Архіў

Камуністы пасьля камунізму

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

 

Камуністы пасьля камунізму

 

Набліжаецца 85-я гадавіна Кастрычніцкай
рэвалюцыі. Можна сабе ўявіць, зь якой помпай яна адзначалася б, дажыві СССР нейкім цудам да нашых дзён. Сёлета, хоць 7 лістапада застаецца дзяржаўным сьвятам, ні касьцюмаваных будзёнаўска-партызанскіх шэсьцяў, ні тым больш урачыстага салюту не плянуецца: камуністы змушаныя жыць па сродках. Дый адзінства ў іх няма: партыяў, народжаных рэвалюцыяй, у Беларусі ажно чатыры — дзьве зарэгістраваныя і дзьве незарэгістраваныя. Чым яны розьняцца міжсобку? І на што наагул разьлічваюць?

 

КПБ і ПКБ

Гісторыя паўставаньня дзьвюх легальных кампартыяў у адной асобна ўзятай краіне складаная і заблытаная. 25 жніўня 1991 г. дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі была прыпыненая Вярхоўным Саветам, але ўжо 26 кастрычніка таго ж году ўтварыўся аргкамітэт па яе аднаўленьні. 7 сьнежня адбыўся ўстаноўчы зьезд Партыі камуністаў беларускай. 26 траўня 1992 г. ПКБ была зарэгістраваная Мінюстам. Але 3 лютага 1993 г. ВС адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі, і была адноўленая КПБ. 25 красавіка 1993 г. КПБ увайшла ў склад ПКБ. 29—30 траўня 1993 г. адбыўся 2-гі аб’яднальны зьезд, і камуністычны рух стаў адзіным.

На 1 сьнежня 1994 г. ПКБ мела 150 райкамаў ды гаркамаў, 909 “пярвічак”. За паўтара году колькасьць сяброў павялічылася на тры тысячы і дасягнула 18 тысячаў чалавек. 17 сьнежня 1994 г. выйшаў першы нумар партыйнай газэты “Товарищ”. На травеньскіх выбарах 1995 г. ПКБ правяла ў Вярхоўны Савет 45 дэпутатаў (усяго іх было выбрана 200).

Кіраўнікі камуністычнае фракцыі ў ВС падтрымалі ідэю імпічмэнту Лукашэнкі, таму ў высокіх колах Адміністрацыі было вырашана паказаць камуністам, хто цяпер “кіруе і накіроўвае”. 2 лістапада 1996 г., пасьля рэфэрэндуму, пад патранажам памочніка прэзыдэнта Сяргея Посахава ў Менску адбыўся 33-ці зьезд КПБ: ад ПКБ Сяргея Калякіна адкалолася “прапрэзыдэнцкая” група на чале зь Віктарам Чыкіным ды Ігарам Катляровым. Амаль адразу — 21 лістапада — Мінюст зарэгістраваў старую новую кампартыю. На пачатак 1997 г. яна налічвала блізу 7 тыс. чалавек. Аднавілася й партыйная газэта — “Мы и время”.

 

Пасьля расколу

Але ПКБ ніякіх высноваў з гэтага не зрабіла: 18—19 студзеня 1997 г. на 4-м зьезьдзе партыі было абвешчана, што ў Беларусі адбыўся канстытуцыйны пераварот. Зьезд вырашыў у рамках заканадаўства процістаяць сацыяльна-эканамічнаму ды ўнутрыпалітычнаму курсу кіраўніцтва краіны. Процістаяньне дайшло да таго, што першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты на леташніх выбарах, але пасьля салідарызаваўся з Ганчарыкам.

Пра магчымасьць паўторнага аб’яднаньня кампартыяў загаварылі ўвосень 2001 г. — пасьля чарговага зьезду КПБ, на якім новым старшынём быў абраны Валеры Захарчанка. У сьнежні 2001 г. зьезд ПКБ прыняў спэцыяльную рэзалюцыю “Аб прынцыпах яднаньня камуністычнага руху ў Беларусі”, якая сталася афіцыйнай прапановай да “шлюбу”. У ёй сфармуляваныя 9 прынцыпаў, сярод якіх — “жорсткае напаўненьне супрацьдзеяньня капіталізацыі эканомікі, распродажу дзяржмаёмасьці, разбурэньню сельскай гаспадаркі”, “узгадненьне тактыкі ў пэрыяд перадвыбарчай барацьбы”, “спыненьне міжпартыйнай барацьбы”.

“На наш заклік кіраўніцтва КПБ наагул не палічыла мэтазгодным адказваць. Калі кампартыі не падыходзяць прынцыпы марксізму-ленінізму, народаўладзьдзя, барацьбы за правы чалавека, за дэмакратыю — пра якое аб’яднаньне можна гаварыць?” — кажа сакратарка ЦК ПКБ Алена Скрыган.

В.Захарчанка мае сустрэчныя прэтэнзіі: “Сёньня ПКБ няправільна ацэньвае рэчаіснасьць — з пункту гледжаньня дробнаўласьніцкіх пазыцыяў Якаўлева — Гарбачова. Цяперашняя палітыка ПКБ нічым ня розьніцца ад палітыкі дробнабуржуазных партыяў, у той час як мы зыходзім з клясавых пазыцыяў”.

 

Колькі ў нас камуністаў

Сёньня ПКБ мае 7800 сяброў у 380 структурах усіх узроўняў. Электарат — пераважна пэнсіянэры. Сярод знакамітых ПКБоўцаў можна згадаць двойчы героя сацыялістычнай працы, старшыню калгасу “Савецкая Беларусь” Бядулю, былога старшыню прэзыдыюму ВС Мікалая Дземянцея, бізнэсоўца Анатоля Лашкевіча.

Апанэнтаў з КПБ — меней. На пачатак верасьня партыя яднала 4098 чалавек, за першы месяц восені прырост склаў 152 чалавекі. 60% сяброў, аснову партыі, складаюць пэнсіянэры; 23—25% — інтэлігенцыя; 2—3% — навучэнцы й студэнты. У Беларусі дзейнічаюць 6 абласных, 113 гарадзкіх ды раённых камітэтаў партыі. Найбуйнейшая рэгіянальная арганізацыя — Гомельская абласная, якая налічвае звыш 900 чальцоў. За апошнія два гады КПБ страціла шмат сяброў з прычыны натуральнага старэньня. Вядомыя КПБоўцы — сацыёляг Ігар Катляроў, рэктар Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Плецюхоў, рэдактар дзяржаўнага тыднёвіка “7 дней” Віктар Чыкін.

Пра склад і структуру незарэгістраваных Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (УКП(б)) і Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (КПСС) нешта пэўнае сказаць цяжка — як любыя нармальныя бальшавікі, яны змагаюцца з самадзяржаўем у глыбокім падпольлі.

Пытаньне, якое — пасьля пытаньня пабудовы камунізму — сёньня найбольш турбуе і КПБ, і ПКБ, — кватэрнае. Калякінцы ў верасьні пакінулі ранейшы офіс пасьля 9 месяцаў безвыніковых спробаў адстаяць права на працяг арэнды праз суды. У рамонт таго памяшканьня ПКБ уклала 7 тыс. даляраў — унёскі шараговых камуністаў, але ЖРЭК Савецкага раёну Менску ўсё адно адмовіўся працягнуць арэнду.

“Нашае высяленьне — гэта палітычны заказ: я ведаю, што ЖРЭКу дадзеная адкрытая каманда дамовы з намі не працягваць”, — лічыць Сяргей Калякін.

КПБ, цэнтральны офіс якой знаходзіцца на вуліцы Чычэрына, мае праблемы з разьмяшчэньнем рэгіянальных офісаў: мясцовыя вэртыкальшчыкі не жадаюць быць заўважанымі ў сувязях з КПБ. “Многія партыйныя камітэты ўвогуле ня маюць ніякіх памяшканьняў, — жаліцца В.Захарчанка. — Сакратары носяць з сабой дакумэнтацыю, унёскі. У нас не было б такога, каб нашым камітэтам давалі памяшканьні. У большасьці выпадкаў не дае, на жаль, мясцовы кіраўнік. Нават калі ён і ня супраць курсу партыі, стараецца дыстанцыявацца, каб пасьля нехта недзе не прыпомніў яму гэта”.

 

Невялікі Кастрычнік

Але праблемы праблемамі, а сьвята — сьвятам. 7 лістапада ПКБ плянуе сабраць на Кастрычніцкай плошчы Менску 3—5 тысяч чалавек, якія пройдуць на плошчу Перамогі, а пасьля — у парк Горкага, дзе мае адбыцца мітынг. Адпаведная заяўка пададзеная ў гарвыканкам. Адказу пакуль няма: мэр Паўлаў у ад’езьдзе і вернецца толькі 31 кастрычніка. Праўда, ці набярэцца ў сталіцы столькі прыхільнікаў ушанаваньня тае даўняе рэвалюцыі?

Улады могуць і забараніць асобнае шэсьце ПКБ. З 1997 г. калякінцы атрымліваюць гэткія адмовы. Найперш таму, што ў часе сваіх акцыяў падымаюць праблему жабрацтва. Пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі яны мяркуюць вывесьці людзей на вуліцы і сёлета.

КПБ ж увальецца ў афіцыйнае русла сьвяточных мерапрыемстваў, сярод якіх — сьвяточны сход у Менску, ускладаньне кветак да помнікаў Леніну й Перамозе.

Глеб Хмяльніцкі

 


 

 

апытаньне “НН”

 

Ці маглі б Вы прагаласаваць за камуністаў?

 

Віктар Скорабагатаў, опэрны сьпявак: Ні ў якім разе. Мы за іх ужо галасавалі. Разумны чалавек памылак не паўтарае.

 

Зьміцер Верашчагін, кіраўнік аддзелу спэцпраектаў рэклямнага агенцтва “Фокус-група”: Артадаксальныя камуністы наўрад ці могуць разьлічваць на сур’ёзную падтрымку выбарцаў. Да таго ж, вялікую блытаніну ўносіць існаваньне дзьвюх камуністычных партыяў у краіне. Але, разам з тым, у “калякінцаў” даволі сур’ёзная арганізацыя: там шмат мэтанакіраваных людзей. Таму, калі яны правядуць разумную работу перад выбарамі, могуць атрымаць нямала галасоў. Дый настальгія ў грамадзтве, асабліва сярод пэнсіянэраў, па савецкіх часах і камуністах усё ж такі немалая.

 

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік: Я асабіста за камуністаў не прагаласую ні на наступных, ні на якіх іншых выбарах. Чаму? Па-мойму, гэта рытарычнае пытаньне. І без усялякіх тлумачэньняў зразумела.

 

Натальля Ладуцька, нацыянальная каардынатарка праекту Міжнароднай арганізацыі працы ў Беларусі: Мабыць, ня буду. Іншая справа, што сёньня камуністы партыі Калякіна ўжо не адлюстроўваюць тае ідэалёгіі, якая была ў КПСС. Па сваіх поглядах яны хутчэй нагадваюць сацыял-дэмакратаў. Каб электарат іх лепш успрымаў, трэба зьмяніць шыльду. Тады іх могуць падтрымаць і тыя, хто пакуль прынцыпова не галасуе за камуністаў. У тым ліку і я.

 

Вера Страмкоўская, праваабаронца: За камуністаў не прагаласую. Бо дзейнасьць гэтай партыі і ўсё, што зьвязана зь ёй, не дало Беларусі нічога станоўчага. Камуністы рабілі справы, супраць якіх ва ўсе часы выступалі праваабаронцы.

 

Аляксандар Патупа, прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў: Не. Я за іх і пры савецкай уладзе не галасаваў, а цяпер — тым больш. Яны спрабавалі стварыць самы небясьпечны рэжым у сьвеце, зладзіць чырвоную глябалізацыю, падарваць усе грамадзкія каштоўнасьці. Камуністы могуць прывесьці толькі ў тупік. Прагаласаваць за іх — значыць абраць дэфэктыўную эвалюцыю. Я супраць экстрэмісцкіх ідэяў, ці то чырвоных, ці то карычневых. А камуністы — экстрэмісты. Існуюць, праўда, эўракамуністы. Яны бліжэйшыя да сацыял-дэмакратаў. Але тых, хто не адступіўся ад базавых каштоўнасьцяў савецкіх камуністаў, я ніколі не падтрымаю.

 

Сяргей Сахараў, рэдактар бюлетэню Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў: Галасаваць буду толькі за таго, чыю праграму падтрымліваю і хто зможа ўвасабляць мае інтарэсы ў жыцьцё. Камуністычная партыя Беларусі не трапляе ў пералік партыяў, якім я сымпатызую. Дый Калякіну няма веры. Ня пэўны, што са зьменаю сытуацыі ня зьменяцца і яго погляды на сёньняшні рэжым.

 

Людміла Гразнова, сяброўка аргкамітэту “Хартыі’97”: Магу — калі гэта будзе прадстаўнік камуністычнай партыі новага тыпу, сацыял-дэмакратычнага. І апроч яго ня будзе лепшых варыянтаў. Яшчэ гэты чалавек мусіць быць патрыётам Беларусі і сапраўдным прафэсіяналам у сваёй сфэры.

 

Зьміцер Нісьцюк, магістар рыцарскага Ордэну Паўночнага Храму: Зразумела, не. Нельга казаць, што камуністычная ідэя сябе вычарпала, але яна пранізаная момантамі, непрымальнымі для сучаснага чалавека. Напрыклад, абмежаваньне свабоды асобы ці катэгарычнае адмаўленьне ўсяго духоўнага. Я не матэрыяліст, таму мне камуністычная тэза пра “рэлігію як опіюм для народу” не падабаецца. Дый бальшыня ў нас да хрысьціянства, да веры ставіцца вельмі добра. Час камуністаў адышоў. Тыя, хто пасьпеў адчуць дух дэмакратыі ды свабоды, за іх не прагаласуюць.

 

Анатоль Ярмоленка, поп-сьпявак: Калі мяне задаволіць іх праграма, дык магу. Камуністы ўжо ня тыя, што былі раней.

Апытвала Вольга Анцыповіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка10

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую41

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць