Архіў

З жыцьця прусакоў

Навукоўцы працягваюць дасьледаваць фізіялёгію самых брыдкіх насякомых.

Жыцьцё прусака, невялікай казюркі зь сям’і тараканавых, пачынаецца ў момант, калі яйцаклетка злучаецца са спэрматазоідам і, разам зь іншымі аплодненымі яйцаклеткамі, зьмяшчаецца ў капшук у выглядзе цьвёрдай гладкай шкарлупіны. У пэрыяд высьпяваньня капшук белы і толькі нязначна выдаецца з набраклага брушка саміцы. Праз колькі гадзінаў ён ружавее, потым робіцца бэжавым, а праз пэўны час набывае колер сьпелага каштана. Здавалася б, яго можна ўжо адкладаць. Аднак саміца носіць капшук, прычэплены да брушка, яшчэ тыдзень-два — чым вышэйшая тэмпэратура і вільготнасьць, тым менш. Калі б яна адклала яго — зародкі адразу ссохлі б. Але якім чынам маці іх абвадняе? Вучоныя болей за сто гадоў марна расшуквалі хоць найменшую дзюрачку ў сьценцы капшука.

Прафэсар Дональд Мулінз, біёляг зь Вірджынскае палітэхнікі, аглядаў капшукі прусакоў пад сканавальным мікраскопам, які павялічвае ў 250 тыс. разоў. Праз адчувальную апаратуру ён пабачыў невялікія паглыбленьні, заўважныя ў частцы, найбліжэйшай да радзільных каналаў саміцы. Навуковец высунуў гіпотэзу, што яны вядуць да самага нутра капшука. Праз тунэльны мікраскоп, які дазваляе бачыць трохмерныя адбіткі паверхні ў атамным маштабе, ён урэшце ўбачыў тыя мікраскапічныя канальцы.

Д.Мулінз і ягоная каманда высьветлілі, што іх дыямэтру дастаткова, каб прапускаць малекулы вады. Здольныя яны (хоць і павольней за ваду) прапускаць і шчыльнейшыя рэчывы — напрыклад, глюкозу. Аднак, на думку Д.Мулінза, гэта ня значыць, што прусак яшчэ і “корміць” яйцо. Большыя малекулы, што прасочваюцца праз канальцы, ідуць не ад саміцы да зародка, а наадварот. Такім чынам эмбрыёны інфармуюць маці пра ступень свайго разьвіцьця. Дзякуючы гэтаму яна адкладае капшук у самы прыдатны момант — непасрэдна перад тым, як прусакам ільга вылупіцца, — і толькі тады распачынае прадукаваньне наступнага. Цягам 100—150 дзён свайго жыцьця адна прусачыная самка прадукуе ад чатырох да васьмі капшукоў. Першы ўтрымлівае каля сарака яец, наступныя — шторазу менш, у апошнім іх каля трыццаці.

Ад дарослых малыя прусакі розьняцца меншымі памерамі і адсутнасьцю крылаў. Нашыя прусакі ня лётаюць, крылы яны могуць скарыстаць хіба ў якасьці парашутаў у час падзеньняў. Яшчэ крылы важныя падчас “заляцаньня”. Калі прусак-самец спатыкае гатовую да размнажэньня саміцу, ён уздымае крылы, варушыць імі, а з адтулінаў у брушку пачынае выдзеляць духмяную субстанцыю. Саміца схіляецца да гэтага “нэктару” і каштуе яго, а самец тым часам павольна і далікатна падлазіць пад яе, шторазу далей і далей, пакуль канцы іхніх целаў не спаткаюцца. Тады самец высоўвае гачак, прымацоўваецца ім да партнэркі і зьмяняе пазыцыю: цяпер прусакі становяцца адно да аднаго задам. Гачак увесь час застаецца заціснуты. Да саміцы высоўваецца наступная прылада, якая нагадвае вілы, — ёю самец таксама прытрымлівае партнэрку. Толькі цяпер залётнік можа ўзяцца за справу — ягоны палавы орган адпраўляе ў радзільны канал саміцы “пакуначак”, запоўнены спэрматазоідамі. Апэрацыя гэтая складаная, цягнецца недзе гадзіну. Будучая маці праз імгненьне гатовая ўжо прыняць наступнага кавалера, але, у прынцыпе, адной удалае блізкасьці дастаткова, каб назапасіць насеньне на ўсё жыцьцё. З гэтага моманту саміца ў стане прадукаваць капшукі рэгулярна кожныя тры тыдні.

Адной саміцы дастаткова, каб гурмы прусакоў у невялікі тэрмін запоўнілі дом, пякарню, гатэль, шпіталь. Прусакі вандруюць з будынку ў будынак. І ажно 85% нованароджаных дажывае да палавой сьпеласьці. Дзякуючы фантастычнай прыстасавальнасьці да разнастайных умоваў, гэтыя інсэкты апанавалі ўсе кантынэнты. Вайна, якую людзі вядуць супраць іхнага племя, цягнецца ўжо больш за 200 гадоў, і пакуль перавага на баку жамяры. Магчыма, цяпер, калі вядома, што капшукі, якія ахоўваюць іхныя яйцы, не такія недаступныя, як раней меркавалася, пашчасьціць вынайсьці атруту, якая вынішчыць праблему ўжо ў зародку.

У сьвеце налічваецца каля 3,5 тысячы відаў тараканаў. Адны адкладаюць яйцы, іншыя жывародныя. У Беларусі жыве блізу дзесяці відаў. Адным зь іх ёсьць вядомы нам прусак. Гэтая невялікая казюрка — самая распаўсюджаная сярод усіх тараканаў. Паходзіць яна з Афрыкі, з трохкутніка, абмежаванага Вялікімі азёрамі, Этыёпіяй і Суданам. Ва Ўсходнюю Эўропу прусак трапіў з грэцкімі й фінікійскімі гандлёвымі караблямі. Найперш заваяваў Бізантыю, пасьля — рэгіён Чорнага мора, паўднёвую Расею, Беларусь, а адсюль праз Польшчу рушыў на захад. Трапіў у Паўночную Амэрыку, адкуль распаўсюдзіўся на поўнач і на поўдзень. Спахапіліся позна — толькі ў сярэдзіне ХІХ ст., калі ён дабраўся да Брытанскіх астравоў. Туды ён, пэўна, трапіў “кантрабандай” у хлебных кашах жаўнераў, што вярталіся з Крымскай вайны. У Аўстраліі першага прусака вылавілі ў 1893 г.

А.Ш.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ9

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна1

Уначы над Беларуссю бачылі Снежны Месяц ФОТЫ

Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане4

Прапагандыстка Лебедзева пахвалілася эксклюзівам з Марыупальскага тэатра, які Расія адбудавала з нуля, каб схаваць сляды ваеннага злачынства16

Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?11

Нараджаецца менш дзяцей, бо праблемай стала зачаць. Вось што выявілі апошнія даследаванні, асабліва мужчынскага здароўя9

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію4

Учора — у лукашэнкаўскай турме, сёння — у Кіеве дапамагае ўкраінцам выжыць. Былы палітвязень і сваяк Ціханоўскай стаў валанцёрам у Пункце нязломнасці6

У Заляшанах ушанавалі памяць беларусаў, забітых на Падляшшы ў 1946 годзе10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ9

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць