Улада4646

Стала вядома, за што арыштавалі аднаго з аўтараў «Рэгнума» — тэкст экспертызы

Учора Юрый Паўлавец, адзін з трох арыштаваных па справе «прарасейскіх публіцыстаў», прайграў суд аб абароне гонару і годнасці па пазове да «Советской Белоруссіі». Гэты працэс быў цікавы яшчэ і тым, што суддзя запатрабаваў у следства дагэтуль закрыты дакумент — заключэнне камісіі па экстрэмізме пры Мінінфарме, якое стала адпраўным пунктам для крымінальнай справы. Праз сваякоў Паўлаўца яно трапіла да TUT.BY. З дакументаў становіцца зразумела, чым кіраваліся ўлады, пачынаючы справы.

Фота са старонкі Юрыя Паўлаўца ў «Аднакласніках»

Нагадаем, Юрыя Паўлаўца, разам з Дзмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыптэнкам арыштавалі ў снежні 2016 года па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў іх тэкстах пад псеўданімамі на расійскіх рэсурсах Regnum, Lenta.ru і EADaily. Следчы камітэт назваў падставай для распачынання справы заключэнне экспертнай камісіі пры Мінінфарме.

Да гэтага часу сваякі і адвакат Паўлаўца не маглі ўбачыць гэты дакумент і абскардзіць яго — у СК і міністэрстве спасылаліся на таямніцу следства. Але пазоў да «Советской Белоруссіі» дапамог адкрыць вынікі дзвюх экспертыз, далучаных да грамадзянскай справы.

Экспертыза 1. Абурае расейцаў, правакуе канфлікты

Тэксты Паўлаўца на сайтах Lenta.ru і EADaily пад псеўданімам Павел Юрынцаў для Мінінфарма аналізавалі эксперты-філолагі Ганна Кірдун і Алеся Андрэева. Экспертыза ад 2 кастрычніка 2016 года, гэта значыць — за 4 дні да затрымання Паўлаўца. 

У дакуменце сказана, што аўтар у сваіх артыкулах імкнецца ўздзейнічаць на аўдыторыю: «Іншымі словамі, публікацыі Паўла Юрынцава адносяцца да асаблівага дыскурсу ўздзеяння, які лічыцца не столькі вобласцю пераканання, колькі вобласцю ўнушэння і маніпуляцый».

— Асноўныя ідэі, якія ўнушаюць у публікацыях Паўла Юрынцава: русафобства з'яўляецца часткай палітычнай стратэгіі, якая рэалізуецца ў беларускай дзяржаве, у Рэспубліцы Беларусь мэтанакіравана фармуецца вобраз агрэсіўнай Расеі; асновай палітыкі беларускіх уладаў у адносінах з Расіяй з'яўляецца хлусня і непрыхаваная крывадушнасць, <…> беларускія ўлады пераследуюць грамадзян, якія выказваюць пазітыўнае стаўленне да палітыкі расейскай дзяржавы.

Аўтары экспертызы таксама лічаць, што Юрынцаў (Паўлавец) хоць і карыстаецца «рацыянальнай аргументацыяй», але навязвае чытачу негатыўную ацэнку.

— Аўтар не абмяжоўваецца «кропкавай», індывідуальнай крытыкай канкрэтных прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь, а ўзводзіць дзеянні ўладаў у ранг спланаванага нанясення шкоды партнёрскім адносінам паміж Расіяй і Беларуссю, г.зн. мае месца абагульненне да ўзроўню сацыяльнай групы.

У дакуменце таксама сказана, што ў тэкстах Паўлаўца «шырока выкарыстоўваюцца розныя прыёмы маўленчага ўздзеяння, маніпуляцыі <…>, што несумненна спрыяе стварэнню ў грамадстве атмасферы напружанасці і нецярпімасці».

— Артыкулы могуць выклікаць у насельніцтва Расійскай Федэрацыі пачуццё абурэння, гневу ў адносінах да ўладаў Рэспублікі Беларусь і яе знешняй палітыкі, у беларускіх грамадзян — непрыязнасць да асоб, якія праводзяць інфармацыйную палітыку ў Расіі ў адносінах да Беларусі, што здольна справакаваць канфліктныя сітуацыі на палітычнай глебе. 

Эксперты Мінінфарма лічаць, што аўтар распальваў нацыянальную варожасць у сваіх тэкстах, бо ў іх ёсць абагульненне «да ўзроўню Беларусі як дзяржавы ў цэлым і, такім чынам, беларусаў як нацыянальнай супольнасці Рэспублікі Беларусь». Зыходзячы з гэтага, у тэкстах Паўлаўца пад псеўданімам Павел Юрынцаў вызначаюцца прыкметы экстрэмізму.

Экспертыза 2. Абвінавачвае ўлады ў нацыяналізме і беларусізацыі дзеля рэйтынгу

Тэксты Паўлаўца, якія ён пісаў на сайце regnum.ru пад псеўданімам Мікалай Радаў, для Мінінфарма аналізавала Алена Іванова, дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі.

Паводле яе заключэння, Радаў (Паўлавец) у сваіх чатырох тэкстах абгрунтоўвае тэзіс пра тое, што «ў Беларусі нібыта мэтанакіравана фармуюцца і ўкараняюцца ў грамадскую свядомасць ідэі дзяржаўнага нацыяналізму і русафобіі з мэтай дыстанцыявання ад Расеі і палітычнай мабілізацыі насельніцтва Беларусі».

— Пры гэтым дзеянні, непасрэдна накіраваныя супраць Расеі, на думку аўтара, здзяйсняюць: «кіраўніцтва краіны», «мясцовыя ўлады», «празаходне настроеная інтэлігенцыя», «апазіцыя», «беларускія нацыяналісты», прадстаўнікі адукацыйнай сферы.

У дакуменце сцвярджаецца, што ў сваіх тэкстах Радаў (Паўлавец) лічыць «гістарычнымі міфамі афіцыйную версію беларускай гісторыі».

— Беларускае кіраўніцтва таксама абвінавачваецца аўтарам у выкарыстанні «беларусізацыі» як інструмента павышэння палітычнага рэйтынгу дзейнага кіраўніка дзяржавы ў ходзе перадвыбарнай кампаніі 2015 года.

Па заключэнні эксперта Івановай, Радаў (Паўлавец) заяўляе выразную ўстаноўку пра «нібыта несяброўскія альбо варожыя намеры і дзеянні беларускага кіраўніцтва ў адносінах да Расеі» і «спрабуе навязаць чытачу сваё меркаванне пра нібыта ўтрыманства Беларусі ў адносінах да Расеі».

Цікава, што ў тэксце экспертызы, якую СК даслаў па запыце суддзі (па грамадзянскай справе Паўлаўца супраць «Савецкай Беларусі»), усяго 5 лістоў. Хоць відавочна, што пасля чацвёртага ліста тэкст абрываецца, і адразу ідзе апошні аркуш з высновай аб тым, што ў артыкулах Паўлаўца ёсць прыкметы экстрэмізму. У тым, што адна ці некалькі старонак адсутнічаюць, вы можаце пераканацца самі. Сваякі абвінавачанага адзначаюць, што гэта ўсё, што прыйшло ў суд.

Каментары46

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрапарламент прагаласаваў за павышэнне мытаў на ўгнаенні з Беларусі і Расіі4

14-гадовая школьніца памерла ў бальніцы ў Ельску5

Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну23

У Вашынгтоне забілі дваіх супрацоўнікаў пасольства Ізраіля. Яны збіраліся заручыцца

Гаваркі крумкач, яркія паўліны, мілыя лісіцы і яшчэ шмат дзікіх жывёл знайшлі прытулак у вёсцы непадалёк ад Маладзечна

Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула23

Беларуска: У мяне ваюе каханы, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць2

Наступны раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць