Меркаванні4747

Ціханоўскі апублікаваў на Захадзе артыкул пра мадэль «фінляндызацыі» для Беларусі. Яму адказалі з Фінляндыі: Гэта манілаўшчына і хацелкі

22 мая ў часопісе EU Observer выйшаў артыкул Сяргея Ціханоўскага, дзе ён які ўжо раз абгрунтоўвае для Беларусі ідэю так званай «фінляндызацыі». Дырэктар даследчых праграм па Расіі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс падзяліўся з выданнем «Салідарнасць» сваёй рэакцыяй на гэту настойлівую прапанову былога палітвязня.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images

Не думаў, што мне зноў прыйдзецца выказвацца адносна магчымасці і тым больш пажаданасці для краін Усходняй Еўропы прымяраць на сябе мадэль так званай «фінляндызацыі».

Мне неаднаразова даводзілася абмяркоўваць гэтае пытанне прымяняльна да Украіны. Яе доўгі час падштурхоўвалі ў гэтым кірунку еўрапейскія «дабрадзеі», якія не жадалі абвастраць адносіны з Расіяй.

На жаль, у выніку ў тым ліку і гэтых «добрых парад», Украіна занадта доўга не магла вызначыцца адносна свайго месца ў сучаснай геапалітычнай структуры свету і Еўропы, не магла зрабіць выбар.

Але ўсе спробы лавіраваць не ўратавалі яе ад вайны з Расіяй. Мне здавалася, што ўжо калі здабываць урокі, то цяжка прыдумаць прыклад больш наглядны, чым украінскі.

Тым больш дзіўна для мяне было ўбачыць артыкул Сяргея Ціханоўскага, у якім ён заклікае да «фінляндызацыі» Беларусі.

На жаль, артыкул гэты дэманструе базавае неразуменне таго, што любая мадэль унікальная і прыдатная — і таму павінна разглядацца — толькі ў тых канкрэтных гістарычных абставінах, у якіх яна ўзнікла.

У выпадку Фінляндыі абставіны гэтыя наступныя. Перш за ўсё, «фінляндызацыя» не была свабодным выбарам фінскага народа, і гэты тэрмін да гэтага часу ўспрымаецца фінамі з пачуццём крыўды і горычы, паколькі ён у вялікай ступені несправядлівы.

Мадэль была навязаная Фінляндыі Савецкім Саюзам — краінай-пераможцай краіне пераможанай. Альтэрнатывай была б акупацыя, як гэта здарылася з краінамі Балтыі і Усходняй Еўропы.

Магчыма, Сяргей Ціханоўскі ўспрымае выбар сённяшняй Беларусі менавіта такім чынам, як выбар паміж адмовай ад знешнепалітычнай самастойнасці і расійскай акупацыяй, але тут з ім, я думаю, гатовыя будуць паспрачацца вельмі многія яго суайчыннікі, якія звязалі свой асабісты лёс з Еўропай і бачаць будучыню сваёй краіны ў інтэграцыі з Еўропай.

Паўтару, што для Фінляндыі «фінляндызацыя» была калі і не перамогай, то і не поўным паражэннем. Для гэтага ёй давялося вытрымаць дзве вайны, 1939‑40 і 1941‑44 гадоў.

Падчас першай, так званай «Зімовай вайны», з расколатага на чырвоных і белых грамадства нарадзілася сучасная фінская нацыя. Другая, вядомая як «вайна-працяг», скончылася на цяжкіх, але ганаровых умовах. Нават Іосіф Сталін разумеў, што вывесці Фінляндыю з вайны, дабіўшыся ад яе згоды абвясціць вайну Германіі і выплаціць рэпарацыі, значна больш пажадана для СССР, чым працягваць вайну.

На двары быў верасень 1944 года, і рухацца трэба было на Берлін, а не на Хельсінкі, губляючы тысячы і тысячы салдат. З кім, ва ўяўленні Ціханоўскага, павінна весці сваю «Зімовую вайну» Беларусь, каб дабіцца аналагічнай павагі ад Крамля?

Ужо ў міжваенныя гады Фінляндыя была парламенцкай дэмакратыяй і даражыла гэтым. Таму абмежаванне знешнепалітычнага суверэнітэту ў абмен на захаванне ўнутрыпалітычнага ладу было для фінаў балючым, але прымальным выбарам. Дэмакратычныя інстытуты сталі той асновай, якая дазволіла фінам заставацца інтэграванымі ў Захад. Перш за ўсё эканамічна, вядома, але ў пэўнай ступені і палітычна.

Таму, як толькі пасля распаду СССР перад краінай адкрылася магчымасць стаць членам ЕС, яна гэтай магчымасцю скарысталася. А яшчэ да гэтага, у 1970-я, уступіла ў Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю (ЕАСГ). Не ў СЭВ, заўважым.

Не спатрэбіліся ніякія пераходныя перыяды ці рынкавыя рэформы. А галоўнае — не трэба было нікому тлумачыць унутры краіны, дзе і разам з кім Фінляндыі быць натуральна і арганічна, а дзе — не.

Паспрабуйце задаць пытанне, дзе і з кім будзе камфортна лукашэнкаўскай Беларусі, і вы адразу зразумееце розніцу і непрымяняльнасць вопыту Фінляндыі для Беларусі. А што будзе натуральным для Беларусі пасля Лукашэнкі, зараз варажыць бессэнсоўна.

Калі ж адхіліцца ад гісторыі, то ва ўсіх тых аналітыкаў, а тут Ціханоўскі далёка не першы, якія любяць паразважаць на тэмы нейтралітэту Беларусі, хацелася б спытаць — а што, Масква калісьці прапаноўвала такую опцыю?

Мне здаецца, што ўсё развівалася ў адваротным кірунку — ад статусу краіны, якая дэкларавала жаданне хаця б у будучыні стаць нейтральнай, да статусу не проста фармальнага члена вайсковых саюзаў з Расіяй на чале, але адзінай постсавецкай дзяржавы, якая стала суагрэсарам Расіі ва Украіне.

Думаць, што Масква адмовіцца ад кантролю над Беларуссю, яе тэрыторыяй і паветранай прасторай, яе палігонамі і вайсковымі вытворчасцямі, яе чалавечым рэсурсам, нарэшце, у абмен на абяцанне не ўступаць у НАТА, на рускай мове называецца «манілаўшчынай», добрымі пажаданнямі, «хацелкамі». Да практычнай палітыкі ўсё гэта — у адрозненне ад «фінляндызацыі» ў свой час — ніякага дачынення мець не будзе.

Каментары47

  • Алкаш
    23.05.2026
    Да чтож такое, то Мария, то Сергей не перестают удивлять.
  • Вольга
    23.05.2026
    Стакгольмскі сіндром - цяжкая хвароба. У некаторых нават невылечная.
  • Сьвіслацкі жабец
    23.05.2026
    Ці ведае тая частка новай апазыцыі, якая нэйтральна-станоўча ставіцца да Расеі, што коштам "фінляндызацыі" былі 25 тысячаў жыцьцяў фінаў і 150 тысячаў жыцьцяў саветаў?
    У такіх выпадках звычайна запытваюцца, ці гатовы яны будуць ахвяраваць свае жыцьцё у такой вайне. Але у нас такая апазыцыя (і мірны народ), што больш дарэчна спачатку спытацца, ці гатовы яны будуць стрэліць у рускага брата)))

    Пытаньне рытарычнае, адказ ясны за трыццаць год

Цяпер чытаюць

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес67

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес

Усе навіны →
Усе навіны

Нідэрланды разграмілі Швецыю1

Зараз і беларускіх акцёраў будуць русіфікаваць — праз ВГІК13

Кучма і Юшчанка таксама адмовіліся ад польскіх ордэнаў13

У Віцебску на пешаходным пераходзе паставілі незвычайныя слупкі. Як яны працуюць?4

Трамп папракнуў Мелоні дрэннымі вынікамі ў Італіі, тая знайшла, што адказаць8

Іран зноў закрыў Армузскі праліў1

У Беларусі з'явілася новае бірузовае возера. Дзе яно?

Расіянка не змагла расплаціцца расійскай картай у мінскай кавярні. У выніку за яе заплацілі мінчукі10

Трамп прадставіў свой новы раскошны «Борт нумар адзін» — ён можа каштаваць мільярд даляраў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес67

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць