Здарэнні11

Настаўнік біялогіі ў Пінску прыносіць на ўрокі змяю

Завуць яе Ксюша.

Настаўнік біялогіі з пінскай школы №16 Андрэй Янушкевіч вырашыў зрабіць стаўку на нагляднасць: прыносіць на заняткі незвычайны экспанат, які жыве ў яго дома, піша БелТА.

Ідэя завесці каралеўскую змяю прыйшла Андрэю Янушкевічу спантанна — ён убачыў яе ў Санкт-Пецярбургу на птушыным рынку. Тады яна была памерам усяго каля дзесяці сантыметраў, з шарыкавую асадку.

Ксюша, як назваў яе гаспадар, аказалася ідэальным гадаванцам — неядавітая, невялікая і непатрабавальная.

«Я часта з'язджаю, і ў такія моманты ката ці сабаку пакінуць складана — за імі патрэбны пастаянны нагляд. А змяя нармальна пераносіць разлуку. Карміць яе трэба раз ці два на месяц. Для ўтрымання дастаткова толькі тэрарыума, у якім трэба падтрымліваць тэмпературу 24—28 градусаў.

Адзіная складанасць — пошук ежы. Каралеўская змяя звычайна сілкуецца іншымі рэптыліямі, якія падыходзяць ёй па памеры, напрыклад яшчаркамі. Але можа есці і грызуноў, асабіста мая Ксюша аддае перавагу менавіта ім. Добра, што ёсць крамы, дзе можна нават замовіць дастаўку», — расказвае Андрэй Янушкевіч.

У сваёй працы настаўнік заўважыў, што дзеці не заўсёды разумеюць, як уладкаваныя рэптыліі, і часта блытаюць іх з земнаводнымі. Так упершыню і ўзнікла ідэя пазнаёміць Ксюшу са школьнікамі.

«Хацелася пераканаць, што змяя можа быць не небяспечнай, прыемнай навобмацак. Страх, з якім многія не могуць даць рады, выганяецца гэтым жа страхам. Існуе стэрэатып, што змяя пакрытая сліззю, але яе скура сухая і гладкая. Большасць змей не мае паху. У рэптылій павекі празрыстыя і зрастаюцца, цалкам закрываючы вока, таму яны ніколі не міргаюць, у адрозненне ад яшчарак, з якімі іх часта блытаюць. Гэта неабходна для абароны вачэй пры перамяшчэнні ў пяску. Часам здаецца, што ў яе няма шкілета, але гэта не так — яго таксама можна адчуць», — патлумачыў біёлаг.

Паводле слоў выкладчыка, заняткі ў яго адкрытыя, а адміністрацыя школы згодная на такі эксперымент пры ўмове, што дзеці будуць у бяспецы і не спалохаюцца, калі змяя ўцячэ.

«Для гэтага загадзя трэба прагаварыць з вучнямі, як сябе паводзіць і як з ёй абыходзіцца, каб змяя не прычыніла ніякай шкоды. Хоць яна і неядавітая, але можа ўкусіць, калі яе прыціснуць. Усе ўрокі праходзяць пад маім кантролем, рызыкі няма», — запэўнівае Андрэй Янушкевіч.

Прыносіць такое «наглядны дапаможнік» у школу таксама нескладана — яна можа змясціцца нават у мяшочку, дзе адчувае сябе камфортна ў цемры. Але зімой будзе занадта холадна, таму спатрэбіцца спецыяльны кантэйнер.

Ці адчувае рэптылія стрэс ад такой вялікай колькасці людзей вакол? Эксперт сцвярджае, што не — ёсць толькі некалькі нюансаў.

«Адрозніваць чалавека ад астатняга навакольнага свету ёй складана, яна рэагуе толькі на дотыкі, успышкі святла або гукі. Ксюшу я набыў, калі ёй было ўсяго месяц ці два, і з ранняга ўзросту прывучаў яе да рук, каб яна не баялася людзей. Адзінае — прашу дзяцей не пляскаць і не шумець, інакш Ксюша пачынае відавочна рэагаваць, адводзіць галаву да крыніцы гуку. Але гэта не чыніць ёй ніякай шкоды», — адзначыў ён.

Многія хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем бяруць Ксюшу на рукі. Той, хто не такі смелы, можа проста паглядзець і дакрануцца. Самыя частыя пытанні, якія задаюць школьнікі на ўроках: ці кусаецца яна, ці халодная і якая ўвогуле навобмацак.

З'яўленне Ксюшы на ўроках заўсёды выклікае вялікую цікавасць, бо школьнікі звычайна бачаць такую змяю толькі на фотаздымках або ў роліках. Гэта добра ўплывае і на разуменне матэрыялу.

«Вучні здзіўляюцца, пачынаюць бурна абмяркоўваць. Звычайна атрымліваецца так, што тэма рэптылій цікавіць іх больш за ўсё. Яны самі імкнуцца даведвацца пра больш небяспечных або цікавых прадстаўнікоў, спрабуюць здзівіць ужо мяне цікавымі фактамі. Насамрэч гэта не адзіны вопыт выкарыстання жывых аб'ектаў на ўроках.

Раней прыносіў і хамячка, хатняга папугая, рыбу. Матэрыял успрымаецца не так суха, як просты тэкст. Гэта вельмі дапамагае ў засваенні. Пасля ўрокаў эфект заўсёды выдатны, дзеці актыўна ўключаюцца», — падсумаваў педагог.

Да пачатку навучальнага года засталося крыху больш за тыдзень. А гэта значыць, што ў школу хутка будзе збірацца і Ксюша — каб быць не толькі наглядным прыкладам анатоміі, але і вучыць дзяцей дабрыні ды беражліваму стаўленню да прыроды.

Каментары1

  • Метадалогія
    23.08.2026
    Артыкул у рубрыцы "Здарэнні". Тут бліжэй да "Навука і тэхналогіі". Педагогіка. Першапачатковая пазіцыя для абмеркавання пытання павінна быць больш зразумелай і абгрунтаванай.

Цяпер чытаюць

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр кароль Нарвегіі Харальд V1

Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў4

Генадзь Бураўкін. Як страціўшы пасаду, зберагчы гонар4

Італія мабілізуе армію васьміногаў на барацьбу з блакітнымі крабамі1

Беларуса, які знік у Абхазіі, знайшлі мёртвым8

Брытанскія хірургі правялі першую ў свеце аперацыю па выдаленні пухліны мозгу з дапамогай штучнага інтэлекту

Колькасць загінулых у выніку паводкі ў Непале і Тыбеце набліжаецца да 500, ратавальнікі чакаюць новага ўдару стыхіі

Стэрыльнае асяроддзе сапраўды выклікае ў дзяцей алергіі. Цяпер навукоўцы высветлілі, што дзяцей ад алергіі абараняе3

Паводкай з Непала ў Індыю знесла пяцярых сланоў ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць