Міністэрства культуры загадала прыбраць з будынка на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці цытаты Сталіна і пакараць аўтараў
Адпаведны ліст атрымалі брэсцкае аддзяленне Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і брэсцкі праект «За свой горад».
З месяц таму на адным з будынкаў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці з'явіліся дзіўныя надпісы з цытатамі камуністычных правадыроў.
На гэта звярнулі ўвагу актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, у прыватнасці, Ігар Маслоўскі, які напісаў скаргу ў Міністэрства культуры з просьбай даць ацэнку такім дзеянням.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_11/h6aditjyxba-qhrd9.jpg.webp)
«Група асоб на чале з кіраўніком «Моладзевага патрыятычнага цэнтра» на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці Пятром Піцко самавольна наносіць надпісы на фасад будынкаў, размяшчае ў вокнах уласныя фотаматэрыялы са сцэнамі гвалту. Апроч таго, імі праведзеная вырубка дрэваў без адпаведнага дазволу», — пісаў ён.
На днях прыйшоў адказ, у якім Мінкульт канстатуе, што неабходна выправіць сітуацыю — адпаведнае даручэнне накіраванае брэсцкім уладам.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_11/-hclffwttxk-1ilbb.jpg.webp)
«[…] З улікам вышэйвыкладзенага, а таксама з мэтай прадухілення парушэнняў на гісторыка-культурнай каштоўнасці Міністэрствам культуры ад 06.11.2018 накіраваны зварот у Брэсцкі гарвыканкам аб неабходнасці дэмантажа банераў, а таксама выдалення надпісаў з фасадаў аб'ектаў спадчыны.
Брэсцкаму аблвыканкаму Міністэрствам культуры даручана арганізаваць падрыхтоўку пратаколаў аб адміністратыўных парушэннях», — паведамляецца ў лісце.
Таксама там гаворыцца, што Брэсцкі аблвыканкам ужо пачаў вытворчасць па 19.2 (невыкананне патрабаванняў ахоўных абавязкаў) і 19.3 (парушэнне парадку работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях) артыкулах Адміністратыўнага кодэкса.
Адказнасць па гэтых артыкулах прадугледжвае штрафы ад 8 да 500 базавых велічынь.
У размове з «Нашай Нівай» аўтар гэтай «рэканструкцыі» Пётр Піцко не здолеў уцямна патлумачыць, з якой мэтай ён наносіў цытаты Сталіна на сцены.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_11/ktueyvqlemm-djuml.jpg.webp)
Ён сцвярджае, што гэта пастанова Мінкульта яго, найхутчэй, не датычыць, бо «будынкі не адносяцца да мемарыяла».
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_11/z2jbhv_rx9y-wp1gq.jpg.webp)
Піцко пацвердзіў, што дадзены будынак не знаходзіцца ў ягонай асабістай уласнасці. «У мяне ва ўласнасці толькі два камплекты «Горкі» [камуфляж] і стары «Опель», — сказаў ён.
Каментары