Меркаванні2929

Бабуля Марыя. Гісторыя аднаго жыцця

    І гаворыць Ёй анёл:
    «Не бойся, Марыя,
    бо знайшла Ты
    ласку ў Бога»
    Лукі 1:30

Бабуля памерла.

Паклалі яе ў светлы пясок побач з мужам, маім дзедам-франтавіком, пад дубамі на высокім правым беразе Дняпра. Дняпро тут шырокі, ціхі, калі доўга глядзіш, здаецца, што крыж на могілках разам з вёскай адплывае кудысьці на Поўнач.

У нашай сям’і бабуля Марыя (або, як усе называлі, баба Маруся) была апошняй з галоднага ваеннага пакалення. Нарадзілася ў часы беларусізацыі, у 1926-м, пад Рагачовам.
Дзіцём ледзь ацалела ў галадаморы. У вайну з вяскоўцамі з роднай Крушынаўкі сышла ў лес. У партызаны? Не, проста ў лес, было страшна і кругом забівалі. Пра партызанаў гаварыла цішком, гледзячы кудысьці міма: «Розныя былі, унучак… Хтосьці мо й ваяваў, а каторыя хадзілі ў людзей апошняе забіралі». Не было чаго есці. Варылі і лебяду, і крапіву. Недаяданне, голад, прага пад’есці дасыта — мы ўжо і забыліся, як яно жарэ чалавека знутры.

Пасля вайны ў цельніку, знятым з забітага немца, і двух гумавых ботах рознага колеру, Марыя прыехала ў вучэльню ў Жыровічы. На ўсю стыпендыю купляла хлеба ды булачак, каб везці галодным сваякам — не заставалася грошай нават на квіток дахаты, ехала на падножцы вагона.

Потым уладкавалася на пошту і мусіла перавозіць вялікую торбу з лістамі лодкаю цераз Дняпро — масты стаялі ўзарваныя.

Гэта тады бабуля злавіла рукамі аграмаднага шчупака: увесну на залітым Дняпром лузе ў адной з пратокаў паўзло-перакочвалася паласатае «бервяно». Бабуля кінула торбу на сухое, упала пластом на пачвару, абняла яе і загаласіла на увесь свет: «А людцы! А родненькія! Ратуйце!..»

Выцягвала, смажыла ды ела таго шчупака ўся вёска.

І аднойчы пасля танцаў, з кавалерам, што няўклюдна пераступаў пратэзам, яны выцягнулі лодку на дняпроўскі пясок і зайшлі ў тую хату на крутым правым беразе, сярод ігрушаў, яблыняў ды вішняў, хату, у якой замест падлогі быў ток, хату, поўную пакінутых маёй памерлай ад тыфу прабабкай Таццянай дзетак.

— Пашкадавала я тады… не столькі яго, колькі малечу сіроцкую, — казала потым бабуля Марыя і ціха, стрымана ўсміхалася. Высокі, прыгожы дзед Павел ужо тады, 26-гадовы, быў без адной нагі, адцятай на фронце мінамётным выбухам па калена. І хай як заўгодна збыткуюць з кахання-шкадобы — я за, і заўжды буду за, бо сам унук шкадобы.

Потым, калі ў дзеда спаралізавала палову цела са здаровай нагой і ён мусіў перасоўвацца ў калясцы, адзінай здаровай рукой упарта сек дровы, прыбіраў на двары, лушчыў «квасолю» ды кукурузу — бабуля любоўна пасмейвалася й ціхенька ківала суседкам — бач, з адной рукой застаўся, а гаспадар. Кажу вам, гэта было каханне, хай сабе за семдзесят, але сапраўднае, перад якім хочацца проста заплюшчыць вочы.

Бабуля Марыя дала мне жыццё двойчы. Першы раз — калі нарадзіла сына Кастуся, майго бацьку, што даглядаў і дзеда, і яе апошнія гады. Другі — калі ўратавала мяне, гадавалага, ад смерці.

«Дактары ад цябе ўжо адмовіліся, — расказвалі бацькі, — Сказалі: куды, такая дызентэрыя, не жылец...» Прывезлі ў вёску — развітацца з бабуляю ды закапаць. «Ты быў маленечкі, сіненькі-сіненькі, і не еў анічоганькі, толькі енчыў, — згадвала бабуля. — Адпаіла цябе конскім шчаўем ды малачком». І бабуля Марыя ледзь заўважна пасмейваецца: перамагла-такі яе, злую смерць.

Калі агаломшаныя тата з матуляю прыехалі з аршанскага Пагоста, дзе тады жылі і працавалі, і радасна кінуліся мяне абдымаць, я з крыкам «Мама!» схаваўся на руках бабулі.

Жывыя, нават гарэзлівыя чорныя вочы, шчокі здаровага румянку, срэбная сівізна, каржакаватая постаць, і ўсё цела нахіленае наперад як супрацьвага ношы за плячыма.

Невысокая, ёмістая, зараджаная, яна паспявала ўправіцца ў хляве, і на гародзе, і на рэчцы з бялізнай, і на далёкіх п а й к а х з сенам для каровы, і збегаць у лес па чарніцы ды баравікі.
І гэта ёй, працаўніцы, каторая цягнула, лічы, дзве сям’і, сталінская дзяржава не выдавала пашпарта, каб замацаваць савецкі прыгон, ажно да часоў застою.

Неяк спрачаліся з бабуляй, на якой мове яна размаўляе. «Ай, можа й па-руску», — зухавата адбівалася яна. Некалькі дзён занатоўваў яе самыя ўжывальныя словы. Дзве траціны аказаліся чыста беларускія, 30% — трасянкі (расейскія словы з тэлевізара, прагавораныя з беларускай фанетыкай), астатняе — тутэйшыя дыялектныя.

«Мама, калі Вы прагаласуеце за Лукашэнку — Вашага ўнука Пашку пасадзяць», — яшчэ ў 2001 даводзіў ёй тата. Так бабуля Марыя стала выбаршчыцай дэмакратаў.

Цяпер, па яе смерці, адчуваеш пранізліва й востра: летнія месяцы, калі бацькі адпраўлялі нас у вёску, былі проста святам жыцця.

Унорыца. Вёска, выцягнутая ў дубах ды бярозах уздоўж высокага правага дняпроўскага берага. На дзень нараджэння бабулі Марыі, пад Вялікдзень, — быццам нявеста, у аблоках квітнеючых садоў, уся ў россыпах белых пялёсткаў… Каменка, малады лясок побач, поўны чырвонагаловых падасінавікаў і ўлюбёных бабуліных крэпкіх зялёных сыравежак… Рака. Неаглядная плынь вады, далёкі пошум маторак. Хата на беразе, з гарода прыступкі спускаюцца ў самы Дняпро, там калінавы зараснік і раптоўны выбух язміну…

Бабуліна Унорыца з яе гародам, кароўкаю, свежыной, сырадоем, рыбаю, ягадамі ды яблыкамі заўжды была раздоллем ядомага, раем сакавітае смакаты.
Бабуля, што недаядала ў сваю найлепшую пяшчотную пару, заўжды выстаўляла на стол усё, што было ў хаце — ад вяндліны ды кілбасаў, заліўное рыбы і вантрабянак да пірагоў, тваражкоў, ягадаў з цукрам і смятанкаю. Прападала ў бульбе ды ў лесе, здавала яблыкі, рабіла закаткі, размяркоўвала і ўраджай, і пенсію, і заробкі на кірмашы з грыбоў-ягадаў паміж сынамі і ўнукамі, нягледзячы на іх пярэчанні, каб, крый Божа, ніхто не застаўся галодны.

Колькі гадоў таму ў бабулі адабралі апошняга кабанчыка. Забаранілі сыны — бо васьмідзесяцігадовая, з анямелымі рукамі, яна ўсё надрывалася, цягала вываркі ў хлеў. Было шмат угавораў, крыку і слёзаў… Сышліся на курах.

Апошні месяц бабуля, каторая цэлае жыццё карміла ўсіх блізкіх, піла толькі ваду. Сцюдзёную-сцюдзёную. Нават ад булёнчыка ці кампоціка ёй рабілася млосна.
А вакол усё аж буяла, спела, налівалася сокам, смажылася да духмяніла…

І тады простая беларуская сялянка з біблейскім імем Марыя, падобная то на сястру Марфы, то на Марыю Магдаліну, то на Матулю Госпада, маці трох сыноў, бабуля сямёх унукаў і прабабка сямёх праўнукаў, стомлена легла ў светлы, амаль празрысты дняпроўскі пясочак. І паплыў над ракою крыж.

І паляцела душа, лёгкая-лёгкая, зрабіўшы развітальнае кола па-над плоднай, у яблыках белага наліву, кроплях парэчак, з пахам цёплага хлеба Унорыцай, над грыбной Каменкай, лугам, дзе пасвілі кароў, царквой у суседняй Азершчыне, туды, дзе нарэшце няма ані голаду, ані клопату, ані смерці — куды паклікаў Марыю Бог.

Каментары29

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай19

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Былая расійская настаўніца стала вярбоўшчыцай замежнікаў на вайну супраць Украіны4

«Анліфаншчыца з Пінска» кажа, што яна не анліфаншчыца і не ў рабстве ў М'янме20

Дэвід і Вікторыя Бэкхэмы моцна не паладзілі са сваім старэйшым сынам. Ён абвінаваціў іх публічна4

Кір Стармер адмовіцца ўвайсці ў склад трампаўскай Рады міру10

Трамп: Смешна, нібыта Нарвегія не кантралюе, каму даць Нобелеўскую прэмію17

Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў17

Ва Украіне хэйцяць Ціну Караль праз песню пра святло і цяпло. Яна запісала пакаяннае відэа5

Лукашэнка раней еў нанач каўбасу, а цяпер ужо не можа24

У Аўстраліі масава закрываюць пляжы з-за нападаў акул. Ёсць ужо чатыры пацярпелыя1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай19

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць