Грамадства2323

Прэзідэнт Еўрапарламента сустрэўся з беларускай апазіцыяй

«Мы ўважаем Мікалая Статкевіча героем», — сказаў Марцін Шульц.

Дэлегацыя беларускай апазіцыі была прынятая на вышэйшым узроўні ў Еўрапарламенце напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» ў Рызе.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»Андрэй Саннікаў, жонка палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна 19 мая сустрэліся з Прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента Марцінам Шульцам, старшынём Камітэта замежных спраў Эльмарам Брокам, кіраўніком дэлегацыі Беларусі Багданам Здраеўскім і старшынём партыі «Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты Літвы» (СА — ХДЛ), еўрадэпутатам Габрыэлюсам Ландсбэргісам.

Удзельнікі беларускай дэлегацыі звярнулі ўвагу кіраўнікоў Еўрапарламента на сітуацыю з палітвязнямі, што пагаршаецца, пагрозу блакавання інтэрнэт-сайтаў у Беларусі, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў, бесперапынныя арышты актывістаў апазіцыі.

«Галоўнай мэтай нашых сустрэч была занепакоенасць тым, што змяненне палітыкі Еўразвязу прывяло да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сёння Еўразвяз заклапочаны расейскай агрэсіяй ва Украіне і спрабуе знайсці шляхі развязання гэтага крызісу. Аднак звяртацца да паслуг дыктатара Лукашэнкі з тым, каб спыніць Пуціна, вельмі недальнабачна і небяспечна. Еўропе сёння патрэбна стратэгія камунікацыі з нашым рэгіёнам, і гэтая стратэгія ніяк не можа абапірацца на падтрымку існуючых у гэтым рэгіёне дыктатур — хоць вялікіх, хоць малых. Еўразвяз мае дастатковы досвед узаемаадносін з Беларуссю, з якога вынікае, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы, а любое змякчэнне стаўлення да яго вядзе да новых рэпрэсіяў, новых палітвязняў і забойстваў. Параза Лукашэнкі непазбежна прывядзе да паразы Крамля. Гэта і павінна служыць арыенцірам для Еўропы», — мяркуе лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Марына Адамовіч распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, адзначыўшы, што ціск на вязняў сумлення ўзмацняецца. Пры гэтым яна папрасіла еўрапейцаў не адступаць ад заяўленай прынцыповай пазіцыі што да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. З яе слоў, пры кожным візіце ў Беларусь еўрапейскіх чыноўнікаў рэжым дэманстратыўна павялічвае ціск на палітвязняў.

Напрыклад, у дзень, калі Лукашэнка сустракаўся з міністрам замежных спраў Аўстрыі Себасцьянам Курцам, у Беларусі прайшоў суд над яе мужам Мікалаем Статкевічам, які зрабіў больш жорсткімі ўмовы ягонага зняволення, а ў дні, калі ў Беларусі знаходзіліся адразу тры высокапастаўленых чыноўніка - спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні, намесніца кіраўніка замежнапалітычнай службы Еўразвязу Хельга Шміт і дэпутатка Еўрапарламента Сандра Калніетэ — палітвязень Мікалай Дзядок быў прысуджаны да дадатковага года зняволення.

Марына Адамовіч перадала Марціну Шульцу словы падзякі за падтрымку ад Мікалая Статкевіча. Жонка палітвязня падкрэсліла важнасць таго, што Еўрапарламент прызнае палітвязнямі ў Беларусі шэсць чалавек. Нядаўна тут пачалася кампанія ў падтрымку беларускіх палітвязняў — кожны з вязняў сумлення атрымаў свайго «апекуна» з ліку еўрапарламентарыяў.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што прыехаў у Страсбург з намерам прадухіліць магчымы зман еўрапарламентарыяў у дачыненні да Лукашэнкі і ягонага магчымага «пераўвасаблення».

«Я даўно сустракаўся з Марцінам Шульцам, калі ён яшчэ не быў прэзідэнтам Еўрапарламента. Высветлілася, што, як і раней, ён выдатна разумее сітуацыю ў Беларусі. Яго не трэба было ні ў чым пераконваць. Сёння ад рэжыму Лукашэнкі трэба жорстка патрабаваць вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў. Трэба скасаваць драконаўскае заканадаўства ў дачыненні да мас-медыя, спыніць «замашкі» на інтэрнэт-сайты, перастаць быць душыцелямі волі слова і пад страхам рэпрэсій душыць усё жывое. Цяпер прынята ўважаць першачарговымі праблемы Украіны, але нельга забываць пра Беларусь. Недапушчальна верыць хлуслівым абяцанням Лукашэнкі», - сказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна заклікала Еўразвяз у выпадку блакавання ў Беларусі незалежных інтэрнэт-сайтаў неадкладна ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — эканамічныя і на пастаўкі тэхналогій. Журналістка распавяла аб тым, што сёння ў беларускім незалежным інтэрнэт-сайтам масава выносяцца папярэджанні Міністэрства інфармацыі, а паводле прынятых у пачатку 2015 паправак Закона аб СМІ інтэрнэт-сайты могуць блакавацца ў Беларусі без суда — усяго пасля двух папярэджанняў. Дзяржаўны правайдэр-манапаліст «Белтэлекам» закупляе абсталяванне для блакавання інтэрнэту. За апошнія паўгода самы папулярны беларускі незалежны сайт charter97.org блакаваўся ўжо тройчы.

Сёння, ва ўмовах масаванай расейскай прапаганды, знішчэнне незалежных інтэрнэт-сайтаў у Беларусі азначае канчатковую страту краінай незалежнасці, а таксама фактычна ператварае Беларусь у закрытую дыктатуру тыпу Паўночнай Карэі. Падтрымка незалежных медыя ў гэтых умовах надзвычай важная, падкрэсліла Наталля Радзіна.

Прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц заявіў, што ЕП заўсёды ўважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі. З ягоных слоў, ён быў супраць таго, каб Менск стаў пляцоўкай для перамоваў з прарасейскімі сепаратыстамі Данбаса. «Нас заўсёды турбавала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, мы сочым за лёсамі палітвязняў», — сказаў прэзідэнт.

Асабліва Марціна Шульца цікавіў стан палітвязня Мікалая Статкевіча пасля таго, як беларускі рэжым зрабіў больш жорсткімі ўмовы ягонага зняволення. «Мы захапляемся вашым мужам і ўважаем яго героем», — сказаў прэзідэнт Марыне Адамовіч.

Прэзідэнт Еўрапарламента таксама заявіў, што бярэ пад асабісты кантроль сітуацыю з пагрозай блакавання незалежных сайтаў Беларусі.

«Мы ведаем, якому ціску падпадае сайт charter97.org і заўсёды гатовыя падставіць вам плячо», — заявіў Марцін Шульц.

Каментары23

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Усе навіны →
Усе навіны

«Вось убачыце. Праз некалькі тыдняў ці дзён». Намёкі Лукашэнкі пра нейкія крокі выразалі з тэкставай версіі яго прамовы14

«Ні ў якім разе я не рабіў заявы». Келаг зняпраўдзіў словы Лукашэнкі11

Купіў будынак пад рэстаран за 262 тысячы рублёў. Цяпер участак хочуць забраць, каб пабудаваць там… рэстаран5

«Тым, хто настальгуе па саўку, спадабаецца». Блогер пераначаваў у найгоршых гатэлях Беларусі і падзяліўся ўражаннямі11

Пракоп'еў: Знізьце ўзровень чаканняў. Я не бачу ніводнай аб'ектыўнай прычыны, каб наступала адліга14

Расіяніна затрымалі з 37 кілаграмамі наркотыкаў у Мінску2

Куды беларусы могуць лятаць без візы і без перасадак?3

«Хтосьці ў кіраўніцтве сілавікоў вырашыў вывесці Бялюціна са «справы Аўтуховіча» і выкарыстаць іначай»3

Зяленскі падтрымаў Азербайджан у канфлікце з Расіяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць