Валер Лышчык быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гродзенскай універсітэцкай клінікі. Цяпер ён працуе ў польскім кавідным шпіталі. Пры рэкамендацыях ён абапіраўся на асабісты досвед назірання за кавідам і лячэння цяжкіх хворых.

Фота grodnonews.by

Фота grodnonews.by

Тры тыдні ў бальніцы — адзін-два месяцы на аднаўленне

Колькі часу спатрэбіцца на аднаўленне, залежыць ад цяжкасці хваробы. Пасля кароткай з наступстваў бывае толькі астэна-неўратычны сіндром — калі адчуваеш разбітасць, стомленасць, трывогу, праблемы са сном. Справіцца з ім дапамагае час і пазітыўныя эмоцыі.

Калі ў чалавека ёсць магчымасць не адразу выходзіць на працу, а пабыць 4-5 дзён дома пасля хваробы, варта зрабіць так.

Пасля трох тыдняў у бальніцы на аднаўленне можа спатрэбіцца адзін-два месяцы. 

«Смакі і пахі знікаюць звычайна на два-тры тыдні. Максімум — на паўтара-два месяцы. Але бывае, што смак ці пах застаецца сапсаваным, гэта індывідуальна», — кажа доктар.

Як ратаваць лёгкія?

Найбольш пры кавідзе цярпяць лёгкія.

«Паколькі вірус новы, арганізм паталагічна на яго рэагуе. Кавід правакуе выдзяленне вазаактыўных рэчываў з сасудаў, якія выклікаюць самаразбурэнне клетак, і яны асядаюць у лёгкіх.

Бо лёгкія — гэта сіта: кроў, якая ідзе ў арганізме па вялікім коле, насычаецца там кіслародам. І ў злучальнай тканцы лёгкіх асядае шмат цытакінаў, шлакаў. На рэнтгенаўскім здымку яны выклікаюць вобраз матавага шкла, а ў жыцці — дыхальную недастатковасць. Кісларод не хоча пранікаць з альвеол у кроў. 

У пацыентаў пасля выпіскі застаецца праблема з лёгкімі. Бо пашкоджанне, якое там было, не рассмакталася за два-тры тыдні ў бальніцы. Кавідная пнеўманія працякае не так, як бактэрыяльная, якая лечыцца антыбіётыкамі. Чалавек папраўляецца, у яго сатурацыя добрая, а на КТ карціна можа быць яшчэ горш, чым калі ён паступаў на лячэнне. 

Але гэтыя змены ў лёгкіх абарачальныя. Гэта стэрэатып, што калі чалавек цяжка перахварэў на кавід, у яго будзе дыхальная недастатковасць да канца дзён», — кажа Валер Лышчык. 

Выратаваннем тут будзе прон-пазіцыя — палажэнне на жываце. Яе рэкамендуюць у момант хваробы, але ў працэсе аднаўлення яна таксама карысная. Кавід часта закранае заднія ніжнія аддзелы лёгкіх, а калі чалавек ляжыць на жываце, ён можа дыхаць больш глыбока.

Фізіятэрапеўты раяць таксама рабіць дыхальную гімнастыку. Напрыклад, надзімаць шарыкі — гэта спрыяе цыркуляцыі кіслароду ў лёгкіх. З практыкаванняў — дыяфрагмальнае дыханне (на ўдыху жывот надзьмуць, на выдыху максімальна ўцягнуць у сябе).

У плюс будзе таксама спелеатэрапія (лячэнне ў мікраклімаце саляной пячоры). Тым жа пацыентам з бранхіяльнай астмай гэта дапамагае пазбегнуць абвастрэнняў і палепшыць якасць жыцця.

Чаму можа пагаршацца памяць і як пазбегнуць сасудзістых ускладненняў

Комплекс фізічных практыкаванняў лепш падбіраць з доктарам — комплекс павінен рабіцца пад чалавека і яго рэакцыю на нагрузкі.

«Кавід дае вялікае абцяжарванне для арганізму. Усё працуе ў рэжыме згасання. Таму фізічныя высілкі для аднаўлення карысныя, але нагрузку трэба павышаць патроху.

Нельга фарсіраваць працэс. Практыкаванні павінны стымуляваць арганізм, а не ўганяць у стомленасць», — дзеліцца доктар.

Для лёгкіх карысным будзе масаж грудной клеткі. Часам на перыяд рэабілітацыі рэкамендуюць агульны масаж — напрыклад, пацыентам, у якіх баляць суставы.

У пацыентаў на фоне недахопу кіслароду можа цярпець цэнтральная нервовая сістэма. Пачынае пагаршацца памяць, зніжаецца ўвага, хуткасць мыслення. Для змяншэння рызыкі гэтага раяць разгадваць крыжаванкі, рэбусы.

Пасля цяжкага кавіду бываюць сасудзістыя ўскладненні, таму важна прафілактыка тромбаў.

«Пацыентаў з хранічнымі хваробамі мы баяліся адпускаць з бальніцы без антыкаагулянтаў. Як правіла, назначаем іх у таблетках на два-тры месяцы, каб перадухіліць тромбы, што могуць выклікаць інфаркт міякарда ці інсульт», — тлумачыць медык.

Харчаванне і вітаміны

Што да харчавання, то чалавеку раяць ужываць шмат бялку, прыкладна на 50% больш, чым да хваробы. Бялок патрэбны для сінтэзу антыцелаў. Патрэбна таксама піць больш вадкасці.

«Вітаміны звычайна п’юць для прафілактыкі. Ёсць назіранні, што пацыенты з недахопам вітаміну D цяжэй пераносяць кавід. Неабходны цынк — мікраэлемент, які ўдзельнічае ў імунітэце. Каб аднавіцца пасля хваробы, можна прымаць мультывітаміны. Гэта комплекс вітамінаў В1, В2, В6, В12, D, С, Е і А», — расказвае Валер Лышчык.

Калі ёсць патрэба ў дадатковых аналізах

Ці патрэбна пасля бальніцы здаваць аналізы штомесяц? Па словах доктара, кантраляваць варта толькі праблемныя моманты — напрыклад, калі супрацьвірусныя прэпараты адбіліся на печані. Калі пры выпісцы ў пацыента ўсё было ў парадку, такой неабходнасці няма.

«Ёсць рэкамендацыя рабіць праз тры месяцы пасля хваробы КТ. Што мы хочам пабачыць? Усё пашкоджанне рассмакталася ці не. Але доктар не назначыць лекі, якія паскораць працэс. Тут проста патрэбны час. На маю думку, калі чалавек аднавіўся, добра адчувае сябе і няма падазрэнняў, што ўзніклі пабочныя праблемы, у дадатковым КТ няма сэнсу. Гэта лішняе апраменьванне, 20-30 рэнтгенаўскіх здымкаў. 

Але калі чалавек праз месяц-два не можа аднавіцца, ёсць дыхальная недастатковасць, тады ёсць сэнс у дадатковых абследаваннях. Можна зрабіць функцыянальныя лёгачныя пробы (спіраметрыю) і паглядзець, які аб’ём паветра ўдыхаецца з нагрузкай і без, якая сатурацыя».

Выкцынавацца ад кавіду можна праз месяц пасля хваробы, каб арганізм паспеў аднавіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0