Гісторыя1212

Найноўшая гісторыя: рэферэндум-1996 у Беларусі паміж бяздарным Шарэцкім і гатовым на ўсё Лукашэнкам

Піша Аляксандр Кур’яновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Канстытуцыйны крызіс у Рэспубліцы Беларусь 1996 года — вострае супрацьстаянне выканаўчай улады ў асобе прэзідэнта і заканадаўчага органа — Вярхоўнага Савета XIII склікання. Канстытуцыйны крызіс скончыўся рэферэндумам 24 лістапада 1996 года, пасля якога ў краіне ўсталявалася аднаасобная ўлада прэзідэнта.

З фармальнага пункту гледжання, крызіс пачаўся 7 жніўня 1996 года, калі Аляксандр Лукашэнка афіцыйна накіраваў у Вярхоўны Савет заяву аб неабходнасці правядзення рэферэндуму і пытанні, прапанаваныя на ўсенароднае абмеркаванне. Гэтаму кроку беларускага лідара папярэднічаў цэлы шэраг падзей.

Прычыны і перадумовы

Канстытуцыйны крызіс мае прынамсі дзве галоўныя прычыны.

Па-першае, недасканаласць Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавiка 1994 г., галоўны недахоп якога крыўся ў адсутнасці эфектыўнай сістэмы стрымак і проціваг, відавочнай перавазе Вярхоўнага Савета над прэзідэнтам у сферы размеркавання прэрагатыў і паўнамоцтваў. Пры гэтым у прэзідэнта і парламента не было істотных адрозненняў па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. Парламенцкая большасць — аграрыі і камуністы — выступалі, як і прэзідэнт, за рэгуляваную з боку дзяржавы эканоміку, цесную інтэграцыю з Расеяй, супраць прыватнай уласнасці на зямлю. У самога Лукашэнкі ў парламенце таксама была пэўная падтрымка ў асобе прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода» (60 дэпутатаў) на чале з даўнім паплечнікам Уладзімірам Канаплёвым.

Па-другое, асабістыя амбіцыі прэзідэнта. На другім годзе кіравання Лукашэнку канчаткова авалодалі аўтарытарныя настроі, імкненне сканцэнтраваць уладныя паўнамоцтвы ў сваіх руках і самому прымаць прынцыповыя рашэнні па найважнейшых пытаннях жыцця краіны.

Асноўныя падзеі

Падзеі, што папярэднічалі рэферэндуму, развіваліся па бінарнай формуле «прэзідэнт — Вярхоўны Савет» і мелі «сінусоідны» характар, то бок хваля супрацьстяння змянялася часовым этапам пацяплення, калі выканаўчая і заканадаўчая ўлада то дэманстравалі адзінства, то, наадварот, разыходзіліся па розныя бакі.

У храналагічным парадку гэтыя падзеі выглядаюць наступным чынам. 12 студзеня 1996 г. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на закрытым пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета, крытыкаваў дзейную Канстытуцыю, спаслаўшыся на «несоответствие ряда ее положений». Таму, пераконваў Лукашэнка дэпутатаў, асноўныя палажэнні Канстытуцыі неабходна вынесці на рэферэндум. Прэзідэнт не стаў канкрэтызаваць недахопы Канстытуцыі і паабяцаў, што ў перспектыве — «не завтра и не послезавтра» — на ўсенароднае галасаванне будзе вынесены новы канстытуцыйны праект.

Тады Вярхоўны Савет запрасіў для выступлення Старшыню Канстытуцыйнага Суда Валерыя Ціхіню, які даў своеасаблівую водпаведзь прэзідэнту. Усе канстытуцыйныя праблемы Ціхіня звязваў выключна з дзейнасцю Лукашэнкі. Выступаючы перад дэпутатамі 16 студзеня 1996 г., Старшыня Канстытуцыйнага Суда параўноўваў рэспубліку з караблём, які трапіў «в девятибалльный шторм»

9 лютага 1996 г. Канстытуцыйны Суд зацвердзіў пасланне «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь 1995». У пасланні мелі месца і прэтэнзіі да Вярхоўнага Савета, аднак у цэлым яно было накіравана супраць прэзідэнта. З 14 указаў прэзідэнта 11 прызнаваліся ў пасланні неадпаведнымі Канстытуцыі. Прынцып падзелу ўладаў, безапеляцыйна гаварылася ў пасланні, не атрымаў належнага ажыццяўлення на практыцы з прычыны «неправамернага ўзмацнення выканаўчай улады», з прычыны чаго нібыта «прыніжаецца роля і значэнне іншых галін улады». Гэта, як сцвярджалася ў пасланні, правакавала службовых асоб на парушэнне закона і дэзарыентавала грамадзян, спараджала прававы нігілізм.

У наступным месяцы Вярхоўны Савет разгарнуў атаку на прэзідэнта адразу па некалькіх кірунках. 20 сакавіка 1996 г. парламент унёс змяненне ў закон «Аб статусе народнага дэпутата мясцовага Савета народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь», якое захоўвала за мясцовымі Саветамі дэпутатаў усе паўнамоцтвы і функцыі аж да абрання ў правамоцным складзе і адкрыцця першага пасяджэння адпаведных Саветаў новага склікання. Справа ў тым, што ў ходзе выбараў у траўні, лістападзе і снежні 1995 г. многія мясцовыя Саветы так і не былі абраны па прычыне нізкай яўкі грамадзян. Такая сітуацыя была выгадная выканаўчай уладзе, таму што дазваляла без асаблівых цяжкасцей праводзіць свае рашэнні на месцах.

У гэтым жа месяцы «Грамадзянскае дзеянне» — парламенцкая фракцыя, апазіцыйная прэзідэнту, — запатрабавала стварэння спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета для праверкі дзейнасці Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта. Дэпутаты сцвярджалі, што дадзеная структура на чале з Іванам Ціцянковым ажыццяўляе незаконныя фінансавыя аперацыі, якія наносяць рэспубліцы вялікую фінансавую шкоду. У цэнтры ўвагі дэпутатаў аказалася дзецішча самога Лукашэнкі — вядомая дабрачынная фірма «Торгэкспа», якая, па сцвярджэнні некаторых дэпутатаў, на самай справе разгарнула шырокі гандаль алкагольнымі напоямі, прычым без выплаты мытаў. Так, Генадзь Карпенка сцвярджаў, што фірма «за заводом холодильников день и ночь шурует водку». Акрамя таго, Кіраўніцтва спраў абвінавачвалася ў фактычным захопе ў цэнтры Мінска шэрагу будынкаў і комплексаў, незаконным іх прысваенні. Дэпутаты (Віктар Ганчар) сцвярджалі, што Кіраўніцтва парушае законы аб уласнасці, аб арэндзе і інш.

Аднак прыхільнікам прэзідэнта ўдалося заблакаваць гэтую ініцыятыву. За стварэнне камісіі прагаласавала ўсяго толькі 78 дэпутатаў пры кворуме ў 99 чалавек. Каб супакоіць грамадскую думку, вясной 1996 г. Лукашэнка спецыяльным указам стварыў комплексную камісію па праверцы дзейнасці Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. У спецыяльным інтэрв’ю намеснік Ціцянкова заявіў, што вынікі комплекснай праверкі стануць годным адказам тым палітычным сілам, якія спрабуюць разыграць «хозяйственную карту» з мэтай унясення расколу паміж заканадаўчай і выканаўчай уладай.

Аднак з канца сакавіка 1996 г. адбылося істотнае пацяпленне ў адносінах паміж прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам. Інтарэсы абодвух бакоў супалі па пытанні інтэграцыі з Расіяй.

На думку Лукашэнкі, саюз с Расіяй – гэта «кость в горле радикалов и политических спекулянтов».

29 сакавіка 1996 г. Вярхоўны Савет прыняў адмысловую пастанову, у якой ухваліў «практычныя дзеянні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй». У пастанове было пазначана, што інтэграцыя, якая ажыццяўляецца на добраахвотнай аснове, грунтуецца на прынцыпах дзяржаўнага суверэнітэту, захавання тэрытарыяльнай цэласнасці, раўнапраўя і ўзаемнай выгады бакоў, неўмяшання іх ва ўнутраныя справы адзін аднаго.

Фракцыя камуністаў (Сяргей Калякін) пайшла далей і заклікала «признать преступными» Белавежскія пагадненні, паставіць на разгляд пытанне аб іх дэнансацыі.

Мітынг супраць рэферэндуму, ініцыянаванага Аляксандрам Лукашэнкам. У цэнтры з рупарам — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання Сямён Шарэцкі, злева — дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў, за ім (злева) — дэпутат Вярхоўнага Савета Віктар Цярэшчанка, за ім справа — дэпутат Вярхоўнага Савета Станіслаў Багданкевіч. Справа — дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец (у акулярах). Шарэцкі не цягнуў на лідара.

На працягу красавіка і да канца мая 1996 г. адносіны прэзідэнта і Вярхоўнага Савета вонкава былі на досыць добрым узроўні, пры гэтым істотныя саступкі мелі месца менавіта з боку заканадаўчай улады. Напрыклад, 18 красавіка 1996 г. парламент унёс змены ў Закон «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», прыняты яшчэ ў лютым 1995 г. Адно са змяненняў прадугледжвала тое, што Прэзідэнт мог інфармаваць Вярхоўны Савет аб становішчы спраў у краіне па ўласнай ініцыятыве, а не як раней — выключна па даручэнні Вярхоўнага Савета.

3 мая 1996 г. кіраўніцтва Вярхоўнага Савета асудзіла т.зв. «Чарнобыльскі шлях» — 40-тысячную дэманстрацыю, арганізаваную апазіцыйнымі сіламі. Старшыня парламента Шарэцкі так ахарактарызаваў прапанову лідара Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазняка ўшанаваць хвілінай маўчання памяць забітага ў красавіку 1996 г. расійскімі спецслужбамі лідара чачэнскіх сепаратыстаў Джахара Дудаева: «Это не лезет ни в какие ворота».

Сапраўднае яднанне прэзідэнта і парламента адбылося 4 мая 1996 г., калі дэпутаты вырашалі кадравыя пытанні, звязаныя з адстаўкамі і прызначэннямі ва ўрадзе. Прэзідэнту ўдалося дамагчыся згоды Вярхоўнага Савета і расставіць на ключавыя пасады сваіх людзей: Тамара Віннікава (Нацыянальны банк), Уладзімір Мацкевіч (Камітэт дзяржбяспекі), Леанід Мальцаў (Міністэрства абароны), Васіль Даўгалёў (віцэ-прэм’ер), Леанід Сініцын (віцэ-прэм’ер) на адпаведныя пасады.

Палітычнай перамогай Лукашэнкі стала і адабрэнне Вярхоўным Саветам прэзідэнцкага ўказа аб вызваленні ад пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Апальны генерал, адпраўлены ў адстаўку восенню 1995 г., далучыўся да апазіцыі і сцвярджаў, што сапраўдная прычына яго звальнення — асабістая помста Лукашэнкі за занадта самастойную пазіцыю і прынцыповасць міністра. Генералу ўдалося атрымаць слова для выступу. У сваім выступе Захаранка сцвярджаў факт сувязі вышэйшых службовых асоб (у прыватнасці, сакратара Рады Бяспекі Віктара Шэймана) з чачэнскімі групоўкамі. Тым не менш большасць дэпутатаў ухваліла ўказ прэзідэнта. 

Робячы саступкі прэзідэнту, Вярхоўны Савет не забываў і пра сябе, прадпрымаючы шэраг мер, закліканых умацаваць яго становішча як прадстаўнічага органа ўлады. 16 мая 1996 г. парламентарыі ўнеслі змены і дапаўненні ў закон аб Кабінеце Міністраў. Паводле гэтай навелы, старшыня Вярхоўнага Савета, члены Прэзідыума і старшыні пастаянных камісій мелі права браць удзел у пасяджэннях Кабінета Міністраў і калегій урада, выказваць свае думкі па пытаннях, што абмяркоўваюцца і быць выслуханымі.

Праз два тыдні парламентарыі ўнеслі змены і дапаўненні ў закон «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» ад 21 снежня 1994 г. З гэтага часу парламент лічыўся правамоцным, калі будзе абраная палова дэпутацкага корпуса, а не две трэці, як раней. Істотна пашыраліся эканамічныя паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета. Ён мог ажыццяўляць заканадаўчае рэгуляванне адносін дзяржаўнай уласнасці і эканамічнай дзейнасці, вызначаць законам аб’екты, якія знаходзяцца толькі ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама замацоўваць выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

Адстойваючы кожны сваю сферу дзейнасці, праводзячы палітыку «неўмяшання» ў дачыненні адзін да аднаго, прэзідэнт і Вярхоўны Савет, тым не менш натыкнуліся на непераадольную перашкоду, якая і стала падставай да іх незваротнага супрацьстаяння.

