«Вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сцяну». Выкладчыца Наталля Дуліна расказала пра сваё зняволенне на Акрэсціна
Былая выкладчыца Лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Дуліна расказала «Радыё Свабода» пра здзекі і катаванні на Акрэсціна. Яна адсядзела чарговыя 15 сутак нібыта за ўдзел у антываеннай акцыі, якая не адбылася. Судзілі яе толькі на трэці дзень, да гэтага не давалі есці. У камеры, разлічанай на 4 чалавек, знаходзілася 25 жанчын. У апошнюю ноч у камеры прымусова адчынілі акно.
«Калі раней затрымлівалі, значыць, вінаватая апрыёры»
Меркавалася, што 28 лютага ў Мінску адбудзецца акцыя супраць вайны ва Украіне, расказвае Наталля Дуліна.
«Мы хацелі сабрацца на Прывакзальнай плошчы ў Мінску. Мая сяброўка, якая працуе побач з вакзалам, сказала, што ўсё вакол абкладзена ціхарамі. Я купіла квіток да Маладзечна, адразу заўважыла шмат ціхароў. Каля метро стаялі аўтазакі і бусы. І тут мы бачым, як гэтая «чорная зграя» схапіла хлопчыка. А ў мяне ў такія хвіліны з'яўляецца нейкая лютасць і я не магу ўжо сябе кантраляваць, мой інстынкт самазахавання не працуе. Я пачала крычаць, каб яго адпусцілі, схапілася за дзверцы буса. І мяне, і маю знаёмую адвезлі ў Заводскае РУУС», — эмацыйна распавядае жанчына.
У пратаколе было напісана, што яна стаяла ў натоўпе, крычала «Не — вайне!» і «Слава Украіне!». Наталля, натуральна, запярэчыла, сказаўшы, што гэта няпраўда. І напісала, як усё было. Супрацоўнікі пачалі правяраць у затрыманых тэлефоны. Хто яны, звычайныя міліцыянты з РУУС ці супрацоўнікі ГУБАЗіКа, Наталля не зразумела.
«Яны паводзілі сябе вельмі нахабна, такі сцёб у іх быў: мне сказалі, маўляў, «вы ўжо на захадзе свайго жыцця», «а ці не стаіце вы на ўліку ў псіхіятра?» Я, вядома ж, адказвала ім адпаведна, з выклікам. Нейкая раз'юшанасць мяне тады зноў накрыла. У РУУСе запыталіся, у каго ёсць квіткі на цягнікі. У мяне якраз квіток быў, да Маладзечна, бо мой муж знаходзіцца ў Вілейцы. Але гэты квіток мне не дапамог. Наадварот, калі яны зайшлі ў сваю базу і пабачылі, што я раней ужо затрымлівалася, пачалі іранізаваць, што я апрыёры вінаватая», — працягвае яна.
Суд адбыўся на трэці дзень, да суда не кармілі
Потым затрыманых павезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. У камеры на дваіх размясцілі 17 чалавек. Ракавіны ў камеры не было, замест яе — сметніца, кран тырчаў са сцяны. Было вельмі нязручна без ракавіны, бо трэба было выліваць ваду ў прыбіральню.
«Было вельмі горача. Спалі на падлозе. Звычайна да суда людзей не кормяць, нібыта яшчэ не ставяць на «давольствіе». Праўда, і грошай за ўтрыманне ў гэтыя дні не бяруць. Суд адбыўся толькі на трэці дзень. Уявіце, проста на падвоканні ў калідоры стаяў ноўтбук. Суддзя запытаўся: «Навошта вы ўмешваліся ў працу супрацоўнікаў міліцыі?» — «Я грамадзянка Беларусі, дзяржаўныя органы служаць народу, і я як прадстаўніца народа маю права ведаць, як яны працуюць», — расказвае Натальля пра свой удзел у судзе.
Сведка, па словах Наталлі, быў у капюшоне і масцы. Ён нічога не памятаў: ні дзе Дуліна была, у якім натоўпе, хто быў побач з ёй. Суддзя нават не зрабіў перапынку, каб падрыхтаваць рашэнне, адразу вынес прыгавор — 15 сутак.
25 чалавек у камеры, разлічанай на шасцярых
Потым «палітычных» перавялі ў іншую камеру, разлічаную ўжо на шасцярых, але пастаянна людзей дадавалі. Колькасць насельнікаў даходзіла да 25. У гэтай камеры таксама была «душагубка», «кармушкі» часта не адчынялі, дыхаць было цяжка. «Кінулі нам у камеру «коціка» — знакамітую бамжыху Алу Іллінічну, якую часцяком падсялялі да «палітычных». Але ўсе дзяўчаты былі вельмі адукаваныя, эрудыткі, класныя! Як прынята ў палітычных, мы спявалі, гулялі ў гульні, размаўлялі.
З намі сядзела прафесарка філалогіі з БДУ Ала Кожынава. Мы з ёй чыталі лекцыі дзяўчатам па мове, літаратуры. Хтосьці рабіў агляд кніг. Мне гэта нагадала, як Дзмітрый Ліхачоў, калі быў у турме, таксама чытаў зэкам лекцыі. Усе дзяўчаты былі вельмі прыстойныя, цікавыя, людзі розных прафесій», — з цеплынёй успамінае сваіх сукамерніц Наталля.
«Урублеўскі вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сцяну»
Сярод персаналу былі розныя людзі: і жорсткія, злыя, і спачувальнікі. І так званыя «прадольныя», якія кожныя 15-20 хвілін павінны глядзець у вочка камеры, таксама былі розныя, кажа Наталля Дуліна.
«Быў і адзін сумна вядомы персанаж — Яўген Урублеўскі. Яшчэ да суда ў адной жанчыны моцна балела галава, яна папрасіла таблетку; хтосьці папрасіў туалетнай паперы. Дык ён так раззлаваўся, пачаў хаміць. Потым Урублеўскі вывеў гэтую жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сцяну. Я біла рукамі ў дзверы, адбіла далоні. Я яму адпаведна адказала, бо не магла стрымацца. Ён і на мяне замахваўся, але побач былі іншыя супрацоўнікі, дык да ўдару справа не дайшла. Страшны, бязлітасны чалавек. Большасць супрацоўнікаў нас ненавідзела, яны страшэнна раздражняліся, калі бачылі, што мы іх не баімся. Адна супрацоўніца нібыта і спачувала, але вельмі моцна лаялася матам. Доктарка таксама жудасна лаялася. Мы прасілі кнігі, нам тлумачылі, што кнігі ёсць, але нам яны «не паложаны». У іншых затрыманых былі матрацы, бялізна, прагулкі, душ. У палітычных — нічога», — кажа Наталля Дуліна.
«Шалёная малочніца» і пошукі лыжкі
Кожную ноч а 2-й і 4-й гадзіне палітычных абавязкова будзілі, была пераклічка. Паколькі ў камеры было 26-27 чалавек, выслухаць кожную ў «прадольных» не хапала цярпення, і пераклічку яны спынялі. Перадачы забароненыя, родныя маглі перадаць толькі рэцэптурныя лекі. Са сродкаў гігіены выдавалі толькі туалетную паперу і смярдзючае мыла, і тое з перабоямі.
«У мяне і ў 2020 годзе, калі я сядзела, і цяпер вельмі балелі ногі. Я прымала абязбольвальныя таблеткі і рабіла практыкаванні. Штодня хвілін па 40. Ахоўнік пачаў чапляцца. Я кажу: «Вы хочаце, каб у мяне быў прыступ?» Ён адказвае: «А мне ўсё роўна».
Ёсьць у ЦІПе адна раздатчыца ежы, якую называюць «шалёная малочніца». Калі ёй задаюць пытаннні, яна адкрывае зяпу — і панеслася! Яна раўла без перапынку. Аднойчы, калі нас пераводзілі з камеры ў камеру, яна недалічылася адной лыжкі. Нібыта мы вярнулі пасля абеду 24, а павінна быць 25. Яна зладзіла нам такі канцэрт! Прыйшоў прадольны і нас папярэдзіў, што калі не знойдзецца гэтая лыжка, нашу камеру заліюць хлёркай. Лыжка потым знайшлася, але «асадачак застаўся». Я змагалася за правы, часам гэта шкодзіла. Мяне перавялі яшчэ ў адну камеру, там былі 24 чалавекі. Потым некаторых пачалі выпускаць, і, калі засталося 15, мы жартавалі, што нас так мала!», — успамінае свой арышт Натальля.
На 8 сакавіка жанчынам зрабілі «сюрпрыз». Спачатку, магчыма, у супрацоўнікаў ізалятара была запарка і яны не забралі ў зняволеных верхнюю вопратку. А на жаночае свята ўсе курткі і паліто забралі. Наталля, ужо навучаная горкай практыкай ранейшай адседкі, апранала ўсё на сябе, пад адзеннем хавала каробачку з лекамі.
«У апошні дзень у нас выпадкова адчынілася акно, удзень было свежае паветра. А потым стала вельмі холадна. Самі зачыніць мы яго не маглі, прасілі супрацоўнікаў, але тыя не зачынілі. Уначы ўсе прастудзіліся. Я выйшла вельмі хворая, з тэмпературай, насмаркам. Не ведаю, ці гэта звычайная прастуда, ці «амікрон» — я ніколі не хварэла на каранавірус», — Наталля расказвае пра сваю адседку хрыплым голасам.
«Мы павінны навучыцца адстойваць свае правы, пастаяць за сябе»
Натальля Дуліна кажа, што хоча сабрацца сіламі і ўсё ж напісаць скаргу ў органы нагляду, у пракуратуру, хоць і разумее, што гэта бессэнсоўна.
«Але нельга трываць здзекі, нельга ўцягваць галаву ў плечы. Яны павінны разумець, што такія рэчы не застаюцца без увагі. Трэба пісаць, бо гэта ж сапраўдныя катаванні! Пакаранне — гэта абмежаванне волі, але да нас ставяцца, як да жывёлаў. Гэта ўжо не пакаранне, а гвалт.
Мяне «забівае» і маральны аспект. Яны нас проста ненавідзяць! На адной з акцый падыходзіць да мяне адзін сілавік і кажа: «Я б гэтых усіх бандэраўцаў задушыў. А ты пачвара». У іх прамытыя мазгі, яны прызвычаіліся, што ім ўсе падпарадкоўваюцца. Яны шалеюць ад таго, што мы, нягледзячы ні на што, захоўваем чалавечае аблічча.
І яшчэ адзін момант: нягледзячы на нашу безабароннасць і наша маўчанне, мы павінны навучыцца адстойваць свае правы, пастаяць за сябе. Пакуль мы нічога ня можа зрабіць, змяніць, беларусам бракуе сьмеласьці, рашучасці. Магчыма, гэта наша нацыянальная рыса. Але не хочацца мірыцца з гэтым».
Каментары