Грамадства3939

Беларус-электрык дзевяць гадоў адпрацаваў у Партугаліі і вярнуўся: жыццёвы досвед

Чым жыццё на заходнім краі кантынента адрозніваецца ад беларускага?

Віталь Каспяровіч пражыў у невялікім партугальскім горадзе Аруда-Душ-Віньюш дзевяць гадоў, а потым вярнуўся ў Беларусь. Ён расказаў «Нашай Ніве», як знаходжанне ў Еўропе змяняе светапогляд савецкага чалавека.

Трапіў на грошы і з’ехаў у Партугалію

Я нарадзіўся ў Міханавічах, вывучыўся ў ПТВ на электрыка. Пасля — армія. Вярнуўся — і праз нейкі час СССР разваліўся. Я пачаў уласны бізнэс. Займаўся ўсім, чым мог, часам не зусім легальна… Здарылася так, што памежнікі канфіскавалі ў мяне аўтамабіль і я «папаў» на грошы. І тут мая былая суседка, уладальніца турагенцтва, прапанавала паехаць на заробкі ў Партугалію. Мяне нічога не трымала, таму ў 1999-м я ўсё прадаў і паехаў.

Першае ўражанне

Ноччу наш цягнік прыбыў у Лісабон, і трэба было чакаць некалькі гадзін, пакуль нас забяруць шэфы. І вось ранкам ля невялікага кіёска спыняецца аўтамабіль-«абцасік», адтуль дастаюць паддоны з хлебам, ставяць іх на зямлю каля ўвахода і пакідаюць. І ніхто нічога не кра-дзе! Для мяне гэта было дзіка.

Кар’ерная лесвіца: ад падсобніка да электрыка

Я ехаў і думаў, што мне дадуць інтэрнат і працу. Усё аказалася трошкі інакш. Беларусаў было няшмат, чалавек шэсць. Справамі займалася ўкраінска-малдаўская «мафія». Яны забяспечвалі працай і жытлом на 15 дзён, а потым усіх выганялі. Аднак пастаянна ціснулі на нас, маўляў, вы тут ніхто, вы не ведаеце мовы — усё роўна да нас вернецеся. Я не вярнуўся — і дзень, і ноч сядзеў над падручнікамі, вучыў мову. Сам знайшоў працу і зняў кватэру, перацягнуў беларусаў да сябе. На мяне, зразумела, наехала мафія — я і «пад нажом» сядзеў. Аднак неяк усё супакоілася, а недзе праз год паліцыя сур’ёзна ўзялася за гэтую мафію — і ўсе яны былі вымушаныя з’ехаць ці легалізавацца.

Спачатку я дапамагаў муляру. Вы толькі ўявіце: брыгада з аднаго муляра і трох памочнікаў будавала дом за паўгода! Не такія, як у нас, «брэжнеўкі», а трох- і чатырохпавярховыя. Пры гэтым усё робіць адзін муляр: і падмурак, і сцены, і дах, і мармуровыя парэнчы, рамы для вокнаў і дзвярэй.

А потым мне нечакана прапанавалі працу электрыка — нехта пачуў, што ў Беларусі я гэтым займаўся. Пасведчанняў ніякіх не пыталіся. Я быў шчаслівы, бо гэта сапраўды крок уверх.

«Не ганарацца працай, на якой можна нічога не рабіць»

Стаўленне да працы ў жыхароў з постсавецкай прасторы і ў партугальцаў — абсалютна рознае. Украінцы і малдаване, якія былі са мною, казалі, што яны прыехалі не працаваць, а зарабляць. У Беларусі таксама шмат людзей, якія ганарацца працай, на якой можна атрымліваць грошы за прасе-джванне штаноў. У Партугаліі такое немагчыма! Кожнаму зразумела, што, калі ты не працуеш, твая фірма не зарабляе грошы і сродкаў на выплаты заробку няма.

Што цікава, цябе ніхто не кантралюе, бо ты спецыяліст, якому плацяць грошы за прафесіяналізм і якасную працу. У Беларусі я цяпер працую ў сферы ЖКГ, і над кожным стаіць па кантралёру.

Напачатку свайго партугальскага жыцця, памятаю, загадалі мне нешта падмесці. Я падмёў, і, як у нас прынята, сеў і сяджу. Да мяне падыходзіць прараб і пачынае з шалёнай жэстыкуляцыяй — партугальцы вельмі эмацыйныя людзі — лаяць мяне за тое, што я не прыйшоў да яго. Бо там так: калі ў цябе скончылася праца, дык падыдзі да «патрона» і паведамі яму — дадуць іншую. Гультаям прыходзілася несалодка. Іх не бралі на працу.

«Жыць сям’ёй можна не тое што на заробак — на бальнічны!»

Партугалія дагэтуль лічыцца адной з самых бедных краін Еўрасаюза. Я пачынаў з заробку ў 400 еўра. Гэта было мізэрна мала, аднак тое была легальная праца. Пасля мяне пераманіла фірма-канкурэнт. Потым зноў першая фірма, але за большыя грошы — яны цэняць добрых спецыялістаў. Напярэдадні ад’езду я зарабляў 800 еўра.

Аднак за гэтыя грошы магла пражыць цэлая сям’я: каля 220 еўра за арэнду трохпакаёвай кватэры, 50 еўра за электрычнасць, 12 еўра за балон газу. Ежа і адзенне таннейшыя, чым у Беларусі. Ды што там казаць! Здарылася так, што на працы я атрымаў пашкоджанне меніска. Мне хутка зрабілі аперацыю, прызначылі працэдуры. Праз гэта я не змог працаваць цягам некалькіх месяцаў. А жонка ў той самы час нарадзіла і пры гэтым не атрымлівала дапамогу на дзіця — да нараджэння дачкі працавала нелегальна.

Аднак мой «бальнічны» быў роўны майму заробку. І ў лісабонскую клініку, якая знаходзіцца за 30 км ад Аруда-Душ-Віньюш, мяне вазілі на таксі бясплатна.

«Улады даюць бясплатнае віно, але ніводнага п’янага не знойдзеце»

Да нас, замежнікаў, ад самага пачатку ставіліся добра, неварожа. Ніхто не клікаў якімі-небудзь «чуркамі». Наадварот, калі засяліліся ў кватэру з голымі сценамі, знаёмыя партугальцы дапамагалі хто чым можа.

Падабаецца, што пры несправядлівасці партугальцы не будуць маўчаць. Просты рабочы можа выказаць сваю незадаволенасць «патрону»-ўладальніку кампаніі, які валодае мільёнамі еўра і фабрыкамі. І калі ён мае рацыю, супраць яго не будуць чыніць ніякіх рэпрэсій, не будуць яго звальняць ці пазбаўляць прэміі.

Яшчэ ўражвала, што падчас святаў і карыды, якая праходзіць наўпрост на вуліцах горада, муніцыпальныя ўлады выстаўляюць бясплатнае віно і пачастунак: хлеб ды рыбу. Парадокс: віна хоць заліся, а п’яных няма!

«Даведваюцца, што з’ехаў — і за спінай называюць дурнем»

Пра тое, што працаваў за мяжою, а потым з’ехаў, стараюся не расказваць. Распавядзеш — і за спінаю могуць перашэптвацца: «Вось дурань, з Еўропы ў Беларусь вярнуўся».

Вярнуцца захацела жонка. Яна сама ўкраінка, сустрэліся мы ў Партугаліі. Там у нас нарадзілася дачка. Мая жонка настаўніца, аднак жанчынам знайсці працу складаней — і тое хіба прыбіральшчыцай. Заробкі ж у жанчын нашмат ніжэйшыя за мужчынскія.

Жанчыну з дзіцём не возьмуць на працу, бо заканадаўча ёй належыць скарочаны 6-гадзінны працоўны дзень з захаваннем поўнага заробку. Ёй было маральна цяжка. Таму я прыехаў назад у Беларусь, праглядзеў аб’явы аб працы. Насамрэч мною кіраваў чысты меркантылізм: чаго заставацца там, калі я магу атрымліваць столькі ж тут. Аднак калі я пажыў тут, акунуўся ў руціну, то падумаў, можа, дарма вяртаўся.

«Беларусы зрываюць злосць калі не трэба, а калі трэба — маўчаць»

Прызнаюся, калі пакідаў Партугалію, быў упэўнены, што чалавек кшталту Лукашэнкі карысны для Беларусі. Бо наглядзеўся, як свабода біла ў галаву суайчыннікам: бязбожна пілі, буянілі па начах, здаралася, кралі з супермаркетаў усялякія дробязі: шакаладкі, жвачкі. Аднак цяпер зразумеў што да чаго. Я хаджу на мітынгі, раздаю ўлёткі, сцяг дзе-нідзе павешу… Беларусам трэба пачынаць думаць па-еўрапейску і стаць дабрэйшымі адно да аднаго. Бо нашы людзі вельмі запалоханыя.

Партугальцы добра ведаюць сваю гісторыю і ганарацца ёю. Але і беларусам хапае чым ганарыцца. Кожны можа раздрукаваць некалькі матывацыйных улётак і закінуць у паштовую скрыню.

Нельга заставаццца абыякавымі. Трэба любымі сродкамі падтрымліваць актыўнасць. Пасля 19 снежня на маёй машыне налепленая «Пагоня». І калі я бачу чалавека з «Пагоняй» ці бел-чырвона-белым сцягам, я падыду да яго і пацісну руку. І так трэба рабіць кожны раз, каб людзі адчувалі салідарнасць, каб у іх вачах не згасала святло надзеі. Я памятаю: заехаў у супермаркет пасля працы, купіў прадуктаў. А ахоўнік неяк дзіўна глядзіць на мяне, вачэй не адводзіць. Я іду да аўто — ён за мной. Падышоў і кажа: «Я ў вас заўважыў «Пагоню». Хацеў сказаць «дзякуй». І паціснуў мне руку.

У Аруда-Душ-Віньюш я жыў на вельмі вузкай вуліцы. І калі мне даводзілася даставаць калыску з дачкой з аўто, я перакрываў рух. Аднак ніхто не сігналіў, не злаваўся. Людзі ветліва ставяцца адно да аднаго і разумеюць, што заўтра яны могуць апынуцца ў такой самай сітуацыі. А ў нас наадварот: зрываюць сваю злосць на дарогах, а калі трэба — маўчаць.

Каментары39

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць