Грамадства5656

Севярынца выключылі з ПЭН-Цэнтра за нясплату ўнёскаў. А ён вінаваціць арганізацыю ў гей-прапагандзе

Павел Севярынец выходзіць з турмы, 20 красавіка. На фота: з жонкай і сынам. Фота Арцёма Лявы.

Аднаго з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратыі, палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца выключылі з Беларускага ПЭН-Цэнтра. Афіцыйная прычына — нясплата ўнёскаў.

Севярынец кажа, што даведаўся пра гэта 22 красавіка, калі быў на офісе праваабаронцаў-вясноўцаў. Ён палічыў гэта за памылку, але напісаў ліст кіраўніцтву ПЭНа, каб спраўдзіць, ці гэта праўда. Аказалася, што праўда.

Павел Севярынец быў прыняты ў ПЭН-Цэнтр у 2007 годзе, калі адбываў пакаранне «хіміяй» у Малым Сітне Полацкага раёна. За кнігу «Лісты з лесу», апублікаваную ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва», ён атрымаў ПЭН-цэнтраўскую прэмію імя Алеся Адамовіча. Прымаць Севярынца ў арганізацыю прыязджалі Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Лявон Баршчэўскі.

Павел Севярынец расказаў «НН», што паўгода таму на прапанову сплаціць унёскі адказаў наступным лістом: «Сябры, вітаю. Наконт сяброўскіх унёскаў: пасля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, звязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцця пад эгідай арганізацыі я прынцыпова некалькі гадоў не плачу ўнёскі. Я хрысціянін і не бачу для сябе магчымасці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, такія рэчы — я адкрыта казаў пра гэта на мінулагоднім з’ездзе.

Калі зараз сітуацыя змянілася і падобнай рэкламы вычварэнняў Управа ПЭН ў далейшым дапускаць не будзе — паведаміце, тады можна гаварыць пра ўнёскі. Жыву я за кніжкі, паверце, вельмі сціпла, ніякіх грантаў не маю — і хачу быць упэўненым, што немалыя для мяне грошы, адарваныя ад бюджэту маладой сям'і, не пойдуць на кепскую справу».

«Прычакалі Курапатаў, Вялікадню — і, значыць, усмажылі. Што ж. Там Лукашэнка з крыжаломам ці на «Лініі Сталіна», тут ненавіснікі хрысціянства», — адзначыў Севярынец.

Севярынец не плаціў унёскі ад 2014 года. Агулам ён быў вінен за гэты час 183 рублі.

Старшыня ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай пракаментавала «Нашай Ніве» сітуацыю з выключэннем Паўла.

Мы пацікавіліся, ці толькі адзін Севярынец быў выключаны з арганізацыі і чаму ён не быў запрошаны на паседжанне, дзе гэта адбывалася.

«Павел Севярынец — не адзіны, хто быў выключаны, — запэўнівае спадарыня Нядбай.

— Беларускі ПЭН — чалец Міжнароднага ПЭНа і павінен штогод сплочваць свае ўнёскі ў гэту арганізацыю, іх памер залежыць ад колькасці нашых сябраў. Такім чынам, калі нейкія сябры арганізацыі не плацяць унёскаў, то за іх павінен заплаціць нехта іншы.

Павел жа выразна абазначыў сваю прынцыповую пазіцыю не сплочваць, пакуль мы не паабяцаем, што «падобнай рэкламы вычварэнняў [выставы камінг-аўтаў] Управа ПЭН ў далейшым дапускаць не будзе». Гэтага паабяцаць не можам, і ў ацэнцы падобных дзеянняў з Паўлам кардынальна разыходзімся.

Паводле Міжнароднай хартыі (якую, дарэчы, па вызначэнні падзяляюць усе сябры ПЭНа): «сябры ПЭН-клуба мусяць заўсёды выкарыстоўваць свой уплыў дзеля ўмацавання ўзаемнага разумення і павагі паміж людзьмі і нацыямі, усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці і адстойваць агульначалавечыя ідэалы міру і роўнасці на зямлі». У той жа час Статут Беларускага ПЭНу гаворыць: «3.1. Членамі РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» могуць быць беларускія пісьменнікі і журналісты, якія: а) прызнаюць гэты Статут, Статут Міжнароднага ПЭН-клуба і яго Хартыю, абавязваюцца выконваць іх патрабаванні. Парушэнне гэтага пункта несумяшчальнае з членствам у РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» і далей: «3.8. Кожны член РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Статут ёсць на сайце ПЭНа, як і Хартыя — любы ахвочы можа азнаёміцца з гэтымі дакументамі.

Рашэнне было складаным і не было адзінагалосным. Мы абмяркоўвалі гэта цягам некалькіх сустрэч Рады і дасылалі Паўлу не адзін ліст. Мы высока цэнім заслугі Севярынца па абароне Курапат, але ягоная без сумневу значная і самаахвярная дзейнасць не з’яўляецца тут прадметам абмеркавання. Тут мы маем свядомае і адкрытае парушэнне Статута арганізацыі.

Пры гэтым Павел сам заявіў, што не гатовы падтрымліваць арганізацыю, а сяброўства ў ёй — на маю думку — гэта таксама падтрымка. Быць сябрам арганізацыі — значыць, падзяляць яе каштоўнасці. Я не маю адказу на пытанне, чаму сам Павел не захацеў выйсці з арганізацыі, дзейнасць якой яму не падабаецца», — напісала нам Таццяна Нядбай.

«Я асабіста Паўлу сказала, што нягледзячы на гэта мы працягваем адсочваць сітуацыю з яго затрыманнямі і інфармаваць пра гэта міжнародную супольнасць. Таксама я асабіста бачу сваёй задачай зрабіць у ПЭНе сістэмным адсочванне парушэнняў правоў літаратараў (не толькі сябраў ПЭНа) і культурных правоў наогул. Больш за тое, для шортлістараў Гедройца (а Павел адзін з іх) будзе рыхтавацца паездка ў Польшчу на кніжны фестываль, а таксама плануем запісаць шэсць аўдыякніг — гэта ўсе праекты, у якіх, спадзяюся, Павел будзе ўдзельнічаць, хіба толькі сам захоча адмовіцца. Хачу падкрэсліць, што Павел не «выкінуты» з праектаў і пра гэта нават не было гаворкі.

Запрашэнне на працэдуру выключэння статутам не прадугледжанае», — напісала Таццяна Нядбай.

Севярынец патлумачыў, што не выходзіў сам з ПЭН-Цэнтра, бо лічыць, што большасць яго сяброў «добрымі людзьмі». «Але невялікая агрэсіўная група падмяла пад сябе ўсё», — адзначае палітык.

Беларускі ПЭН-Цэнтр быў заснаваны ў 1989 годзе. Ля яго вытокаў стаялі Васіль Быкаў, Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін і іншыя.

Сплата ўнёскаў нацыянальным ПЭН-Цэнтрам у Міжнародны ПЭН дае права голасу на сусветных кангрэсах ПЭН-Клуба. Пры некаторых ранейшых кіраўніках арганізацыі Беларускі ПЭН проста ўстрымліваўся ад аплаты гэтых унёскаў і ўдзельнічаў у сусветных кангрэсах без права голасу. «Ніякіх прынцыповых рашэнняў на тых кангрэсах і не прымаецца, а многія беларускія пісьменнікі лічаць удзел у гэтых кангрэсах малазначным для беларускага грамадства і літаратуры», — адзначыў адзін з былых кіраўнікоў арганізацыі.

Каментары56

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб10

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

«Яндэкс Go» уводзіць падачу скаргаў на кошт таксі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →