Меркаванні11

«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гродзенскі святар расказаў, як гэта — ісці побач з паўстанцамі

Айцец Андрэй Крот, душпастыр гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, наведаў перапахаванне паўстанцаў у Вільні і служыў набажэнства за іх супакой. Ён расказаў, што адчуваў, калі ішоў у працэсіі побач з Каліноўскім, піша Hrodna.life.

— Я спачатку не збіраўся ехаць на пахаванне Кастуся Каліноўскага. Баяўся, што трэба будзе прайсці шмат фармальнасцяў, узгадненняў, каб патрапіць на цырымонію. Але калі даведаўся, што ў межах пахавання плануецца і грэка-каталіцкая служба, сам звярнуўся да свайго царкоўнага кіраўніцтва і выказаў жаданне ехаць.

Для мяне гэта было важна, бо падзея гістарычная. Да таго ж я меў магчымасць некалькі разоў маліцца на месцы бацькоўскага дома Каліноўскага ў Якушоўцы, у Свіслачы, дзе ён вучыўся. Таму асоба Кастуся Каліноўскага мне блізкая. І яшчэ для мяне ўдзел у пахаванні гэта такі выраз удзячнасці чалавеку, што змагаўся за свабоду нашай Бацькаўшчыны і адраджэнне Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы, — кажа айцец Андрэй.

Святар удзельнічаў у працэсіі, у грэка-каталіцкай літургіі за супакой Канстанціна Каліноўскага і яго паплечнікаў у суботу ў базыльянскай царкве св. Тройцы, быў адным з чатырох святароў, што служылі гэтае набажэнства. Наведаў канцэрт гурта «Dzieciuki», хоць звычайна не ходзіць на такія мерапрыемствы.

«Але тут мне важна было сустрэцца з беларусамі, якія прыехалі ў Вільню ў гэтыя дні, сярод якіх было таксама шмат вернікаў нашай Царквы ці проста старых знаёмых.

Для мяне гэты канцэрт стаўся нечым накшталт памінальнай вячэры, калі пасля пахавання збіраюцца сябры і знаёмыя памерлага ды ўзгадваюць пра яго жыццё. Тут музыкі, наш гарадзенскі гурт «Dzieciuki», саліст якога Алесь Дзянісаў, дарэчы, ахрышчаны ў нашай Царкве, узгадалі ў сваіх песнях і пра Каліноўскага, і пра іншых паўстанцаў, ды ўвогуле пра ўсіх бязвінна загінулых на нашай зямлі».

— Як гэта — ісці побач з Каліноўскім? Што вы адчулі?

— Розныя былі думкі. Па-першае, кранула тое, што людзі праляжалі ў зямлі 155 год, здавалася б, зніклі назаўсёды. А тут іх целы знайшлі, ды з вялікім гонарам хаваюць, па-людску ды па-хрысціянску. Гэта для мяне такі знак, што, калі нават па-чалавечы нейкая нашая справа здаецца безнадзейнай, то ў Бога свае планы, магчыма, прынясе яна плён толькі праз 100 год, а пашаны мы дачакаемся толькі праз 150, — усміхаецца айцец Андрэй. — Па-другое, адчуў гонар за беларусаў, якія, нягледзячы на цяжкасці (візы, квіткі, працоўны дзень і г.д.) прыехалі на пахаванне сваіх герояў. Такі годны чалавечы ўчынак.

Па-трэцяе, уразіла ўрачыстасць цырымоніі — высокія прадстаўнікі свецкіх і царкоўных уладаў розных краін, вайсковая атрыбутыка, людзі са сцягамі розных краін і г.д. І адначасова простасць — працэсія ішла па вуліцах, дзе людзі займаліся звычайнымі справамі — працавалі, сядзелі ў рэстаранах, спяшаліся па сваіх справах. Нібы сам Каліноўскі ў кампаніі паплечнікаў ішоў па Вільні.

 — Чаму для вас Каліноўскі — герой?

 — Таму што адважыўся кінуць выклік імперыі і пачаў змагацца за свабоду сваёй Радзімы ды за годнасць чалавечай асобы, маючы невялікія шансы на перамогу. Ён змагаўся не за ўладу для сябе, не дзеля ўласнай карысці, а дзеля людзей. Марыў не толькі пра незалежнасць Рэчы Паспалітай ці Беларусі, а пра тое, каб учарашнія прыгонныя, амаль рабы, атрымалі не толькі ўяўную, але сапраўдную свабоду. У кагосьці з гісторыкаў чытаў: гэта Каліноўскаму ўдалося, бо царскія ўлады, каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі сялян і пазбегнуць паўстанняў у будучыні, выканалі праграму Каліноўскага і яго паплечнікаў. Таму ахвяра Кастуся не была дарэмнай, — кажа айцец Андрэй Крот.

Каментары1

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску9

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну5

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

Карл ІІІ у Канадзе: Сапраўдная Поўнач моцная і свабодная1

Мінчук з яркай знешнасцю выкладае сэксі-танцы і вучыць мастацтву разняволення12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць