Архіў

Ці ёсьць плён ад месячніка беларускай мовы?

№ 37 (299), 4 кастрычніка 2002 г.

Ці ёсьць плён ад месячніка беларускай мовы?

Апытаньне “НН”

Жанна Літвіна, прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў: Гэты месячнік мне нічога не дадаў і нічога не адняў. Моўная палітыка мая абсалютна не зьмянілася. Хаця акцыя сама па сабе вельмі патрэбная. Зь вялікай павагай стаўлюся да людзей, што яе правялі. Хаця і цяжка сказаць, ці загаварыў па-беларуску пад яе ўплывам нехта з расейскамоўных.

Сяргей Кухто, супрацоўнік БТ: Пра месячнік ведаў. Але ўдзелу актыўнага ня браў. Не знайшоў проста, з кім бы гэтым заняцца. Не з тэлевізарам жа! Праўда, праца вымусіла. 21 верасьня БТ ладзіла акцыю адкрыцьця новага тэлесэзону. Там я па-беларуску ўсё казаў. Доўга рыхтаваўся. Было вельмі складана. Увесь час Пятру Варахобіну тэлефанаваў, пытаўся, як і што вымаўляць. Ён усё ведае, бо заўсёды па-беларуску гаворыць.

Лягчэй за ўсё прымусіць чалавека на беларускую мову перайсьці на працы. Там ты трапляеш у адпаведныя ўмовы — і ўсё. Ад гэтага ж заробак твой залежыць. Таму і ў слоўнік палезеш, і ў сяброў папытаеш.

Іван Пашкевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Дома ў мяне пануе расейская мова. Але дачка вучыцца ў беларускай клясе. Калі рыхтуем урокі — ці то матэматыка, ці то маляваньне, — заўсёды па-беларуску размаўляем. Вось і ўвесь мой месячнік.

Акцыя сама па сабе неблагая. Але малаэфэктыўная. Пра яе і чуў мала хто. Я ведаю толькі таму, што газэты ўвесь час праглядаю. Бо павінен гэтым займацца. Калі б хоць дзяржаўная прэса гэта падтрымала, мо што і лепей атрымалася б.

Галіна Саўчук, галоўная інспэктарка Міністэрства адукацыі: Я ў адпачынку была, таму ня чула нічога. І ня ведаю, ці дайшла гэтая акцыя да школак. Добра, што заклікаюць па-беларуску размаўляць. Яны ж не прымушаюць нікога. Няхай бы болей агітавалі. Можа, хто б і задумаўся.

Анатоль Крыжаноўскі, дырэктар тэатру “Хрыстафор”: У нас ёсьць беларускамоўны нумар “Вясельле”. У верасьні мы яго наўмысна ставілі ў кожны эстрадны спэктакль. У іншыя месяцы так часта яго не паказваем. Таксама, у межах месячніка, я пачаў больш глядзець беларускае тэлебачаньне. А ОРТ наагул выключыў. У мяне ў аўтамабілі стаіць прыймач кароткіх хваляў. Дык вось адтуль я і пра месячнік даведаўся. І беларускую мову добрую там слухаю.

Уладзімер Парфяновіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: А я ня чуў ні пра які месячнік. А так мо і падтрымаў бы. Павінна быць нейкае рашэньне. Калі б прэзыдэнт па-беларуску загаварыў, то і парлямэнтары таксама не адсталі б.

Сяргей Плыткевіч, галоўны рэдактар газэты “Туризм и отдых”: Не, ня ведаў нічога. Па-беларуску абсалютна свабодна размаўляю. Калі хто зьвернецца — абавязкова адкажу. Мы і паштоўкі беларускія выпускаем. Але ёсьць рэаліі. Яны мацнейшыя за любы месячнік. Ёсьць патрыятызм, а ёсьць бізнэс. Таму большую частку жыцьця і размаўляю на расейскай мове.

Тамара Каваленя, дырэктарка школы №2 Горадні: У нас гэта ішло пад дэвізам дзён славянскай культуры і пісьменства. Урокі ладзілі. Цягам месяца, згодна з плянам, пра Янку Купалу і Якуба Коласа заняткі ішлі. Натуральна, усё гэта мела сэнс, мы па-беларуску гаворым (сама адказвае па-расейску — В.А.).

Ірына Сідарэнка, завуч Беларускага гуманітарнага ліцэю: А ў нас вучні ўвесь час па-беларуску гавораць. Ім ніякі месячнік дзеля гэтага ладзіць ня трэба. Пра ініцыятыву гэтую я чула. Але праблема ў тым, што ведаюць пра яе якраз тыя, хто па-беларуску і так размаўляе. Да астатніх яна магла і не дайсьці. Але ўсё адно патрэбнае мерапрыемства. Можа, хто і зразумеў, што па-беларуску размаўляць ня страшна.

Аляксей Янукевіч, палітык, БНФ: Мяне асабіста акцыя не закранула. Я і так па-беларуску размаўляю. Ініцыятыву ТБМ па прапагандзе беларускай мовы вітаю. Але месячнік… Атрымліваецца, што паразмаўлялі 30 дзён па-беларуску і перайшлі зноў на расейскую. Ці як? Дый ня думаю, што гэтая акцыя ахапіла шырокія колы. Хоць чалавека, які маральна ўжо быў гатовы загаварыць па-свойму, аб’ява ў транспарце аб месячніку магла і падштурхнуць да дзеяньняў.

Вольга Анцыповіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі6

Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі

Усе навіны →
Усе навіны

Каталіцкі біскуп далучыўся да акцыі «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба»1

Ці можна ў Беларусі адмовіцца ад ID-карты і перайсці на звычайны пашпарт?13

Экс-пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі пераследавала яго былая: жанчына ўчыніла дыпламату сапраўднае пекла10

У ЗША чалавек выйграў у латарэі 800 мільёнаў даляраў4

«Адразу зразумела, адкуль яны». Расійскія зоркі прыехалі ў Мінск і злавілі хейт за паркоўку11

Памерла Казіміра Прунскене — першая прэм’ер-міністарка Літвы пасля аднаўлення незалежнасці

Маргарыта Ворыхава пакідае пасаду ў Аб'яднаным пераходным кабінеце13

Лукашэнка расказаў, як выратаваў Белавежскую пушчу ад караеда, не зважаючы на навукоўцаў18

Пад Расонамі затрымалі 350 удзельнікаў турзлёту14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі6

Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць