Архіў

Трагедыя, якой магло б ня быць

Два немцы з гарнізону, што ў Баравусе, прызвычаіліся езьдзіць на роварах у нэўтральную зону.

Гэта ціхія, на першы погляд, вёскі, дзе людзі спакваля спраўляюцца са сваёй небагатай гаспадаркай. У глухую ноч можа ціхенька пастукаць у шыбу партызан, які на кароткі час прыйшоў наведаць сваю сям’ю. А ўдзень могуць па вуліцах часам праехаць немцы, прайсьціся паліцаі. Наагул жа — цішыня, якую зрэдзьчас парушалі пеўні сваімі сьпевамі.

Гэтыя два немцы ня проста езьдзілі па вёсках, а займаліся гандлем. Ля кожнай хаты гучна вымаўлялі:

— Айн яйка — цвай цыгарэт!

І дзяды, якія за зіму скурылі сваю самасейку, ахвотна ішлі на абмен. Такім чынам, немцы вярталіся ў Баравуху з амаль поўнымі кошыкамі яек.

У гэты дзень немцы-гандляры ехалі ў Новыя Замшаны. Каля самай вёскі іх чакала сьмерць. У алешніку грымнуў стрэл. Паранены вэлясыпэдыст грымнуўся вобземлю. Другі зь перапуду таксама ўпаў з ровара. Але хуценька ачомаўся. Устаў, націснуў на пэдалі і штосілы памчаўся назад, у Баравуху. Там сказаў пра гібель свайго таварыша. Адтуль пазванілі ў Полацак эсэсаўцам:

— У Новых Замшанах патызаны б’юць нашых!

Эсэсаўцы без прамаруджваньня выправіліся на грузавіках. Неўзабаве вёска была акружана. Знайшлі таго параненага немца, ён сказаў, што яго моцна білі кійкамі старыя кабеты. І, можа, забілі б да сьмерці, каб не прыкінуўся мёртвым.

Карнікі ня сталі высьвятляць, хто канкрэтна біў, а пачалі без разбору заганяць у машыны ўсіх жыхароў вёскі. А яшчэ дзеля маштабнасьці праведзенай акцыі заехалі ў іншыя бліжэйшыя паселішчы і там схапілі тых, хто трапіўся на вочы.

Гружаныя людзьмі машыны накіраваліся на Полацак. Але празь якія дзесяць кілямэтраў завярнуліся ў Ноўку — усходнюю частку маёй роднай вёскі Ўладычына. Тут людзі прынялі жудасную сьмерць. Карнікі загналі іх у дзьве хаты і падпалілі...

Разам з эсэсаўцамі быў у канваірах народнік (так у нашай мясцовасьці звалі вайскоўцаў генэрала Ўласава). Яму ўдалося выратаваць дзьвюх дзяўчын. Выбраўшы зручны момант, ён шапнуў ім:

— Паўзіце ў кусты!

Дарэчы, пасьля вайны былы народнік разам з супрацоўнікамі дзяржаўнай бясьпекі адшукаў у Полацку тых выратаваных ім дзяўчат. Магчыма, гэты факт аблегчыў яму далейшае жыцьцё.

Па аналёгіі прыгадаю падзею, якая адбылася прыкладна ў адначасьсе з трагедыяй ва Ўладычыне і відавочцам якой быў я, 13-гадовы хлапчук-бежанец. Жыў я тады з маці і меншым братам у Залесьсі, непадалёк ад Новых Замшанаў. Гэтыя вёскі разлучала толькі рака Дрыса.

Аднаго дня міма Залесься праяжджалі немцы і ўбачылі, як з хаты выйшаў узброены чалавек ды пабег у хмызьняк. Машына завярнулася ў вёску. Затым немцы сабралі ўсіх людзей у кучу. Вакол паставілі ручныя кулямёты (страшнавата было!). Салдат прынёс з хаты табурэтку. Афіцэр узьлез на яе і празь перакладчыка пачаў гаварыць:

— Да вас ходзяць партызаны. Мы гэтага не пацерпім.

— Пан афіцэр, мы ж не вінаватыя, што прыходзяць усякія…

— Калі будуць прыходзіць, то паведамляйце нам у Царкавішча (вёска за два кілямэтры, у якой знаходзіліся немцы. — М.Б.).

Афіцэр яшчэ нешта гаварыў і нарэшце сказаў:

— Можаце разыходзіцца па сваіх хатах.

Усе вяскоўцы з палёгкай уздыхнулі.

P.S. На помніках, пастаўленых на месцах згарэлых зь людзьмі дзьвюх хат, вялікімі лічбамі напісана: 1943. Такі год значыцца і ў кнізе «Памяць. Полацкі раён», дзе пішацца пра трагедыю ў Ноўцы. Каб даказаць, што гэтая дата не адпавядае сапраўднасьці, мушу прывесьці адзін з аргумэнтаў.

У сонечны вясновы дзень 1944 году (добра помніцца) прыйшлі ў Залесьсе паліцаі з-пад Баравухі. Вясёлыя (мабыць, няблага выпілі), яны, ідучы па вуліцы, сьпявалі на ўвесь голас:

Генерал-майор,

Отпусти домой,

Жена молода

Сына родила…

Вяскоўцы зацікавіліся, чаго прыходзілі паліцаі. Аказваецца, яны наведвалі партызанскія сем’і і праводзілі агітацыю. Хопіць, маўляў, вашаму сыну (ці мужу) камароў карміць у лесе. Няхай прыходзіць да нас. Гітлер мае сакрэтную зброю. Германія пераможа. Калі здасца добраахвотна, немцы нічога дрэннага ня зробяць.

З гэтакай наіўнай агітацыяй паліцыі прайшліся таксама па хатах у Новых Замшанах і ў іншых вёсках. Пасьля вайны колішнія партызаны расказвалі мне, што тады іхныя бацькі (ці жонкі) перадавалі ім прапановы паліцаяў. Аднак ніхто зь лясных салдатаў ня клюнуў на іх, не перайшоў на бок немцаў.

Паходы паліцаяў і агітацыя былі перад эсэсаўскім хапуном у Новых Замшанах, хоць і ня зьвязаны гэтыя падзеі адна з другой. Значыць, трагедыя ў Ноўцы адбылася напрыканцы вясны 1944 году. Да таго, як Чырвоная Армія прагнала з Полаччыны немцаў, заставаўся ўсяго толькі месяц.

Каментары

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?15

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?

Усе навіны →
Усе навіны

Губазікаўцы заявілі пра затрыманне нацыстаў-паганцаў з БЧБ-сімволікай19

Дзяўчына на каньках пракацілася па тратуарах Гомеля ВІДЭА1

Маршрутка ўрэзалася ў пераход метро ў цэнтры Мінска1

Як планавалася сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага і што будзе далей? Расказвае Вячорка6

У Белым доме павесілі сумесную фатаграфію Пуціна і Трампа22

У Вільні ўчора прызямліўся кантрабандны шар з беларускімі цыгарэтамі1

У чацвер на мяжы з Польшчай для фур адкрыюць новую зону чакання памерам з 30 футбольных палёў

Фядута расказаў, як аднойчы ў калоніі яго вялі на «расстрэл». А аказалася, на сустрэчу з Марзалюком10

Даклад CSIS: Расія страціла на вайне забітымі і параненымі 1,2 млн чалавек, Украіна — да 600 тысяч5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?15

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць