул — урывак з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, цалкам надрукаванага ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што нядаўна выйшла з друку ў выдавецтве часопісу “Arche”. Друкуецца ў газэтным варыянце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0