Грамадства11

З моманту знікнення Дзмітрыя Завадскага прайшло 13 гадоў

Тэлеаператар Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў.

У 1994–1997 гадах Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на ОРТ (цяпер Першы канал).

Вясной 1997 года Дзмітрый разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтары гады пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў нацыянальны аэрапорт Мінск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаў Завадскага ў Чачні. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, прыгавораны да пажыццёвага зняволення. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «ў сувязі з невыяўленнем без вестак зніклай асобы». У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.

На думку старшыні юрыдычнай камісіі праваабарончага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Гары Паганяйлы, следства «вельмі шмат не зрабіла для расследавання справы Завадскага». «Поўнасцю не даказаны сам факт выкрадання, не высветлены яго акалічнасці, хто ў ім удзельнічаў. Хоць абвешчана, што ўдзельнікамі выкрадання з’яўляюцца Малік і Ігнатовіч, але яны дзейнічалі ў складзе групы невядомых асоб. Абодва знаходзяцца ў турме, і незразумела, чаму нельга было працягнуць працу з імі, каб высветліць усе акалічнасці справы», — адзначыў юрыст у інтэрв’ю БелаПАН.

Паводле яго ацэнкі, прысуд у дачыненні да выкрадальнікаў Завадскага «гучыць вельмі непераканаўча, пададзена мала доказаў таго, што злачынства сапраўды раскрыта».

«Чым больш праходзіць часу, тым менш шансаў, што злачынствы, звязаныя з гучнымі знікненнямі людзей у Беларусі, будуць раскрыты», — дадаў Паганяйла. Пры гэтым ён мяркуе, што на аператыўным узроўні злачынствы, звязаныя са знікненнем Завадскага, а таксама былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага (зніклі ў 1999 годзе), раскрыты.

Згодна з меркаваннем Паганяйлы, у дачыненні да спраў выкрадзеных варта зрабіць толькі «некаторыя працэсуальныя дзеянні, якія паклалі б у доказную базу сабраныя раней факты», і матэрыялы спраў можна было накіраваць у суд. «Але гэтага так і не адбылося. Нікому нічога не паведамляюць, робяць выгляд, што следства ідзе. Дзяржава дэманструе нежаданне працаваць па гэтых справах — гэта не проста бязволле і безыніцыятыўнасць, гэта адсутнасць усякага жадання весці следства і збіраць доказы», — падкрэсліў праваабаронца.

Як лічыць прадстаўнік БХК, «бяздзейнасць улад самым красамоўным чынам сведчыць пра іх дачыненне да злачынстваў».

Варта адзначыць, што ў пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваны дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага «эскадрон смерці». Сярод тых, хто мае дачыненне да выкраданняў, згадваўся былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў. З гэтай прычыны яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) прапануе калегам 7 ліпеня ў 12.00 правесці хвіліну маўчання ў інтэрнэце. Далучыцца да акцыі можна, змясціўшы на пэўны час на сайтах «заглушку» ці флэш-банар. «Журналісты не маюць права забываць пра калегаў з трагічным лёсам. Мы павінны нагадваць суграмадзянам пра тыя справы, кропка ў якіх яшчэ не пастаўлена», — падкрэслівае БАЖ.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра 13‑гадовую дачку Кім Чэн Ына, якую лічаць пераемніцай11

У Польшчы пачаўся суд над бандай наркагандляроў, якіх расійскія спецслужбы наймалі для дыверсій. Сярод абвінавачаных трое беларусаў5

Месцамі да +13°С. Надвор'е на апошнія дні зімы2

Lamborghini адмяняе выпуск свайго першага электрамабіля: зусім няма попыту

Ліндсі Вон расказала, як яе нагу выратавалі ад ампутацыі

«Не мае значэння, ідзе гаворка пра Кіеў ці Валдай». Буданаў выказаўся супраць удараў па «палітычных цэнтрах»5

Заснавальніца Gutenberg: Калі прыйшла навіна пра смерць Цымберава, многія забылі пра асцярожнасць і раскрыліся8

Біл Гейтс прызнаўся ў шлюбных здрадах з расіянкамі і ў тым, што Эпштэйн яго гэтым шантажаваў13

Апошняя прадстаўніца Беларусі на «Еўрабачанні» спрабуе прадаць праз аўкцыён старыя джынсы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць