Адразу некалькі заходніх краін прыпыняюць дзейнасць сваіх амбасад у Кіеве і перавозяць дыпламатаў у Львоў з-за абвастрэння сітуацыі на расейска-ўкраінскай мяжы. Гэта можа сведчыць аб тым, што імавернасць ваенных дзеянняў у Заходняй Украіне краіны Захаду ацэньваюць як нізкую.
Аб пераносе свайго пасольства ў Львоў паведаміла Аўстралія, блізкая саюзніца ЗША, якая ўваходзіць у разведвальны саюз са Штатамі.
«Улічваючы пагаршэнне сітуацыі з бяспекай, выкліканай накапленнем расійскіх войскаў на мяжы, урад вырашыў вывезці персанал з аўстралійскай амбасады ў Кіеве і часова спыніў дзейнасць нашага пасольства ў Кіеве. Мы перанясём нашы аперацыі ў часовы офіс у Львове», — гаворыцца ў заяве ведамства.
Канада, іншая саюзніца ЗША, часова пераносіць сваю амбасаду з Кіева ў Львоў праз пагрозу далейшай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Пра гэта заявіла міністр замежных спраў Канады Мелані Жалі, паведамляецца на сайце МЗС краіны.
«Улічваючы працяг пагаршэння сітуацыі з бяспекай, выкліканай павелічэннем расейскіх войскаў на межах Украіны, мы перанясём нашу працу ў часовы офіс у Львове і часова спынім дзейнасць сваёй амбасады ў Кіеве», — сказала Жалі.
Нямецкае прадстаўніцтва ўсходніх абласцей Украіны другі раз за дзесяць гадоў пераносіць консульства з Дняпра ў Львоў. Упершыню дыпустанова эвакуявалася з Данецка ў Дняпро ў 2014 годзе.
«Мы пакінем наша пасольства ў Кіеве адкрытым, але скароцім колькасць дыпламатаў. Наша Генеральнае консульства ў Данецку, з 2014 года размешчанае ў Дняпры, будзе часова перамешчанае ў Львоў», — паведаміла міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак у суботу, 12 лютага, у сваім Twitter.
Пра што могуць гаварыць падобныя паводзіны заходніх дыпламатаў? Хутчэй за ўсё пра тое, што заходнія разведкі ацэньваюць імавернасць ваенных дзеянняў у заходніх абласцях Украіны як вельмі нізкую. У апублікаваных у заходніх медыя картах магчымага расейскага наступу гаворыцца пра тое, што Расія наўрад ці пойдзе на акупацыю ўсёй Украіны. У якасці магчымай лініі падзелу нават пры сцэнары максімальнага поспеху Расіі называюцца рэкі Дняпро альбо Збруч.
Ваеннае ўварванне Расіі на захад Украіны менш імаверна не толькі з-за большай адлегласці, але і з-за таго, што ў Заходняй Украіне істотна павышаецца імавернасць партызанскай вайны супраць расейцаў, што робіць цану магчымага ўварвання для Расіі занадта высокай.
Каментары