Меркаванні6868

Мінуўшчына не павінна быць праклёнам: яшчэ адно слова па «недыскутабельным пытанні»

Алесь Пашкевіч-гісторык працягвае дыскусію па пытанні, ці варта дазволіць беларускім палякам ушаноўваць памяць байцоў Арміі Краёвай.

Днямі ўся беларуская інтэрнэт-супольнасць мела магчымасць азнаёміцца са зместам паштоўкі пана Анатоля Сідарэвіча, адрасаванай на маё імя. На лісты і паштоўкі звычайна прынята адказваць, што я і раблю.

Неразуменне выклікае ўжо самае першае сцвярджэнне Анатоля Сідарэвіча, што газета «Наша Ніва» «навязала дыскусію ў недыскутабельным пытанні».

Пасля тэзу пра «недыскутабельнасць» пытання і пра «навязанасць» дыскусіі аўтар палічыў патрэбным паўтарыць яшчэ раз, завяршаючы свой тэкст. Гучыць гэта крыху дзіўна, паколькі менавіта А. Сідарэвіч і распачаў сур’ёзную дыскусію на гэтую тэму, адгукнуўшыся на дзяжурную прапанову рэдакцыі «НН» абмяркоўваць апублікаваны перад гэтым артыкул Аксаны Рудовіч. Калі б не з’яўленне ягонага допісу, то ўся дыскусія з вялікай доляй імавернасці абмежавалася б, як гэта звычайна бывае ў падобных выпадках, пікіроўкай ананімных каментатараў на форуме «НН» і не набыла б асаблівага грамадскага рэзанансу. Майго папярэдняга адказу пану Сідарэвічу дакладна не было б.

Што да «недыскутабельнасці» пытання, то я не зусім разумею, што менавіта пан Сідарэвіч тут меў на ўвазе.

Тое, што гэта тэма нязручная і таму яе лепей было б увогуле не падымаць? Ці тое, што ў дадзеным пытанні ўсё і так зразумела, і дзеля таго падстаў для дыскусіі няма? Калі так, то не магу пагадзіцца ні з адным аргументам, ні з другім. Калі мы хочам успрымаць нашу гісторыю адэкватна і неперадузята, то мы не павінны абмінаць нават самых нязручных яе бакоў.

Тое ж, што ў стаўленні да дзейнасці Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі сёння ў асяроддзі нацыянальна арыентаванай часткі беларускага грамадства няма нават адноснага адзінства, выразна засведчыла тая шырокая разбежнасць думак, выказаных у каментарах рознымі людзьмі на разнастайных інтэрнэт-рэсурсах, дзе выстаўляліся папярэдныя матэрыялы дыскусіі.

То як можа быць «недыскутабельнай» тэма, якая выклікае актыўнае абмеркаванне.

Але звернемся непасрэдна да тэксту адрасаванай мне паштоўкі пана Сідарэвіча. Сапраўды, цяжка не пагадзіцца з аўтарам, што «выраб такога вялікага крыжа-помніка, надпісу на ім, яго транспарціроўка, устаноўка — усё гэта каштуе не адзін мільён». Натуральна, што пажылая жанчына не магла самастойна ажыццявіць усю гэтую акцыю ад яе задумы да здзяйснення. Але ж гэта зусім не значыць, што яна не магла быць ініцыятаркай гэтай акцыі, без усялякага «падгаворвання» збоку. Тое, што ў яе знайшліся памочнікі для рэалізацыі гэтай задумы, можа сведчыць проста пра тое, што беларускія палякі куды больш згуртаваныя за беларускіх нацыянальных дзеячаў. І ў гэтым нам трэба з іх браць прыклад, а не рабіць выгляд, што нашае пастаяннае «сабачанне» паміж сабой і паталагічная няздольнасць самаарганізавацца — вартая для пераймання норма. Выказваючы ж упэўненасць у тым, што «словы пра тое, што кожны, хто жыў і памёр, мае права на крыж, Вераніцы Себасцяновіч падказаныя», А. Сідарэвіч дэманструе звычайную чалавечую непавагу да гэтай жанчыны. Што ў гэтых словах такога асаблівага, чаму яны не могуць самастойна ўзнікнуць у галаве шчырай верніцы, упэўненай у сваёй рацыі?

Адносна самой «злачыннасці» Арміі Краёвай — то я аніяк не магу пагадзіцца з тым, што за злачынныя дзеянні асобных людзей мусіць быць абвешчана злачыннай уся арганізацыя.

Нядаўна мне давялося правесці дыскусію з групай грамадзян, якія ўжо шмат гадоў прыкладаюць намаганні для таго, каб наляпіць ярлык ваеннага злачынцы на вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Станіслава Станкевіча, які ў першыя гады нямецкай акупацыі займаў пасаду бурмістра ў Барысаве. Неаспрэчных доказаў непасрэднай віны Станкевіча ў арганізацыі масавых знішчэнняў мірнага насельніцтва выявіць пакуль што нікому не ўдалося, але, тым не менш, ягоныя ненавіснікі настойваюць: калі ўзначальваў цывільную адміністрацыю ў той час, калі ў горадзе і ваколіцах рабіліся злачынствы — значыць, апрыёрна вінаваты. І ніякіх доказаў не патрэбна. Я ж трымаюся цалкам процілеглай думкі — доказы патрэбны ў любым выпадку. А паколькі стараюся ў сваёй дзейнасці пазбягаць падвоеных стандартаў, то гэты прынцып стасую ў дачыненні не толькі да беларускіх дзеячаў, але і да ўсіх іншых. У дадзеным выпадку я не аспрэчваю таго, што «акоўцы» не былі святымі і на іх сумленні ёсць дзеянні, якія можна кваліфікаваць як злачынныя (дзеля прыкладу заўсёды спасылаюся на апублікаваныя дзённікавыя запісы ксяндза Адама Станкевіча, дзе той пра гэта ў некаторых месцах выразна піша). Таму іх прадстаўленне ў якасці беззаганных «крэсовых рыцараў», з чым часам можна сутыкнуцца, не выглядае слушным. Але

непасрэдны ўдзел у злачынных дзеяннях канкрэтных байцоў і камандзіраў Арміі Краёвай трэба даводзіць канкрэтнымі фактамі, канкрэтнымі сведчаннямі. Як, напрыклад, гэта зроблена ў дачыненні да вядомага падляшскага «беларусажэрцы» Рамуальда Райса («Бурага»). Адносна Анатоля Радзівоніка («Олеха») мне падобных фактаў не траплялася,

і Анатоль Сідарэвіч іх таксама не прывёў. Затое адназначна, як пра даведзены факт, маючы на ўвазе канкрэтны крыж у гонар Радзівоніка, гаворыць пра «помнікі беларусазабойцам і ворагам беларускай дзяржаўнасці», «помнік забойцам», «помнікі ворагам Беларусі і злачынцам супраць чалавечнасці». Мне такі падыход не падаецца бездакорным з маральнага пункту гледжання.

Думка пана Сідарэвіча адносна таго, што «меншасць павінна быць лаяльнаю ў дачыненні да тае дзяржавы, у якой жыве. І не правакаваць той народ, сярод якога жыве», зразумелая. І адначасова да болю знаёмая. Беларусы ў міжваеннай Польшчы таксама былі меншасцю, і беларускія дзеячы, якія намагаліся, нягледзячы ні на што, праводзіць там нацыянальную дзейнасць, пастаянна чулі прыблізна такія словы ад польскіх палітыкаў і публіцыстаў.

Напрыклад, рэгулярнае святкаванне ў Вільні ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі польскімі ўладамі інакш, як «правакацыя» ды «антыдзяржаўная акцыя», не ацэньвалася. Адпаведна, правядзенню прызначаных на гэты дзень урачыстых мерапрыемстваў заўсёды чыніліся розныя спачатку дробныя, а пасля ўсё больш буйныя перашкоды, аж да іх афіцыйнай забароны. Цяпер на тэрыторыі Беларусі ролі памяняліся, і пан Сідарэвіч з імпэтам кляймуе прадстаўнікоў польскай меншасці, якія асмельваюцца адкрыта шанаваць сваіх нацыянальных герояў. Што ж, гісторык мае права на такую думку, але паслядоўнасць вымагае таго, каб у такім выпадку з поўным разуменнем успрымалася і негатыўнае стаўленне уладаў і грамадстваў іншых краін на спробы мясцовых беларусаў ушанаваць важныя для сябе, але непрыемныя для тытульнай нацыі падзеі.

З другога боку, і беларускамоўныя свядомыя беларусы ў сённяшняй Беларусі знаходзяцца ў відавочнай меншасці. Можна меркаваць, што і іхныя акцыі, скажам, па ўсталяванні крыжоў на ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў у Семежаве ці ў памяць пра загінулых ад рук савецкіх партызанаў жыхароў вёскі Дражна Старадарожскага раёна не сустракаюць гарачай падтрымкі з боку расійскамоўнай, як правіла, абыякавай да сваёй гісторыі пераважнай большасці насельніцтва. То, можа, таксама не варта гэтых людзей, якія нас атачаюць у штодзённым жыцці, «правакаваць», даць ім святы спакой? І варта быць лаяльнымі да той дзяржавы, у якой жывём, падпарадкуючыся большасці, якая да нашых святыняў глыбока абыякавая?

Цікава таксама — якая асабістая пазіцыя пана Сідарэвіча адносна ліквідацыі ўладамі ці проста невядомымі памятных знакаў (у тым ліку і ў выглядзе крыжоў), саматужна пастаўленых асобнымі беларускімі нацыянальнымі актывістамі? Ці абавязкова патрэбен (як робіцца, паводле А. Сідарэвіча, у любой краіне) дазвол ад уладаў, напрыклад, на ўсталяванне вялікага паводле памераў крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах?

Пан Сідарэвіч так і не сфармуляваў дакладна, што, на ягоную думку, мы мусім атрымаць ад палякаў за крыўды, нанесеныя беларусам у мінулым.

Прызнаў, праўда (добра і гэта!), што патрабаваць нейкія канкрэтныя рэпарацыі з Польшчы позна. Трэба затое «нагадваць Польшчы і палякам пра іх віну перад Беларуссю трэба, бадай, штодня. І самім ні на міг не забываць». Але што гэта дасць сучасным беларусам і сучасным палякам (бо большасць з непасрэдных крыўдзіцеляў і пакрыўджаных ужо ў магіле)?

Няўжо цяжкая мінуўшчына так і павінна вісець над намі нейкім адвечным праклёнам, і з-за яе немагчымыя будуць добрыя адносіны паміж двума народамі і ў будучыні?

Адна справа — сумленна і шматбакова вывучаць нават і нязручныя бакі сумеснай гісторыі (і гэтым самым пра іх і сабе, і іншым нагадваць), а зусім іншая — свядома спрыяць перарастанню ўсяго гэтага ў нейкія цяжкія для лекавання комплексы.

Катэгарычнае настойванне пана Сідарэвіча на жыццёвай неабходнасці ў выстаўленні іншым народам рахункаў за ўчыненыя імі дзясяткі гадоў таму грахі не магло не прыгадаць мне кардынальна іншага падыходу да гэтай праблемы, выказанай у свой час вядомым польскім інтэлектуалам. Маю на ўвазе невялікую паводле аб’ёму, але грунтоўную паводле зместу кніжку пад назвай «Беларусы, літоўцы, украінцы: нашыя ворагі ці сябры?». Яе аўтар — польскі публіцыст, пісьменнік і грамадскі дзеяч Багдан Скарадзінскі (псеўданім Казімеж Падляскі).

Гэтая праца была напісана ў першай палове 1980-х гг. і першапачаткова выйшла ў свет як падпольнае выданне «Салідарнасці». Хоць зусім блізкага краху камуністычнага рэжыму ў Польшчы і СССР тады яшчэ ніхто не спадзяваўся, Б. Скарадзінскі загадзя паставіў пытанне: якой у выпадку змены сітуацыі мусіць быць польская ўсходняя палітыка, то бок узаемаадносіны з гістарычна і культурна звязанымі з палякамі народамі — беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі. Крытычна разгледзеўшы ранейшы гістарычны досвед гэтых узаемаадносін (не адмаўляючы ў іх негатыўным складванні віны ў тым ліку і польскага боку), аўтар заўважыў, што яны трапілі ў пэўнае заганнае кола. Спачатку палякі, узмоцніўшыся, наносяць удар па інтарэсах іншых народаў, пры змене расстаноўкі сілаў тыя народы палякам помсцяць, а пасля палякі, зноў узмоцніўшыся, помсцяць у сваю чаргу. Такое становішча магло б працягвацца да бясконцасці, і Б. Скарадзінскі, усведамляючы, што гэты шлях вядзе ў нікуды, бачыў выхад з заганнага кола ў тым, што пры новай змене сітуацыі,

калі ўсе чатыры народы цалкам ці часткова вызваляцца ад дыктату Масквы, наймацнейшы з іх (то бок Польшча) мусіць, насуперак ранейшай логіцы, не помсціць іншым за старыя крыўды, а прапанаваць ім руку сяброўства і дапамогі. Натуральна, што пры гэтым палякі мусілі адназначна і недвухсэнсоўна прызнаць непарушнасць усходніх межаў сваёй дзяржавы, а канкрэтная палітыка адносна кожнага з народаў павінна была залежаць ад іх уласнага стану і патрэбаў. З літоўцамі палякі мусілі праяўляць салідарнасць у іх памкненні да волі, украінцам мелі прабачыць іхныя грахі, адначасова просячы пра прабачэнне сваіх уласных, беларусам жа павінны былі аказаць дапамогу ў правядзенні арганічнай працы, скіраванай на канчатковае дафармаванне нацыі.

Так шмат месца на пераказ асноўнага зместу гэтай невялікай брашуры я прысвяціў дзеля таго, што ідэі, выказаныя ў ёй, у значнай ступені знайшлі сваё ўвасабленне ў той палітыцы, якую польская дзяржава вядзе адносна сваіх усходніх суседзяў апошнія больш за два дзясяткі гадоў.

Вядома, гэтая палітыка магла ў пэўных нюансах змяняцца і карэктавацца ў залежнасці ад таго, якія канкрэтныя асобы і партыі знаходзіўся ў Варшаве пры ўладзе, але ў любых абставінах Польшча ўжо шмат гадоў паслядоўна аказвае нацыянальна арыентаваным беларусам дэклараваную некалі Б. Скарадзінскім дапамогу ў правядзенні арганічнай працы.

Канкрэтныя прыклады гэтага — фінансаванне польскім урадам дзейнасці цалкам беларускамоўнага тэлеканала «Белсат», існаванне безлічы разнастайных адукацыйных і навуковых стыпендый, стажыровак ды праграм як для беларускай моладзі, так і для навукоўцаў ды педагогаў сталага ўзросту.

Чаму гэта панам Сідарэвічам не залічваецца як сплата таго доўгу, пра які ён не стамляецца пастаянна нагадваць? Таму, што гэта не дае імгненнага эфекту і па-ранейшаму, кажучы словамі паэта, «о, як далёка нам яшчэ да Беларусі»? Але ж палякі за нас нашую арганічную працу не зробяць, яны могуць толькі ў ёй дапамагаць. Асноўныя ж высілкі, хочаш не хочаш, мусім рабіць мы самі, тут і цяпер. А калі з гэтым сёння ёсць праблемы, то лепей скіраваць энергію на ўдасканаленне ўласнай працы, а не на пошук рэальных і міфічных ворагаў.

Каментары68

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская шукае ў Варшаве касметолага і трэнера па боксе29

Трамп адкрыта выказаў падтрымку Віктару Орбану на выбарах4

Форма зборнай Гаіці выклікала сапраўдны фурор на Зімовых Алімпійскіх гульнях. Але яе ледзь не забаранілі2

Еўракамісія прадставіла прапановы па 20‑м пакеце санкцый супраць Расіі. Яго маюць прыняць да гадавіны вайны

Калеснікава падзякавала за падтрымку і кілаваты цеплыні і святла, якія яны адчула ў апошнія дні12

«Гэта ж махінацыя». Беларуска дапамагла сяброўцы зрабіць польскую візу і атрымала галаўны боль з банкам5

Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі пераязджаюць у Варшаву разам з Ціханоўскай26

У Беларусі пасля «Улі» хочуць абмежаваць цэны на таксі2

«Моцныя сутаргі па ўсім целе». 18‑гадовы Мацвей расказаў, як яго ўдарыла токам у мінскім тралейбусе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль3

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць