«Улетку 2010 года з’явіўся партал Goals.by, заснавальнікам якога быў Максім Беразінскі. Мы разам вучыліся на журфаку, разам цікавіліся спортам, чыталі «Прэсбол» на лекцыях. Падтрымлівалі стасункі і пасля вучобу, нярэдка абмяркоўваючы, што ў Беларусі вельмі не хапае спартыўнага медыя.

І Максім наважыўся паспрабаваць зрабіць гэтае медыя ўласнаруч, — згадвае Гаруновіч. —

Я тады працаваў у «Народнай газеце», куды трапіў па размеркаванні, загадчыкам рэпарцёраскага аддзела. Вёў там і спорт, і рэпарцёрскія рэчы. Пісаў, напрыклад, рэпартажы, як людзі зарабляюць зборам журавінаў. Пісаў пра што хацеў, па вялікім рахунку, але я не мог сказаць, што гэта была праца мары. І калі Максім праз нейкі час паклікаў мяне на новы партал — я з радасцю далучыўся».

Алег Гаруновіч

Алег Гаруновіч

Sports.ru ў пачатку 2010-х пашыраўся па СНД, і ў якасці беларускіх партнёраў яны пачалі супрацоўнічаць менавіта з Goals.by, які тады і пераўтварыўся ў «Трыбуну». 

«Мы адрозніваліся аператыўнасцю і нестандартным падыходам. Мы маглі пагаварыць з чалавекам — і ўжо праз гадзіну словы былі апублікаваныя на сайце. Такога раней не было, «Прэсбол» тады рабіў акцэнт менавіта на друкаваную версію», — тлумачыць Алег. 

Але ж беларускі спорт нярэдка выклікае… скажам так, не самыя пазітыўныя эмоцыі. Як пісаць цікава пра тое, што часам, здаецца, ну ніяк не можа зацікавіць гледача ці чытача?

«На спорт трэба глядзець і як на вынікі, і як на працэс. Вынікі — гэта нейкія дасягненні, так, у нас іх небагата. Але ж з’яўляюцца час ад часу спартоўцы цалкам прыстойнага ўзроўню. 

А спорт як працэс цікавы. Так, нашы футбалісты і хакеісты збольшага не паказваюць нейкі звышузровень. Але сярод іх хапае і цікавых людзей, і цікавых гісторый. Да таго ж, гэта землякі, беларусы, і цікава расказваць беларусам пра нашых людзей. У нас была такая канцэпцыя: спорт — гэта нешта большае, чым толькі тое, што абываецца на арэнах і пляцоўках. І мы заўсёды шукалі цікавых асобаў, хапала гісторый, якія хацелася расказаць. 

Спорт можна параўнаць з музыкай. Можна сказаць, што беларуская музыка не заўсёды адпавядае сусветнаму ўзроўню, але сам я ўсё роўна аддаю ёй перавагу.

І самі спартоўцы — жывыя ж людзі. Ім таксама цікава было пагаварыць з новымі журналістамі, паглядзець на новае выданне.

Спачатку нам было працаваць нават прасцей. Бо беларускі спорт не такі вялікі, і досыць папрацаваць актыўна пару гадоў, каб пайсці ўжо на другое кола, а то і на трэцяе ў плане персанажаў і герояў. З часам у некаторых спартоўцаў назапашваліся крыўды: не так ацанілі яго гульню, не тое напісалі пра каманду, не прыбралі тую цытату, якую прасілі прыбраць… Але гэта вымушала шукаць новыя формы і падыходы». 

Шукаць новыя твары і новыя формы «Трыбуна» была гатовая. Менавіта там стаў вядомым як інтэрв’юер Мікіта Мелказёраў, які цяпер вядзе ютуб-канал «Жизнь-малина».

Там вырас у самага вядомага спартовага журналіста і блогера Аляксандр Івулін, які пазней стварыў свой вядомы ютуб-праект «ЧестнОк». Менавіта Івулін ператварыў канфлікт паміж футбольным клубам БАТЭ і «Трыбунай» у бліскучы рэпартаж. У 2018 годзе БАТЭ ўвёў новыя правілы акрэдытацыі для СМІ (напрыклад, амаль забаранялася крытыка, былі абмежаванні на фота ці відэа). «Трыбуна» на знак пратэсту ад акрэдытацыі адмовілася. У выніку, Івулін загрыміраваўся пад каларытнага вусача, наведаў прэс-канферэнцыю і нават сфатаграваўся з гульцамі клуба.

Івулін — справа

Івулін — справа

«У нас выходзіў спецпраект пра гісторыю беларускага футбола, гутарка з алігархам Сманцарам, які валодаў мінскім «Дынама» да Чыжа, а пасля з’ехаў ва Украіну… Цікавых тэкстаў хапала», — кажа Гаруновіч. 

Такі падыход забяспечваў «Трыбуне» і цікавасць чытачоў, і павагу калег. 

Але ж улетку 2020 года партал раптоўна быў заблакаваны беларускімі ўладамі, як і шэраг грамадска-палітычных выданняў. 

«Нам ніхто нічога не тлумачыў. Мінінфарм ківаў на ААЦ, ААЦ дасылаў у Мінінфарм адпіскі, тыя іх перасылалі нам… Я так разумею, нас заблакавалі напярэдадні выбараў проста «за кампанію». Пасля ўвосені разблакавалі на нейкі час. Мы працягнулі гаварыць пра тое, што нас цікавіць — і тады нас ужо заблакавалі канчаткова і беспаваротна на тэрыторыі Беларусі», — кажа галоўны рэдактар партала. — Зараз я не бачу нават сэнсу цікавіцца ўмовамі, пры якіх нас могуць заблакаваць». 

Магчыма, прычынай блакіроўкі стала тое, што чыста спортам «Трыбуна» не абмяжоўвалася. Яны абмяркоўвалі са спартоўцамі сітуацыю ў краіне, гаварылі пра гвалт з боку сілавікоў, публікавалі вострыя калонкі. Той жа Івулін не абмінуў увагай таямнічую смерць футбольнага фаната Крыўцова, які знік у Жодзіне, а пасля быў знойдзены павешаным у Мінску. 

«Мы расказваем пра тое, што нас цікавіць у канкрэтны момант. І нас цікавіла тое, што адбывалася ў краіне. Пра гэта мы і пісалі, — тлумачыць Гаруновіч. — Пры гэтым хапала і чыста спартовых эксклюзіваў, і інсайдаў, і аналітыкі, якіх не было ў іншых выданняў. Але чаго хаваць: цікавасць да спорту праз шэраг прычын знізілася. І я ж казаў — спорт гэта не толькі падзеі на стадыёне. Нас цікавяць спартоўцы з розных бакоў. І ў цяперашні момант мы цікавімся іх грамадзянскасцю і грамадскай пазіцыяй. 

Зараз такі час, калі кожны імкнецца захаваць сябе як асобу, як чалавека. І на мой погляд, сёння добра бачна, дзе дабро, а дзе зло. І гуляць у нейтральнасць, тыпу спорт па-за палітыкай, на маю думку, не вельмі шчыра ў першую чаргу перад самім сабою. 

На дзяржаўным ТБ «Трыбуну» назвалі пляцоўкай, дзе травяць прыхільнікаў улады 

На дзяржаўным ТБ «Трыбуну» назвалі пляцоўкай, дзе травяць прыхільнікаў улады 

Калі хтосьці лічыць, што ў нас зашмат палітыкі — што ж, параю тады чытаць «Прэсбол» ці «Спартыўную панараму». Ёсць іншыя рэсурсы, якія адпавядаюць класічным спартыўным выданням. Я нават не баюся рэкламаваць канкурэнтаў. Можна там чытаць справаздачы з матчаў Вышэйшай лігі ці ў аўторак пачытаць чацвярговыя агляды Еўракубкаў».

Так ці інакш змяняўся не толькі сайт ці падыход да працы. Тры парталы — «Трыбуна», «Анлайнер» і Tut.by — прыдумалі праводзіць «беларускамоўныя нядзелі». Кожную нядзелю гэтыя сайты, асноўнай мовай якіх была руская, выстаўлялі матэрыялы па-беларуску. Перайшоў на беларускую і сам Алег Гаруновіч. Прычым не толькі ў сацыяльных сетках, але і ў побыце. Ён прызнаўся, што на яго вельмі паўплываў пост Змітра Дашкевіча, які заклікаў пашыраць карыстанне беларускай мовай у штодзённым жыцці.

«Пазіцыя простая: калі табе нескладана гаварыць па-беларуску, дык што табе тады перашкаджае? І гэта вельмі важна для захавання народу. Таму я прыняў такое для сябе рашэнне. Так, мая мова можа недасканалая, але ж на 80% я знаходжу патрэбныя словы. Да таго ж у мяне трое дзяцей, і я хачу, каб яны таксама ведалі беларускую. Я чытаю ім кнігі па-беларуску, тлумачу некаторыя словы — яны досыць лёгка засвойваюць», — кажа Алег.

Але ці не змяніліся адносіны «Трыбуны» і спартоўцаў праз год пасля выбараў?

«Перад выбарамі была ўнікальная з’ява: спартоўцы былі гатовыя гаварыць, не хавалі свае пазіцыі, выказваліся смела. Некаторыя працягваюць гэта і сёння. Некаторыя падпісваюцца за Лукашэнку ці маўчаць, але працягваюць дапамагаць карэспандэнтам. 

І мы імкнёмся заўсёды даваць слова прыхільнікам Лукашэнкі, бо цікава, што і як яны думаюць. Але вельмі часта яны проста не могуць уцямна абгрунтаваць сваю пазіцыю. Мы гатовыя гаварыць з усімі, мы за дыялог. Але зразумець усё багацце ўнутранага свету прадзяржаўных спартоўцаў бывае цяжка нават пасля інтэрв’ю.

Я не скажу, што цяпер спорт пачаў масава адмаўляцца ад камунікацыі з намі. Але бываюць розныя выпадкі. Гімнастка Любоў Чаркашына скардзілася, што пасля інтэрв’ю з намі атрымала чан гаўна ў каментах, але я не ведаю пытанне тут да нас ці да яе самой. 

Шмат спартоўцаў, якія мне падабаліся як асобы цяпер не выклікаюць ніякага інтарэсу як мінімум. Напярэдадні Алімпіяды ў Пекіне я сустракаўся з Іванам Ціханам, ён мне падаваўся такім крутым дзядзькам! 

Я быў у бацькоў Міхаіла Грабоўскага, калі ён гуляў у НХЛ. Яго тата і бабуля з дзядулем вельмі цікавыя людзі, яны паказвалі мне сямейны фотаальбом… А цяпер Юры Грабоўскі аказаўся, на мой погляд, не вельмі выхаваным інтэрнэт-тролем, які поўзае па інстаграме і пакідае хамаватыя каменты. І такі спіс можна доўга працягваць», — кажа Гаруновіч. 

Праца ішла, але бяда ў выглядзе беларускіх сілавікоў не абмінула і «Трыбуну». Спачатку затрымалі і адправілі на суткі Аляксандра Івуліна разам з аператарам Яраславам Пісарэнкам (журналіст атрымаў 30 сутак, аператар — 15). А пасля стала вядома, што на Івуліна завялі крымінальную справу па «народным» артыкуле 342 — арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак. З сутак Івулін так і не выйшаў, цяпер ён на Валадарцы. Яму пагражае да 3 гадоў калоніі. 

Аляксандр Івулін

Аляксандр Івулін

«Напярэдадні затрымання Саша правёў стрым, дзе выказаў салідарнасць з братам аднаго з футбалістаў «Крумкачоў», якога асудзілі. Саша збіраў для той сям’і грошы, а мы ведаем, што на гэта вельмі нервова рэагуюць прыхільнікі Лукашэнкі, якія носяць форму. Была надзея, што абыйдзецца суткамі. Але некаторыя прапагандысты пачалі наўпрост пісаць, што Сашу падставіла кіраўніцтва «Трыбуны» і ён атрымае крыміналку. Гэта ўспрымалася як запалохванне і спробу справакаваць канфлікт.

Калі мы даведалася, што на Івуліна ўсё ж завялі справу, шокам гэта не было, былі падрыхтаваныя ментальна. Тым больш, такая сітуацыя ў сённяшняй Беларусі, на жаль, не шакуючая, а звыклая ўжо з’ява. 

Саша — разумны хлопец. Ён вельмі добра трымаецца, шмат жартуе, цікавіцца, што адбываецца ў жыцці. Кажа, што атрымлівае шмат перадач і нават губляе форму праз вялікую колькасць салодкага. Таксама заклікае людзей не сумаваць і рухацца далей», — расказвае Гаруновіч. 

Пасля таго, як на Івуліна завялі крыміналку, выказваліся меркаванні, што яго зняволенне — дробная помста Навошу, заснавальніку партала Sports.ru, партнёрам якога з’яўляецца «Трыбуна». Навоша, які даўно жыве ў Расіі, адкрыта выказваўся супраць Лукашэнкі і гвалту, падтрымліваў перамены. 

«Калі Саша і сядзіць як закладнік, то гэта не працуе», —лаканічна каментуе гэта Гаруновіч.

Не працуе ў тым ліку таму, што нават івулінскі блог «ЧестнОк» працягвае выпуск новых сюжэтаў.

«Тут шмат чаго будзе залежыць ад Яраслава Пісарэнкі — наколькі ў яго хопіць імпэту, ідэй, сілы. Канечне, вельмі хочацца, каб канал жыў, каб тое, над чым Саша працаваў гадамі, існавала».

Сёння частка супрацоўнікаў «Трыбуны» за мяжой. З’ехаў з Беларусі і Алег Гаруновіч.

«Мы нікога не перавозілі і не прымушалі. Людзі самі прымалі рашэнне. Я доўга не хацеў з’язджаць, гэта было прынцыповай пазіцыяй. Але спачатку я ўбачыў, як забралі кіраўніцтва Тut.by і крыху паралізавалі іх працу, а пасля арыштавалі Сашу Івуліна і пайшлі размовы пра крыміналку. Было зразумела, што тады могуць быць пытанні і да «Трыбуны». Паўстаў выбар: захоўваць выданне як незалежны медыярэсурс ці захоўваць сваю прынцыповасць і тады, магчыма, сядзець з Сашам Івуліным у суседніх камерах і перадаваць адно аднаму малявы. У выніку, мяне пераканалі, што лепш захаваць «Трыбуну», каб не знікла яшчэ адна незалежная пляцоўка. Бо гэта ж тое, да чаго імкнуцца прыхільнікі Лукашэнкі: раскатаць інфармацыйнае поле. 

Я сам не лічу і не адчуваю, што кудысьці з’ехаў, бо мяне цікавіць толькі беларуская павестка», — кажа ён.

Тым часам спорт у Беларусі працягвае заставацца справай дзяржаўнай важнасці. Любы спорт. Нядаўна Лукашэнка, абураючыся сумнымі вынікамі Алімпіяды, зачапіў яшчэ і жонак беларускіх футбалістаў.

«Паглядзіце, што робяць нашы спартсмены, асабліва іх жонкі! У чэмпіянаце па футболе людзі атрымлівалі велізарныя сумы грошай. А навошта ж працаваць? Яны сядзяць і тыкаюць у гэтыя айфоны! І ўсе яны — за БЧБ. Ад гультайства! Гэта не толькі мая выснова. Ёсць людзі, якія назіраюць за гэтымі працэсамі, і мне прама гавораць: «Каму мы плацім грошы?!» — сказаў Лукашэнка. 

«Наша Ніва» папрасіла Алега Гаруновіча пракаментаваць гэтае выказванне. 

«Я б не сказаў, што жонкі футбалістаў надта палітычна актыўныя. Так, некаторыя схадзілі на акцыю-другую, але пасля хутка «нармалізаваліся» пасля выбараў і пачалі жыць сваім звычайным жыццём: будуюць дамы, ходзяць па крамах. Як кажа Лукашэнка, іх мужы зарабляюць вялікія грошы. Дык тыя грошы трэба траціць і абавязкова пра гэта распавядаць. Таму БЧБ вельмі хутка знікла з іх павесткі, на маю думку, я не бачу там асабліва зацятых «змагарак», дарма Лукашэнка іх радыкалізуе. Магчыма, гэта спрацавала так званае хакейнае лобі, каб крыху больш грошай хапнуць за кошт футбалістаў. Бо хакеісты ж па першым жа шчаўчку пальцаў падпісалі ліст у падтрымку Лукашэнкі. А футбалісты, што б пра іх ні казалі, некалькі месяцаў пазбягалі гэтага, і толькі калі за іх узяліся грунтоўна, напрыклад, абяцалі звярнуць фінансаванне, пачалі падпісваць. Прычым, некаторыя клубы не зрабілі таго і па сёння», — сказаў галоўны рэдактар «Трыбуны». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0