Ракета SpaceX упершыню ўзарвалася ў камерцыйным рэйсе. Элан Маск: «Прычына нелагічная»
Ніхто не пацярпеў, касманаўты без ежы не застануцца.
Відэа аварыі ад NASA:
У нядзелю, 28 чэрвеня, ракета-носьбіт Falcon 9 з грузавым караблём Dragon (абодва — прыватнай кампаніі SpaceX) узарвалася праз 2 хвіліны 19 секунд пасля запуску на мысе Канаверал.
Як распавёў заснавальнік SpaceX Элан Маск, прычынай аварыі стаў падвышаны ціск у баку з вадкім кіслародам. «Звесткі паказваюць нелагічную (counterintuitive) прычыну», — напісаў ён у твітары.
Грузавік Dragon меў даставіць на МКС дзве тоны грузу. Праграму працы астранаўтаў прыйдзецца скарэктаваць у адсутнасці дадатковага харчавання і абсталявання (у тым ліку новага скафандра і стыковачнага вузла, а таксама васьмі спадарожнікаў на базе CubeSat).
Экіпаж МКС адрэагаваў на страту спакойна. «Космас — штука няпростая», — напісаў у твітары астранаўт Скот Келі, які назіраў за запускам з борта МКС. Ежы на станцыі хопіць яшчэ на некалькі месяцаў, вада і кісларод вырабляюцца проста на станцыі. Разлічваецца, што 3 ліпеня да станцыі паляціць расійскі грузавік «Прагрэс М-28М». «Раскосмас» прапанаваў амерыканцам даставіць любы неабходны груз — NASA заявіла, што ў гэтым няма неабходнасці.
На сёння Dragon ёсць адзіным караблём, здольным не толькі дастаўляць, але і вяртаць грузы з МКС. Катастрофа Falcon 9 — першая ў гісторыі камерцыйных (не тэставых) запускаў SpaceX. Папярэднія 18 камерцыйных запускаў прайшлі паспяхова. Аварыя не мусіць адбіцца на супрацы NASA і SpaceX — Dragon па кантракце мае паляцець да МКС яшчэ прынамсі восем раз да 2017 года.
Каментары