Чытачы аб пераходзе на адзіны правапіс. Пошта Рэдакцыі.

Ні кроку назад

Пераход на наркамаўку быў бы крокам назад, да 1933 году. Наркамаўка стваралася як мост паміж беларускай і расейскімі мовамі. Каб за сьветлым часам камунізму уліцца ў сапраўдную “вялікую” мову. Таму, калі мы не жадаем ісьці на іншы бераг нахалеры нам уваходзіць і на той мост?

Клясычны правапіс — адзін з традыцыйных складнікоў беларускасьці: мова, Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг. На гэтым трыадзінстве трымаецца і будзе трымацца беларускі дух.

Ужо позна нешта мяняць і вырашаць. Любыя крокі назад будуць успрынятыя людзьмі як параза.

Калі мы мы адмовімся ад клясычнага правапісу, дык тады ўжо можам дайсьці і да адмовы ад Пагоні са сьцягам. Бо карыстаньне імі зараз таксама прыводзіць да падзелу нацыі. А нашчадкі пасьля, калі Беларусь пасталее і замацуецца, гадкоў праз 50, разьбяруцца і са шчырым сэрцам прымуць Пагоню, уздымуць бела-чырвона-белы сьцяг і пяройдуць спрэс на тарашкевіцу...

Цікава, што канфлікт наркамаўкі й клясычнага правапісу сёлета ўжо адбыўся ў Сусьветным сеціве, на старонках Вікіпедыі. Тамака без абмяркаваньняў, ды улікаў грамадскай думкі ўсе артыкулаў на тарашкевіцы былі проста перанесены ў архіў. Засталіся каля 2000 артыкулаў на афіцыйнай мове. (Дарэчы, калі б аўтары больш за 10000 артыкулаў на клясычным правапісе, паспросту ў адзін дзень вярнулі б свае тэксты на беларускую Вікіпедыю, ніякі б адміністратар ня здоляў бы нічога зрабіць).

Наркамаўка адверне найперш сапраўдных, шчырых патрыётаў. Тых для каго мова -- сапраўды жыцьцё, зто заўжды размаўляе на роднай мове.

Руслан Равяка, Баранавічы

* * *

Мяккі знак — сьцяг нязгоды

Дзякуй шаноўнаму В.Тарасу за тое, што не стамляецца ставіць вострыя пытаньні. Мне, аднак, праблема бачыцца пад іншым вуглом.

Небясьпека — «у самым існаваньні двух узаконеных», але не варыянтаў мовы, а дзяржаўных моваў! Беларускую мову не пачуеш ні ад аднаго высокаг чыноўніка, дэпутата ці афіцэра, а міністры ад адукацыі не крычаць аб пагрозе для мовы, а робяць (мёртваму прыпаркі) нейкія новаўводзіны ў правапіс.

Крывадушнікі! У іх пагоны тырчаць з-пад вопраткі!

Сёньня абываталь, паўсюдна бачачы толькі расейскую мову, не адрозьнівае «тарашкевіцу» ад «наркамаўкі». А той, хто адрозьнівае, хутчэй за ўсё рэгулярна чытае, піша па-беларуску. А значыцца, ня мае нічога супраць беларускай мовы. Такім людзям, думаю, можна растлумачыць і прыгажосьць і неабходнасьць клясычнага правапісу.

Мяккі знак клясычнага правапісу гэта сьцяг! Гэта сьцяг нязгоды з разбурэньнем беларускай культуры!

Жыве Беларусь!

Яўген, Бярозаўка

* * *

Мае бацька і маці...

Мае бацька з маці нарадзіліся ў Расеі і ў Менск пераехалі ўжо пасьля вайны. Па крыві я напалову расейка, напалову габрэйка. Нарадзіўшыся ў Менску і пражыўшы ў ім вось ужо сорак з гакам гадоў я ніколі ня ведала і не “вывучала” беларускую мову. Больш за тое, лічыла яе непрыгожай і непрыемнай, а беларускую культуру, за выняткам хіба што Караткевіча зь Міцкевічам, неіснуючай. Лічыла да 19 сакавіка 2006 году. У той дзень мне пашчасьціла пачуць сапраўдную беларускую мову.

Сьпярша, як галодны воўк накідваецца на хлеб, я зачаравана слухала канцэрты і дыскі беларускіх музыкаў і ўчытвалася ў старонкі “Нашай Нівы”. Потым узьнікла жаданьне загаварыць на гэтай прыгожай мове, але катастрафічна бракавала слоўнікавага запасу. Каб яго папоўніць, вырашыла паспрабаваць пракласьці з ангельскай на беларускую аповесьць любімай ірляндзкай пісьменьніцы. Абклалася слоўнікамі, пачала пераклад, але атрымлівалася відавочнае ня тое. Калі я паспрабавала вымаўляць напісанае, у галаве гучалі галасы Вольскага і Сасноўскага, «вымаўляўшыя» іншыя гукі, ды і пасьля чытаньня “Нашай Нівы” на пісьмо прасіліся ня тыя літары, што прапаноўваў слоўнік. Знайшоўся чалавек, які патлумачыў, што “Наша Ніва” выходзіць «клясычным правапiсам» у адрозьненьне ад агульнапрынятай «наркамаўкi». Ён жа дапамог знайсьці ў інтэрнэце добры падручнік і праграму праверкі артаграфіі, якая падтрымлівае «клясычны правапiс». Знайшліся і папяровыя падручнікі.

І я не ўяўляю сабе іншага правапісу, чым цяперашні нашаніўскі.

Вольга В., Менск

* * *

Згодны з Тарасам

Наконт артыкулу В.Тараса «Ці прычакаем белага дыму?» («НН», №32) і мне карціць уткнуць свой грош, бо з асноўнымі думкамі Тараса я згодны.

Сапраўды, «існаваньне двух узаконеных варыянтаў мовы» вядзе да разбурэньня стандартнай яе формы, што адбіваецца на пісьменнасьці карыстальнікаў, асабліва вучняў, і можа адштурхоўваць ад беларускай прэсы, каб ня сеяла ў галовах блытаніны, не зьніжала пасьпяховасьці ў навучаньні. Думаю, што і некаторыя абаронцы «тарашкевіцы» думалі найперш пра свае амбіцыі. Бо інакш яны б разгледзелі, што амаль усе зьмены, якія яны прапагандавалі — гэта драбяза. Толькі перадача асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных («ь») вартая таго, каб за яе спрачацца. Але ж і яна не абавязковая для дасканаласьці правапісу. Успомніце, як апантана ніхто іншы як сам Я.Лёсік выступаў (гл. яго даклад на акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 г) за адмену гэтай нормы. Выступаць то ён выступаў, але сам на практыцы нормы не парушаў! Ён не парушаў запавету вялікага свайго папярэдніка Б.Тарашкевіча, які «сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў…, але не бярэцца праводзіць якія колечы паважнейшыя зьмены такім індывідуальна-партызанскім спосабам… Гэта павяло б толькі да шкоднага хаосу» (Б.Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1929. Прамова).

Плакаць па валасах (нават па адным валосіку — «ь») ня час, калі над шыяй завісла сякера. Барацьба за павышэньне грамадзкага статусу мовы — толькі за гэта сёньня трэба змагацца, а не разьядноўвацца з-за «ь».

І.Крамко, Менск