Навука і тэхналогіі77

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў

Новае даследаванне выявіла схаваныя структуры, якія дапамаглі Вялікай пірамідзе ў Гізе захавацца на працягу 4600 гадоў.

Вялікая піраміда ў Гізе. Фота: Wikimedia Commons

Вялікая піраміда фараона Хеопса, пабудаваная каля 4600 гадоў таму, застаецца адным з самых велічных інжынерных збудаванняў у гісторыі чалавецтва. За тысячагоддзі свайго існавання яна перажыла мноства моцных землятрусаў, у тым ліку падземныя штуршкі магнітудай да 6,8. Землятрусы такой сілы здольныя нанесці катастрафічныя пашкоджанні будынкам у радыусе да 250 кіламетраў ад эпіцэнтра. Аднак піраміда не атрымала ніякіх крытычных разбурэнняў — ні вонкавых, ні ўнутраных.

Цяпер група навукоўцаў з Нацыянальнага даследчага інстытута астраноміі і геафізікі Егіпта прапанавала абгрунтаванае тлумачэнне гэтай незвычайнай устойлівасці. Вынікі іх працы, апублікаваныя ў часопісе Scientific Reports.

У межах даследавання навукоўцы фіксавалі вібрацыі канструкцыі ў 37 розных пунктах: унутры камер, непасрэдна на будаўнічых блоках і ў грунце вакол піраміды.

Высветлілася, што большасць вібрацый, зафіксаваных унутры збудавання, маюць частату 2,0—2,6 герца. Гэта сведчыць аб тым, што механічнае напружанне размяркоўваецца па ўсёй структуры раўнамерна. У той жа час вібрацыі ў глебе навокал мелі частату каля 0,6 герца.

Менавіта гэтая істотная розніца і дазваляе пірамідзе паспяхова вытрымліваць землятрусы. Справа ў тым, што калі будынак і грунт вагаюцца з аднолькавай частатой, узнікае рэзананс, які вядзе да разбурэння сцен. Але Вялікая піраміда аказалася значна больш «жорсткай» за навакольную зямлю, таму сейсмічная энергія проста не можа эфектыўна перадавацца ў яе структуру.

Таксама каманда выявіла, што амплітуда вібрацый павялічваецца па меры ўздыму і дасягае свайго піку ў Камеры цара. Аднак у пяці поласцях, размешчаных непасрэдна над гэтай камерай, узровень вібрацый істотна змяншаўся.

Гэта дазволіла выказаць здагадку, што яны былі створаны не выпадкова, а служылі своеасаблівым ахоўным механізмам для зніжэння нагрузкі на галоўную пахавальную камеру. Навукоўцы мяркуюць, што геаметрыя гэтых пяці адсекаў дапамагае рассейваць або перанакіроўваць напружанне падчас моцных штуршкоў.

Важную ролю адыграла і само месца будаўніцтва. Старажытныя егіпцяне ўзвялі піраміду на цвёрдым вапняковым падмурку, які значна лепш супрацьстаіць сейсмічным хвалям, чым мяккая глеба. Акрамя таго, сама форма збудавання з’яўляецца ідэальнай з пункту гледжання фізікі: шырокая аснова і нізкі цэнтр цяжару робяць піраміду надзвычай стабільнай і абароненай ад перакульвання.

Хоць немагчыма з усёй упэўненасцю сцвярджаць, што старажытныя будаўнікі разумелі геафізіку ў сучасным сэнсе, іх інжынерныя рашэнні былі надзіва блізкімі да прынцыпаў, якія сёння выкарыстоўваюцца ў сейсмаўстойлівым будаўніцтве.

«Назіраны разрыў частот паміж глебай (0,6 Гц) і структурай піраміды (2,3 Гц) сведчыць аб прыродным зніжэнні рызыкі рэзанансу, што спрыяла выключнай сейсмічнай трываласці помніка на працягу тысячагоддзяў», — падсумоўваюць аўтары даследавання.

Пры гэтым яны прызнаюць: любыя здагадкі пра тое, што старажытныя архітэктары свядома праводзілі «антысейсмічную аптымізацыю», пакуль застаюцца на ўзроўні гіпотэз.

Паралельна з гэтым з’яўляюцца і новыя тэорыі пра тое, якім чынам была ўзведзена гэтая маштабная канструкцыя. Асобнае даследаванне, прэзентаванае сёлета, прапануе версію выкарыстання схаванага спіральнага пандуса.

Спецыяліст па камп’ютарным мадэляванні Вісэнтэ Луіс Расэль Ройг лічыць, што рабочыя не будавалі гіганцкія вонкавыя насыпы, а выкарыстоўвалі «краявы пандус».

Гэта быў нахільны шлях, які праходзіў па спіралі ўздоўж вонкавых муроў, нібы дарога-серпанцін. Па меры таго, як піраміда расла, гэты шлях проста замуроўвалі чарговымі пластамі камянёў і вонкавым абліцоўваннем. У выніку пандус апынаўся схаваным унутры сцен, а сама піраміда служыла апорнай канструкцыяй для далейшага ўздыму блокаў.

Мадэляванне паказвае, што такая сістэма дазваляла працаваць надзвычай хутка: новы блок мог усталёўвацца кожныя 4—6 хвілін. Пры такім стабільным тэмпе асноўны каркас піраміды маглі скончыць усяго за 14—21 год. Калі ўлічыць час на здабычу матэрыялаў і транспарціроўку, агульны тэрмін будаўніцтва складае каля 20—27 гадоў, што цалкам адпавядае афіцыйным ацэнкам гісторыкаў і археолагаў.

Каментары7

  • Белы егіптолаг.
    23.05.2026
    Чорны егіптолаг,
    Ва ўсім вінаватыя Пазьняк і Ціханоўская.
  • Чорны егіптолаг
    23.05.2026
    Белы егіптолаг., Ты такі егіптолаг, як я астранаўт.
  • Памылка ацалелага
    23.05.2026
    Чорны егіптолаг, усё прасцей. Егіпцяне будавалі шмат пірамід метадам спроб і памылак. Няўдалыя піраміды разбураліся, удалыя захаваліся. Умець будаваць піраміды - значыць быў дзясятак інжынераў сярод жрацоў, якія перадавалі веды ў сваім закрытым клубе. 99.9% адсоткаў насельніцтва ўмелі толькі агароды саджаць уздоўж Ніла. Прыйшлі арабы, выразалі насельніцтва, вось і скончыўся Егіпет.
    Вазьмі зараз выпадковага чалавека і пачні пытацца “як будуюцца хмарачосы і запускаюцца інтэрнэт-спадарожнікі, як працуе мабільная сувязь” 99.9 не ведаюць.

Цяпер чытаюць

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры4

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры

Усе навіны →
Усе навіны

Dongfeng выпусціў спецыяльную серыю электрамабіляў з беларускім арнаментам7

Расія можа рыхтаваць узброеную правакацыю і супраць Польшчы — Onet22

Адпраўлены ў адстаўку начальнік Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпала ў Беларусі5

Падазраваная ў замаху на ўкраінскага буйнога бізнэсмена ў Манака — украінка4

«Вяртайся ў сваю краіну». Як жыве ў Паўднёвай Карэі хлопец з беларускімі каранямі10

Беларус, якога падазраюць у Францыі ў шпіянажы, паспрабаваў патлумачыць, што рабіў каля завода дронаў6

Швецыя, дзе амаль адмовіліся ад наяўных грошай, вяртае іх у паўсядзённае жыццё11

Ігар Сергеенка прыляцеў у Іран на пахаванне аяталы Хаменеі4

Беларуска з міжнароднай абаронай у Польшчы, якая згубіла дакументы на Мальце, расказала, як змагла вярнуцца дадому7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры4

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць