Пра сітуацыю на мяжы і зброю з Данбаса

Лукашэнка даручыў забяспечыць кантроль на беларускіх межах. 

«Міністэрству абароны, КДБ, пагранвойскам — забяспечыць кантроль за перамяшчэннем войскаў НАТА і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тыс. ужо вайскоўцаў, танкі, бронетэхніка, Верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай мяжы, прытым у нахабную, не папярэдзіўшы нікога», — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў пра тое, што ў памежную зону з Данбаса перакідваюць зброю і выбухоўку. Як гэта робяць і чаму такое магчыма, ён не ўдакладніў.

«У нас вельмі небяспечная намецілася там тэндэнцыя. Я гэта прадугледжваў. Гэта пытанне нашых вайскоўцаў і Камітэта дзяржбяспекі. Пайшлі спробы перакідання зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі гэтым людзям у лагеры.

Апошнія двое сутак перакідваюць зброю. Зброя ў асноўным ідзе (мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытанне, з Пуціным размаўлялі на гэтую тэму) з Данбаса.

Ідзе зброя для чаго? Тут хочуць зладзіць правакацыю. Сутыкнуць ілбамі нашых памежнікаў з іх, нашых вайскоўцаў з іхнымі. Таму вымушаныя па перыметры цяпер кантраляваць сітуацыю, каб ім не закінулі зброю. Бо там курды. А курды — гэта ваякі. І калі яны (польскі бок) іх рэжуць, б'юць і іншае, людзі ў роспачы. Любы аўтамат, пісталет, правакацыя — і ваенны канфлікт», — заявіў Лукашэнка.

Пра мігрантаў, якіх ловяць «аж да Нямеччыны», ломяць ім рэбры і спрабуюць (безвынікова) выпхнуць у Беларусь

«За мінулыя суткі палякі паспрабавалі выпхнуць на нашу тэрыторыю больш за тысячу чалавек.

Вы разумееце, ловяць іх там, аж да мяжы Нямеччыны, а можа, і ў Нямеччыне, вывозяць на мяжу і ў розных месцах пачынаюць выштурхоўваць. Праўда, ніводны чалавек на нашу тэрыторыю не прайшоў. Збіваюць, ломяць рэбры, каб не відаць было. Людзі ўсе ў сіняках, збітыя, пераламаныя. Выкідваюць іх проста на дзяржаўную мяжу».

Пра стральбу на мяжы

«Што недапушчальна (я не ведаю, чаму гэта СМІ кожны дзень не паказваюць) — яны [палякі] адкрываюць стральбу ў нашым кірунку па-над галовамі. Як памежнік вам кажу: у савецкія часы, калі б толькі з сумежнай тэрыторыі ў наш бок быў заўважаны хоць адзін стрэл, там сцерлі б усё з твару зямлі. Гэта страшнае парушэнне», — падкрэсліў Лукашэнка.

Пра тое, што польскія памежнікі не выключаюць на ноч святло на мяжы

«Вы бачыце, што гэта дзіця просіць вады папіць. Стаяць (польскія вайскоўцы) як фашысты, гестапа, уключаюць пражэктары ноччу, гучную сувязь і пачынаюць цкаваць. Каго — дзяцей, дзеці спаць не могуць, якіх укладваюць у гэтыя няшчасныя палаткі».

Пра СМІ, якія раздулі праблему

«Вы бачыце, што адбываецца на дзяржаўнай мяжы і вакол яе. Скажу проста: не такая гэта вялікая праблема, як яе цяпер раздзьмулі ў СМІ. Але СМІ я не асуджаю. Бо гэта носіць моцны папераджальны характар. Зараз звярнулі ўвагу на Беларусь. Але такіх маршрутаў 3-5 у свеце, па якіх ідуць мільёны тых, што бягуць ад вайны. Вось цяпер сканцэнтравалі ўвагу на беларуска-польскай, літоўскай і латвійскай межах. І ўжо ўвагу пачынаюць надаваць і беларуска-ўкраінскай мяжы. Яна таксама непакоіць і мяне. Напэўна, і Расію», — адзначыў ён.

«Таму не такая гэта, падкрэсліваю, праблема, як яе сёння раздулі. Але раздулі правільна ў СМІ, каб папярэдзіць на будучыню. Малайцы журналісты, што паказваюць сапраўдны твар гэтай дэмакратыі. Нарэшце і вы, якія сядзяць тут, і асабліва наша грамадства і іншыя зразумеюць, што ж гэта за дэмакратыя і правы чалавека, свабода слова там на захадзе, да якой нас пастаянна штурхалі».

Пра дапамогу жанчынам і сухія дровы

Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, Лукашэнка сказаў: «Даручыце ва ўрадзе, я думаю, і Мінадукацыі, і віцэ-прэм'ер адпаведны па сацыялцы. Трэба звярнуць увагу на цяжарных жанчын і дзяцей. Поўная катастрофа. Вельмі шмат жанчын цяжарных на 8-9-м месяцах. Мы нікуды не падзенемся. Яны, напэўна, будуць нараджаць у нас. Сыходзіць яны з гэтага лагера, дзе знаходзяцца цяпер, не хочуць: «Мы застанемся тут!». Але як тут?! Мы ж ведаем, якая халадэча надыходзіць. Яны і не ведаюць, што такое ў Беларусі ў лясах гэтых зімаваць. Але сыходзіць адтуль не хочуць. Таму трэба паглядзець».

Ён таксама звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: «Вы падключыліся з жанчынамі. Паглядзець. Можа быць, папрасіць іх, каб яны можа аддалі нам дзяцей. Мы іх размясцілі ў санаторыі. А дзесьці, можа быць, і з маці.

Цяжарныя жанчыны і дзеці — пытанне нумар адзін. Нельга іх кідаць. Асабліва дзяцей. Мы б хоць бы іх там адвялі ў душ, памылі і накармілі».

«Ну а цяжарныя жанчыны … Прыйдзе тэрмін нараджаць, вядома, у бальніцу будзем вывозіць і абслугоўваць далей», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў падвезці мігрантам сухіх дроў, каб тыя не пачалі секчы дрэвы. «Трэба прывезці ім туды і скласці. Нікуды не дзенешся. Сыходзіць адтуль не хочуць. Мы ім прапанавалі сысці адтуль», — адзначыў ён.

Пра санкцыі і імавернасць перакрыць газ

«Занадта шмат нас пачалі палохаць пятым пакетам. На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч, вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны. Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, зачыняйце: менш збеглых туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым.

Я проста паслухаў гэтых мярзотнікаў, якія наогул безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь?

Праз Украіну не пройдзе: там расійская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, да прыкладу, для немцаў, што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца ні перад чым», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заўважыў, што праз Беларусь ідзе транснацыянальны экспартны магістральны газаправод Ямал — Еўропа, прычым у апошні час аб'ёмы транзіту газу з Расіі на Захад значна павялічыліся.

«Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды?

Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым казаць. Але гэта іх справа. Зачыняць — няхай зачыняюць. Але МЗС павінен папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі «неперавараныя» — непрымальныя для нас, мы павінны адказваць. Як адказваць, мы з вамі дамаўляліся паўгода таму», — сказаў Лукашэнка.

Што гэта за контрсанкцыі, публічна не агучвалася.