Музыка расказаў пра новы альбом «Весёлые картінкі» і ўдакладніў сваю пазіцыю адносна выбараў у Беларусі.
Лідар «Ляпіса Трубяцкога» расказаў пра новы альбом каманды «Весёлые картінкі» і ўдакладніў сваю пазіцыю адносна выбараў у Беларусі.
Сяргей Міхалок даў інтэрв’ю часопісу «Большой».
«Многія чакалі, што пасля рэвалюцыйна-лозунгавых агітак мы альбо пераўтворымся ў вулічны субкультурны калектыў, у лідараў ска-панку, якія скоцяцца кудысьці ў глыбокі андэграўнд – альбо крывадушна і жорстка вернемся ў нетры «Ляпіса-98», як я называю ансамбль, вядомы па хітах «Сочі», «Ты кінула», «Метеліца». Я падумаў, што трэба паставіць канкрэтную задачу і паспрабаваць яе выканаць максімальна дакладна. І я зразумеў, што для мяне цяпер важна выразіць эмоцыі і пачуцці. Я стаў думаць – што рухае чалавекам у памежных жыццёвых сітуацыях? Напрыклад, наколькі чалавек, ап’янёны рэвалюцыяй, можа захаваць у сабе любоў да чалавека, да бацькоўскай хаты, радзімы?
Наколькі эмацыйным можа быць Чэ Гевара, наколькі сентыментальным можа быць Гаўрош?
Мне цікава, што адбываецца ўнутры чалавека, таму што ўсе маскі і ролі палітычных дзеячаў, поп-выканаўцаў, агітатараў, рэвалюцыянераў мне даўно вядомыя. Знешні бок «людзей з перакананнямі» як нейкага тыпажу я вывучыў і апісаў падрабязна ў «Агітпопе». А цяпер мне важна паглядзець, які пачуццёва-эмацыйны шэраг гэта суправаджае. Што адчувае чалавек, які стаіць на вялізнай плошчы ў натоўпе з каменем.
Я выкінуў з альбома ўсе песні, якія падыходзілі пад вызначэнне «ска-панк».
Я не люблю ярлыкі, ды мне і не здаецца, што мы гралі ска-панк у чыстым выглядзе.
Я прыбраў песні, якія нясуць адгалоскі «агітпопа»
— хоць гэта і былі цудоўныя песні, не горшыя за «Капітал» і «Маніфест».
У плане музыкі я цалкам даверыўся Віталіку Цялезіну і Уладу Яруну. Яны працуюць у студыі ў Кіеве, дзе мы пішам ужо чацвёрты альбом. І палову альбома мы зрабілі ўтрох. Я прыязджаў у Кіеў, сядзеў там тыднямі, і мы шукалі выразныя сродкі. Для мяне гэта рэч новая, я раней з такога моцна смяяўся, хаця я, канешне, люблю Пітэра Гэбріэла, Sigur Ros, вялікія аркестры, мне падабаюцца эпічныя складаныя творы і музычныя дэкарацыі, але я сам гэтым ніколі не займаўся, і для мяне ўсё было новае — музыкі, людзі, сітары, народныя інструменты, баяны, арганы, гэта для мяне такі цёмны лес. Здзейсніць гэтае музычнае падарожжа было вельмі цікава. Для мяне многія песні з’яўляюцца нечаканасцю, сюрпрызам. Нарэшце збылася мая мара аб нейкай міжнароднай музычнай мануфактуры. Я не кантраляваў працэс. Упершыню за гадоў дзесяць я проста сядзеў, лыпаў вачамі і паціскаў плячыма».
Патлумачыў музыка і сваё стаўленне да той большасці выбаршчыкаў, якая прагаласавала за Аляксандра Лукашэнку.
«У мяне няма інтэрнэту, няма тэлевізара, я не чытаю беларускія газеты. Сябры, у асноўным, нешта расказваюць аб тым, што адбываецца.
Якая мне розніцца, што выбірае большасць. Я не хачу быць у натоўпе шалёных свінняў, якія скачуць у мора,
— як у вядомай казцы. У мяне ёсць свае погляды і перакананні. Гэта нават не датычыцца Беларусі, гэта больш глабальна. Хаця, канешне, шкада, што мы і так доўга сядзелі ўнутры нейкай бляшанкі, а цяпер гэтая бляшанка ўжо зусім стала гнісці – і зараз ніхто не выратуецца ад гэтых міазмаў».
Гурт «Ляпіс Трубяцкой» цяпер знаходзіцца ў туры ў падтрымку новага альбома «Весёлые картінкі», выхад якога запланаваны на 11 сакавіка. Канцэрты ў Беларусі адбудуцца 16 лютага — у Баранавічах, 4 сакавіка — у Магілёве, 13 сакавіка — у Гомелі, 1 і 2 красавіка — у Мінску.
Каментары