Такой перашкодай стаўся Канстытуцыйны Суд. 24 мая 1996 г. прапрэзідэнцкая фракцыя «Згода» ўнесла прапанову аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб Канстытуцыйным Судзе. Па словах Канаплёва, Канстытуцыйны Суд — гэта «однокрылая птица», таму палову (5 чалавек) суддзяў павінен прызначаць прэзідэнт. Канаплёву ўдалося сабраць 40 подпісаў дэпутатаў. Вярхоўны Савет фармальна прыняў законапраект фракцыі «Згода» да разгляду, але наадрэз адмовіўся разглядаць дакумент у аператыўным парадку, спаслаўшыся на зацверджаны шасцімесячны тэрмін падобнай працэдуры. Больш за тое 24 мая 1996 г. Вярхоўны Савет даабраў двух суддзяў Канстытуцыйнага Суда на вакантныя пасады. Імі аказаліся вядомыя юрысты Андрэй Вашкевіч і член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання Міхаіл Чудакоў. Тады вялікая частка членаў фракцыі «Згода» на чале з Канаплёвым 24 мая 1996 г. дэманстратыўна пакінула пасяджэнне сесіі парламента.

Такая сітуацыя не задавальняла Лукашэнку, для якога перамога над Канстытуцыйным Судом была пытаннем прынцыпу. Для Лукашэнкі гэта часткова было важна і з асабістага пункту погляду: менавіта прэзідэнт вясной 1995 г. прапанаваў Ціхіню на пасаду кіраўніка Канстытуцыйнага суда.

Пасля перамогі па пытанні складу Канстытуцыйнага Суда Вярхоўны Савет вырашыў наўпрост атакаваць прэзідэнта. Гэтая місія ўскладзена на кіраўніка Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, які ў сваім выступе 4 чэрвеня 1996 г. публічна заявіў, што Вярхоўны Савет за ўвесь час дзейнасці спрабаваў знайсці кампраміс з прэзідэнтам. Па словах Шарэцкага, гэта было абумоўлена трыма акалічнасцямі. Па-першае, тым, што прэзідэнт абраны народам і падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі заяўляў, што будзе рабіць усё для таго, каб вывесці краіну з крызісу і стабілізаваць абстаноўку ў грамадстве. Па-другое, Прэзідыум улічваў і тое, што на працягу некалькіх месяцаў Вярхоўны Савет XII склікання працягваў функцыянаваць, але фактычна ўжо не працаваў, за гэты час паміж заканадаўчай і выканаўчай уладай назапасілася вельмі шмат завалаў, для «расчысткі» якіх трэба паразуменне з абодвух бакоў. Па-трэцяе, абраны народам прэзідэнт і па ўзросце, і па вопыце з’яўляецца вельмі маладым палітыкам. Таму ў яго дзеяннях, а яшчэ больш у заявах, казаў Шарэцкі, «много горячности, недоверия к другим, переоценка своих возможностей». У канцы выступу Сямён Шарэцкі, ні многа, ні мала, абвінаваціў прэзідэнта ледзь не ва ўзурпацыі ўлады: «Нельзя реформировать экономический базис при сохранении старой политической надстройки. В нашей же республике если что и изменилось, то только в худшую сторону. Администрация президента стремится играть роль Политбюро, а президент – Генсека». У цэлым, сказаў на заканчэнне кіраўнік Вярхоўнага Савета, Беларусі больш падыходзіць парламенцкая, чым прэзідэнцкая рэспубліка.

Бязлітасную ацэнку даў Шарэцкі ўраду, звязаўшы яго дзейнасць з прэзідэнтам: «Что касается Кабинета Министров, то здесь, кроме названия, ничего не изменилось. Вереница все тех же заместителей премьера, сам Кабинет намертво прикован к Администрации Президента». Гэткая жорсткая заява Шарэцкага рэзка павысіла яго рэйтынг у першую чаргу сярод дэпутацкага корпуса. Андрэй Клімаў, звяртаючыся да Шарэцкага, сказаў, што той здзейсніў «мужественный поступок».

Больш лаяльнай да спікера стала апазіцыйная прэса. Незадоўга да выступу 4 чэрвеня яна параўноўвала Шарэцкага з Брэжневым, які не можа адстойваць уласны пункт гледжання, сцвярджала, што яго аўтарытэт — гэта ўзровень чыноўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Пры абсалютна нулявым рэйтынгу сярод насельніцтва, пісаў адзін з карэспандэнтаў апазіцыйнай газеты «Свабода», Шарэцкаму дастаецца хіба што роля вясельнага маршалка і вясёлага дзядулі на сустрэчах з ветэранамі.

Пасля выступлення спікера ў апазіцыйнай прэсе пераважалі станоўчыя характарыстыкі Шарэцкага. Ён падаваўся калі не як нацыянальны лідар, то, ва ўсялякім разе, той чалавек, які можа захаваць далікатны баланс уладаў.

Сямён Шарэцкі, Ягор Строеў і Генадзь Селязнёў падчас мінскай сустрэчы.

Выступленне Шарэцкага пахавала надзеі на прымірэнне заканадаўцаў з выканаўчай уладай. Супрацьстаялыя бакі наносілі адзін аднаму адчувальныя ўдары. Так, 26 чэрвеня 1996 г. дэпутаты ўнеслі змены ў Закон аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Адно з змяненняў узаконіла квоту яўкі 25% выбаршчыкаў на выбарах у мясцовыя саветы. Гэта было зроблена насуперак жаданню прэзідэнта, які настойваў на 50%-й яўцы.

Тады Лукашэнка нанёс Вярхоўнаму Савету магутны контрудар, ператварыўшы калектыў «Народнай газеты» ў закрытае акцыянернае таварыства сваім асабістым указам ад 28 чэрвеня 1996 г. і прызначыўшы галоўным рэдактарам Шыманскага. З гэтага часу папулярнае выданне было выведзена з-пад юрысдыкцыі парламента. Вярхоўны Савет адрэагаваў імгненна. Праца сесіі парламента «ў сувязі з неабходнасцю разгляду шэрагу неадкладных пытанняў» была падоўжана да 12 ліпеня 1996 г., а ў парадак дня было ўключана пытанне аб «Народнай газеце». У процівагу Шыманскаму Вярхоўны Савет прызначыў галоўным рэдактарам дэпутата Юнчыка, а Шарэцкі звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з нагоды законнасці ўказа Прэзідэнта. У рэдакцыі «Народнай газеты», куды прыйшлі работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта з Шыманскім і Юнчык з Карпенкам, адбыўся канфлікт. Праўда, для таго, каб прызначыць Юнчыка, парламентарыям давялося прыняць фармальную пастанову аб вызваленні ад пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча, які, як вядома, быў вызвалены з пасады ў сакавіку 1995 г. асабістым указам кіраўніка дзяржавы.

Фармальнай прычынай змены статусу «Народнай газеты» стаў наўпроставы зварот яе калектыву да прэзідэнта. У ім, у прыватнасці, гаварылася пра тое, што газета становіцца закладніцай барацьбы палітычных сіл і груповак. Калектыў абвінаваціў Вярхоўны Савет у тым, што ён на працягу шасці гадоў не прыняў Статут газеты. На думку калектыву, адзіны выхад з сітуацыі — акцыянаванне. Праўдзівая падаплёка акцыянавання складалася ў тым, што прэзідэнт раз і назаўсёды вырашыў скончыць з мяцежнай газетай, якая нават пасля адстаўкі Сярэдзіча засталася плюралістычнай. Выданне асвятляла дзейнасць прэзідэнта з адкрыта крытычным запалам. Ужо першыя нумары «Народнай газеты», якія выйшлі пасля акцыянавання, гаварылі пра тое, што кіраўніцтва выдання кардынальна змяніла палітыку. Цяпер на першых старонках газеты падаваўся прэзідэнт, а парламент ацэньваўся крытычна.

Сітуацыя з «Народнай газетай» канчаткова пахавала надзеі на канструктыўнае супрацоўніцтва выканаўчай і заканадаўчай уладаў. Сам Лукашэнка пачаў актыўна ўкідваць у грамадскую свядомасць такую ідэю, згодна з якой парламент заставаўся галоўным бар’ерам на шляху палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, апорай нестабільнасці і анархіі. Аб больш негатыўным стаўленні прэзідэнта да парламента сведчыць і тое, што кіраўнік дзяржавы, нягледзячы на афіцыйныя пісьмовыя запыты Шарэцкага, адмаўляўся наведваць Вярхоўны Савет.

У сярэдзіне ліпеня 1996 г., напярэдадні афіцыйнага візіту ў Парыж, Лукашэнка першы раз публічна заявіў пра намер правесці рэферэндум у краіне. Паводле слоў прэзідэнта, галоўным пытаннем на рэферэндуме будуць змены і дапаўненні ў дзейную Канстытуцыю па французскім узоры. Пра гэтыя дапаўненні і змяненні дакладна не было вядома нічога, аднак па рэспубліцы папаўзлі чуткі пра тое, што ў выпадку рэферэндуму Лукашэнка атрымае беспрэцэдэнтныя паўнамоцтвы.

Пазіцыя Лукашэнкі ў адносінах да парламента абумовіла збліжэнне ў ім палітычных антыподаў: дэмакратаў, з аднаго боку, і камуністаў і аграрыяў — з другога. Яны сталі ўсё больш цесна гуртавацца вакол заканадаўчай улады, рыхтуючыся даць бой уладзе выканаўчай. Першынство ў гэтым саюзе паспрабавала перахапіць Партыя камуністаў Беларусі, спадзеючыся на настальгічныя пачуцці большасці насельніцтва па ідэях камунізму і сацыялізму. Усплёск актыўнасці беларускіх камуністаў летам 1996 не ў малой ступені быў абумоўлены імклівым ростам папулярнасці лідара КПРФ Зюганава, які разглядаўся ў якасці галоўнага канкурэнта Ельцына на чарговых прэзідэнцкіх выбарах. Пройгрыш Зюганава Ельцыну — саюзніку Лукашэнкі — не астудзіў пылу беларускіх камуністаў.

26 ліпеня 1996 г. у рупары беларускіх камуністаў — газеце «Товарищ» — была апублікавана заява ЦК ПКБ, сутнасць якой зводзілася да таго, што аддача ад практычных дзеянняў прэзідэнта аказалася значна ніжэйшай за чаканую: «Эффективность президентской республики низкая. Коммунисты надеялись, что Лукашенко проявит политическую мудрость, волю и умение для мобилизации и объединения всех ветвей власти на поиск путей из кризиса. К сожалению, президент и его окружение начали искать виновных». У заяве ПКБ афіцыйна адмовілася ад падтрымкі курсу прэзідэнта і прапанавала вынесці на рэферэндум пытанні аб адносінах насельніцтва да сацыяльна-эканамічнай палітыцы прэзідэнта, аб выбарнасці прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, аб куплі і продажы зямлі.

Аднак расійская камуністы не падтрымалі сваіх беларускіх калег. Аб сімпатыях расійскіх камуністаў да беларускага прэзідэнта сведчылі заявы дэпутата Дзярждумы Уладзіміра Ілюхіна ў канцы ліпеня 1996 г.

Паводле звестак Ілюхіна, падчас рэферэндуму ў Беларусі апазіцыя паспрабуе дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне шляхам стварэння на заходнія грошы страйкавых камітэтаў па тыпу польскай «Салідарнасці». Ілюхін сцвярджаў, што праціўнікі прэзідэнта плануюць забойства аднаго-двух лідараў апазіцыі з мэтай выклікаць сацыяльны выбух і абвінаваціць улады ў крыві. Заявы Ілюхіна аказаліся бурай у шклянцы вады: настолькі былі яны непраўдападобныя.

У канцы ліпеня 1996 года здабыткам грамадскасці стала заява «Аб грамадзянска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне», пад якой свой подпіс паставіў і Шарэцкі.

У заяве катэгарычна сцвярджалася, што два гады праўлення Лукашэнкі не прынеслі істотнага паляпшэння сітуацыі, а сам прэзідэнт стаў парушальнікам Канстытуцыі і законаў. У заяве адмаўлялася неабходнасць рэферэндуму, які нібыта ператворыць рэспубліку ў «таталітарную краіну». У заяве ўтрымліваўся заклік правесці «круглы стол» з удзелам усіх грамадска-палітычных сіл.

Прэзідэнт рашуча адмовіўся ад намеру ўдзельнічаць у «круглым стале» і заклікаў апазіцыю да супрацоўніцтва ў любым фармаце, да ўдзелу ў любым стале, нават «квадратным». Гэта яшчэ мацней узлавала праціўнікаў Лукашэнкі ў парламенце. Карпенка, абвінаваціўшы прэзідэнта ў тым, што дзеянні кіраўніка дзяржавы «не паддаюцца логіцы», паведаміў: у Вярхоўным Савеце на ўсю моц ідзе абмеркаванне пытання імпічменту прэзідэнту. Менавіта ў гэтым для Лукашэнкі і заключалася галоўная небяспека, што ішла ад Вярхоўнага Савета XIII склікання: парламенцкая меншасць дэмакратаў магла дамовіцца з камуністамі і аграрыямі, сабраць неабходныя 70 подпісаў і пачаць працэдуру адстаўкі беларускага лідара.

Па меры набліжэння да рэферэндуму абвастралася сітуацыя і ў найбліжэйшым атачэнні Лукашэнкі. У канцы ліпеня 1996 г. у адстаўку сышоў віцэ-прэм’ер Сініцын, які прадстаўляў памяркоўнае крыло, выступаў за наладжванне дыялогу паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай. Адстаўка Сініцына сведчыла аб перагрупоўцы сіл у асяроддзі Лукашэнкі на карысць тых, хто настойваў на рашучым наступе на парламент. 

У пачатку жніўня 1996 г. Лукашэнка даў шырокае інтэрв’ю намесніку «Народнай газеты», ад пачатку і да канца накіраванае супраць Вярхоўнага Савета. Прэзідэнт канстатаваў правал дзейнасці парламента. Адказваючы на пытанне, чаму так атрымалася, Лукашэнка казаў наступнае: «У парламентариев недостаточно профессионализма, чтобы проводить огранизационную работу по внедрению в деятельность Верховного Совета системности, комплексности, ослаблена роль постоянных комиссий, усилена роль фракций. Парламент политизирован, пестр и не имеет центра».

Рэферэндум: этап першы (7 жніўня – 4 лістапада 1996 г.)

7 жніўня 1996 г. Лукашэнка афіцыйна накіраваў у парламент ініцыятыву аб жаданні правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па шэрагу найважнейшых пытанняў грамадска-палітычнага жыцця. З усіх прапанаваных прэзідэнтам пытанняў – перанос Дня Незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня, адмена смяротнага пакарання, свабодны, без абмежаванняў продаж-купля зямлі, дапаўненні і змяненні ў Асноўны Закон — самым важным для яго было канстытуцыйнае пытанне. Прэзідэнт злавіў дэпутатаў у пастку: сама прапанова паступіла падчас парламенцкіх канікул. Між тым восеньская сесія адкрывалася 2 верасня.

Такім чынам, у парламента заставалася пяць дзён, каб прыняць рашэнне: па заканадаўстве Вярхоўны Савет павінен быў у месячны тэрмін даць свой адказ. У адваротным выпадку выканаўчая ўлада магла абвінаваціць Вярхоўны Савет у парушэнні Канстытуцыі. Іншымі словамі, не пазней за 7 верасня Вярхоўны Савет павінен быў прыняць пастанову аб рэферэндуме.

Якія ж контрмеры прыняў парламент? Мабыць, самым эфектыўным ходам Вярхоўнага Савета стала прызначэнне 5 верасня 1996 г. на пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (Цэнтрвыбаркам) Віктара Ганчара. Гэты дэпутат быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання ў 1990—1994 гадах.

Пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах летам 1994 Ганчар стаў віцэ-прэм’ерам. Аднак ужо ў канцы 1994 г. Ганчар, нязгодны з курсам прэзідэнта, падаў у адстаўку і стаў непрымірымым крытыкам Лукашэнкі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар быў самым харызматычным праціўнікам Лукашэнкі, здольным дзейнічаць нестандартна.

Вылучаючы Ганчара, тым самым кідаючы выклік Лукашэнку, дэпутаты ў першую чаргу разлічвалі на псіхалагічны эфект: абодва праціўнікі ніколі б ні на ёту не саступілі адзін аднаму. Значыць, вынікі самога рэферэндуму і такім чынам палітычная рэпутацыя Лукашэнкі маглі апынуцца пад вялікім сумневам.

Нягледзячы на актыўнае супрацьдзеянне фракцыі «Згода», Ганчар быў зацверджаны на пасадзе Старшыні Цэнтрвыбаркама. Абранне на ўплывовую пасаду небяспечнага праціўніка актывізавала дзеянні прэзідэнта.

Ужо на наступны дзень пасля трыумфу Ганчара, 6 верасня 1996 г., Лукашэнка выступаў перад дэпутатамі з асноўнымі тэзамі канстытуцыйных зменаў, апублікаваных у рэспубліканскай прэсе ў канцы жніўня. Дэталёвы аналіз прэзідэнцкага праекта Канстытуцыі паказвае, што фактычна на галасаванне грамадзянам быў прапанаваны новы Асноўны Закон. Па новай рэдакцыі Канстытуцыі прэзідэнт засяроджваў у сваіх руках усю паўнату выканаўчай улады, і, акрамя таго, надзяляўся істотнымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі, маючы права выдаваць дэкрэты, роўныя па сіле законам.

Новая рэдакцыя стварала дзяржаўную мадэль, у якой прэзідэнт, не ўваходзячы ў сістэму падзелу ўладаў, а узвышаючыся над імі, карыстаўся самымі вялікімі прэрагатывамі. Пры гэтым адхіліць кіраўніка дзяржавы ад пасады было значна цяжэй, чым распусціць парламент. Вельмі расплывіста гучала фармулёўка пра стойкую няздольнасць прэзідэнта выконваць свае абавязкі па стане здароўя. З праекта быў выключана норма, згодна з якой прэзідэнт мог быць адпраўлены ў адстаўку з-за парушэння Канстытуцыі. Аб істотным пашырэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў сведчыла і тое, што ў праекце не была прапісаная кампетэнцыя новага парламента, Нацыянальнага сходу, як дзяржаўнага органа. Кампетэнцыя замацоўвалася толькі асобна за Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі (у першапачатковым варыянце — Сенат). Акрамя таго, у праекце гаварылася аб магчымых парушэннях Канстытуцыі з боку парламента і не было гаворкі пра падобныя дзеянні з боку прэзідэнта. Па прэзідэнцкім праекце аслаблі пазіцыі судовай улады. Канстытуцыйны Суд, напрыклад, не мог пачаць справу па ўласнай ініцыятыве. Прэзідэнт, акрамя прызначэння шасці суддзяў Канстытуцыйнага Суда, меў права прызначаць іншых суддзяў.

6 верасня 1996 г. Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада, у той час як Лукашэнка з мэтай актывізацыі «левага электарату» настойваў на правядзенні рэферэндуму 7 лістапада. Справа ў тым, што 24 лістапада мелі адбыцца давыбары 62 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія не былі абраны ў 1995 г.

Праўда, грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны былі прагаласаваць па сямі пытаннях. Свае тры пытанні — выбарнасць кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады і фінансаванне ўсіх галін улады публічна і з бюджэту, а таксама праект Канстытуцыі — прапанавалі фракцыі камуністаў і аграрыяў.

Парламенцкі праект дапаўненняў і змяненняў Канстытуцыі быў апублікаваны менш чым праз два тыдні ў «Народнай газеце». У праекце не было радзелаў, ён структураваўся выключна па главах.

«Фірмовым знакам» аграрна-камуністычнага праекта стала ліквідацыя інстытута прэзідэнцтва і размеркаванне паўнамоцтваў паміж Вярхоўным Саветам і Саветам Міністраў. Пры гэтым прэрагатывы Вярхоўнага Савета былі фактычна не абмежаваныя: фарміраванне ўрада, прызначэнне суддзяў усіх узроўняў, абранне суддзяў Канстытуцыйнага Суда. Праўда, пазіцыі Канстытуцыйнага Суда ўмацоўваліся тым, што суддзі мелі права самастойна абіраць старшыню.

10 кастрычніка 1996 г., выступаючы перад парламентарыямі, Лукашэнка ультыматыўна патрабаваў ад Вярхоўнага Савета адклікаць альтэрнатыўны праект Канстытуцыі. Атрымаўшы адмову, кіраўнік дзяржавы дэманстратыўна пакінуў Вярхоўны Савет.

Выканаўчая і заканадаўчая ўлада пачалі сапраўдную вайну за розумы і сэрцы выбаршчыкаў. Пры гэтым матэрыяльныя і інфармацыйныя магчымасці парламента былі сціплымі. Лукашэнка дэ-факта ўжо кантраляваў усе СМІ і сілавы апарат. Канцэнтрацыя ўлады адбылася цягам 1994—1996 гадоў, цяпер заставалася проста яе замацаваць на паперы.

Напярэдадні рэферэндуму Лукашэнка ажыццявіў два ўдалыя паліттэхналагічныя крокі для ўзмацнення сваіх пазіцый. Абодва крокі ўяўлялі сабой публічныя акцыі з прыцягненнем вялікай колькасці людзей і немалых рэсурсаў.

20—21 верасня 1996 г. у Мінску з удзелам прэзідэнта прайшоў Форум моладзі Беларусі. Лукашэнка абяцаў выкарыстаць патэнцыял моладзі на сваю карысць. У выпадку перамогі на рэферэндуме Лукашэнка абяцаў моладзі першачарговае працаўладкаванне, рашэнне кватэрнага пытання і г.д. 

Прэзідэнт запэўніваў моладзь, што «нічога дыктатарскага» ў зменах і дадатках да Канстытуцыі няма, што «рэспубліка застанецца адкрытай», а маладыя людзі змогуць свабодна ездзіць па ўсім свеце.

Неўзабаве пасля форуму некаторыя моладзевыя дзеячы праявілі незвычайную актыўнасць. Ужо ў кастрычніку 1996 г. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала арганізацыю «Прямое действие». Назва наваспечанай арганізацыі была запазычана ад леварадыкальнай французскай групоўкі, якая дзейнічала ў разгар «левага руху» ў 1970-я гады і не грэбавала тэрарыстычнымі метадамі барацьбы. У статуце арганізацыі гаворка ішла аб жаданні арганізацыі садзейнічаць пабудове на прынцыпах дэмакратыі, патрыятызму і інтэрнацыяналізму «вольнага, сацыяльна справядлівага грамадства». На старонках маладзёжнай газеты «Знамя юности» было апублікавана інтэрв’ю з лідарамі «Прямого действия», студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Усеваладам Янчэўскім і Уладзіславам Фральцовым. Абодва яны, 20-гадовыя з хвосцікам, дэманстравалі адданасць Лукашэнку. Так, Янчэўскі, відавочна маючы на ўвазе Шарэцкага, крытыкаваў тых «састарэлых палітыкаў», якія «распісваюцца за моладзь у яе апазыцыйнасці». Фральцоў указваў на тое, што прэзідэнт Лукашэнка з’яўляецца «самым маладым у Еўропе». Такім чынам, на думку Фральцова, гэта істотна палегчыць паразуменне прэзідэнта і маладых людзей.

Праз месяц, 19—20 кастрычніка 1996 г., па ініцыятыве прэзідэнта ў Мінску адбыўся т.зв. Усебеларускі народны сход – 4-х тысячны форум, сабраны з прыхільных Аляксандру Лукашэнку прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і г.д. Усебеларускі народны сход прайшоў па зададзеным сцэнары, з бясконцымі панегірыкамі асабіста на адрас Лукашэнкі, пры адсутнасці апазіцыі і альтэрнатыўнага меркавання. 

Некаторыя прыхільнікі прэзідэнта патрабавалі ўхваліць канстытуцыйныя змены менавіта на Усебеларускім народным сходзе, забываючыся аднак на тое, што такі інстытут, як Усебеларускі сход, не быў прапісаны ў Канстытуцыі, а таксама не рэгуляваўся аніякімі нарматыўнымі прававымі актамі. Спасылкі арганізатараў сходу і самога Лукашэнкі на артыкул 3 Канстытуцыі, паводле якога крыніцай улады з’яўляецца народ, выглядалі спрэчнымі, бо ў такой фармулёўцы артыкул меў больш філасофскае, ідэалагічнае значэнне. Выкарыстоўваць яго ў якасці нормы прамога дзеяння было неапраўданым. Нездарма пры адкрыцці другога Усебеларускага народнага сходу 18 мая 2001 г. Лукашэнка спаслаўся на прыняты 15 ліпеня 2000 г. закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

Праціўнікі рэферэндуму падчас мітынгу. Дэманстрацыі апазіцыі ў падтрымку парламента ўвосень збіралі менш людзей, чым акцыі ў абарону незалежнасці ўвесну 1996-га.

Лукашэнка не адважыўся ўхваліць канстытуцыйны праект на сходзе. Бо, адмовіўшыся ад ініцыяванага ім жа самім рэферэндуму, ён тым самым пазбаўляў сваё стварэнне — Канстытуцыю — неабходнай легітымнасці.

Аб беднасці матэрыяльных і арганізацыйных рэсурсаў праціўнікаў рэферэндуму сведчыў праведзены імі 18—19 кастрычніка 1996 г. Нацыянальны кангрэс «У абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры» (усяго 1000 чалавек). Па маштабнасці Нацыянальны кангрэс не мог супернічаць з Усебеларускім народным сходам, хоць і граў ролю псіхалагічнага ціску на Лукашэнку.

Праца абодвух форумаў не абышлася без інцыдэнту. Ён быў звязаны з публікацыяй у апазіцыйнай газеце «Свабода» дакладной запіскі нейкага палкоўніка А. Шкуна на імя вышэйшага начальства. Дакладная запіска ўтрымлівала шэраг захадаў па ахове грамадскага парадку 19—20 кастрычніка 1996 г.: ужыванне агнястрэльнай зброі, нервова-паралітычнага газу, службовых сабак і вадамётаў супраць мітынгоўцаў, размяшчэнне затрыманых у фільтрацыйным пункце на 2,5 тысячы чалавек і інш. Дакладная запіска стала прадметам абмеркавання ў Вярхоўным Савеце. Запрошаныя сілавік — намеснік Генеральнага пракурора Іван Сашчэка і намеснік старшыні КДБ Леанід Ерын — рашуча адхрысціліся ад дакладной запіскі, ахарактарызаваўшы яе як правакацыю. Сакратар Рады Бяспекі Шэйман заявіў, што дакладная запіска накіравана на дэстабілізацыю абстаноўкі ў рэспублікі. Па словах Шэймана, нават участковаму ясна, што гэта фальшыўка.

Пасля Усебеларускага народнага сходу ў супернікаў рэферэндуму заставаўся адзіны шанец — Канстытуцыйны Суд. 4 лістапада 1996 г. адбылося ягонае пашыранае пасяджэнне, на якім было прынята забойнае для Лукашэнкі рашэнне: дапаўненні і змены ў Асноўны Закон могуць выносіцца толькі на кансультатыўны рэферэндум. Услед за Канстытуцыйным Судом Вярхоўны Савет 5 лістапада 1996 г. аператыўна ўнёс адпаведнае змяненне ў сваю пастанову ад 6 верасня.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда спачатку шакавала кіруючую каманду. Але Лукашэнка пачаў дзейнічаць так, як заўсёды дзейнічаў у экстрэмальных сітуацыях — жорстка і рашуча.

Рэферэндум: другі этап (5—24 лістапада 1996 г.)

5 лістапада 1996 г. прэзідэнт падпісаў указ аб парадку ўступлення ў сілу рашэнняў рэспубліканскіх рэферэндумаў аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі. Згодна з указам, такія рашэнні мелі толькі абавязковы характар. 7 лістапада 1996 г. Лукашэнка выдаў чарговы ўказ, накіраваны непасрэдна супраць Канстытуцыйнага Суда. Гэты нарматыўна-прававы акт адмяняў судовае заключэнне ад 4 лістапада 1996 г., якое, паводле ўказа, быццам бы абмяжоўвае права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме. Нарэшце, указ ад 9 лістапада 1996 г. зацвердзіў тэкст праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), вынесенага на абавязковы рэспубліканскі рэферэндум. Неабходнасць гэтага ўказа Лукашэнка матываваў тым, што Вярхоўны Савет сам не зацвердзіў дадзены тэкст. Цікава, што тэкст новай рэдакцыі Канстытуцыі быў зацверджаны прэзідэнтам у той дзень, калі пачалося датэрміновае галасаванне. Таму большасць грамадзян не змагла своечасова азнаёміцца з прэзідэнцкім праектам Канстытуцыі.

Супраць указаў прэзідэнта выступіў старшыня Цэнтрвыбаркама Ганчар. Ён заявіў, што не падпіша выніковыя пратаколы вынікаў рэферэндуму з-за шматлікіх парушэнняў з боку выканаўчай улады. Таму ўказ Лукашэнкі ад 14 лістапада 1996 г. аб вызваленні Ганчара, абвінавачанага ў імкненні сарваць рэферэндуму, ад пасады і прызначэнні выконваючай абавязкі старшыні Лідзіі Ярмошынай, быў зразумелы і цалкам упісваўся ў логіку барацьбы прэзідэнта з Вярхоўным Саветам. Праўда, для звальнення свайго суперніка Лукашэнку прыйшлося прыкласці пэўныя намаганні, мабілізаваўшы супраць былога віцэ-прэм’ера некалькіх сваіх саюзнікаў — членаў Цэнтрвыбаркама. У дзяржаўных сродках масавай інфармацыі была распаўсюджана адмысловая заява членаў Цэнтрвыбаркама (Валянцін Сукала, Лідзія Ярмошына і інш.), у якім гаварылася, што Ганчар сваімі катэгарычнымі палітычнымі заявамі дыскрэдытуе Цэнтральную выбарчую камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, штучна стварае вакол камісіі канфліктную сітуацыю. Таму, канстатавалася ў заяве, далейшае знаходжанне Ганчара на сваёй пасадзе немагчыма.

Фармальна прэзідэнт не меў права вызваляць асабістым указам ад пасады кіраўніка Цэнтрвыбаркама: гэта была выключная прэрагатыва парламенту. Але з мэтай надання гэтай акцыі законнасці ва ўказе гаварылася, што прэзідэнт кіруецца пунктам 1 артыкула 100 Канстытуцыі, паводле якога кіраўнік дзяржавы меў права выкарыстоўваць захады для забеспячэння нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Пры гэтым у Канстытуцыі не канкрэтызавалася, што гэта былі за захады, калі і ў якой ступені яны маглі ўжывацца. Безумоўна, такая фармулёўка была пралікам стваральнікаў Канстытуцыі 1994 г. Сам жа Лукашэнка надаваў гэтаму пункту вельмі важнае значэнне. У лістападзе 1995 г., даючы інтэрв’ю германскаму выданню «Хандэльсблат», Лукашэнка заявіў, што дзякуючы такому пункту ён можа прымаць любыя рашэнні.

Звальненне прэзідэнтам Ганчара, які зрабіў некалькі беспаспяховых спроб прайсці на працоўнае месца, канчаткова з’яднала большасць аграрыяў, камуністаў і дэмакратаў.

5 лістапада 1996 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета прыняў адмысловы зварот, які цалкам быў накіраваны супраць Прэзідэнта: «Сёння ў Беларусі пад выглядам правядзення рэферэндуму ідзе захоп улады і ўсталёўваецца адкрытая дыктатура, у цэнтры Еўропы ажыццяўляецца жахлівы эксперымент масіраванага ўздзеяння на свядомасць і падсвядомасць людзей манапалізаванымі Лукашэнкам сродкамі масавай інфармацыі».

У звароце таксама сцвярджалася, што ўлада імкнецца за кошт датэрміновага галасавання набраць вырашальную колькасць галасоў і сарваць «давыбары» ў парламент. Сам Шарэцкі ў газеце «Свабода» апублікаваў спецыяльны артыкул «Чаму небяспечна галасаваць за праект Канстытуцыі, прапанаваны прэзідэнтам?». У ёй кіраўнік парламенту заявіў, што «прававое бязмежжа, якое адбываецца ў гэтыя дні ў Беларусі, нагадвае парадак у фашысцкай Германіі» і заклікаў насельніцтва быць пільным.

Праціўнікі прэзідэнта ў парламенце пайшлі на такі рашучы крок, як працэдура імпічменту. Для яе рэалізацыі па Канстытуцыі было неабходна сабраць не менш за 70 подпісаў дэпутатаў.

19 лістапада 1996 г. у Канстытуцыйны Суд паступіла адпаведная заява з 73 подпісамі, які ў гэты ж дзень распачаў вытворчасць па справе аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Проціборства прэзідэнта і Вярхоўнага Савета ўвайшло ў новую фазу. Пры гэтым прэзідэнцкі бок разгарнуў ціск на дэпутатаў, каб змусіць іх адклiкаць свае подпісы. 

Сітуацыя для Лукашэнкі абвастрылася шэрагам адставак ва ўрадзе. Па ідэйных меркаваннях і па ўласным жаданні з прэзідэнтам рассталіся міністр працы Аляксандр Сасноў і намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў. Раптоўнай для прэзідэнта стала добраахвотная адстаўка прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра ў знак пратэсту супраць рэферэндуму. Аднак разлік Чыгіра і зацікаўленых палітычных колаў у вялікім палітычным рэзанансе не апраўдаўся. Праз калькі дзён учынак Чыгіра адышоў на перыферыю грамадскай свядомасці.

Абстаноўка ў рэспубліцы напалілася да такой мяжы, што ў сітуацыю вымушана была ўмяшацца Расійская Федэрацыя. У ноч з 21 на 22 лістапада 1996 г. старшыня Савета Федэрацыі Ягор Строеў, старшыня Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязнёў, прэм’ер-міністр расійскага ўрада Віктар Чарнамырдзін сустрэліся ў Мінску з Лукашэнкам, Шарэцкім і Ціхінем.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне спецыяльнага пагаднення «Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе». Пры гэтым абсалютна незразумела, чым кіраваліся першыя асобы дзяржавы, падпісваючы дакумент з расійскімі грамадзянамі.

Афіцыйная ўлётка з заклікам падтрымаць прэзідэнта на рэферэндуме.

22 лістапада 1996 г. Лукашэнка асабіста абвясціў дэпутатам умовы пагаднення, якое трэба было зацвердзіць спецыяльнай пастановай. Паводле пагаднення, планавалася фарміраванне на працягу 20 дзён пасля рэферэндуму Канстытуцыйнага сходу, які на працягу трох месяцаў павінен быў распрацаваць і прыняць Канстытуцыю.

Канстытуцыйны сход ствараўся на парытэтных пачатках: пяцьдзясят чалавек ад прэзідэнта і дакладна такая ж колькасць ад парламента. Вярхоўны Савет браў на сябе абавязацельствы адклікаць заяву аб імпічменце, а Лукашэнка павінен быў усяго толькі адмяніць свае ўказы ад 5 і 7 лістапада 1996 г. Лукашэнка выглядаў яўным пераможцам, то ў пагадненні адсутнічалі такія пытанні, як, напрыклад, аднаўленне на пасадзе Ганчара альбо аб статусе «Народнай газеты».

Пасля выступлення прэзідэнта пачаліся бурныя дыскусіі. У выніку парламент не зацвердзіў пагаднення. З 116 дэпутатаў толькі 83 прагаласавала за пры кворуме ў 100 чалавек. Правал з галасаваннем па сцвярджэнні пагаднення быў вельмі выгадны прэзідэнту. Лукашэнка абвінаваціў Вярхоўны Савет у зрыве дамоўленасцей і абвясціў рэферэндум абавязковым па ўсіх пытаннях.

Вынікі

Вынікі рэферэндуму, праведзенага 24 лістапада 1996 года, падводзіла ўжо Лідзія Ярмошына. Паводле афіцыйных падлікаў, у ім узяло ўдзел 84,14%. З іх за прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі прагаласавала, паводле афіцыйных звестак, 70,45%. Па астатніх пытаннях Лукашэнка таксама атрымаў неабходную падтрымку.

За канстытуцыйны праект аграрыяў і камуністаў, паводле афіцыйнага падліку, выказалася толькі 7,92%, па астатніх пытаннях — нават за празрыстасць бюджэту органаў улады — парламентарыі атрымалі ад 28 да 30%.

Праціўнікі Лукашэнкі заявілі аб фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. Апазіцыя паказвала на манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі выканаўчай уладай, на адсутнасць сур’ёзных дыскусій па пытаннях, на занадта высокую — 15% — яўку выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання, між тым як гэтая лічба падчас першага агульнарэспубліканскага рэферэндуму (14 мая 1995 г.) не перавышала 3%.

Беручы пад увагу адміністрацыйны рэсурс з боку выканаўчай улады, нельга скідаць з рахункаў аб’ектыўны фактар. Ён заключаецца ў тым, што пераважная большасць беларусаў расчаравалася ў Вярхоўным Савеце, які стаў увасабленнем слабасці ўлады. Заключыўшы з прэзідэнтам свайго роду кантракт, грамадзяне аддалі перавагу стабільнасці, а не правам і свабодам. У вачах большасці беларусаў Лукашэнка пры ўсіх яго недахопах здаваўся меншым «злом», чым Вярхоўны Савет. Па гэтай прычыне канстытуцыйная «развязка» насіла мірны характар і не вылілася ў крывавыя сутыкненні па расейскім сцэнары кастрычніка 1993 г.

Каментары12

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах7

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах7

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →