Актрыса Вера Палякова — другая жонка міністра замежных спраў Уладзіміра Макея — дала вялікае інтэрв'ю агенцтву «Мінск-Навіны».

— Вера Аляксандраўна, чула, вы раслі ў сям'і, дзе панаваў матрыярхат?

— Не. Не матрыярхат. Але маме (Таццяна Палякова — цяпер прарэктар Універсітэта фізкультуры. — Заўвага «НН») вельмі часта даводзілася прымаць адказныя рашэнні. Працуючы на кіруючых пасадах, яна перанесла такі тып адносін і на сям'ю. Тата ж даволі гнуткі. Я па характары падобная на яго. А яшчэ хутка адыходжу. Бывае, накоціць такая крыўда — слёзы ручаём, пакуты, свет вакол бурыцца… Выліваю усё гэта сяброўцы, загружаю яе сваімі праблемамі. Праз гадзіну мяне адпускае, магу смяяцца, жартаваць. На наступны дзень сяброўка спрабуе дапамагчы разабрацца ў маёй праблеме, а я пра яе ўжо забылася.

— Часта даводзіцца плакаць?

— Так. Я вельмі эмацыйны чалавек. Лёгка хвалююся і крыўдую з-за несправядлівасці. І мне пастаянна хочацца, каб усё вакол было лепш, чым ёсць на самай справе. Кажуць, калі хочаш нешта змяніць, пачні з сябе. Таму выставіла для сябе даволі жорсткія рамкі. Але адсюль і стаўленне да навакольных людзей — патрабавальнае, адказнае.

— Як вы лічыце, ролі ў тэатры ці кіно размяркоўваюцца па справядлівасці? І хто выбірае ролю: вы яе ці яна вас?

— На шчасце, зараз знаходжуся ў такім становішчы, калі не трэба хапацца за любую прапанову, каб зацвердзіцца або зарабіць. Паверце, гэта сапраўднае шчасце, калі ў акцёра ёсць выбар. Праўда, аглядаючыся назад, калі я згаджалася на ролі, якія насамрэч не трэба было граць або ў якіх не трэба было здымацца, бачу, што ў мяне памылак зусім няшмат. І практычна няма роляў, за якія сорамна. Адна з калегаў неяк прызналася: грошы з'ела, а ганьба на ўсё жыццё. Сёння я жанчына, якая склалася. І не толькі таму, што жонка высокапастаўленага чыноўніка. Галоўнае, у мяне ёсць праца! Мне падабаецца тое, што раблю і як раблю, і тое, што я магу зарабляць і не вісець у мужа на шыі. А калі ўлічыць, што старэйшы сын заканчвае школу, а малодшы — у першым класе, то гэты год для сям'і быў даволі цяжкім ў фінансавым плане.

— І ўсё ж такі ад некаторых роляў вы адмаўляецеся…

— Калі адчуваю, што роля нічога не дасць у прафесійным плане і я толькі страчу час.

— Ці адбіваецца пры выбары той ці іншай ролі ваш сацыяльны статус — жонкі міністра замежнапалітычнага ведамства?

— У нейкай ступені так. Я б сказала, надзейны фінансавы тыл. І яшчэ калі ў цябе няма прамой матэрыяльнай залежнасці ад ролі. Ва ўсіх астатніх выпадках мой статус хутчэй перашкода, чым трамплін для ўздыму. Муж часам можа нават перакрыць мне кісларод. Для яго вельмі важна ведаць, што ў маёй кар'еры і прасоўванні ён не ўдзельнічае як чыноўнік. Як крытык — так. Як лабіст — не. Хоць прабіваць ролі ў нашай прафесіі — справа звычайная. І ўспрымаецца гэта ў тэатральным асяроддзі цалкам нармальна.

— Але ваш муж ніяк не звязаны з тэатрам…

— Таму нам і прыходзіцца намацваць верную грань, каб не нашкодзіць адзін аднаму. Дамовіліся, што я не ўмешвалася ў яго працу, ён не ўмешваецца ў маю. Як і любому мужчыну, яму хацелася, каб я была дома. Ён спадзяваўся: раз я так моцна яго люблю, то ўсю сябе накладу на алтар сям'і. Але мне з маленства атрымоўваецца быць усюды, і ніхто не пакутуе ад маёй адсутнасці. Нават выкладчыкі ў акадэміі здзіўляліся: у мяне атрымлівалася здымацца ў кіно, граць у тэатры і пры гэтым яны не адчувалі маёй адсутнасці на курсе. Але чакайце! Адзіны раз мы з мужам не знайшлі кансэнсус, калі я працавала на тэлебачанні. На думку некаторых, жонка міністра павінна сядзець дома і варыць баршчы. Я саступіла і пакінула тэлевізійны праект.

— Тым не менш у публічнасці вам не адмовіш…

— Я ўмею не толькі гатаваць. Чатыры гады вяду тэатральны праект. Сумесна з артыстамі Тэатра-студыі кінаакцёра і рэжысёрам Таццянай Траяновіч робім чацвёртую пастаноўку. У праекце мне даводзіцца сумяшчаць працу мастацкага кіраўніка, прадзюсара і нават займацца рэкламай. Мы нацэлены граць спектаклі па п'есах беларускіх аўтараў. Ужо зрабілі дзве такія пастаноўкі. Тым не менш я звычайная жанчына. Раніца пачынаецца ў 6:15 на кухні: сняданак, абед і вячэра для сям'і павінны быць кожны дзень! У вольны ад асноўнай працы час сціраю, прыбіраю, гладжу, правяраю ўрокі. Не прапускаю ніводнага школьнага мерапрыемствы ў дзяцей. Неяк раптам утварыўся тэатральны гурток у класе малодшага. Я так захапілася пастаноўкай «Мухі-цакатухі», што наш клас нават перамог на раённым конкурсе і заняў другое месца на гарадскім.

— А якія хатнія абавязкі ўскладзены на мужа?

— Бываюць такія дні, калі Уладзімір Уладзіміравіч прыходзіць дадому настолькі стомленым, што нават можа нейкі час ні з кім не размаўляць. Тады мы стараемся засцерагчы яго ад хатняй валтузні. Амаль за адзінаццаць гадоў замужжа навучылася трапляць у яго настрой. Нават калі нешта важнае, чакаю патрэбны момант. Хоць па гаспадарцы ён умее рабіць літаральна ўсё. Пра такіх кажуць: мужык з рукамі. Можа з сынам і градкі ўскапаць, і зеляніну пасеяць. Яшчэ з малодшым займаецца матэматыкай і ангельскай, разам вырашаюць лагічныя задачкі. І ў сына вельмі добрыя поспехі. А вось старэйшы, гледзячы на працу бацькі, вырашыў, што дыпламатам быць не хоча. Сур'ёзна рыхтуецца паступаць на фармфакультет медуніверсітэта.

— Вы абодва вядомыя асобы. Ці прысутнічае рэўнасць да славы?

— Муж для мяне — гэта маё жыццё. Ён даў мне ўсё. Хоць мы зусім розныя, але за гэтыя гады падсілкавалі адзін аднаго тым, чаго кожнаму хапала. Уладзімір Уладзіміравіч ніколі не хваліць мяне ў вочы. Але я ведаю, што ён мяне шануе, мной ганарыцца. І гэта не паказное. На кожнай прэм'еры мяне чакае строгі суд у асобе мужа і двух яго сяброў. Гэта самыя строгія і справядлівыя каментатары. Пару разоў прыйшлося нават слязу пусціць, калі пачула, што ім у гульні чагосьці не хапіла. Што тычыцца рэўнасці… Бо і да замужжа я была ўжо вядомая актрыса, усё-ткі 20 гадоў на сцэне. І калі Уладзімір наважыўся жаніцца на артыстцы, то і сумненні ўсё былі адмецены.

— Вера Аляксандраўна, паводле статута жонкі міністра вам даводзіцца праводзіць сустрэчы з жонкамі кіраўнікоў дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі. Раскажыце аб гэтай частцы вашай жыцця.

— Жаночая дыпламатыя часам грае больш важную ролю, чым афіцыйная. Бо жонкі паслоў — гэта іх вочы. Усё, што не паспяваюць заўважыць у сілу занятасці мужы, бачаць іх жонкі. Спачатку была лёгкая насцярожанасць з іх боку. Але я адкрыты чалавек, да таго ж творчы. І першую пратакольную сустрэчу правяла… у цырку. Дзякуй вялікі Таццяне Бандарчук, без яе дапамогі было б цяжка. Менавіта гэтая сустрэча распаліла тоненькі лёд напружанасці. І ў апошні час на нашы прыёмы прыходзіць вельмі шмат жанчын. Акрамя таго, там, дзе дазваляе пратакол, стараемся праводзіць сустрэчы з удзелам жонак. Першы раз іх запрасілі на выхадныя ў Гродзеншчыну. Сем'і дыпламатаў былі проста ў захапленні. Хочацца паказаць жанчынам ўсе куткі Мінска, асабліва любімыя мной. Гэта і скверык у двары Акадэміі мастацтваў, і Парк Чэлюскінцаў, і Батанічны сад. У галерэі апошняга мы святкавалі 8 сакавіка. Вельмі люблю раён Сельгаспасёлку. Запрашаю жонак дыпламатаў і на спектаклі, дзе граю. Лічу гэта вялікім плюсам да іміджу нашай краіны. У апошні час часта даводзіцца чуць ад дыпламатаў, якія пакідаюць Беларусь, што Мінска ім будзе не хапаць. Паверце, гэта дарагога варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?