Грамадства2828

Як 2020 год паламаў жыццё Алега Гайдукевіча. Ні сям’і, ні палітычных перспектыў, і толькі той у руцэ

Сумная гісторыя жыцця кандыдата ў прэзідэнты. Але што заслужыў, тое заслужыў, піша Уладзіслаў Волкаў.

Алег Гайдукевіч, фота Tochka.by

Можна лічыць сябе кіраўніком самай вялікай партыі Беларусі, другім па папулярнасці палітыкам краіны, раз за разам удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Але дастаткова было аднойчы неасцярожна выставіць у тэлеграм-канал свой эрагаваны пеніс, як у інтэрнэт-карыстальнікаў Алег Гайдукевіч стаў асацыявацца менавіта з гэтай недарэчнай гісторыяй.

І хіба што яшчэ з заявай «не магу быць прастытуткай», прамоўленай у 2020-м. Улады папрасілі зняцца з выбараў, а ён, нібыта вопытны аратар, разгублена заявіў нешта такое сумбурнае і няўцямнае, што, здаецца, сэнс сказанага не зразумеў і сам.

Для сотняў тысяч беларусаў той самы 2020-ы год стаў рубіконам, падзяліў жыццё на «да» і «пасля». І Алег Гайдукевіч не стаў выключэннем.

Палепшаная версія бацькі

Кім ён быў да 2020-га? Амбітным палітычным папулістам, які падтрымліваў на плыву атрыманую ў спадчыну ад бацькі Ліберальна-дэмакратычную партыю і чакаў акно магчымасцяў, якое калі-небудзь адкрыецца пасля сыходу Лукашэнкі.

Яго бацька Сяргей Гайдукевіч пабудаваў партыю па франшызе расійскага ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага — створанай у якасці псеўдаапазіцыі яшчэ савецкім КГБ, і выкарыстоўваў яе сямейны бізнэс, які дазваляў бязбедна існаваць. Гайдукевіч-старэйшы не лічыў сябе палітычнай фігурай з перспектывамі, а проста гуляў гульню, узгодненую ў спецслужбах.

Сяргей Гайдукевіч, фота: Tut.by

А вось Гайдукевіч-малодшы вырас нашмат больш хітрым і таленавітым — можа быць, таму, што ягоная маладосць прыпала на творчыя, разняволеныя 90-я, калі ўсё віравала, усё было магчыма, усё мянялася. Захаваць партыю (ці гэта ўсё ж больш бізнэс, чым партыя? Адказ, магчыма, не ведае нават ён сам) — гэта праграма-мінімум. А калі пашанцуе, то можна замахнуцца і на большае — калі-небудзь усур’ёз пазмагацца за сур'ёзную ролю, а то і прэзідэнцкае крэсла. Алег Гайдукевіч вяшчаў з кожнай скрыні і на любую тэму, звяртаючы на сабе ўвагу і прывучваючы людзей да свайго імені. Важная праца на перспектыву.

Народны кандыдат 

Яму добра шчоўкнулі па носе ў 2016 годзе. Тады Алег паверыў, што яго прызначаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў — першая прыступка, каб займець хоць нейкую палітычную вагу і ўзняцца хаця б да статусу бацькі. Як раптам у апошні момант зніадкуль на зарэзерваваную для яго акругу спусцілі пасла ў Аўстрыі Валера Варанецкага. Алег Гайдукевіч мог колькі заўгодна харахорыцца і рытарычна пытацца: «Ды хто ведае гэтага Варанецкага?!» Але ён і сам выдатна разумеў, што ў ноч пасля выбараў давядзецца ўцерціся атрыманымі 19% і нават выціснуць з сябе: «Добры дэбют!» Алега ўсё ж пусцілі ў парламент — але толькі ў 2019-м.

Гайдукевіч-малодшы не дазваляў сабе крытыкаваць Лукашэнку (ну хіба што па дробязі), але стараўся пазіцыянаваць сябе як «свой» і для сілавікоў, і для прарасійскага электарату, і нават для прыхільнікаў незалежнасці. Што казаць, нават у канцы 2020 года Алег Гайдукевіч як дэпутат Палаты прадстаўнікоў быў гатовы падпісацца за вызваленне арыштаваных журналістаў! Наўрад ці яго моцна хвалявалі правы чалавека — хутчэй, ён проста разумеў, што можна набраць дадатковыя балы ў вачах незалежных медыя.

Калісьці Гайдукевіч абяцаў, што будзе дабівацца надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу культурна-гістарычнай спадчыны

У дадатак удавалася дэманстраваць шчаслівае жыццё на фоне пастаральнага краявіду Мінскага раёна. Алег Гайдукевіч, які ішоў у дарослае жыццё без роднай маці, — яна эмігравала ў Германію больш за 30 гадоў таму і мінімальна падтрымлівае адносіны з сынам на адлегласці, — дэманстраваў грамадству сваю ўзорную сям’ю — жонку, дзвюх дачок і нават ката. Вось, здавалася б, надышла гармонія.

Бездапаможнасць і агрэсія

Аднак 2020 год паставіў крыж на ўсім, чым мог ганарыцца Алег Гайдукевіч. Урэшце дайшло і да прыгодаў няшчаснага ката, але ўсё ж першай пайшла пад нож яго ўяўная палітычная шматвектарнасць.

Гайдукевіча без ніякіх сумневаў загналі ў стойла, не пакінуўшы ніякага манеўру. Ён па-ранейшаму гатовы кругласутачна вяшчаць на любую тэму, вось толькі прамаўляць можна толькі тое самае, што і без яго кажа прапаганда. Адзіная магчымасць вылучыцца — пазіцыянаваць сябе нават трошкі больш крыважэрным за Лукашэнку. Атрымліваецца даволі гарманічна — усё ж былы кіраўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска — але якая сацыяльная група на тэарэтычных выбарах ацаніла б гэтую істэрыю?

На парламенцкіх выбарах — 2024 нават для Ліберальна-дэмакратычнай партыі (зразумела, у рыторыцы Гайдукевіча няма ні слова ліберальнага і ні слова дэмакратычнага) пакінулі ўсяго чатыры мандаты — найгоршы вынік з усіх партый, якія засталіся на абсалютна выпаленым палітычным полі. Такой жа фіктыўнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці выдалі ўдвая больш месцаў у парламенце!

З паплечнікамі таксама было далёка не ўсё гладка. Ні для каго не сакрэт, што доўгі час у ЛДПБ вялі рэй адстаўныя сілавікі і завербаваныя сілавымі структурамі крымінальнікі — добра калі былыя, бо здаралася рознае. Матывацыя ўступаць у партыю цяпер засталася хіба што ў дробных жулікаў, якіх не возьмуць у «Белую Русь» — там усё ж перадусім асяроддзе бюджэтнікаў, — але якім хацелася б мець для статуснасці нейкае пасведчанне. Натуральныя хібы ў такім падборы сяброў партыі ў тым, што іх перыядычна саджаюць за краты.

У 2021 годзе выбухнула гісторыя бізнэсмена Аляксандра Касача, які займаўся арганізацыяй канцэртаў. Заадно ён быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Алега Гайдукевіча. Касачу інкрымініравалі махлярства і карупцыю, налічылі мільён даляраў шкоды. Прысуд — 8,5 года зняволення.

Бос-дэпутат нічым не змог дапамагчы свайму асабістаму памочніку. Упрагацца ў вырашэнне чужых праблем — падстаўляць пад удар сябе. Таму Гайдукевіч адчапіў Касача і паехаў далей. Новага памочніка знайсці не праблема.

Прысуд Касачу быў суровым, але для сяброў ЛДПБ нічога незвычайнага ў гэтым няма. У 2018 годзе за махлярства і карупцыю пакаралі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса. У 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ярмыкіна.

Смешна, але за некалькі гадоў да пасадкі Касач у інтэрв’ю шчыра абураўся, маўляў, не разумее, чаму ЛДП называюць «партыяй жулікаў і зладзеяў».

Пасведчанне Аляксандра Косача

Раскіданае гняздо 

Але паралельна развіваўся яшчэ больш трагічны сюжэт. Руйнавалася сям’я Гайдукевіча. Жонка Марыя ў 2020-м годзе падтрымала рух супраць дыктатуры.

«Прыбіраць людзей з вуліц не трэба, гэта няправільна. Кожны мае права выказваць свой пункт гледжання. Адкрыю адзін сакрэт: у нядзельным маршы за мір удзельнічала мая жонка. Яна ішла супраць гвалту. Я яе не асудзіў, а падтрымаў», — прызнаваўся Алег Гайдукевіч, калі яшчэ не ведаў, чым скончыцца грамадскае супрацьстаянне. Ён тады не здагадваўся, што на ўсіх удзельнікаў мірных акцый пратэсту будуць заводзіць крымінальныя справы і кідаць у СІЗА. А яму самому давядзецца пераабувацца і падтрымліваць рэпрэсіі.

Марыя Гайдукевіч урэшце развялася з Алегам і з’ехала з Беларусі ў ЗША да сваіх бацькоў. Можа, і да лепшага, іначай бы зараз даводзілася публічна выракацца палітзняволенай жонкі, каб працягваць палітычную дзейнасць.

Марыя Гайдукевіч

У дэкларацыі Алега Гайдукевіча за 2023 год няма згадак пра катэдж у Сёмкаве, у якім калісьці жыла сям’я. Гэты дом паспеў трапіць у гісторыю — тут летам 2021 года кадэбісты здымалі сваю пастановачную правакацыю. Натуральна, пры маўклівай згодзе гаспадара — жонкі на той момант ужо не было.

Спецслужбісты тады арганізавалі спробу падпалу катэджа Гайдукевічаў па звыклай схеме — закінулі ў чаты радыкальную ідэю, знайшлі ахвотных яе выканаць. Самі прыдумалі — самі і нейтралізавалі нападнікаў.

Рэальна пацярпелым у выніку застаўся толькі згаданы вышэй кот, у якога абгарэла поўсць. Ён быў адзіным, каго не папярэдзілі пра спектакль.

Сітуацыя магла б цалкам выглядаць анекдотам, калі б не той факт, што 15 наіўных людзей атрымалі рэальныя тэрміны. З іх на свабоду выйшаў пакуль толькі адзін. У астатніх касмічныя тэрміны — да 21 года зняволення.

Дарэчы, ката ў палітыка таксама цяпер няма, ён у выніку застаўся ў жонкі.

Паводле дэкларацыі, у Алега Гайдукевіча засталася з нерухомасці толькі кватэра плошчай 60 м2. Але жыллё не абавязкова мусіць быць аформлена на яго — ён можа жыць і з бацькам. Тым больш у таго, па словах знаёмых сям’і, агромністыя праблемы са здароўем. Кажуць, што сустрэць Гайдукевіча-старэйшага на мерапрыемствах ужо нерэальна. І гэта яшчэ адзін удар па Алегу.

Гайдукевіч ці Канапацкая?

Пакуль усе спарынг-партнёры Лукашэнкі імітавалі збор подпісаў, Гайдукевіч традыцыйна спрабаваў дэманстратыўна выдзеліцца. «Мы сабралі амаль у два разы больш неабходнай колькасці подпісаў», — пахваліўся ён. Няўжо 200 тысяч подпісаў? Не, замест прыгожага ліку чарговы шчаўчок па носе — Цэнтрвыбаркам залічыў яму менш за 135 тысяч са 147 тысяч нібыта сабраных.

…Сумленных апытанняў грамадскага меркавання ў Беларусі не засталося, але палітычны капітал Гайдукевіча бадай ужо скурчыўся да меншых памераў, чым у Ганны Канапацкай — тую хаця б можна паспрабаваць прадаць як уяўную альтэрнатыву з чалавечым тварам. А хто купіць кандыдата з ваўчыным выскалам?

Максімум, чым можа аддзячыць Лукашэнка Гайдукевічу за чарговы ўдзел у выбарчым цырку, — гэта намаляваць яму 3%, а Канапацкай — 2%, а не наадварот. Але і гэта яшчэ трэба заслужыць.

Каментары28

  • Беня
    31.12.2024
    Ломай меня, ломай меня полностью.
  • нечытало
    31.12.2024
    на брови достаточно посмотреть

    настаяшчы белорусс
  • Шукайце добрае
    31.12.2024
    Усё ж такі ён не апошняе лайно, раз у такога была жонка. І гэтая жонка нават была з народам, а не з крывапійцамі. Пытанне толькі адно да гойдукевіча: навошта пісюн выкладаў?
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заклікаў не зважаць на псіхіку дзяцей тады, калі трэба праводзіць прапаганду22

Пад Лепелем адбылася страшная аварыя са смяротным вынікам

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

Кіроўцы былі цвярозыя. Што вядома пра аварыю аўтобуса пад Варшавай, у якой пацярпеў беларус

Азаронак так стараўся хутчэй расхваліць Лукашэнку, што спехам запосціў крамолу13

Трамп дапусціў, што можа перайсці на бок Украіны10

У беларускіх гарадах выстройваюцца гіганцкія чэргі на канцэрты расійскага артыста Лазарава19

«Раcтрушчэнне галавы». Сталі вядомыя прычыны смерці беларусаў, якія ваявалі за Расію8

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць