Падбіты расійскі БТР гарыць на вуліцы Харкава. 27 лютага. Фота Andrew Marienko, AP.

Падбіты расійскі БТР гарыць на вуліцы Харкава. 27 лютага. Фота Andrew Marienko, AP.

Зразумела, адкуль растуць ногі ў гэтых сцвярджэнняў. Расійскай Імперыі і СССР у апошнія стагоддзі сапраўды перамагалі наймацнейшыя на той час арміі. Так, у пачатку ХVIII стагоддзя Расія Пятра І перамагла ў Вялікай Паўночнай вайне магутных тады шведаў — і з гэтага, уласна кажучы, афіцыйна і пачалася Расійская імперыя.

Пасля ўжо ў пачатку ХІХ стагоддзя была перамога над, здавалася б, непераможным Напалеонам, калі расійскія казакі праскакалі вуліцамі Парыжа.

А ў 1945 годзе ў саюзе з заходнімі дэмакратыямі была здабытая перамога над гітлераўскай Германіяй, якая цяпер — адзін з нарожных камянёў мілітарысцкай ідэалогіі пуцінізму.

Усё гэта сапраўды было, і ўсяляк дзяржаўнай прапагандай выпукляецца і ўзносіцца, робячы ўражанне, што апрача гэтых бліскучых перамог нічога іншага ў расійскай гісторыі і не было. Тым больш што краіна, маўляў, надзвычай міралюбівая і калі дзе і мусіла ваяваць, то толькі ў абароне радзімы ці аказваючы камусьці шчырую і бескарыслівую дапамогу за яе межамі.

Насамрэч, вядома, усё не так. Як і ў гісторыі іншых нацый, у гісторыі Расіі былі і перамогі, і паразы. Было і шмат ганебных эпізодаў.

Расія ўсе апошнія стагоддзі праводзіла агрэсіўную экспансіянісцкую палітыку, імкнучыся пашырыць свае межы. Прытым сярод гэтых войнаў было нямала, паводле словаў паэта Аляксандра Твардоўскага, «незнаменитых» (сказана пра савецка-фінскую вайну 1939—1940 гадоў), пра якія ці зусім не ўспаміналі ў падручніках гісторыі, ці згадвалі скарагаворкай. 

У 1979 годзе Расія (тады ў форме СССР) спрабавала ўзяць пад кантроль Афганістан, у 1968 акупавала Чэхаславаччыну, у 1956 — Венгрыю. У 1939, рэалізуючы пакт Молатава-Рыбентропа, напала на Фінляндыю і захапіла Балтыю. У 1904 спрабавала прырасці за кошт Кітая і Японіі. Перад тым далучыла Цэнтральную Азію, і пералік можна множыць.

Рамантычныя ўяўленні пра сваю гісторыю характэрныя для многіх народаў. У Расіі гэта набыло асаблівы характар, таму што многія з класічных расійскіх інтэлектуалаў, уключна з Пушкіным і Дастаеўскім, пры ўсіх сваіх адрознасцях, яшчэ і апявалі вялікадзяржаўны нацыяналізм ды асаблівую «місію Расіі».

Аднак рэальнасць для Расіі бывала рознай.

Многія чулі пра «Фінскую вайну». Яна па многіх параметрах была вельмі падобная да сённяшняй украінскай, і, па вялікім рахунку, фіны выйшлі з яе пераможцамі.

У «Зімовай вайне» страты саветаў былі ў тры разы большыя, чым у фінаў. У выніку трох месяцаў упартых баёў Фінляндыя вымушаная была расстацца з часткай сваёй тэрыторыі, і гэта нібыта можна расцэньваць як дасягненне мэтаў Масквы. Але насамрэч гэта была параза, бо мэта, з-за якой гэта вайна пачыналася, дасягнутая не была: Фінляндыя захавала суверэнітэт і не стала яшчэ адной савецкай рэспублікай.

Фінскія салдаты на пазіцыях падчас перапынку ў ваенных дзеяннях. Фота Wikimedia Сommons.

Фінскія салдаты на пазіцыях падчас перапынку ў ваенных дзеяннях. Фота Wikimedia Сommons.

У выніку праз 50 гадоў фіны жылі на парадак лепш за эстонцаў, з якімі былі перад Другой сусветнай на прыкладна аднолькавым узроўні развіцця і якія, у адрозненне ад фінаў, у 1939-м без супраціву ўпусцілі на сваю тэрыторыю расійскія войскі — зусім як лукашэнкаўскі рэжым у 2022-м.

Яшчэ большую паразу расіяне пацярпелі ў савецка-польскай вайне 1920-га.

Карціна Пётры Сергіевіча «Цуд над Віслай» у касцёле ў Солах Смаргонскага раёна.

Карціна Пётры Сергіевіча «Цуд над Віслай» у касцёле ў Солах Смаргонскага раёна.

Савецкія войскі дайшлі да Варшавы, але былі разгромленыя на Вісле. Пасля гэтага Савецкая Расія была змушаная падпісаць Рыжскую дамову на ўмовах Польшчы.

Скончылася для саветаў фіяска і афганская вайна 1979—1989 гадоў.

Дарэчы, і вялізны інтэрвенцыянісцкі корпус тады называлі «абмежаваным кантынгентам» на савецкім навамоўі, аналагічным цяперашняму, калі ў Расіі вайну забаронена называць «вайной».

Савецкія салдаты ў Афганістане. 1979 год.

Савецкія салдаты ў Афганістане. 1979 год.

«Маленькая пераможная вайна» з Японіяй у 1904 годзе павінна была завершыцца далучэннем да Расіі новых тэрыторый і захопам рынкаў збыту.

«Святы» цар Мікалай ІІ лічыў «япошак» ніжэйшай расай. Аднак паход на краіну, з якой тады ніхто сур'ёзна не лічыўся, скончыўся прыніжальнай паразай.

Такой жа паразай была і Крымская вайна 1853—1856 гадоў.

Яна агаліла эканамічнае адставанне Расійскай імперыі ў выніку кіравання Мікалая І. Сам Крым утрымаць Расіі тады ўдалося, але Францыя, Брытанія і Італія дабіліся пажаданых для сябе вынікаў, а Турцыя атрымала перадышку, якая дазволіць ёй захаваць кантроль над такімі ласымі для Расійскай Імперыі пралівамі Басфор і Дарданэлы.

У той жа час былі і войны, пра якія расіяцэнтрычная гістарыяграфія ўвогуле замоўчвае, але якія мелі вялікае значэнне для народаў, якія перамаглі. Так, эстонцы — «жменька таго народу», гаворачы словамі Багушэвіча — у 1918—1920 гадах перамаглі ў вайне, якую гісторыкі называюць «Эстонскай вызваленчай» або «Эстонска-савецкай». Прычым удалося гэта эстонцам як дзякуючы высокай нацыянальнай арганізацыі, так і таму, што яны згулялі на ўнутрырасійскіх і геапалітычных супярэчнасцях.

На баку эстонцаў тады ваявала армія белага генерала Мікалая Юдзеніча, а дапамагалі ім дзяржавы Антанты. Эстонцы ў той вайне не толькі прыпёрлі расійскую армію да варот Пецярбурга, але і разграмілі нямецкі лансдсвер, адкрыўшы дарогу да незалежнасці і Латвіі.

А самая свежая параза расійскай зброі, якая адбылася ў 1990-я гады — Першая чачэнская вайна 1994—1996 года.

Тады Масква не пагадзілася з абвяшчэннем чачэнскім народам на хвалі распаду Савецкага Саюза дзяржаўнага суверэнітэту і, фактычна не кантралюючы тэрыторыю рэспублікі і не здолеўшы дабіцца паразумення з яе кіраўніцтвам мірнымі метадамі, у снежні 1994-га ўвяла ў яе войскі, каб дабіцца свайго сілай.

Але чачэнцы здолелі даць настолькі моцны адпор, а расійская армія аказалася настолькі непадрыхтаванай да вайны, што маленькая Чачня фактычна атрымала ў той вайне перамогу над імперыяй. 31 жніўня 1996-га былі заключаныя Хасаўюртаўскія пагадненні аб перамір'і, па ўмовах якіх з рэспублікі выводзіліся расійскія войскі, а вызначэнне статуса Чачні адкладалася на 5 гадоў. Пасля таго тры гады Чачня дэ-факта была самастойнай.

Чачэнцы на чале з прэзідэнтам Асланам Масхадавым радуюцца перамогам над расійскімі войскамі. 

Чачэнцы на чале з прэзідэнтам Асланам Масхадавым радуюцца перамогам над расійскімі войскамі. 

Іншая справа, што ў 1999-м імперыя ўзяла рэванш, фактычна зраўняўшы чачэнскія гарады з зямлёй і скарыстаўшы ў сваіх інтарэсах унутраныя супярэчнасці ў чачэнскім грамадстве. Надта ўжо няроўныя былі сілы, тым больш што чачэнцы па розных прычынах не мелі ніякіх шанцаў на дзейную падтрымку з боку сусветнай супольнасці. Украіна ж — не Чачня.

Большасць каланіяльных імперый распалася ў ХХ стагоддзі, але Расія — толькі часткова.

Вераломны напад Расіі на Украіну — спроба вярнуць чалавецтва ў часы, калі адна дзяржава па праве моцнага захоплівала тэрыторыі другой. Але, здаецца, Украіне ўдалося выстаяць, як раней удавалася іншым нацыям.

І перамагчы яе будзе вельмі складана, бо ўкраінцы не адныя — за імі ўвесь цывілізаваны свет. Больш за тое, гісторыя сведчыць, што кожны народ асабліва ўпарта адстойвае родную зямлю. І гэтая вайна для ўкраінцаў — айчынная, а для Расіі — захопніцкая.

Чытайце таксама: Юваль Ной Харары: Калі для звышдзяржаў зноў стане нармальным праглынаць сваіх слабейшых суседзяў, чалавецтва вернецца да закону джунгляў

Архіепіскап Еўстрацій: Ідэі Пуціна — гэта не загадкавасць рускай душы, не варыянт нормы, а абсалютнае зло — такое ж, якім некалі быў нацызм

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1