Меркаванні2424

Віталь Цыганкоў: Колькі можна пераключацца на расейскую?

Калісьці на пачатку 90-х я размаўляў са сваім аднакурсьнікам з факультэту журналістыкі.

«З мовай у нас усё будзе цудоўна. Мы апошняе пераходнае пакаленьне, ужо нашы дзеці будуць гаварыць пераважна на беларускай мове», — казаў мой аднакурсьнік. «Хацеў бы ў гэта верыць, але баюся, што ня ўсё так проста», — адказаў тады я. Вядома, з гледзішча цяперашняга становішча мовы мой тагачасны пэсымізм здаецца натуральным і відавочным, але тады якраз больш рэальным выглядаў аптымістычны прагноз майго прыяцеля. Сапраўды, у Беларусі, якая стала незалежнай, была адна дзяржаўная мова, дзейнічаў закон, паводле якога ўсе ўстановы паступова пераводзіліся на беларускую мову, большасьць школьнікаў хадзілі ў беларускамоўныя школы ці клясы. Здавалася, усё пойдзе цудоўна, але ж — «лёс склаўся так».

Моўнае пытаньне ў нас вечнае, але ў цяперашнім беларускім жыцьці — гэта якраз ці не адзіная сфэра, дзе банальная формула «ўсё залежыць ад нас» мае найбольшае права на існаваньне. Мы ня можам сказаць гэта пра палітыку, пра эканоміку, культуру, але мова — гэта якраз тое, дзе можна цалкам адчуваць сябе «гаспадаром свайго ўласнага лёсу».

І дзіўна, што хапае людзей, якіх даўно ня трэба ні ў чым пераконваць, якія добра валодаюць беларускай мовай, разумеюць яе важнасьць, гатовыя за яе гарою ўстаць, але… напрыклад, пішуць у сваім фэйсбуку па-расейску.

Вось я гэтага шчыра не разумею. Я ж зусім не максымаліст, я не кажу пра публічнае зацятае змаганьне, пра штохвілінную беларускамоўнасьць з кожнай прадаўшчыцай і цырульніцай. Я кажу пра допісы на ўласнай старонцы ў сацыяльнай сетцы, дзе мы «на сваёй тэрыторыі». Ты сам усталёўваеш тут свае правілы, ты запрашаеш да сябе людзей — што табе замінае пісаць тут па-беларуску?

Дарэчы, дзе тыя людзі, якія пасьля пачатку падзеяў ва Ўкраіне ўрачыста абвяшчалі на ўвесь Фэйсбук, што цяпер, на фоне расейскай агрэсіі, будуць пісаць толькі па-беларуску? Колькі яны пратрымаліся — пару тыдняў?

А яшчэ прыкольна, калі чалавек піша беларускамоўныя тэксты, а прэзэнтуе іх на сваёй старонцы ў тым самым Фэйсбуку на расейскай мове. Гэта вось што? Ён думае, што чытачы ягонага беларускамоўнага тэксту не разумеюць беларускай мовы?

Наша беларуская моўная «талерантнасьць» выглядае прыблізна так: кампанія зь некалькіх людзей размаўляе на беларускай мове. Падыходзіць адзін расейскамоўны (не замежнік, а беларус), і ўсе пераключаюцца на расейскую.

Ну, ціпа талерантнасьць. Гэта не талерантнасьць, гэта комплекс віны і непаўнавартасьці. «Ой, прабачце, што мы па-беларуску, мы зараз жа пераключымся». А самае сьмешнае, калі той рускамоўны ім і кажа — «а чаго вы перайшлі на расейскую, гаварыце па-беларуску, мне гэта падабаецца».

Ці яшчэ сытуацыя. Сядзіць творчы калектыў, абмяркоўвае, напрыклад, прэтэндэнтаў на Гедройця, апошнюю прэм’еру ў Купалаўскім ці яшчэ нешта ня менш высокае. А тут у кабінэт уваходзіць сьлесар ці электрык — карацей, «чалавек звонку», «чалавек адтуль». І тут увесь творчы калектыў адразу зь ім па-расейску. Ну як жа ж іначай, «чалавек звонку» апрыёры ня можа гаварыць па-беларуску. Дый для многіх членаў творчага калектыву іхняя беларускамоўнасьць заканчваецца сьценамі працоўнага кабінэту.

Ці выхаваньне дзяцей на беларускай мове.

Пачытаеш некаторыя артыкулы — дык гэты працэс прыроўніваецца ледзь не да подзьвігу, што адразу, натуральна, адпалохвае нерашучых людзей. Ня ведаю, мы выхоўвалі дзіця беларускамоўным зь першай хвіліны ягонага жыцьця і, па шчырасьці, не заўважылі ў гэтым нічога асабліва цяжкага ці гераічнага.

Бывае, чытаеш у Фэйсбуку расейскамоўную дыскусію некалькіх чалавек.

Тут да яе далучаецца нехта на беларускай мове, і раптам («Ой, а чаго гэта мы?») усе ўдзельнікі пераключаюцца на беларускую. Ім проста, як сапраўдным беларусам, патрэбны зьнешні штуршок.

Праўда ў тым, што нават многія беларускамоўныя людзі дагэтуль успрымаюць карыстаньне беларускай мовай як нешта не-нармальнае, не-звычайнае, не-ардынарнае, сытуацыйнае. Трэба проста прыняць, што беларуская мова — гэта норма. І ўсё стане на месца.

Каментары24

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж143

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць