Свет1111

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле

Беларускі гісторык Аляксей Ластоўскі летась тыдзень правёў у Сірыі як турыст. «Наша Ніва» пацікавілася ў яго, якія ўражанні пакінула гэтая краіна, дзе зноў адбываюцца ваенныя дзеянні.

Крэпасць Алепа. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Віза на мяжы і бясконцыя блокпасты

Аляксей Ластоўскі быў у Сірыі напрыканцы вясны 2023 года. У межах тура ён пабываў у Дамаску, Пальміры, Босры, а таксама ў Алепа, які днямі кааліцыя паўстанцаў узяла пад свой кантроль.

У Сірыю гісторык трапіў праз Ліван. Па яго словах, іначай беларусу трапіць у гэтую краіну немагчыма.

«На мяжы робяць сірыйскую візу, і ты трапляеш на тэрыторыю, якая кантралюецца ўрадам Башара Асада. Іншых варыянтаў трапіць у Сірыю няма», — кажа Ластоўскі.

Суразмоўца згадвае, што вясной 2023 года, нягледзячы на адсутнасць баявых дзеянняў, перасоўвацца па Сірыі было досыць складана, бо праз кожныя 15—20 кіламетраў стаяць блокпасты з праверкай дакументаў.

Абгарэлы пікап. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

«Самастойнага турызму як такога там няма, таму фактычна адзіная магчымасць там пабываць — гэта перасоўвацца па краіне арганізаванымі групамі з нейкімі афіцыйнымі мэтамі. Мы набывалі тур, які кантраляваўся Міністэрствам культуры Сірыйскай Рэспублікі.

Але гэта не выглядае так, як у выпадку з Паўночнай Карэяй, калі кожны крок турыстаў адбываецца пад наглядам спецслужбаў, адхіліцца ад запланаванага маршруту немагчыма, а ўсе твае кантакты загадзя вызначаныя. У Сірыі такога не было, сам маршрут па маёй прапанове таксама скарэктавалі, каб можна было наведаць горад Босра, які кантралюецца не ўрадам Асада, а дэмакратычнымі паўстанцамі», — згадвае Ластоўскі.

Па ўспамінах Ластоўскага, найбольшую небяспеку ён адчуваў у Пальміры, бо гэты горад знаходзіцца блізка да тэрыторыі, якую кантралююць ісламісты. Гэтыя землі недаступныя для турыстаў, бо радыкальныя ісламісты, варожа ставяцца да турызму.

Пальміра. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

«Адчуванні ад краіны засталіся вельмі спецыфічныя, бо, з аднаго боку, гэта краіна, якая знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы праз грамадзянскую вайну, якая разарвала яе на часткі.

Едзеш і па дарозе бачыш абгарэлыя танкі. У многіх гарадах адчувальны кантэкст нядаўніх ваенных дзеянняў, шмат разбурэнняў. Але пры гэтым склалася больш-менш пазітыўнае ўражанне.

Падбіты танк у Сірыі. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Было адчуванне, што людзі больш не хочуць гэтай вайны, што яны імкнуцца аднаўляць краіну. Напрыклад, у Ліване адчуваліся больш змрочныя настроі сярод насельніцтва. У Сірыі ж праглядалася імкненне жыхароў адбудоўваць мірную краіну. Таму ўражанні ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам засталіся вельмі пазітыўныя», — згадвае Ластоўскі.

Гісторык з мясцовымі дзяўчатамі. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Па словах гісторыка, ніякіх абмежаванняў у руху не было, таму яны маглі свабодна перасоўвацца па тым жа Дамаску ці Алепа і без праблем камунікаваць з гараджанамі.

Пры гэтым Ластоўскі звяртае ўвагу, што сталіца Сірыі Дамаск даволі моцна адрозніваецца ад некалі самага буйнога горада краіны — Алепа, кантроль над якім нядаўна быў страчаны цэнтральнай уладай.

Перш за ўсё, адрозненне ў тым, што Дамаск не так моцна пацярпеў ад вайны.

«Сталіца заўсёды кантралявалася рэжымам Асада. Нават падчас грамадзянскай вайны паўстанцы да яе не даходзілі, і там няма такіх вайсковых разбурэнняў. У Дамаску цячэ мірнае і спакойнае жыццё. Базары напоўненыя людзьмі.

Базар у Дамаску. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Вечарамі на вуліцах адчуваецца разняволенасць. Калі хадзіць па хрысціянскіх кварталах, то можна ўбачыць, як збіраецца моладзь, каб выпіць піва. То-бок назіраеш тое, што немагчыма сабе ўявіць у мусульманскіх краінах».

У Алепа ж, па словах суразмоўцы, сітуацыя іншая, бо горад спачатку істотна пацярпеў ад ваенных дзеянняў, а потым яго дабіў вельмі моцны землятрус.

На вуліцах Алепа вясной 2023 года. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

«Горад перажыў дзве трагедыі, што прывяло да масавага адтоку насельніцтва. Да вайны горад быў самым буйным па насельніцтве, ён знаходзіцца на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, таму заўсёды з'яўляўся моцным эканамічным і гандлёвым цэнтрам у рэгіёне.

У дадатак, праз тое, што Алепа апынуўся ў эпіцэнтры вельмі моцнага землятрусу, большая частка горада была разбураная. Нават у 2023 годзе мы траплялі ў кварталы, якія цалкам складаліся з руін».

Руіны ў Алепа. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Пры гэтым падарожнік адзначае, што былі заўважныя працы па адбудове горада. У тым ліку такога важнага месца для Алепа, як базар, які, па назіраннях Ластоўскага, у выніку вайны і землятрусу быў разбураны працэнтаў на 80—90. Але і ў разбураным Алепа, па словах гісторыка, таксама праглядаліся ўрыўкі звычайнага мірнага жыцця.

«Напрыклад, на плошчы каля крэпасці збіраліся людзі, елі марозіва, гулялі, гучала нейкая музыка. Было адчуванне таго, што ў людзей ёсць патрэба адчуваць сябе ў нармальным жыцці, нягледзячы на тое, што навокал — руіны і страшныя разбурэнні. Таму і ў Алепа было адчуванне, што людзі там перш за ўсё хочуць міру».

Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Гісторык прызнаецца, што пасля тыднёвага візіту ў Сірыю ў 2023 годзе ў яго было адчуванне, што ў гэтай краіны ёсць нейкая надзея на будучыню, бо на той момант вайсковыя дзеянні сціхлі, а рэжым Асада паціху пачаў выходзіць з міжнароднай ізаляцыі, прынамсі на ўзроўні кіраўнікоў арабскіх дзяржаў.

Сам факт разбурэння дзяржавы і грамадзянскай вайны гісторык называе сітуацыяй без добрага выхаду. На ягоную думку, цяпер складана ўявіць, каб нейкі адзін бок мог кантраляваць усю тэрыторыю былой Сірыі.

«Гэта не толькі ўнутраны канфлікт, бо ў яго ўключаныя інтарэсы іншых дзяржаў. Падзеі ў Сірыі непасрэдна тычацца інтарэсаў Турцыі і Ірана. І гэтыя краіны ў любым выпадку будуць задзейнічаныя ўнутры сітуацыі ў Сірыі».

Пры гэтым найгоршым варыянтам для Сірыі, на думку Аляксея Ластоўскага, можна назваць перамогу ісламістаў.

«Гэта тое, што нясе пагрозу бяспецы, а зараз мы бачым ажыўленне менавіта ісламісцкага руху.

Дамаск. Фота: старонка ў фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Таму, на маю думку, калі выбіраць паміж дыктатурай Башара Асада і ісламістамі, то прыход да ўлады ісламістаў — гэта найгоршы варыянт».

Каментары11

  • Алесь
    04.12.2024
    этот, Россия
  • Ускрылася
    04.12.2024
    Яшчэ адная кансерва
  • не такі, як ёсць
    04.12.2024
    этот, прынамсі адну такую краіну на ўсходзе ад нас мы ведаем

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа19

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

Суперсучасныя нарвежскія F-35 прыляцелі ўзмацніць абарону хаба НАТА на мяжы з Украінай1

Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?2

У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?8

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ сямі чалавек, вызваленых праз памілаванне1

Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе11

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?7

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа19

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →