Архіў

Анатоль Лябедзька: Мы спынілі канвэер сьмерці

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька за апошні год пабываў і пад прэсінгам уладаў (папярэджаньне ад КДБ), і пад крытыкай правых (маладафронтаўцы зьбіралі яму грошы на квіток да Масквы). Нягледзячы на гэта, лібэрал Лябедзька застаецца поўны энтузіязму, а ягоная партыя шчыльна займаецца падрыхтоўкай да будучых выбараў. Патэнцыйны кандыдат ад апазыцыі на выбарах-2006, А.Лябедзька адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН».

«НН»: Як Вы ставіцеся да ініцыятывы «За дастойнае жыцьцё» і ці бачыце ў яе палітычныя пэрспэктывы?

Анатоль Лябедзька: Мы разглядаем іх як патэнцыйнага партнэра. Былі сустрэчы з кіраўнікамі ініцыятыўнай групы. Усё будзе залежаць ад таго, якую канцэпцыю яны прымуць: быць над працэсам ці часткай працэсу. Наагул, на сёньня ім няма дзе падзецца, як плыць да нашага берагу… Ініцыятыва можа быць удалай, калі будзе прыцягваць новых людзей, а не сяброў ужо існуючых арганізацый. Ад гэтага ніхто не выйграе.

«НН»: Калі не лічыць пераходу ў апазыцыю часткі дэпутатаў Нацсходу, што яшчэ можна вылучыць у дзейнасьці апазыцыі ў мінулым палітычным сэзоне?

А.Л.: Гэта пытаньне дыскусіі, якая будзе цягнуцца да агульнай перамогі. Можна разважаць так: не перамаглі таталітарны рэжым — значыць, нічога ня вартая нашая дзейнасьць. Але трэба ўлічваць і тое, што за восем гадоў створаная сыстэма, якая функцыянуе ўжо і без сэлектарных нарадаў Аляксандра Рыгоравіча... Дыскусійна цяпер называць АГП «апазыцыйнай» партыяй, бо мы падзяляем пазыцыю і падыходы 70—75% насельніцтва. Разам з гэтай часткай грамадзтва мы большасьць.

«НН»: Ці будзе апазыцыйная кааліцыя на выбарах 2004 г.?

А.Л.: Двухбаковыя кансультацыі ідуць. Вядучыя дэмакратычныя партыі здольныя аб’яднаць намаганьні ў фармаце некалькіх кампаній. Першая — «За свабодныя і справядлівыя выбары» — стартуе перад парлямэнцкімі выбарамі. У найбліжэйшы час 4-5 палітычных партый і шэраг грамадзкіх арганізацыяў выйдуць са зваротам у Канстытуцыйны Суд. Дэмакратычныя партыі і іх кіраўніцтва пазытыўна ставяцца да ідэі адзінага сьпісу на выбары. Калі мы пройдзем усе гэтыя прыступкі, зьявіцца плятформа для палітычнай кааліцыі. Важна супольна дамагчыся зьменаў заканадаўства, арганізаваць ціск унутры краіны і звонку на рэжым, каб ён лібэралізаваў умовы правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Праз гэтую сумесную працу мы можам выйсьці на рэальную кааліцыю, а не наадварот.

Калі ж будзе некалькі дэмакратычных сьпісаў, дык прайграем мы ўсе. Звычайнаму выбаршчыку складана разабрацца, чым розьніцца адзін дэмакратычны сьпіс ад другога.

«НН»: Улада займаецца стварэньнем ідэалягічнай вэртыкалі. Для чаго яна патрэбная?

А.Л.: Сытуацыя зьмянілася. За Лукашэнкам цяпер — усяго 25% прыхільнікаў. Гэта ўжо крытычная рыса. Таму Лукашэнка спрабуе знайсьці як мага больш такіх міні-квазілукашэнкаў і прымусіць іх працаваць так, як працуе ён. Але ён згубіў людзей, якія яму давяралі, а вярнуць страчаную любоў складана.

«НН»: На мінулым зьезьдзе АГП Вы абвесьцілі, што ўлада рыхтуе рэфэрэндум. Прайшоў год. І дзе рэфэрэндум?

А.Л.: Пагроза рэфэрэндуму захоўваецца. Але ёсьць некалькі фактараў, якія не даюць Лукашэнку зрабіць адмашку. Па-першае, рэфэрэндум у сёньняшніх умовах аб’яднае ўсіх апанэнтаў рэжыму. Па-другое, Лукашэнка да сёньняшняга дня так і не атрымаў палітычнай падтрымкі з боку Крамля.

«НН»: Існуе думка, што адносіны паміж Крамлём і Лукашэнкам заўсёды добрыя, а ўсе непаразуменьні паміж імі — тактычныя, а не стратэгічныя...

А.Л.: Лукашэнка не гуляе, яго выступ, прысьвечаны стварэньню новай ідэалёгіі, поўны жорсткай крытыкі Расеі. Паміж Лукашэнкам і Пуціным даволі вялікая дыстанцыя. Яны не сышліся на ўзроўні чалавечых адносінаў. Разам з тым Расея стратэгічна зацікаўленая ў Беларусі. Але сёньня яна ня здольная ні купіць Беларусь, ні захапіць яе.

«НН»: Якая мэта новага наступу ўладаў на недзяржаўныя арганізацыі Беларусі: «Ратушу», «Грамадзянскія ініцыятывы», «Варуту»?

А.Л.: Гэта таксама падрыхтоўка да выбараў і мажлівага рэфэрэндуму. Зарэгістраваныя арганізацыі могуць займацца легальнай грамадзкай і, у пэўнай ступені, палітычнай дзейнасьцю. Падчас выбарчых кампаній грамадзкая арганізацыя мае права вылучаць наглядальнікаў на ўчасткі — мець невялічкі кантроль над працэсам. Таму ва ўладаў і зьявілася патрэба правесьці «зачыстку». Прычым удар наносіцца па ключавых, уплывовых.

«НН»: Якім чынам павінен быць вызначаны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 г.?

А.Л.: Ня так, як было падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі. Галоўны недахоп — тады мы не дамовіліся пра працэдуру абраньня.

АГП будзе вылучаць кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 г. Але мы будзем гэта рабіць зноў жа праз працэдуру. І на першым этапе можа быць некалькі патэнцыйных «кандыдатаў у кандыдаты». Лава такіх прэтэндэнтаў у нас доўгая. Ідэальны варыянт — правядзеньне т.зв. папярэдніх выбараў. Да чаго гэта прывядзе, мы пакуль ня ведаем. Калі плёну ня будзе, тады партыя выставіць кандыдата самастойна.

«НН»: Калі такім кандыдатам стане Анатоль Лябедзька, якімі будуць галоўныя пункты ягонай плятформы?

А.Л.: Калі гэта будзе кандыдат ад АГП, ня трэба будзе прыдумляць праграмы. У нас ёсьць эканамічная праграма, праекты пэнсійнай рэформы, рэформаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, падаткова-бюджэтнай сыстэмы, арміі.

«НН»: Напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя страціла шэраг лідэраў. Ці можа зноў узьнікнуць фізычная небясьпека для галоўных апанэнтаў рэжыму?

А.Л.: Нас гэта закранае найбольш, бо Карпенка, Захаранка і Ганчар былі сябрамі АГП. Адным з галоўных вынікаў кампаніі «Хочам ведаць праўду» сталася тое, што мы спынілі «канвэер сьмерці». Але з патэнцыйным кандыдатам можа здарыцца ўсё што заўгодна: ён можа зьнікнуць, памерці, празь дзяржаўныя СМІ яго могуць прадставіць як «наркамана» ці «крымінальніка». Разам з тым мы разумеем: каб «раскруціць» кандыдата, яго каманду і праграму, трэба час. Давядзецца рызыкаваць.

Гутарыў Сяргей Ёрш

Каментары

Цяпер чытаюць

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным2

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным

Усе навіны →
Усе навіны

Інфаркт, цяжкі стан. З'явіліся звесткі пра зняволенага каталіцкага святара Парахневіча і яго абвінавачванне

Наста Кудасава: Недзе гадоў у 15 адправіла вершы ў «Нашу Ніву», у далёкі Менск, у якім нават ніколі не была

У ЗША пераблыталі сцягі Вялікабрытаніі і Аўстраліі перад прыездам караля Карла III2

У выніку расійскага ўдару па Дняпры загінулі чатыры чалавекі1

Жлобінскі «Металург» незвычайна адсвяткаваў перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі1

СК пацвердзіў смерць 18‑гадовага хлопца на стадыёне ў Мінску1

Зяленскі пацвердзіў перамовы з Аліевым

Клубніцы па 10 рублёў, радыска за 5 і буякі па 115 рублёў. Што прапануе Камароўка ў канцы красавіка1

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным2

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць