Меркаванні

«Такога нават пры царызме не было»: гісторык з Масквы Аляксей Каўка падзяліўся ўражаннямі ад Беларусі

Большая частка жыцця беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы Аляксея Каўкі (ён нарадзіўся ў 1937 годзе на Чэрвеньшчыне) прайшла ў Маскве, дзе ён доўгі час працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры, быў галоўным рэдактарам славяназнаўчага часопіса. Але думкай і сэрцам ён заўсёды імкнуўся на радзіму, перажываў за суайчыннікаў. Імкнецца, перажывае і сёння. Нават пандэмія не стала для шаноўнага доктара навук перашкодай. «Народная воля» сустрэлася для гутаркі ў зацішнай чытальнай зале, дзе суразмоўца сядзеў, абклаўшыся архіўнымі справамі.

— Аляксей Канстанцінавіч, гады два вы не былі ў Мінску — з-за каранавіруса. Ды і цяпер забаронныя шлагбаумы дарэшты не зняты. Як вам удалося прарвацца на радзіму?

— Прарывацца не давялося, ехаў без прыгод. Дзякуй Богу, пачалі хадзіць цягнікі, з’явіўся і новы маскоўскі — «Ласточка». Ім я і дабіраўся. Народу ў вагоне было няшмат, чалавек пятнаццаць. Я вакцынаваны, адпаведныя паперы былі пры мне, але іх ніхто не правяраў. Хацелася мне ўзяць з сабой у Мінск бел-чырвона-белы сцяжок, які мне ў свой час падаравала наша славутая Вольга Корбут…

— З тым сцяжком вас проста на вакзале маглі б затрымаць. А калі Корбут вам яго падаравала?

— Яшчэ ў 1989 годзе, калі яна з Данчыкам і сваім мужам Леанідам Барткевічам прыязджала да нас у Маскву. Была вельмі цёплая сустрэча з маскоўскімі беларусамі, і пасля яе алімпійская чэмпіёнка падышла да мяне: «Вось вам, спадар Аляксей, памятка». Я з тым сцяжком доўга хадзіў на розныя беларускія акцыі ў Маскве. І ў Мінск хацеў узяць, але жонка адгаварыла…

— Слушна зрабіла. Маглі б трапіць на Акрэсціна. Вы ж ведаеце, што ў нас тут «зачыстка» поўным ходам ідзе.

— Падобныя «зачысткі» адбываліся ва ўсіх таталітарных краінах, калі ўсе іншадумцы рабіліся «ворагамі народа». «Зачышчаць» беларусаў пачаў яшчэ Мураўёў-вешальнік, які змагаўся, як лічылася, з «польскім засіллем», хацеў забяспечыць «истинно русский строй» у Беларусі. Гэта яму, аднак, не ўдалося — у татальным сэнсе. Беларус-селянін упарта трымаўся свайго — і звычаяў, і мовы. Дык гэта мела месца ў Расійскай імперыі. А тут нібыта ў незалежнай Беларусі адбываецца тое самае! Уключыў я раніцай БТ, а там галоўны следчы расказвае, як яны змагаюцца з «инспираторами государственного переворота»… І такой мураўёўшчынай на мяне дыхнула! Зайшоў у інтэрнэт, а там генерал нейкі пагражае за аднаго забітага сілавіка сто апазіцыянераў расстраляць… Ведаеце, нават Кубэ падобных публічных выказванняў сабе не дазваляў. А чаго варта закрыццё Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы!.. Пры акупантах такога не было, пры царызме… Сэрца крывёю абліваецца, не бачылі б вочы, не слухалі б вушы!

 Ці закранулі рэпрэсіі апошняга года вашых сваякоў тут, у Беларусі?

— Пляменнік мой быў вымушаны з’ехаць у Вільнюс. З сям’ёй, чацвёра дзяцей, у тым ліку малалеткі па два-тры гады. Працаваў у банку. Летась быў з жонкай на акцыях пратэсту. Пачалі за ім віжаваць, ператрус быў. Паспеў выехаць праз Расію, а то трапіў бы за краты, як трапілі ўжо тысячы. Улады цяпер вылічваюць па відэазапісах, хто яшчэ ўдзельнічаў у «перавароце», каго яшчэ пасадзіць. А гэта не пераварот, а нацыянальна-вызваленчы рух! Так, стыхійны, але ж і масавы.

— Ведаю, што днямі вы вярнуліся са сваёй малой радзімы — з Чэрвеня. А як там народ у гэтыя пераднавагоднія дні рэагуе на зусім не святочныя падзеі, на рэпрэсіі?

— У Чэрвень я ездзіў на пахаванне блізкага мне чалавека. Мяне ўразіла, колькі людзі нанеслі кветак і вянкоў — бел-чырвона-белых! І падчас развітання нехта заўважыў: вось бы цяпер наляцелі сюды «амонаўцы», усе кветкі патапталі б, а нас бы ў аўтазакі… Так што народ усё разумее. А Чэрвень — чысценькі, дагледжаны гарадок. Наконт гэтага мой чэрвеньскі сябра Уладзімір Дарагуш заўсёды іранізаваў, што і ў Асвенцыме былі парадак і чысціня і музыка гучала. А печы дымілі… Прайшоўся я па Чэрвені — вуліцы Маркса, Лібкнехта, Леніна, Савецкая… На такіх вуліцах камфортна жыць хіба што ненавіснікам усяго беларускага. Украіна за месяц ачысцілася ад гэтай чужацкай тапанімікі, і ёй Масква не можа дараваць гэтага.

— Затое даруе ўсё афіцыйнаму Мінску. Нават бесцырымоннае закрыццё «Комсомольской правды», любімай газеты Пуціна.

— Гэта дробязі ў параўнанні з вялікай палітыкай. Таму што канчатковы план Крамля — каб «беларускі балкон», высунуты ў Еўропу, быў у расійскіх руках. А ён пакуль не здзяйсняецца. Таму на расійскіх тэлеканалах Лукашэнка паказваецца як лідар, які выступае супраць «калектыўнага Захаду», бароніць у гэтым сэнсе Беларусь і Расію.

— Відавочна, што мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы не даў патрэбнага для ўлады выніку. Як вы, былы дыпламат (працавалі ў Варшаве), ацэньваеце тое, што адбывалася пад Гродна?

— Гэта была амаль што неабвешчаная вайна з боку Беларусі. І я проста дзівіўся вытрымцы палякаў. Беларускія дзяржаўныя СМІ распалілі такі антыпольскі псіхоз, што невядома, чым гэта скончыцца. Не думаю, што Польшча дазволіла б сабе пры любым раскладзе «ўсходнія крэсы» вяртаць. Варшаву правакавалі, каб падчас узброенай сутычкі на мяжы пад шумок здаць-заняць «беларускі балкон». Перакананы: увесь гэты «крызіс» планаваўся і за крамлёўскай сцяной таксама.

— Адзін з вашых даўніх артыкулаў пра Беларусь называўся «Тэрыторыя ці народ». Сёння вы ўжылі б такую ж фармулёўку?

— Не. Беларусы ў 2020 годзе гучна, на ўвесь свет заявілі пра сябе як нацыю. Дылема «тэрыторыя ці народ» для мяне вырашана раз і назаўсёды. Зводзіць цяперашнюю Беларусь толькі да тэрыторыі — анахранізм. Ёсць народ, ёсць нацыя, і ёсць дзяржава. Праўда, як ні горка і парадаксальна гэта гучыць, дзяржава тая займаецца знішчэннем беларушчыны. Думаю, што парадокс гэты хутка будзе пераадолены. Хоць у тым, каб ён працягваўся як мага даўжэй, зацікаўлены ўсходні сусед. Шмат будзе залежаць ад падзей у Расіі. Калі там пачнуцца тэрытарыяльныя праблемы, Маскве будзе не да новага аншлюсу, які, гэта трэба прызнаць, сёння Беларусі рэальна пагражае.

— Незалежная маскоўская «Новая газета» (аддамо ёй належнае) давала аб’ектыўную інфармацыю пра леташнія беларускія падзеі. І Нобелеўскую прэмію яна атрымала, як мне падаецца, дзякуючы і гэтай акалічнасці.

— Згодзен з вамі. Пазіцыя «Новой газеты» асабліва была відна на фоне той жа «Комсомольской правды», на старонках якой прысцяжныя барзапісцы «разоблачали провокацию, устроеную в Белоруссии националистами». Так што з-за закрыцця «КП» я не перажываю. А колькі жоўці было выліта на беларусаў на федэральных тэлеканалах! Уключаеш праграму Салаўёва, а там суцэльная беларусафобія! «Я такого бялорусского языка не знаю, который они изображают»… Бог ты мой! Маршал Перамогі Жукаў — і той у анкеце пісаў, што валодае «замежнай беларускай мовай». А гэтыя так званыя аналітыкі — «не знаю»… «Новая газета», дзякуй яе рэдактару Дзмітрыю Муратаву, выратавала гонар расійскай дэмакратычнай думкі. Гэта ўражвала — пад лозунгам «Жыве Беларусь!» на яе старонках публікаваліся гарачыя рэпартажы з мінскіх падзей, была якасная аналітыка. Думаю, што рэдакцыйная праца «Новой газеты» застанецца ў гісторыі, нездарма яе ў Расіі назвалі ўжо «коллективным колоколом» (маючы на ўвазе герцэнаўскі «Колокол» XIX стагоддзя).

— У гэтым сэнсе варта згадаць і народнага артыста СССР Уладзіміра Співакова, які публічна адмовіўся ад ордэна Скарыны, які ў свой час атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, з беларускіх артыстаў ці пісьменнікаў ніхто ад лукашэнкаўскіх званняў ці прэмій так і не адмовіўся.

— Учынкам Співакова і я быў узрушаны. А помніце, у Мінску пасадзілі на суткі студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, пераможцу міжнародных алімпіяд? У яго абарону выступілі 15 акадэмікаў і членкараў Расійскай Акадэміі навук! Тая ж «Новая газета» публікавала іх зварот да генпракурора Беларусі. Што, у Беларусі не знайшлося сваіх акадэмікаў?

— Відаць, атрымалася, як у вершы Яўтушэнкі: «Ученый, сверстник Галилея, / был Галилея не глупее. / Он знал, что вертится Земля, / но у него была семья».

— Во-во, «была семья»… Сядзяць вашы акадэмікі, як мышы пад венікам. Але мышы нават пад венікам варушацца!

— Вы былі стваральнікам і шматгадовым кіраўніком Таварыства беларускай культуры ў Маскве. Яго ўжо няма. А што з’явілася замест яго? 

— На пачатку 2000-х у Расіі пачалі стварацца нацыянальна-культурныя аўтаноміі. Як я зразумеў, пад кантролем адпаведных дзяржаўна-палітычных структур. Прыйшлі новыя людзі, утварылі аўтаномію «Белорусы России». Што пра яе сказаць? Дастаткова, відаць, таго, што кіраўнікі гэтай арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць ва Усебеларускім сходзе, галасуюць разам з усімі гэтак званымі «дэлегатамі».

— Вы падрыхтавалі і выдалі 10 выпускаў гісторыка-літаратурнага гадавіка «Скарыніч». Працяг будзе?

— Працяг быў бы, калі б было фінансаванне. Са «Скарынічам» мне ўвесь час дапамагаў мой маскоўскі калега Віктар Чайчыц, дыпламат, германіст, фінансавы бок фактычна на яго плячах трымаўся. Што далей будзе? Дванаццаты «Скарыніч» даступны ў інтэрнэце, у электроннай бібліятэцы «Камунікат». Дзякуй яе заснавальніку Яраславу Іванюку, які вывесіў увесь камплект.

Наш зямляк Мікола Нікалаеў выпусціў у свет таўшчэзны том «Беларускі Пецярбург». А чаму ж ніхто не даўмеўся зрабіць кнігу «Беларуская Масква»? Матэрыялаў не хапае?

— Матэрыялаў больш чым дастаткова. І яны больш-менш сістэматызаваны. Скажам, у энцыклапедычным даведніку «Беларускае замежжа» ёсць асобны раздзел пра маскоўскіх беларусаў. А калі браць гісторыю… Тут безліч тэм і постацяў. Скажам, «Янка Купала і Масква». Пясняр там вянчаўся і там жа загінуў. Пра аднаго Купалу ў Маскве можна кнігу напісаць. Дарэчы, нядаўна я гартаў трохтомную Купалаўскую энцыклапедыю і са здзіўленнем не знайшоў там і згадкі пра кнігу Купалы «Молодая Беларусь» (выйшла адносна нядаўна ў Маскве), дзе сабраны раней «крамольна-спецхранныя» творы паэта, невядомая рускаму чытачу публіцыстыка. І наклад быў немалы — 5000 асобнікаў. І вось — ні слова ў энцыклапедыі…

— Да Мінска дайшлі чуткі, што вы свой шматлікі кнігазбор падаравалі ў адну з маскоўскіх бібліятэк. Гэта праўда?

— Праўда. Як праўда і тое, што кнігазбор той я спрабаваў спачатку «прыстроіць» у Мінску. Вёў нейкія перамовы. Але дарма — нікога мае кнігі (пераважна беларусіка) не зацікавілі. А ў маскоўскай Акадэмічнай бібліятэцы прынялі з удзячнасцю, стварылі асобны фонд.

— Што з Беларусі павезяце з сабой у Маскву?

— Вось чаравікі зімовыя купіў у Чэрвені. Стаяў у чарзе да касы і сказаў спецыяльна гучна, на ўсю краму: «Дзякуй «бацьку» і «ябацькам» за добрыя чаравікі!» Бачу — людзі на мяне недружалюбна косяцца, адразу замаўчалі ўсе. Што мяне пэўным чынам абнадзеіла… Мне прыгадваецца светлай памяці Янка Брыль, які аднойчы пры сустрэчы сказаў мне: «Браце, не трэба ў роспач кідацца, перажылі лета гарачае, перажывём і г… сабачае». Мінулагодняе лета гарачае паказала — беларускі патэнцыял жывучасці ў наяўнасці, і ён рэалізуецца, нікуды не дзенецца!

Каментары

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй4

Авіякампанія Qantas запланавала самыя доўгія рэгулярныя рэйсы ў свеце — 22 гадзіны ў небе

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы50

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →