Грамадства2121

Івашкевіч: «14 кастрычніка выйдуць усе тыя, хто лічаць сябе эўрапейцамі»

У сераду 3 кастрычніка ва ўправе Партыі БНФ адбылася прэс‑канфэрэнцыя сяброў аргкамітэту «Эўрапейскага маршу».

У сераду 3 кастрычніка ва ўправе Партыі БНФ адбылася прэс‑канфэрэнцыя сяброў аргкамітэту «Эўрапейскага маршу». На гэты раз палітыкі (прысутнічалі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік Віктар Івашкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, а таксама сацыял‑дэмакрат Ігар Рынкевіч) гаварылі пра міжнародную падтрымку акцыі 14 кастрычніка.

Старшыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч расказаў, што ўчора Аляксандар Мілінкевіч, ён, Андрэй Саньнікаў і Міхаіл Марыніч мелі сустрэчу з пасламі краінаў Эўрасаюзу. Сустрэча адбылася зь ініцыятывы славацкага дыплямата Любаміра Рэгака. (Славаччына цяпер прадстаўляе інтарэсы ЭС у Беларусі).

«Мы расказалі паслам пра шматлікія затрыманьні, якія адбываюцца ў Менску напярэдадні «Эўрапейскага маршу».

У той самы момант, калі адбывалася сустрэча судзьдзі пакаралі пятнаццацьцю суткамі арышту барысаўскіх актывістаў Зьмітра Бародку, Леаніда Навіцкага і Сьвятлану Гарахавік. Мы папрасілі, каб дыпляматы выказалі сваё абурэньне беларускім уладам», — сказаў Івашкевіч.

Дарэчы, дазвол на правядзеньне «Эўрамаршу» ўсё яшчэ ня дадзены. Івашкевіч працягвае:

«Наш стан цяпер падвешаны. Маўчыць і спн.Пяткевіч. Мы праявілі ласку і добрую волю ўладам, накіраваўшы ліст Пяткевіч. Тое, што ўлады маўчаць — гэта іх праблемы. Гэта яны маюць 10 мільярдаў даляраў замежных запазычаньняў, а да канца году гандлёвы дэфіцыт складзе 7 мільярдаў. Таму супрацоўніцтва з намі і з Эўропай у іхных інтарэсах. Мы праявілі эўрапейскі ўзровень палітыкі, але Пяткевіч маўчыць. Калі ўладам так лепш, то няхай, калі яны ўсё ж адумаюцца, то час адказаць яшчэ ёсьць. Нас шмат крытыкавалі за гэты крок, але, зразумейце, што мы прапанавалі супрацоўніцтва не Лукашэнку, а хутчэй чыноўнікам сярэдняга зьвяна, якія ведаюць сапраўдны стан беларускай эканомікі, якія разумеюць неабходнасьць супрацоўніцтва з Эўропай. Наша рука па‑ранейшаму працягнутая да дыялёгу, таму вырашаць уладам».

На сёньняшні дзень АДС накіравалі запрашальныя лісты больш чым сарака эўрапейскім палітыкам, сярод якіх прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ганс‑Герт Пётэрынг, польскі дэпутат Богдан Кліх, дэпутаты Эўрапарлямэнту, парлямэнтары суседніх зь Беларусьсю краінаў. Адразу пасьля «Эўрапейскага маршу» ў Менск прыляціць спэцдакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні. Ён будзе мець перамовы, як з прадстаўнікамі апазыцыі, так і ўладаў. З апошнімі ён зьбіраецца абмеркаваць і вынікі акцыі 14 кастрычніка.

Вінцук Вячорка выказаў упэўненасьць, што бліжэйшым часам Расея будзе працягваць пазбаўляць беларускі рэжым эканамічным рычагоў.

«Улады будуць вымушаныя паварочваць у бок Захаду. Наша задача, каб суседнія зь Беларусьсю краіны выкарысталі гэта. Вельмі пазытыўным тут выглядае візыт Сяргея Сідорскага ў Вільню», — адзначыў В.Вячорка.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што АГП накіравала запрашэньні на «Эўрапейскі марш» ва Ўкраіну сябрам БЮТ і «Нашай Украіны». Ці прыедуць яны залежыць ад таго, як будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ва Ўкраіне пасьля парлямэнцкіх выбараў. Таксама Анатоль Лябедзька прадэманстраваў вітальны ліст ад генэральнага сакратара Хрысьціянска‑дэмакратычнага саюзу Нямеччыны Рональда Пафалы. На прэс‑канфэрэнцыі было зазначана, што шмат хто з замежнікаў ня зможа прыехаць у Беларусь праз адмову ў атрыманьні візы.

Пры канцы прэс‑канфэрэнцыі Віктар Івашкевіч адзначыў, што сёньня відавочна, што беларускія ўлады думаюць над тым, «як дазволіць акцыю, каб ёй перашкодзіць». Палітыкі не выключаюць, што напярэдадні маршу пабольшае выпадкаў затрыманьняў і арыштаў дэмакратычных актывістаў. У сваю чаргу Анатоль Лябедзька паабяцаў «дажыць» да 14 кастрычніка.

На пытаньне, ці шмат людзей выйдзе на вуліцы падчас мітынгу Івашкевіч выказаўся каротка:

«Выйдуць усе тыя, хто лічаць сябе эўрапейцамі».

Каментары21

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць