Першыя Apple Watch у Беларусі. Уражанні ўладальніка
«Калі гадзіннік зможа сказаць мне, што ў мяне праз тыдзень будзе інфаркт…»

Разумныя гадзіннікі Apple паступілі ў продаж на Захадзе, апараты пачынаюць акольнымі шляхамі дабірацца ў Беларусь. Адзін з першых уладальнікаў Apple Watch, праграміст Кірыл Кудзін, падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад гадзінніка.
Кірыл мае мадэль Apple Watch Sport у мадыфікацыі з вялікім (42 мм у дыяганалі) экранам. Такі гадзіннік каштуе 399 даляраў у ЗША, але яму ён абышоўся заўважна даражэй — апарат ляцеў да яго праз акіян.
Хаця рабочае месца Кірыла абстаўленае і абкладзенае тэхнікай Apple, ён купляў гадзіннік не проста «для камплекту».
«На самой справе, мне было ўсё роўна, якую канкрэтна мадэль абіраць, — тлумачыць ён. — Ну так, прыкольна было б Sport, прыкольна было б белы гадзіннік. Але як бы трэба было проста ўзяць гадзіннік у рукі. Зараз разбярэмся — і актуальнасць гадзіннікаў спадзе».

Кірыл — распрацоўшчык папулярнай мабільнай праграмы WiFi Map. Яна ёсць найвялікшай у свеце базай пароляў да грамадскіх WiFi-сетак, якую ствараюць і падтрымліваюць 11 млн чалавек. Сваю праграму ён адаптаваў і для Apple Watch.
Раней ён меў «амаль разумны» гадзіннік з класічным дызайнам, механічнымі стрэлкамі, але сэнсарным экранам. Ён адзначае, што Apple Watch лягчэйшы ды танчэйшы, камфортна адчуваецца на руцэ і выглядае дастаткова стылёва.

Сваю тытульную функцыю — паказваць час — гадзіннік выконвае спраўна. Дазваляе нават абраць сярод мноства выглядаў, ад лічбавага гадзінніка з падрабязнасцямі календара і надвор’я да аналагавага гадзінніка з Мікі Маўсам.
Праўда, выконвае нядоўга. Пры тым, што паўдня Кірыл актыўна карыстаўся гадзіннікам ды паказваў яго па просьбах сяброў, за 5 гадзін «з’елася» 20% батарэі.
Да вечара гадзіннік «дажывае» без падзарадкі, можа пратрымацца і долей. Але ўсё роўна Кірыл называе яго «настольным» — на некалькі дзён ад разеткі не ад’едзеш.
Хаця некаторыя першыя карыстальнікі Apple Watch казалі, што інтэрфейс гадзінніка прытарможвае, Кірыл такога не заўважыў. Але адзначае: ёсць затрымка з уключэннем экрана. Экран гадзінніка гарыць не заўсёды, каб ён уключыўся, трэба ўзмахнуць рукой так, як калі глядзіш на звычайны гадзіннік — менавіта ў гэты момант гадзіннік рэагуе, на яго думку, не надта хутка.

Найбольш Кірыл «гуляецца» з пульсамерам — напрыклад, ён заўважыў, што калі выходзіў з дому, меў нармальны пульс, але калі сеў у таксі, пульс з нейкай прычыны падвысіўся.
«Вельмі зручна, што паведамленні сюды прыходзяць, — кажа ён. — Тэлефон раней трэба было пастаянна браць, а тут адразу пад рукой. Не на ўсе паведамленні трэба адказваць, большасць з іх проста інфармацыйныя. Мы па працы ўсёй камандай перапісваемся, зручна заўсёды быць у курсе, разумець, што адбываецца».
Да таго ж, гадзіннік можа прымаць тэлефанаванні і дазваляе размаўляць па гучнай сувязі, не адрываючы руку з гадзіннікам ад звыклай справы. «Яшчэ ён прыкольна гудзе, калі паступае выклік», — смяецца Кірыл.
«Праграм хапае, але яны ўсе нейкія непаўнавартасныя, — кажа ён. — Магчыма, яшчэ не ўсе распрацоўшчыкі маюць на руках гадзіннікі, таму праграмы такія напаўнедаробленыя».
Праграмы на Apple Watch не самастойныя. Усе яны ўсталяваныя таксама на тэлефоне, там жа і выконваюцца. Гадзіннік выступае ў ролі дадатковага экрану, а таксама набору датчыкаў — пульсамер, крокамер і іншых. Без тэлефона гадзіннік зможа хіба паказваць час і мераць пульс.

Усе праграмы на Apple Watch маюць вельмі спрошчаны выгляд. WiFi Map — не выключэнне. Калі на тэлефоне карыстальнік бачыць падрабязную карту з даступнымі WiFi-сеткамі, то на гадзінніку паказваюцца толькі некалькі бліжэйшых WiFi-сетак ды паролі да іх.

Такім жа чынам працуюць астатнія праграмы, што дэманструе ўладальнік Apple Watch. Па змоўчванні плэер паказвае толькі назву песні ды кнопкі Play, далей і назад (хаця па націсканні дазваляе абраць кампазіцыі са спісу). Прагноз надвор’я паказвае толькі тэмпературу і піктаграму надвор’я (але па націсканні можа паказаць пагадзінны прагноз на дзень).
Цікавым чынам працуюць паведамленні. Apple Watch дазваляе не толькі чытаць SMS ці iMessage (а таксама іншыя мэсэнджары), але і адказваць — ці смайлікам, ці шаблоннай фразай, ці праз надыктоўку адказу і распазнаванне голасу.


«Распазнае яно непагана, — кажа Кірыл пра надыктоўку голасам. — Жонка прыслала фота, я адказаў «ахранець», яно так і распазнала — ахранець».
Падтрымка распазнавання рускай мовы ёсць, хаця галасавы асістэнт Siri яшчэ не падтрымлівае рускую мову (магчыма, што падтрымка рускай мовы можа проста быць заблакаваная, бо гадзіннік яшчэ не прадаецца ў Расіі). Падтрымкі беларускай мовы, як і ў іншых прадуктах Apple, няма тым больш.
Кірыл не думае, што Apple Watch сёння каштуе сваіх грошай.
«Першае — гэта цана, — разважае ён. — Цана з два Android-смартфоны — гэта цана за гадзіннік, які сам па сабе нічога не можа, які ёсць толькі «прыблудай» да тэлефона. Іх будуць купляць ці тыя, хто зусім-зусім фанаты Apple, ці тыя, для каго гэта зусім невялікія грошы. Па-другое, плаціць 400 даляраў за тое, каб адказаць на паведамленне ці званок, калі і так маеш з сабой побач тэлефон… Іншых вартых сцэнароў выкарыстання я пакуль не бачу».

Ён згадвае, што Apple рабіла ўпор на фітнэс-функцыі і аплату з гадзінніка замест банкаўскай карткі. «Але плоціш ты не так часта, каб лянота было дастаць тэлефон, — разважае ён. — А з фітнэсам, магчыма, будзе цікава, калі ў Apple атрымаецца прынамсі ў Штатах завязаць фітнэс-функцыі на клінікі».
Кірыл бачыць патэнцыял у гадзінніку. У ім могуць з’явіцца функцыі, якіх мы сёння мо і не ўяўляем.
Напрыклад, ужо сёння гадзіннік можа захаваць інфармацыю пра пульс і фізічную актыўнасць уладальніка. Калі гэтыя функцыі развіць, калі інфармацыю пра здароўе адсылаць на аналіз дактарам, можа атрымацца маленькая рэвалюцыя ў ахове здароўя.
«Нават страхавыя кампаніі змогуць дыферэнцаваць рызыкі, рабіць больш танную ці дарагую страхоўку ў залежнасці ад стану здароўя, — фантазіруе ён. — Ды калі гадзіннік зможа сказаць мне, што ў мяне праз тыдзень будзе інфаркт, калі доктар зможа па інфармацыі з яго гэта вызначыць — вось гэта будзе крута, тады ён будзе каштаваць свае 400 даляраў».

Каментары