Купрэйчык з «Белпола» расказаў, ці магчымы ў Беларусі бунт сілавікоў
Адзін з удзельнікаў ініцыятывы былых сілавікоў «Белпол» Мацвей Купрэйчык таксама паразважаў, ці спыняцца рэпрэсіі.

«Пасля 2020 года курылка памерла, але цяпер адраджаецца», — сцвярджае адзін з удзельнікаў ініцыятывы «Белпол» Мацвей Купрэйчык у новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна».
Па словах Купрэйчыка, раней у месцы для курэння супрацоўнікі сілавых структур вырашалі ўсе сур'ёзныя пытанні па службе. Аднак усё змянілася ў 2020-м, калі пачалася хваля даносаў і ўсе сталі падазраваць адзін аднаго ў нелаяльнасці да ўладаў. Супрацоўнікі службы ўнутранай бяспекі атрымалі вельмі шырокія паўнамоцтвы на пошук такіх нелаяльных.
«Курылка памерла. Але прыкладна з сярэдзіны 2024-га людзі пачынаюць расказваць пра розныя моманты, якія адбываюцца ў курылках. Вось там чэл прыйшоў і на тэлефоне мемы пра Лукашэнку паказваў. Курылка пачынае адраджацца. І гэта добры, пазітыўны момант», —
даводзіць Купрэйчык і тлумачыць, чаму так адбываецца:
«Градус абсурду павялічваецца, [даецца] куча дэбільных загадаў. [Напрыклад], забарона курыць на хаду. Нават калі ідзе міліцыянер у цывільным адзенні і курыць, і яго ўбачыць начальнік ці ідэолаг, то мінус прэмія.
Пастаянны ціск. Асабліва ўсе вельмі «любяць» так званыя ВСЛ — скарочана ад вышэйшая службовая асоба. Калі едзе Лукашэнка ў нейкую вобласць, з кожнага РАУС, груба кажучы, збіраюць па 15-20 чалавек, якія проста павінны стаяць уздоўж дарогі — проста таму, што ён там можа праехаць. І цябе а 4-й раніцы забіраюць з РАУС, вязуць, проста ставяць у поле, даюць рацыю і ўсё».

Ці здрадзіць беларускі сілавік Лукашэнку
Пры гэтым Купрэйчык не раздзяляе меркаванне, што сярэднестатычны беларускі сілавік пры выбары паміж Лукашэнкам і Пуціным аддасць перавагу апошняму. На ягоны погляд, такі выбар могуць зрабіць тыя, хто займаецца барацьбой з іншадумствам.
«Яны бачаць, што Пуцін магутны. У яго армія, сілавікі ў пашане проста ідэальнай. А ў Беларусі трошкі не так. Лукашэнка ставіцца не толькі да сярэднестатыстычнага сілавіка, але і да таго ж самага ГУБАЗіКа, як «нехта там павінен і абавязаны служыць толькі мне і нікому іншаму». І прывілеяў асаблівых няма»,
— тлумачыць былы сілавік і звяртае ўвагу на некаторыя змены ў сацыяльным забеспячэнні супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўплываюць на іх адносіны да ўлады.
Па словах Купрэйчыка, пасля выбараў уведзеныя некаторыя абмежаванні на распараджэнне жыллём, атрыманым падчас службы. Да гэтага пры наяўнасці 25 гадоў выслугі супрацоўнік сілавых структур мог выкупіць атрыманую арэндную кватэру і адразу яе прадаць. Цяпер, як тлумачыць мужчына, у Мінску гэта можна зрабіць толькі праз 10 гадоў, у абласных цэнтрах — праз 5 гадоў.
«Вельмі моцна ўплывае на гэта эканамічны фактар. І яны таксама выдатна разумеюць, што ў нейкі дзень можа адбыцца такое, што скажуць: ну, хлопцы, усё, ваша праца не патрэбная, вось мы тут як бы памірыліся там з кімсьці», — дадае былы сілавік.
Ці магчымы бунт сілавікоў
На пытанне, ці магчымы бунт сілавікоў, Мацвей Купрэйчык адказвае адмоўна. Ён падкрэслівае, што нават тыя, хто займае высокія пасады, не маюць дакладнага разумення таго, што адбываецца на вярхах улады, асабліва ў асяроддзі Лукашэнкі. Людзі жывуць у страху перад магчымымі рэпрэсіямі, таму не рызыкуюць дзейнічаць адкрыта або выказваць пратэст.
«Гэта не беларуская гісторыя. Бо ўсе думаюць, што за імі заўсёды нехта назірае і нехта ў нейкі момант можа прыйсці і даць па шапцы. Ніхто нікога не дапускае да сур'ёзнай інфармацыі на сярэднім ці крыху вышэйшым узроўні.
Ніхто нічога не ведае пра тое, што адбываецца. Мы маем зносіны з людзьмі, якія займаюць дастаткова сур'ёзныя пасады ў Беларусі, і гэтыя людзі часам самі не разумеюць, што там адбываецца ў галовах Лукашэнкі і ягоных набліжаных.
Ім гэта моцна не падабаецца. Яны проста-такі супраць-супраць гэтага, але яны баяцца нешта зрабіць», — даводзіць удзельнік ініцыятывы «Белпол» і згадвае нядаўнюю размову з «адной сур'ёзнай крыніцай»:
«Я кажу: «Вось глядзі, вам усё не падабаецца?» — «Так» — «Вас усё дастала?» — «Так» — «Вы хочаце перамен?» — «Так» — «Але калі вам паступіць, напрыклад, злачынны загад напасці на Украіну ці пайсці ў Курскую вобласць, вы выканаеце загад?» — «Так».
Ці знізіцца градус рэпрэсій
Разважаючы пра становішча ў краіне, Мацвей Купрэйчык выказаў упэўненасць, што градус рэпрэсій не знізіцца.
«У яго (Лукашэнкі — НН) траўма на ўсё жыццё засталася. І пакуль ён проста не здохне, альбо не сядзе ў турму, ён будзе помсціць. Таму што для яго народ — гэта проста жывёла, якая павінна выконваць ягоныя каманды, можна сказаць, даваць тое ж самае малако ў выглядзе выплаты падаткаў. І ўсё. Больш нічога яму не дадзена. Ён проста змагаецца з іншадумствам, ён будзе гэта рабіць да самага апошняга моманту.
І калі ўсе пачалі разганяць тэму, што Лукашэнка падаў знак, гуманізм нейкі праяўляе, гэта ўсё поўнае глупства. Выпусцілі 50, пасадзілі 150. Выпусцілі 100, пасадзілі 300», — даводзіць былы сілавік і заўважае, што самі сілавікі не зразумеюць, калі Лукашэнка пачне зніжаць градус рэпрэсій.
«Ён не можа сваім сабакам, вось гэтым самым сілавікам, паказаць, што мы змяншаем градус. Яны яго не зразумеюць. Таму што яны падпісаліся на гэта ўсё, на гэтую кроў, на гэту беззаконнасць.
(…) І ў той жа самы момант ёсць міністр МУС, старшыня КДБ, у іх галаве статыстыка, таму што трэба справаздачы даваць, патрэбна палачкі вось гэтыя лічыць.
І яны, наадварот, кажуць: давайце больш жорстка, давайце яшчэ больш. І вось тут атрымліваецца закальцаваная сістэма. Быццам бы ў адзін момант недзе, магчыма, было б выгадна Лукашэнку знізіць градус рэпрэсій, але яго сілавікі не зразумеюць, якія яго падтрымліваюць і ўтрымліваюць яго на плыву».
Каментары