Грамадства2727

Дзве кабеты-аднагодкі дажываюць у лясной вёсцы — гісторыі каталічкі Гені і стараверкі Антосі

Вёску Масцішча ў Валожынскім раёне нельга назваць неперспектыўнай — яна знікла. Яе былыя вуліцы зараслі лесам.

Ад Мінска да Масцішча — 120 кіламетраў. Дарога бяжыць праз Ракаў, Валожын, Вішнева, Багданава. Гэта самая мяжа Мінскай вобласці з Гродзенскай. У 1994 годзе тут жылі 39 чалавек. Сёння ў лясной вёсцы засталіся дзве суседкі — каталічка і стараверка. Хаты бабулек — у розных канцах вёскі. Адлегласць — з два кіламетры. Для старых жанчын гэта шмат. Таму бачацца рэдка.

«Люблю пагаварыць з чалавекам»

«Карэспандэнты з газеты прыехалі», — робіць пратэкцыю ксёндз Ігар Лашук, калі заязджаем на падворак да каталічкі. Святара перавялі з Мінска чатыры гады таму ў касцёл у суседняе Багданава.

«Я люблю гасцей», — выходзіць з агарода бабуля. «Прошэ», — кабета паказвае на крэслы пад яблыняй.

«Як ваша імя?» — цікаўлюся, бо ксёндз яе прадставіў як «пані Жукоўскую». — «Геня».

У мяне так звалі бабулю, нябожчыцу. З гэтых мясцін была — за 40 км ад Масцішча. «Памерла? Я люблю гэтых старэнькіх, шкадую, бо і сама ж старая». Як дастаём камеру, яна ідзе ў хату. «Пшэпрашам, пайду хустку памяняю».

Парэзаны зморшчынамі твар, распухлыя ад працы рукі. Яна рана аўдавела. І адна падымала пяцёра дзяцей. Адзін з іх, сын Валесь, вярнуўся да маці, калі таксама аўдавеў…

«Вунь агарод. Пілую, сяную. А хто сена, сабака, будзе есці? Хацела, каб кароўка зноў была. Люблю касіць, — расказвае кабета пра свае заняткі. — Не магу без працы, не люблю сядзець, рукі склаўшы. Хто робіць, той доўга жыве. Так во зімой я хварэю — без работы не магу. Што гэтая ручная — рукавіцы раблю, вяжу шкарпэткі — мне фізічная патрэбна. А як вясна прыйшла, дзе мне здароўе знаходзіцца».

Для сваіх 80 гадоў яна яшчэ жвава рухаецца.

Бабця Геня гаворыць на рэдкага хараства беларускай мове. Але ўстаўляе польскія словы. У часы яе маладосці гэта было модна. Па-польску яна навучылася сама — на гэтай жа мове ў касцёле маліліся, а дома гаварылі «папросту».

Пані Жукоўская — з 1935 года. Нарадзілася ў блізкай вёсцы Беразніца. Яе вёскі ўжо няма — жыхары перабраліся ў большыя Вайганы. А яна — у Масцішча.

Раней тут вёска была вялікая: былі школа, сельсавет. А цяпер…

Дамок бабці Гені.

«Ліхтары былі, як цяпер у горадзе ставяць», — кажа Валесь.

А сёння тут захавалася толькі некалькі хат.

«Усе пазміралі», — уздыхае бабуля. Засталіся толькі яна з сынам, стараверка Антаніна і дачнікі з Мінска, якія сюды прыязджаюць летам.

«Гэтыя людзі такія немыя прапрыязджалі — не гавораць, — паказвае кабета ў бок хаты мінчукоў. — А я люблю пагаварыць з чалавекам».

Адчуваецца, што ёй бракуе зносін. І любы госць у хаце Жукоўскіх — дарагі.

У сям’і ў бабці было пяцёра дзяцей: тры сястры і два браты. Калі пані Жукоўская была малой, памерла яе старэйшая сястра.

«Яна яшчэ ў дзеўках памерла. Помню, вечка ад труны паклалі, а я лягла ў яго, — гэта яна глядзела, як сястра ляжала ў труне — не разумела ж нічога. — А мама прыходзіць: «А ты дочанька! Адна ляжыць і другая хоча».

«Парок сэрца ў яе быў — дактары не далі рады». Не жывуць ужо і браты, два гады не стала і другой сястры.

За палякамі сям’я жыла добра, хоць і скупавата. Але дзвюх кароў трымалі, цялушку, авечак. Пра той час бабця мала што памятае — усё з аповедаў маці. А вайну ўжо запомніла. Як і немцаў. Прыходзілі ў вёску, дзяцей частавалі цукеркамі. А як партызаны пачалі падрываць цягнікі, то немцы і да дзяцей азвярэлі.

«А, вечарынкі, — голас пані Жукоўскай змяняецца, на твары з’яўляецца ўсмешка, калі пытаюся пра танцы. — Пачыналіся, калі дараслі ўжо да дзяўчат. Як пастушка пойдзе на вечарынку? «Вон, шантрапа! — на нас крычалі тады старэйшыя. — Ідзіце дахаты спаць!» Смешна. Музыкантаў наймалі. Танцавалі полькі, кракавяка, «Рэчаньку». Але наша мама не хацела адпускаць: назаўтра ж на работу трэба».

Працавала ў калгасе.

Замуж выйшла ў васямнаццаць гадоў. Пабралася з аднавяскоўцам. «Крычала мама: няможна, не трэба ісці, на чорта табе гэта! Сядзі яшчэ маладая! І ён памёр — піў надта. На рабоце ўсё падвучалі піць, калі хто не хацеў. А ў яго сэрца — няможна было. Малады і памёр, мяне пакінуў з дзецьмі. На год старэйшы быў. Болесь звалі».

Шлюб бралі ў Трабах.

У Трабы, яшчэ да замуства, і ў касцёл хадзілі (блізкі касцёл у Багаданаве ў вайну згарэў). За савецкім часам ён не быў зачынены. Як і храм у Вішневе, дзе служыў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — беларусізатар касцельнай службы. Да абодвух храмаў ад Масцішча аднолькавая адлегласць, кіламетраў з чатырнаццаць.

«Харошы быў ксяндзок [Чарняўскі]. Помню, памёр мой мужык, дык я ўжо нясу на афяру яму якіх дзесяць рублёў. А ён: «Вой, вой, што ты, дзяцей кармі! Пяць я вазьму, пяць — ты забірай».

Зачалі служыць у касцёле па-беларуску. Чарняўскі паперакладаў усе ксёнжачкі. Я тую ксёнжачку купіла, але не ведаю што рабіць: ломіцца ў мяне язык — здаецца, што няправільна. Не ўмею па-беларуску — я па-польску малюся. А цяпер малоцяць як боб — так хораша чытаюць па-беларуску».

«Як вы без пачастунку паедзеце?» — кажа гаспадыня, калі пачынаем збірацца. І прапануе выпіць кавы. Адмаўляемся, але просім травянога чаю. Але не, Валесь запарыў чай з пакецікаў. Відаць, пасаромеўся гарадскіх гасцей частаваць па-вясковаму.

«Зімой не страшна?» — пытаюся ў сына гаспадыні. — «Ужо прывыкшы. Але і зімы не трэба: еду летнім днём — кабаны за колькі метраў — як кулі праз дарогу. Штук дваццаць. Думаю, добра, што я ў трактары. А каб так папаўся, то не ведаеш, што было б. А страшна — ваўкі. Падушылі ўсіх сабак. Мой спушчаны быў, то і выкруціўся. Яны ж зграяй ідуць. На людзей не нападаюць».

Масцішча не адрэзана ад выгодаў жыцця. Не. Ёсць тут і тэлефонная сувязь. З мабільнай, праўда, праблемы — не ў любым месцы ёсць сетка. Двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Хаця бядуе бабця, што дорага там усё, а пенсія слабая — 1,9 мільёна. Яшчэ з тэлевізарам праблемы — знік сігнал пасля адключэння аналагавага тэлебачання. Радыё толькі і ратуе. А яшчэ вось такія нячастыя, як мы, госці.

«Заязджайце — дарогу ж знаеце», — выходзіць за хату правесці нас бабця Геня.

«Без Бога ні да парога»

Ад пані Жукоўскай кіруемся да другой жыхаркі вёскі — Антаніны Калеснікавай. Адлегласць паміж хатамі вялікая. Дзесьці на паўшляху стаіць царква старавераў і могілкі. Але каталікоў тут не хавалі амаль — вазілі ў суседнія вёскі. Прозвішчы тут рускія — Гуцянскі, Якаўлеў, Калеснікаў… І імёны адпаведныя — Харлампій, Феактыст…

Калі дакладна не ведаеш, дзе дом бабулі, цяжка да яго прабрацца. Больш за гадзіну блукалі па лесе. Знайшлі тры закінутыя хаты, а жытла бабы Антаніны ўсё не было.

Прайшлі па лініі электраперадачы — у адзін бок яна абрывалася, а вось у другі і вывела на вялікую паляну ў лесе, на якой стаіць вялізная хата. Пад дрэвамі сядзіць бабулька. Побач з ёй ляжаць кнігі — рэлігійнае чытанне.

«Не пойму, для какой целі езжаете по церквах?» — пытаецца яна. Гаворыць па-руску. Асобныя словы толькі беларускія. Але царкву адмовілася паказаць — адмыкае яе толькі пры вялікай патрэбе, калі збіраюцца вернікі, на могілкі прыязджаюць.

«Нарадзілася я ў 1935 годзе ў Іванішках — там цяпер адзін дом застаўся. А сюды мяне прынеслі маленькай», — бацька тут збудаваў хату, у якім кабета жыве і цяпер.

Яна — з сям’і старавераў. Яшчэ іх называюць стараабрадцамі, раскольнікамі, раней называлі кацапамі, маскалямі.

Стараверы з’явіліся ў гэтых краях пасля Першай сусветнай вайны — спачатку ў большых Вайганах, адтуль трапілі і ў Масцішча. Антаніна не ведае дакладна, адкуль яны прыйшлі.

Бацькі бабці Антосі.

«Мама — з Растова-на-Доне, непісьменная. Папка — з-пад Мінска, Селішча, усяго два класы рускія скончыў. Папка быў бацюшкам. Маме трэба было дзяцей гадаваць…»

«Антаніна, без Бога — ні да парога», — казаў бацюшка».

Бабця расказвае, што тут уся зямля належала яе дзеду Парфею. Ён і даў надзел пад царкву. Будаваць пачалі храм за палякамі — у 1929. Праз шэсць гадоў ён быў гатовы. «Папка будаваў царкву. Цынк на матацыкле вазілі з Гродна, як расказвалі. 50 двароў было — памагалі будаваць».

Вайну царква выстаяла.

Бацькоў яна пахавала даўно: маці ў 1983, бацьку — у 1986.

Строгія былі. «Мама не пускала на вечарынкі — нельга ў нас хадзіць. Маўляў, зрабіце ў нядзелю з абеду і да вечара, тады пойдзеце. Альбо: набярыце журавін, тады пойдзеце. А хлопцы чакаюць. І я нідзе далёка на танцы не хадзіла. Калі на месцы толькі».

А пра вяселле ўзгадвае без ахвоты.

«Ой, мне ў заслонку пазванілі, я паплакала — і ўсё».

Шлюбам пабралася ў 23 гады, малады быў з Іванішак. Дзетак нарадзілася двое — сын і дачка. Але мужык, Фоцій, піў моцна. І як інсульт перанёс, не спыніўся. Жылі яны ў іншым канцы вёскі, побач з пані Жукоўскай. Але Антаніна неяк сышла ад яго ў бацькоўскую хату — восьмы год тут. А муж пасля і памёр.

Гэта не хата — а цэлая фартэцыя па памерах. Вялізная сталовая з масіўным сталом. Прасторная кухня. Тут жа выхад і ў хлеў: бабулька адмыкае дзверы — за імі па абодва бакі загоны для жывёлы. Праўда, нікога не трымае ўжо. Акром сабакі.

 Вокны з аканіцамі.

Жыве кабета на другім паверсе. Вагалася, ці пусціць нас туды. Маўляў, прыехалі ж без чалавека з раёна — з райвыканкама. Не давярае чужым. Вагалася, але пагадзілася.

Яна адстаўляе ўбок кіёк, з якім ходзіць па вуліцы, бярэцца рукамі за парэнчы і падымаецца па прыступках. Для 80-гадовай кабеты гэта не самы лёгкі занятак. А яна гэтак робіць некалькі разоў на дзень. Добрая фізкультура.

У пакоі — некалькі шаф, на сценах — фотаздымкі, на стале — рэлігійныя кнігі. У сцяне — акно, праз якое адкрываецца ўся прагаліна перад домам. Утульна тут.

«Адна жыву. І рамонту няма каму зрабіць, і сама не здолею. Падстрэшак да чаго непрыгожы. Але ж я не магу сама яго».

Дачка жыве пад Мінскам, у Ратамцы. Сын працуе ў Мурманску. Кабета чакае, калі ў яго скончыцца кантракт, і прыедзе ў госці.

«Страшна, не страшна… А што рабіць? Бог ёсць на свеце, неба і зямля. Іншы раз і страшна, але з Богам жыву». Мо і перабралася б да дачкі, але хацела б тады асобную кватэру.

Кабета даўно на пенсіі. «Спачатку ў буфеце працавала. Пасля прачкай стала, у інтэрнаце начной нянькай. Працавала яшчэ 11 гадоў на пенсіі з дзеткамі. Чатыры работы было. І крыўдна, што дзяржава не разбярэцца ніяк… Каэфіцыент нізкі зусім. І пенсію не дадаюць ніяк».

«Я царкву ніколі не кіну, — разважае баба Антаніна. Але вось перадаць яе няма каму.

«Я ж не бацюшка — я нікому не перадаю».

«На могілках людзей бачылі — многа? Гэта амаль я ўсіх чытала. Я ўмею. Але цяпер па начах адмаўляюся. Памёр чалавек — трэба тры дні бесперапынна чытаць, — тлумачыць адрозненні ў абрадавасці. І дадае: — Ісус Хрыстос — адзіны, што польскі, што рускі».

На развітанне кабета частуе хатнім квасам — рабіла сама. Смачны, але «моцны» — кіроўцу шмат піць такога не выпадае.

«Вам добра, маладым, жыць? А мне ўжо не хочацца моцна… Але радасна, што я гляджу на маладых — працягвайце жыццё сямейнае».

…Дзічэюць хаты ў Масцішчы — і разбураюцца. Лесам зарастаюць колішнія падворкі. Лес абступіў і могілкі з царквой. Некалі не стане і гэтых дзвюх суседак. Так і скончыцца век гэтай лясной вёскі.

Гэта ўсё, што застаецца ад Масцішчаў.

Каментары27

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця26

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Усе навіны →
Усе навіны

«А калі ў сажалку трапіць снарад?» Мясцовыя актывісты расказалі, як вядуць змаганне супраць фекальнай сажалкі пад Жодзінам1

У сейм Польшчы ўнеслі законапраект, які ўскладняе атрыманне грамадзянства. Ён можа закрануць многіх беларусаў16

Украінскі беспілотнік ударыў па маскоўскім парку «Патрыёт»7

Новы паўночнакарэйскі эсмінец атрымаў прабоіны пры спуску на ваду. Кім Чэн Ын у гневе4

У Вялікабрытаніі прапануюць абавязковую кастрацыю педафілаў і сэкс-злачынцаў3

«Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў». Гродзенскія выпускнікі не ацанілі хэдлайнераў свята2

Ціманоўская паскардзілася, што яе былы муж вывез у Грузію сабаку і там пакінуў1

Пуцін загадаў стварыць на мяжы з Украінай «буферную зону»6

Пераможца сёлетняга «Еўрабачання» хоча, каб наступнае прайшло без удзелу Ізраіля10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця26

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць