Лагойск — (патэнцыйна) райскі горад. Фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна
«НН» працягвае серыю артыкулаў аб гарадах-спадарожніках Мінска. Частка другая — Лагойск.
Вясной Мінгарвыканкам зацвердзіў канцэпцыю развіцця гарадоў-спадарожнікаў сталіцы. Паводле яе, а таксама пажаданняў Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні інтэнсіўнай забудовы Мінска, да 2030 года больш за 120 тысяч сталічных жыхароў мусяць засяліць 6 гарадоў-спадарожнікаў. Для перспектыўнага развіцця абраныя Смалявічы, Лагойск, Фаніпаль, Дзяржынск, Рудзенск і Заслаўе.
Лагойск, нягледзячы на амаль тысячагадовую гісторыю, самы малады горад сучаснай Беларусі.
Гэты статус райцэнтр атрымаў толькі ў 1998 годзе. У канцэпцыі гарадоў-спадарожнікаў яму адводзіцца роля спартыўна-турыстычнага цэнтра. Гэтаму спрыяе маляўнічы ўзгоркавы ландшафт прылеглых тэрыторый, знаходжанне побач двух гарналыжных курортаў і добрыя экалагічныя ўмовы. Багаты Лагойск і на гісторыка-культурную ды рэкрэацыйную інфраструктуру. У горадзе захаваўся старажытны парк Тышкевічаў з фрагментамі палацавага ансамбля, гарадзішча, а праз райцэнтр працякае маляўнічая рака Гайна.
Абмеркаванне генеральнага плана развіцця Лагойска скончылася на грамадскіх слуханнях у мінулым месяцы.
Што зменіцца
Паводле дакумента, першы этап развіцця мае скончыцца праз пяць гадоў і закране шматкватэрную і сядзібную забудову. Другі этап будзе ўключаць у сябе развіццё інфраструктуры і ўпарадкаванне ландшафтных тэрыторый.
Планы сапраўды глабальныя. Чакаецца, што ў Лагойску цалкам адновяць палац Тышкевічаў, прылеглы парк, пад’язную алею і «муры» старажытнага замка. Уздоўж Гайны будзе створана паркавая зона з атракцыёнамі.
Такія маштабныя змены патрэбныя, бо цяперашні стан парку пакідае жадаць лепшага. Будынак стайні палаца Тышкевічаў моцна пашкоджаны і самотна стаіць наводшыбе. На неўладкаванай набярэжнай Гайны жыхароў і гасцей Лагойска сустракае бетонны пірс, які не рамантавалі з савецкіх часоў. Гідралагічная сістэма ў парку таксама патрабуе аднаўлення.
У цэнтры Лагойска сфармаваная малапавярховая гістарычная забудова, таму глабальных зменаў тут не будзе.
Толькі ў некаторых месцах чакаецца ўшчыльненне малапавярховай забудовай. А ў дварах шматпавярховікаў павінны з’явіцца новыя паркоўкі і нават падземныя паркінгі.
Большыя змены закрануць прыватны сектар. 144 надзелы трапяць пад рэканструкцыю, а прылеглыя вёскі Зялёны Луг і Церхавічы ўвойдуць у гарадскую мяжу. Некаторым новым жыхарам Лагойска можа пашанцаваць: паводле генеральнага плана прадугледжана развіццё сядзібных тэрыторый уздоўж Гайны. Гэта будуць маляўнічыя ўчасткі прыватнага сектара.
Мікрараён на 3 тысячы жыхароў
Асноўнай жылой забудовай для «новых менчукоў» у Лагойску стане квартал малапавярховай забудовы «Спадарожнік». Ён будзе месціцца ў заходняй частцы Лагойска побач з Віцебскай шашой. Да 2030 года тут плануецца здаць дамы для 3 тысяч чалавек. Жыхары гэтага раёна стануць асноўным «капіталам» будучага горада-спадарожніка. Будаўнічыя работы па ўзвядзенні квартала ўжо пачаліся. Побач месцяцца сучасныя шматпавярховікі цяперашніх лагайчан.
Для ажыўлення транспартнай інфраструктуры Лагойска існуе праект хуткаснай трамвайнай лініі да Мінска. Але пакуль ён не зацікавіў інвестараў, бо кошт гэтага праекта сягае пад $190 мільёнаў. Пакуль жа асноўнай транспартнай артэрыяй для Лагойска, якая злучае яго з Мінскам, з’яўляецца траса М3.
Транспартная інфраструктура Лагойска пакуль не гатовая для імклівага павелічэння колькасці жыхароў. Для развіцця гэтага кірунку плануецца пабудова кальцавой дарогі вакол горада, рэзерваванне ўчастка для пабудовы моста і аб’язной дарогі.
Калі падсумоўваць канцэпцыю развіцця Лагойска як горада-спадарожніка Мінска, то атрымліваецца, што новыя жыхары павінны пераехаць у маляўнічы і кампактны гарадок з выдатнай культурнай і экалагічнай атмасферай. Горад не мае вялікіх прамысловых аб’ектаў ці горадаўтваральнага прадпрыемства. Ён можа стаць цудоўнай альтэрнатывай для жыцця тым, хто жадае пераехаць у ціхі прыгарад непадалёк ад Мінска.
Каментары