13-ты раён: Цагляныя асабнякі
Баявік, крымінальная драма
Рэжысёр: Каміль Дэламар
У ролях: Пол Уокер, Давід Бэль, RZA (Роберт Дыгз) Гучы Бой, Каталіна Дэніс, Аіша Іса, Карла Рота
Францыя, Канада, 90 хв.
2018 год, разгул злачыннасці. Асабліва небяспечны раён Дэтройта абнесены сцяной, там няма пастарункаў і школ, ён становіцца аплотам злачынцаў і наркадылераў.
Мэр горада не задаволены такім становішчам, яму бачыцца, што лепш знішчыць раён разам з яго жыхарамі і пабудаваць нанова. У той жа час дэтэктыва пад прыкрыццём Дэміена засылаюць у 13-ты раён з заданнем знайці новую нейтронную бомбу, якую зламыснікі скралі і схавалі там. Дапамагаць яму вымушаны Ліно, які добра ведае гэты раён.
Рымэйк французскага фільма «13-ты раён» (2004) з'яўляецца перазапускам праекта тымі ж стваральнікамі, сярод якіх аўтар сцэнара і прадзюсар Люк Бесон.
Дзеянне перанесенае з Парыжа ў амерыканскі Дэтройт, а напарнікам сусветнага лідара паркур-руху Давіда Бэля (Ліно), зоркі папярэдніх частак, стаў Пол Уокер (Дэміен). Гэты акцёр і каскадзёр-гоншчык, вядомы па ўдзеле ў шматлікіх «Фарсажах», летась загінуў у аўтамабільнай аварыі, роль у гэтым фільме была для яго апошняй.
Ад арыгінала стужку найперш адрознівае наяўнасць брутальных боек, перастрэлак і гонак на аўто.
Відаць, гэтымі абавязковымі атрыбутамі сучаснага баевіка стваральнікі хацелі прыцягнуць масавага гледача, але разам з тым фільм амаль згубіў прыемную асаблівасць арыгінала: большасць боек і відовішчных сцэн былі заснаваныя на спрыце паркуршчыка Бэля і яго былога напарніка, майстра па ўсходніх адзінаборствах, каскадзёра Сірыла Рафаэлі.
Каментары