Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Разважае палітолаг Валер Карбалевіч:

«Галоўны сэнс паслання быў такі — даказаць, што краіна вяртаецца ў нармальны стан, даказаць, што сам Лукашэнка легітымны прэзідэнт і цалкам кантралюе сітуацыю ў Беларусі. Але змест паслання абверг гэта.

Калі ўдумацца ў тое, што казаў Лукашэнка, то гэта фактычна прызнанне таго, што Беларусь аказалася ў сітуацыі вострага ўнутранага і вонкавага крызісу і гэта надоўга.

Вяртанне да сітуацыі, якая была перад прэзідэнцкімі выбарамі, немагчымае — я маю на ўвазе тую самую стабільнасць. Бо канцэпт стабільнасці цягам 25 гадоў быў галоўным, маўляў, краіна і не вельмі багатая, але стабільная, без канфліктаў, у бяспецы.

А цяпер Беларусь якраз ператварылася ў нестабільную краіну: унутраны крызіс, канфлікт з суседзямі… Краіна ўступіла ў эпоху дэстабілізацыі. Сам ён вінаваціць Захад, але тут нават няважна, хто вінаваты. Галоўнае — усё, эпоха стабільнасці скончылася.

Сваімі словамі пра вайну Лукашэнка напалохаў нават сваіх прыхільнікаў. Задавала ж пытанне жанчына, цікавілася, ці прыйдзецца ёй адпраўляць сыноў на вайну. І Лукашэнку прыйшлося абвяргаць, запэўніваць, што не будзе вайны».

Таксама Карбалевіч мяркуе, што рэпрэсіі будуць працягвацца, не варта чакаць адлігі.

«Дзеянні па барацьбе з апанентамі не спыняюцца ні перад чым, — кажа палітолаг. — Была ж заява пра тое, што нават калі людзі вернуцца з-за мяжы і пакаюцца, то ім прыйдзецца ўсё роўна сесці ў турму, і вызначаць, хто сядзе, будзе Азаронак.

Значыць, рэпрэсіі будуць мець перманентны характар і не варта спадзявацца, што пасля рэферэндуму можа нешта ў гэтым плане змяніцца. Рэпрэсіі працягнуцца ў тых жа маштабах, пакуль будзе існаваць гэты рэжым.

Што тычыцца ПВТ, айцішнікаў, бізнэсу, то бачым такую пазіцыю: любы сектар эканомікі, нават самы прыбытковы, які будзе пагражаць яго ўладзе, проста ліквідуюць. Захаваць уладу — галоўнае, эканоміка на другім плане. Як бачыце, супрацоўнікі ПВТ, аказваецца, пратэставалі супраць яго, адпаведна, трэба неяк рэагаваць».

Галоўная выснова — спроба запэўніць грамадства, што краіна вяртаецца ў стан спакою, фактычна не ўдалася, падкрэслівае Валер Карбалевіч.

«Лукашэнка спрабаваў гэта данесці, але ж сам гэта абверг шмат якімі тэзісамі. Калі ён пытаецца ў беларусаў, ці гатовыя яны плаціць за незалежнасць, то значыць ёсць пагроза гэтай незалежнасці. І тады ўзнікае пытанне: а які ж тады вынік 28-гадовага кіравання Лукашэнкам?

Атрымліваецца, гэтыя гады прайшлі дарма, калі ёсць пагроза незалежнасці. Гэта важны вынік, бо фактычна сам Лукашэнка гэтым прызнае, што будаваў нешта не тое. У нашых суседзяў такой пагрозы няма — а ў Беларусі чамусьці яна ўзнікае», — адзначыў эксперт. 

Чытайце таксама: «Ці гатовыя вы плаціць?» Пра што казаў Лукашэнка ў Пасланні народу — сабралі галоўнае

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1