Эканоміка

Колькі прадпрыемстваў давядзецца закрыць і што рабіць з кашалькамі Лукашэнкі? Эканамісты пра рэформы, якія чакаюць Беларусь

Перамены могуць здарыцца нечакана, і незалежныя эканамісты лічаць, што рэформы трэба рыхтаваць загадзя, каб пачаць дзейнічаць як мага хутчэй. Але фобіяў і страхаў у грамадства назапашана шмат: пачынаючы ад няўдалага вопыту прыватызацыі ў суседніх краінах да магчымага варожага стаўлення Расіі ў выпадку дэмакратычных зменаў. Адно з самых папулярных пытанняў, колькі дзяржпрадпрыемстваў могуць быць закрытыя і што прапануюць іх супрацоўнікам? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць акадэмічны дырэктар цэнтра BEROC Кацярына Барнукова і саветнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч.

У будучыні эканоміку Беларусі бачаць адкрытай, з дамінуючым прыватным сектарам, прычым з перавагай хайтэк-прадпрымальніцтва. А ўрад павінен сфакусавацца на інвестыцыях у людзей — на ахове здароўя, адукацыі і падтрымцы ўразлівай часткі грамадства.

Рэформы, якія прапаноўваюць, разлічаны на 5 гадоў. Некаторыя патрэбна правесці за год-два.

Але шмат страхаў звязаны з міфалогіяй, якая актыўна падтрымліваецца дзяржпрапагандай. Нібыта сацыяльную падтрымку адменяць, рабочых звольняць, а прадпрыемствы падзеляць паміж сабой. Але гэта не мае ніякага дачынення да рэальных прапаноў. 

Можа прыватызацыя прывесці да негатыўных з’яў?

Найбольшы страх звязаны з рэфармаваннем дзяржпрадпрыемстваў. Маўляў, яны генеруюць большую частку занятасці. Ці прывядзе прыватызацыя да росту беспрацоўя? Гэта амаль што галоўная фобія грамадства, якое асацыюе перадачу ўласнасці ў прыватныя рукі з няўдалым расійскім і ўкраінскім вопытам.

Калі адказваць сцісла, то падставаў непакоіцца няма. Бо пераход працоўных у прыватны сектар адбываецца ўжо. Многія дзяржпрадпрыемствы нежыццяздольныя, а перад рэфармаваннем будзе прапанаваны комплекс мер па рэальнай падтрымцы.

«Цяпер камерцыйныя дзяржпрадпрыемствы генеруюць толькі 30% занятасці, — называе такія лічбы дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова. — За апошнія дзесяць гадоў яна скарацілася больш чым на паўмільёна чалавек, і мы не ўбачылі ўсплёску беспрацоўя. Гэтыя спецыялісты перацяклі ў прыватны сектар, які бурна развіваўся».

Але, як кажуць эканамісты, нават неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы нельга параўноўваць з савецкімі заводамі і фабрыкамі, якія працавалі па дзяржплане: «У цяперашніх беларускіх прадпрыемстваў значна больш самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Многія працуюць на канкурэнтных рынках, а гэта значыць, што яны больш жыццяздольныя, чым тыя, што былі ў пачатку 1990-х».

У некаторых выпадках спяшацца з прыватызацыяй увогуле няма падставы, асабліва буйных стратэгічных прадпрыемстваў. Што з імі рабіць — пакідаць пад кантролем дзяржавы ці перадаваць у прыватную ўласнасць — вырашаць самі беларусы, галасуючы за палітычныя партыі і асобных кандыдатаў з іх праграмамі.

Колькі прадпрыемстваў прыйдзецца закрываць?

Балючае пытанне, якое ўзнікае падчас правядзення рэформаў: колькі прадпрыемстваў прыйдзецца закрываць.

Эканамісты ацэньваюць колькасць у працэнтным значэнні — прыкладна 10-20%: «Незалежныя ацэнкі пакуль не праводзіліся, бо няма доступу да інфармацыі. Спачатку трэба правесці аўдыт з фокусам на 100 самых буйных прадпрыемстваў. Бо ад рэформаў такіх арганізацый залежыць поспех усёй прыватызацыі ў Беларусі».

Астатнія патрабуюць рэформаў — змену кіраўніцтва, сістэмы стымулаў, аптымізацыі дзейнасці.

Куды пойдуць працаўнікі тых прадпрыемстваў, што прыйдзецца ліквідаваць?

Хаця скарачэнне дзяржпрадпрыемстваў, як прагназуюць эканамісты, не павінна закрануць шмат людзей, аднак кагосьці ўсё ж такі закране. Што будзе з гэтымі працаўнікамі?

«Яшчэ да пачатку рэформаў трэба распрацаваць сістэму сацпадтрымкі, — тлумачыць Кацярына Барнукова. — Мы павінны прапанаваць людзям пакет опцый, які будзе залежыць ад рэгіянальнай абстаноўкі.

Калі справа ў Мінску, то можна будзе прайсці мінімальнае перанавучанне, і чалавек знойдзе новую працу. Цяпер на многіх лакальных рынках спецыялістаў не хапае.

Што тычыцца рэгіёнаў, дзе няпроста знайсці іншую працу, то там павінен быць прапанаваны пакет з мер, з якіх людзі змогуць выбраць. Гэта акрамя дапамогі па беспрацоўі — праграмы па перанавучанні, пераезд да новага месца працы або магчымасць выйсці датэрмінова на пенсію».

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч акцэнтуе ўвагу: «Механізмаў падтрымкі шмат, і шмат што залежыць ад канкрэтнага чалавека. Калі гэта малады супрацоўнік, то ён зможа перакваліфікавацца. На час адукацыі ён павінен атрымліваць прыстойную стыпендыю або дапамогу (не менш за 80% ад заробку ў апошнія паўгода). Калі чалавек крэатыўны і гатовы запусціць бізнэс, то павінен мець магчымасць атрымаць грант або крэдыт».

Сацпадтрымку скасуюць?

Яшчэ адна фобія: нібыта ў планах адмяніць сацыяльную падтрымку грамадства. Эканамісты кажуць, што яе трэба пашыраць і ўводзіць актыўныя меры.

«Ніхто не збіраецца разбураць механізмы сацпадтрымкі, — запэўніла Кацярына Барнукова. — На дадзены момант іх два: пенсіі і дзіцячая дапамога. Ёсць упэўненасць, што фінансаванне на гэтыя праграмы будзе. А рэформы зробяць іх больш устойлівымі за кошт увядзення назапашвальнай пенсійнай сістэмы і павышэння даступнасці дзіцячых садоў, каб жанчыны мелі магчымасць не сядзець тры гады ў дэкрэце».

Больш за тое, сацпадтрымку плануецца павялічыць і ўвесці актыўныя меры. Напрыклад, зараз да бедных адносяць да 5% беларусаў, і толькі 1% атрымлівае адрасную сацыяльную дапамогу ад дзяржавы. Гэта значыць 4% бедных — не. Эканамісты лічаць, што гэта трэба выпраўляць.

«Перш, чым пачынаць рэформы дзяржпрадпрыемстваў, трэба выпрацаваць рэальныя меры сацыяльнай падтрымкі, — падкрэслівае дырэктарка цэнтру BEROC. — Неабходна ўводзіць падтрымку беспрацоўных, якая павінна ўключаць не толькі фінансавую дапамогу, але таксама актыўныя меры — пераезд, атрыманне новай спецыяльнасці і гэтак далей».

Што дадуць рэформы?

Многія ўвогуле не разумеюць, навошта патрэбныя рэформы: усё ж і так працуе. Так, але беларуская эканоміка па-ранейшму застаецца стратнай. Колькі мы можам дазволіць сабе жыць у доўг?

«Рэформы вызваляць эканоміку ад бар’ераў, — расказвае Кацярына Барнукова. — Гэта стане стымулам для развіцця. А прыватны сектар зможа яшчэ больш эфектыўна замяшчаць страты занятасці».

Як разлічваюць эканамісты, прыватны сектар будзе драйверам развіцця і дыверсіфікацыі рынкаў. Цяпер рост экспарту ў ЗША і ЕЗ дасягаецца за кошт хайтэк кампаній, і гэты трэнд з рэформамі будзе ўзмоцнены.

Ці гатовыя беларусы?

Але ж рэформы немагчымыя без актыўнага ўдзелу грамадства. Што кажуць сацыёлагі? Ці падтрымліваюць беларусы перамены ў галіне эканомікі?

Па словах Алеся Аляхновіча, дасягнуты пазітыўны вынік у трох істотных кампанентах — ёсць кансэнсус эканамістаў, пыдтрымка грамадства і міжнародных інстытутаў.

«Як сведчаць даследаванні, у беларусаў спрыяльнае стаўленне да прыватнага сектару, — узгадвае даследаванні эканаміст. — Яны асацыююць гэта з сферай, дзе можна развіваць свае кампетэнцыі і рэалізавацца. У гэтым істотнае адрозненне ад Расіі, дзе маладыя людзі наадварот хочуць працаваць у дзяржаўным сектары. У Беларусі ж людзі бачаць прыватны сектар чыстым і сумленным».

А міжнародная дапамога будзе?

Цяжка ўявіць, што рэформы будуць праведзеныя паспяхова без падтрымкі звонку. Як кажуць эканамісты, яна ў першага дэмакратычнага ўрада абавязкова будзе.

«Беларусь у першую чаргу павінна разлічваць на сябе. Але калі міжнародная дапамога будзе, то гэта дазволіць правесці рэформы хутчэй і яны будуць больш паспяховыя, — пацвярджае Алесь Аляхновіч. — Гэта не толькі грошы, а таксама палітычная падтрымка, што дазволіць атрымаць доступ да рынкаў Еўразвязу, Канады, ЗША, Брытаніі; замежныя інвестыцыі; ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю».

Што ж тычыцца грошай, то эканамісты ўзгадваюць абяцаныя тры мільярды даляраў ад ЕЗ: «Гэтая сума будзе атрымана новай дэмакратычнай уладай на працягу двух-трох гадоў. Але ж гэта не ўсё — можна будзе разлічваць на дапамогу іншых краін і інстытутаў».

Што калі ад эканомікі застанецца толькі слова?

Гледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, часам складваецца ўражанне, што пасля зменаў ад эканомікі нічога не застанецца. Ці будзе, што ратаваць?

Эканамісты прызнаюць, што «хутчэй за ўсё стан эканомікі будзе горш, чым цяпер». Але яны не страчваюць аптымізм: «Ёсць дастаткова кампетэнтных спецыялістаў, якія змогуць хутка заняцца макраэканамічнай стабілізацыяй. Памер эканомікі такі, што гэта будзе зрабіць прасцей, чым падтрымліваць вялікі СССР пасля яго распаду».

Аднак, па іх меркаванні, поспех рэформаў немагчымы без прававых зменаў, карэктываў палітычнай сістэмы і правядзення судовай рэформы. А для гэтага неабходныя незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасць.

А калі Расія пачне варожыя дзеянні?

«Многія асцерагаюцца, што калі Беларусь пачне лібералізаваць і дэмакратызаваць эканоміку, то наш усходні сусед будзе супраць, і стане ўплываць праз знешні доўг», — нагадаў пра яшчэ адну фобію дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах.

Кацярына Барнукова дапаўняе, што ў Расіі шмат магчымасцяў уплыву на эканоміку Беларусі: «Больш за 40% экспарту ідзе ў РФ, існуе энергетычная залежнасць».

Так што апасенні не лішнія. Аднак эканамісты мяркуюць, што гэта таксама можна пераадолець.

«Разглядаюцца розныя сцэнарыі, — прызнаў Алесь Аляхновіч. — Расія, канечне, можа абмежаваць рынак для беларускіх тавараў, стварыць праблемы з энергетычнымі пастаўкамі. Але для яе таксама ёсць праблема, бо Беларусь знаходзіцца ў ЕАЭЗ і проста так забараніць доступ на свой рынак — азначае перакрэсліць еўразійскую інтэграцыю. Калі можна праз палітыку змяніць эканамічныя ўмовы, то іншыя краіны падумаюць, навошта такі звяз?

Верагоднасць таго што Расія будзе жорстка адказваць на змены ў Беларусі менш, чым у грамадскім уяўленні».

Ён лічыць, што адразу пасля дэмакратычных выбараў трэба будзе склікаць канферэнцыю крэдытораў Беларусі і абмеркаваць рэфінансаванне доўгу на больш спрыяльных умовах: «Сёння наша краіна плаціць па даўгах у некалькі разоў больш (у працэнтным эквіваленце), чым палякі. Чаму? Інвестары давяраюць беларускай уладзе менш, чым стабільнай эканоміцы нашага заходняга суседа. У новага ўраду такі крэдыт даверу павінен быць большым».

Па яго словах, пры негатыўным развіцці падзей, можна будзе разлічваць на большую міжнародную падтрымку, якая можа скласці да 30 мільярдаў даляраў.

Што наконт сельскай гаспадаркі?

Часцяком спецыялісты кажуць пра прамысловасць. А што наконт сельскай гаспадарцы? Ёсць план па рэформах гэтай важнай сферы?

Кацярына Барнукова пагаджаецца, што пытанне няпростае, а сельская гаспадарка патрабуе асобнай праграмы: «Нават у развітых краінах яна атрымлівае дзяржпадтрымку, паколькі гэта пытанне прадуктовай бяспекі».

Па яе меркаванні, з аднаго боку ў гэтай галіне няма сэнсу спяшацца з прыватызацыяй. З другога — ёсць клас фермераў, прыватных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, якія могуць быць зацікаўлены ў развіцці прыватных ферм замест існуючых калгасаў.

Па звестках Белстата, 2-2,5 тысячы чалавек займаюцца прыватным фермерствам у Беларусі.

«Гэта вельмі мала, — каментуе Алесь Аляхновіч. — Колькі іх было на пачатку 1990-х, столькі і засталося. Хаця прыклады іншых краін паказваюць, што шмат людзей могуць жыць з зямлі. Напрыклад, у Польшчы гэта лічба складае 1,4 мільёны чалавек. Беларускія ўлады не ствараюць прыемных умоваў для вядзення бізнэсу, а замест гэтага падтрымліваюць стратныя калгасы і субсідуюць для іх паліва, угнаенні, набыццё тэхнікі і г.д.»

Якая рызыка распродажу прадпрыемстваў?

Адное з самых папулярных меркаванняў: калі стане зусім дрэнна, то ўлада пачне распродаж прадпрыемстваў са зніжкай. Гэта магчыма?

«Ужо цяпер не шмат, што ёсць прадаваць, — кажа Алесь Аляхновіч. — У 2019 годзе беларускія фінансісты праводзілі даследаванне і высветлілі, што топ-20 прамысловых гігантаў і 4 дзяржаўныя банкі, якія прыносяць прыбытак, каштуюць 10 мільярдаў долараў. Цяпер іх вартасць значна менш і гатовых іх набыць не многа. Не думаюць, што ўлада гатовая прадаваць прадпрыемствы, якія прыносяць валюту ў бюджэт».

Што будзе з кашалькамі Лукашэнкі?

Таксама многіх хвалюе, што рабіць з тымі, хто атрымаў прэферэнцыі, дзякуючы сувязям з уладай.

«Гэта будуць вырашаць суды, — адказвае так на гэтае пытанне Кацярына Барнукова. — Я не думаю, што гэтыя кампаніі з'яўляюцца істотнымі для эканомікі Беларусі. Яны не выконваюць важнейшых функцый. Калі гэтыя фірмы знікнуць, то глабальна ніхто не пацерпіць, а толькі выйграе».

Алесь Аляхновіч прывёў такі прыклад: «Кашалькі выконваюць ролю пракладкі, якія дазваляе выпампоўваць грошы з дзяржаўных прадпрыемстваў. Скажам, ёсць два нафтапераапрацоўчыя заводы. Нейкая кампанія набывае іх вытворчасць і перапрадае. Хаця прадпрыемствы самі маглі бы прадаваць пакупнікам напрамую».

У дадатак дарадца Святланы Ціханоўскай абазначыў ролю незалежных медыя ў такіх пытаннях: «Некалькі дзён назад на «Белсаце» выйшла расследаванне, як кашалькі беларускай улады абыходзяць санкцыі ў нафтавай галіне праз Эстонію. На наступны дзень прэм’ер балтыйскай краіны вымушана была даваць тлумачэнні. Да гэтага падобны скандал быў у Літве, што таксама прынесла вядомы эфект».

Чытайце таксама:

Што чакае Беларусь праз год? Чатыры сцэнары — з чорнымі лебедзямі і без

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →