Адзін з самых славутых савецкіх футбалістаў 1960-х — форвард мінскага «Дынама» Міхаіл Мустыгін — у інтэрв'ю Радыё Свабода ацаніў сёлетні чэмпіянат свету ў Бразіліі, прыкінуў шанцы беларускай каманды на ўдзел у форумах падобнага маштабу.
— Вы нарадзіліся ў Расеі, там пачыналася ваша футбольная біяграфія. Цікавіцеся гульнёй расейскай зборнай? Прынамсі, да пачатку чэмпіянату расейцы казыралі, што разьбяруцца з супернікамі адной левай.
— Я не глядзеў першую гульню з Паўднёвай Карэяй, бо гулялі ўначы. Хоць хацелася скласьці нейкае ўяўленьне, чаму згулялі 1:1. А вось як учора з Бэльгіяй гулялі, бачыў — прайгралі па справе. Каманда слабая, ня ўразіла абсалютна нічым. Тэарэтычныя шанцы на плэй-оф яшчэ ёсьць, але я на Расею не спадзяюся, не-не. Астатнія каманды зусім не слабыя. Што тычыцца «адной левай», то на чэмпіянаце сьвету зьбіраюцца каманды, якіх так лёгка не перайграць. І афрыканскія, і азіяцкія мабілізуюцца, дэманструюць высокі кляс. І аддаць камусьці перавагу цяжка. Таму ў Расеі хоць і кажуць, што каманда ў іх салідная, але адзін матч прайграюць — і ўсё, дадому. Бэльгійцы, адрозна ад расейцаў, гульню паказваюць, з Альжырам таксама будзе ня проста. Зараз не ўгадаеш, дзе слабыя каманды, а дзе моцныя. Калі шчыра сказаць, я проста гляджу футбол.
Хто выбітную гульню паказвае, за таго і перажываю, што мне за Расею заўзець? За добры футбол, за добрую каманду — гэта так. А найперш заўзею за тую каманду, дзе гуляюць зоркі. Асабіста мне шкада Раналда, за яго перажываю.
Слаба Партугалія згуляла, а што можа зрабіць нават супэрзорка, калі каманда яўна прайграе? Як уся каманда агулам капітулюе, адзін гулец нічога ня здольны выправіць. Сам ведаю, калі яшчэ гуляў: супернік нашмат мацнейшы, да цябе не даходзяць перадачы, ты рэдка атрымліваеш мяч — адпаведна, у цябе меней атрымліваецца момантаў. Гэтаксама і ў Раналда, калі партугальцы гулялі зь немцамі, з амэрыканцамі.
— Днямі экс-галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны выказаў зьдзіўленьне, што, аказваецца, далёка ня ўсе беларусы заўзеюць за Расею…
— Не, ну пры чым тут беларусы і зборная Расеі? Глупства нейкае. Ён сам, здаецца, з Расеі, дык калі яму так падабаецца, няхай за яе і заўзее. Я таксама родам з Расеі, але, яшчэ раз кажу, я перажываю за добры, якасны футбол. Пры чым тут Расея?
Калі б Беларусь там гуляла — справа іншая, сапраўды, трэба было б падтрымліваць сваю каманду. А Расея нам што за арыенцір? Мы што, жывём там? За каго, як кажуць, фанацець? Гульцоў міжнароднага ўзроўню няма, зорак няма.
Такіх, як, прыкладам, у Галяндыі. Дарэчы, мне гэтым разам вельмі спадабаўся іхні форвард (хоць функцыі ў яго не зусім такія) Ван Пэрсі. Ці бліскучы нападнік зь нямецкай «Баварыі» Робэн, таксама за Галяндыю выступае. Два гульцы проста выбітныя, цягнуць за сабой астатніх як лякаматыў. Хто ў расейскай камандзе можа хоць бы параўнацца?
***
Міхаіл Мустыгін нарадзіўся ў Каломне Маскоўскай вобласьці ў 1937 годзе.
У 1953-м пачаў гуляць у футбол у юнацкай камандзе «Авангард». Служба ў войску праходзіла ў маскоўскім ЦСКА, аднак затрымлівацца там пасьля дэмабілізацыі адмовіўся і ў 1961 годзе прыняў прапанову ад менскага клюбу «Беларусь» (пазьней — « Дынама«). Тут форвард правёў найлепшыя спартовыя гады. У 1962-м (17 галоў) і 1967-м (19 галоў) прызнаны найлепшым бамбардзірам саюзнага першынства, а ў 1963-м у складзе дынамаўцаў стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату СССР. Неаднаразова ўваходзіў у лік лепшых футбалістаў СССР. Выклікаўся ў нацыянальную зборную СССР, аднак замацавацца ў яе складзе перашкодзіў парок сэрца. Пасьля завяршэньня кар’еры працаваў трэнэрам у менскай СДЮШАР № 5 і спартовым клюбе «Матор». Апошнія 15 гадоў адышоў ад актыўнай дзейнасьці, жыве ў вёсцы пад Менскам.
Каментары