Архіў

Літаратурай па пракуратуры

Павал Севярынец. Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі. — Рыга: Лайма, 2005.

Гэта кніга, безь якой добры настаўнік не абыдзецца на занятках па ідэалёгіі. Севярынец тут больш літаратар, чым філёзаф, больш ідэоляг, чым аналітык. Бездань пазытыву, бездань аптымізму, веры, любові, натхненьня. Прыгожая кніга.

Фэнамэналёгія — пошук фэномэнаў. Вывучэньне здольнага захапляць. Севярынцава кніга пра Беларусь напісана з захапленьнем. Гэта кніга-гутарка. Кніга-казань пра тое, за што варта любіць Беларусь. Зямля, гісторыя, гаспадарка, культура, спорт, асобы, духоўнасьць — гэта толькі назвы разьдзелаў. Але не шукайце ў артыкулах мэтадычнасьці Абдзіраловіча — у казані паўторы толькі ўзмацняюць эфэкт, а дробныя недакладнасьці ня маюць вагі. Людзей уражлівых яна ўзрушыць да сьлёзаў.

Гэта эмацыйны выклад сыстэмы каштоўнасьцяў цэлага пакаленьня. Сьветапогляд пасынкаў і падчарак Лукашэнкі, якія былі ўжо дастаткова дарослымі, калі імпазантны айчым зьявіўся ў іхным доме. Хоць многія зь іх і ня прымуць Севярынцавай канцэпцыі беларускага мэсіянства: нібыта гістарычная супэрзадача Беларусі — уратаваць Расею. Не ўцячы ад Расеі і спакойна ўздыхнуць, як зрабілі браты-палякі ды браты-літоўцы, уступіўшы ў NATO, але пайсьці насустрач Расеі і “перамагчы імпэрыю, дэспатызм і азіятчыну высокай культурай і духовасьцю”.

Беларушчыну пакаленьне “Маладога фронту” і Менскай Вясны чэрпала з адраджэнскіх гістарычных кніжак. Адсюль і шчырае Севярынцава захапленьне гісторыяй — аж да яе кананізацыі праз параў-наньне зь біблейскай. Севярынцавы беларусы — гэта народ асобаў, народ пасіянарыяў, расьпяты “на геапалітычным крыжы між Скандынавіяй і Чарнамор’ем, Расеяй і Захадам”. Народ, якому абавязаныя сваёй сёньняшняй веліччу Расея, Польшча і Ізраіль. Апошні — яшчэ адна нітачка да Бібліі. Заканамерная нітачка, гаворыць Севярынец: без хрысьціянства не было б Беларусі. Як, зрэшты, і ўсёй заходнеэўрапейскай цывілізацыі: “Табе здаецца, я многа кажу пра Бога? Ведаеш, нашыя продкі Залатога Веку былі яшчэ больш пабожнымі”. У свой час раптоўнае навяртаньне ў пратэстантызм лідэра “Маладога фронту” — амаль баявой арганізацыі — шакавала. Трэба быў час, каб паверыць у Паўлаву шчырасьць. Сумневы ўзьнікалі яшчэ й таму, што гэты выбар быў геніяльны як палітычнае рашэньне: на сілу супраціву ўлада дагэтуль знаходзіць яшчэ большую сілу. А вось што супрацьпаставіш Богу?

У кнізе аўтар глядзіць вышэй надзённага браньня ў рожкі з рэжымам. Лукашэнка для яго — такі ж факт рэчаіснасьці, як тэлевізары “Гарызонт”. Ён зьяўляецца, напрыклад, у артыкуле пра хакей і сваёй прысутнасьцю робіць гэты від спорту яшчэ больш нацыятворчым. Увогуле, так інітэлектуальна і літаратурна, як Севярынец, пра спорт па-беларуску яшчэ ніхто не пісаў. У Паўлавай сыстэме нацыянальных каштоўнасьцяў ён ураўнаваны ў правах з культурай і гісторыяй. І кожны спартовы артыкул — матэрыял для асобнай кнігі. Бяры хоць Севярынцаву cотню найлепшых беларускіх спартоўцаў, распрацоўвай — і выйдзе бэстсэлер.

Павал не стыдаецца ўжываць савецкія некалі-ідэалягічныя штампы, цытаваць памятныя з саўдэпаўскага дзяцінства тэксты, якія калёным жалезам выпальвалі адраджэнцы пакаленьня “Тутэйшых”. Яму ня сорамна сказаць, што першая асацыяцыя да “Пагоні” — песьня зь фільму “Няўлоўныя мсьціўцы”, што Быкаў камандаваў батарэяй “легендарных саракапятак”, ня сорамна сказаць “Вялікая Расейская Культура”. І таму кнігу Севярынца ўспрыме шырэйшая аўдыторыя, чым, скажам, роднасны паводле канцэпцыі “Слоўнік Свабоды”. Апошні ахоплівае шырэйшае кола паняткаў, але болей у ім і адстароненасьці, адмаўленьня. Севярынцава ж кніга збудаваная на блізкасьці й прыманьні. Адмаўляе ён хіба асабіста непрыемныя яму рэчы: паганства і чарку. Нават знаходзіць калямбурна-аднакарэннае ў паганскім чарадзействе і чарцы. Гэтаксама проста і паэтычна атаясамліваюцца “верш” і “вершнік”. Кніга сочыцца мэтафарамі, аказіяналізмамі.

360-старонкавы том ня дужа добра склеены — чытайце асьцярожна. Зрэшты, так прасьцей разьбіраць яго аркушы на ўлёткі. Бо многія артыкулы вартыя наклейваньня на рэклямныя шчыты ў транспарце. Гэтаксама, як і цытаваньня на ўроках дзяржаўнае ідэалёгіі. Разумныя настаўнікі скарыстаюцца.

Андрэй Скурко

Каментары

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма16

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Усе навіны →
Усе навіны

Мікола Дзядок выпусціў кнігу пра гродзенскую турму

Украінскія дроны атакавалі Яраслаўль. У Маскве закрывалі аэрапорты2

Праваабаронцы паведамілі пра больш чым 10 ператрусаў у Беларусі, што прайшлі ўчора1

«Я была толькі абалонкай чалавека». Кайлі Міноўг расказала, як у яе другі раз дыягнаставалі рак і як яна не хацела пра гэта расказваць

Гомельскага таксіста асудзілі да калоніі па трох палітычных артыкулах2

У Баранавічах відавочцы выратавалі траіх маленькіх дзяцей падчас пажару ў кватэры1

На Камароўцы сталі прадаваць абрыкосы, а яшчэ шмат кавуноў, клубніц. І куды без маладой бульбы?4

Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу20

«Белавія» аднавіла палёты ў Туніс

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма16

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць