Меркаванні117117

Прафесар Лемцюгова: Не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае

Адкрыты ліст намесніку старшыні Мінгарвыканкама Ігару Карпенку. (Матэрыял з архіва. Упершыню быў апублікаваны роўна 5 гадоў назад, 5.03.2013. Прафесар Лемцюгова сышла з жыцця 3 сакавіка 2018 г.)

Паколькі я з’яўляюся ініцыятарам стандартызацыі беларускай тапаніміі па міжнародных стандартах, кіраўніком тэмы «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка з той жа назвай, лічу сваім абавязкам сказаць сваё слова ў адказ на намеры І. Карпенкі, пазбаўленыя ўсялякай логікі і сэнсу.

Чыноўніку не падабаецца загалоўная роля беларускай арыгінальнай формы тапонімаў, і яму не церпіцца замяніць яе на рускамоўную, а значыць арыгінал на копію.

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што

тапанімія — гэта калектыўны твор карэннага этнасу краіны. Разам з помнікамі старадаўняга дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы ўспадкавалі ад мінулых пакаленняў і ўласныя геаграфічныя назвы — своеасаблівы летапіс нашай зямлі.

Яшчэ дзвесце гадоў таму выдатны вучоны І. П. Філевіч трапна назваў тапанімію «мовай зямлі». «Мова зямлі, — пісаў ён, — значыць для нас больш, чым творы старажытных і сярэднявечных аўтараў, больш, чым сведчыць пра сваю гісторыю сам народ… Яна не паддаецца фальсіфікацыі. Тут нічога не прыдумаеш, нічога не сачыніш. Мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі «мове зямлі» берагчы памяць пра сябе. І яна свята і сумленна зберагла і пранесла яе праз вялікія перасяленні, праз стагоддзі эвалюцый і трансфармацый, праз зрушэнні і перавароты».

Такая гістарычна-культурная спадчына недатыкальная і ніхто не ў праве маніпуляваць народным скарбам.

Таму ў цывілізаваных краінах нацыянальнай тапаніміі ўжо даўно прысвоены статус гістарычна-культурных помнікаў. Пара было б ужо і нам пераняць гэты каштоўны вопыт і надаць нашай тапаніміі аналагічны статус. Дык ці наступіць калі-небудзь такі час, калі кожны дзяржаўны чыноўнік будзе паважаць духоўную спадчыну сваіх продкаў, абараняць і цаніць нацыянальныя каштоўнасці, а не ўпадабняцца той хатняй птушцы, што грабе ад сябе?

І. Карпенку раздражняе таксама і традыцыйная нацыянальная лацінка, якую ён прапануе замяніць на «англамоўны пераклад» (?) ці нешта падобнае. Перш чым заводзіць размову пра непрыдатнасць беларускай лацінкі, трэба было б раней займець хаця б элементарнае ўяўленне пра яе сутнасць і гістарычныя карані, а таксама навучыцца адрозніваць лацінку і лацінскую мову, транслітарацыю і пераклад.

На лацінцы пісалі, яе ўдасканальвалі і адшліфоўвалі нашыя творчыя аўтарытэты — Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, К. Каліноўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля і іншыя беларускія пісьменнікі, друкаваліся першыя беларускія газеты «Naša Niva», «Homan», «Biełarus». Таму

лацінка — важны духоўны фрагмент і прадмет гонару нацыі.

Да ведама тав. Карпенкі,

стандартызацыя беларускай тапаніміі праведзена не па прынцыпе «цапу-лапу», а згодна з нацыянальнымі і міжнароднымі законамі і правіламі, адпаведна з прынцыпамі, выпрацаванымі Групай экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі.

Не трэба забывацца, што Беларусь — даўні член ААН і адзін з яе стваральнікаў і адпаведна абавязана прытрымлівацца міжнародных нормаў, у тым ліку пры афармленні ўласных назваў.

За вынікамі стандартызацыі стаіць больш за 20 гадоў няспынных намаганняў і пошукаў, 50 гадоў уласнага вопыту даследчай працы па самых розных пытаннях тапаніміі.

Тапанімія ніводнай краіны не аказалася ў такім занядбаным стане, як беларуская.

З першых жа крокаў давялося сутыкнуцца з такой з’явай, як адсутнасць беларускага арыгіналу тапонімаў. Усе наяўныя афіцыйныя спіскі былі цалкам у рускамоўным афармленні,

без указання націску, а значыць без усякіх вымаўленчых асаблівасцяў. Напрыклад, паспрабуй здагадацца, што Ольница, Ожики гэта беларускія тапонімы Вольніца, Вожыкі ў рускамоўнай перадачы. Хтосьці прыняў пачатковы гук за прыстаўны і вырашыў яго «адставіць». На шчасце тым жа шляхам не пайшлі гродзенцы і не «адставілі» гук в у тапоніме Волахі. Такім жа чынам вялася рэгістрацыя беларускіх тапонімаў у Нацыянальным кадастры толькі з яшчэ большай колькасцю памылак і скажэнняў рознага роду. Нават там, дзе ўжывалася беларуская форма, усталяваўся страшэнны разнабой. Адна і тая ж назва пісалася па-рознаму: Старадумка і Старадубка, Гарусты і Гарысты, Гарбанаўка і Урбанаўка, Качан і Качанова.

Трэба было арганізаваць работу так, каб любымі сродкамі ўзнавіць увесь нацыянальны фонд тапаніміі, сфарміраваць годны імідж краіны і не адкінуць яе на абочыну цывілізацыі. Не ўсё было сцёрта з памяці простых людзей. На дапамогу прыйшлі краязнаўчыя музеі, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, асобныя энтузіясты. Былі актыўна задзейнічаны ВНУ і школы.

Сабраныя звесткі супастаўляліся, звяраліся, неаднаразова ўзгадняліся. Такім чынам па крупіцы пры шырокай падтрымцы мясцовых уладаў і грамадскасці былі адроджаны самабытныя формы беларускай тапаніміі.

Сумесна з Камітэтам па маёмасці стваралася нарматыўна-прававая база стандартызацыі: інструкцыі, кодэксы, праспекты.

Але праца, на жаль, ішла марудна, паколькі і на той стадыі хапала апанентаў. Напрыклад,

зацята змагалася супраць адраджэння беларускай тапаніміі сямейная пара Лопухаў (Р. М. Лопух — супрацоўніца Картфонда і П. С. Лопух — выкладчык геаграфічнага факультэта БДУ).

Пратаколы пасяджэнняў Тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь сведчаць, з якой напорыстасцю Р. М. Лопух дамагалася замены беларускамоўнай формы тапонімаў на рускамоўную.

Прыняцце ў якасці асноўнай (загалоўнай) рускамоўнай формы тапонімаў звычайна матывавалася тым, што «ў нас дзве дзяржаўныя мовы».

Так, дзве. Але іх магло быць і больш у залежнасці ад грамадскай сітуацыі.

Дзяржаўная мова — гэта катэгорыя палітычная. А нацыянальная мова ў нас адна — беларуская і вяршэнства належыць ёй.

Пасля «рэцэнзавання» Р. М. Лопух макета першага тома шасцітомнага нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» ад яго ранейшых структуры і зместу засталіся толькі шматкі: яна зноў вярнула пераклады тапонімаў (Красный Пахарь — Чырвоны Араты, Луч — Прамень), выкрасліла рубрыку «Варыянты назваў населеных пунктаў», «Страчаныя назвы» і ўсё іншае, што прыйшлося ёй недаспадобы.

Пераклад тапонімаў — гэта ўласна нашае «вынаходніцтва». У іншых славянскіх краінах да такога не дадумаліся.

Вядомыя рускія анамасты (А. В. Суперанская, З. В. Рубцова) асуджальна ставіліся да двухназоўя ў тапаніміі.

У Кіеве, напрыклад, нават за савецкім часам плошча мела адну назву і па-ўкраінску і па-руску — Жовтневой (а не Октябрьской) революции.
Перакладаць назвы населеных пунктаў тое самае, што рабіць пераклад прозвішчаў (Трусаў — Кроликов, Бурак — Свекла, Кавалёў — Кузнецов). А колькі часу было змарнавана, каб даказаць такія элементарныя рэчы!

З асабліва ўпартай непрымальнасцю была сустрэта беларуская традыцыйная лацінка. Р. М. Лопух і яе аднадумцы чапляліся за кожную дробязь (перадача асобных літар, надрадковыя значкі, гачакі). Р. М. Лопух то заяўляла, што беларуская лацінка не існавала ўвогуле, то, што яна запазычаная ў палякаў. Многія відавочныя рэчы даводзілася даказваць з фактамі ў руках.

Галоўным аргументам наконт таго, ужываць ці не ўжываць нацыянальную лацінку, з’явіліся патрабаванні Групы экспертаў ААН па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі, згодна з якімі кожная нелацінапішучая краіна павінна распрацаваць сваю нацыянальную лацінку, якая не была б прывязана да якой-небудзь адной замежнай мовы з лацінскай графікай.

Па сваёй сутнасці нацыянальная сістэма лацінізацыі мусіць быць зарыентаваная на дакладную перадачу зыходнага нацыянальнага графічнага аблічча ўласнага імя, а не яго гучання. Выходзіць, што беларуская лацінка цалкам адпавядае міжнародным патрабаванням і стандартам.

Довад, што нашу традыцыйную лацінку трэба замяніць на нейкі англа-беларускі гібрыд, паколькі яе не могуць расчытаць асобныя турысты, наіўны і смешны.

Сапраўдны турыст і госць у любой краіне шукае нешта адметнае, непаўторнае, самабытнае, іншымі словамі не трафарэтнае, а экслюзіўнае. Наколькі вядома,

ніхто яшчэ не заблукаў у Польшчы, Чэхіі, Кітаі таму, што там карыстаюцца сваёй графікай.

Іншая справа, што ў нас саміх, на жаль, не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды,

у сферы беларускай тапаніміі нарэшце быў наведзены ідэальны парадак, як у фактычнай, так і нарматыўнай частцы, што прызнана і ўнутры краіны, і на міжнародным узроўні. Да вялікага нашага сораму сёння тут зноў замаячыў прывід хаосу.

Каментары117

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →