За загаранне топлес дзяўчыне пагражае штраф 5,4 млн, яе абаронцам — 9 млн
Унутранага расследавання пра правамернасць дзеянняў АМАП на пляжы Мінскага мора не вядзецца.
У суботу на пляжы Мінскага мора адбылася сутычка адпачывальнікаў і АМАПа, у выніку чаго былі затрыманыя дзве жанчыны і мужчына.
«Да нас звярнулася жанчына, што побач з ёй загарае аголеная дзяўчына, — распавядае супрацоўнік Мінскага абласнога УУС. — Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі, зрабілі ёй заўвагу. Яна на гэтую заўвагу ніяк не адрэагавала, таму яны прапанавалі ёй прайсці ў машыну. Яна пагадзілася і ніякіх прэтэнзіяў у яе не было. Людзі, якія адпачывалі побач, пачалі крычаць «што вы яе забіраеце!», падскочылі да АМАПаўцаў, пачалі здымаць на камеру, хапаць за форму… Ну, адштурхнулі гэтую жанчыну і прапанавалі прайсці».
Жанчыне, якая загарала топлес, інкрымінуюць артыкул 17.1 адміністрацыйнага кодэксу РБ «Дробнае хуліганства».
То бок дзяўчыне пагражае штраф у памеры ад двух да трыццаці базавых велічыняў (360 000 — 5 400 000 рублёў), ці адміністрацыйны арышт. Паводле вызначэння, дробнае хуліганства — гэта «нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае чаплянне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый ці спакой грамадзян і якія выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства». На думку юрыста Тамары Сідарэнка, сам артыкул кажа пра парушэнне маральных прынцыпаў грамадства, а гэтае паняцце даволі шырокае і недакладнае.
«Я лічу, што ў гэтым выпадку, можа, і ёсць замах на грамадскую маральнасць, але ніякай грамадскай небяспекі ў ім няма, і тут цягне максімум на амаральную правіну, — разважае Тамара Сідарэнка. —Дзяўчына ж не кідала выклік грамадскай маралі, бо па гэтым пытанні ў нашым грамадстве ўсё ж такі меркаванне разыходзіцца. Таму хуліганства я б тут не ўгледзела».
На відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце, бачна, што жанчына і мужчына на мыліцах пасля таго, як іх «адштурхнулі» міліцыянты, валяцца на зямлю. Прычым, жанчына ўвесь час трымаецца за шчаку. Па словах відавочцаў, якія пацвярджаюць і ў абласным УУС, дваіх «абаронцаў» з пляжа забірала хуткая.
«Яны запатрабавалі выклікаць хуткую. Яна прыехала і забрала жанчыну ды яе мужа з гіпсам, які пачаў казаць, што яму там па другім разе нагу зламалі,— кажа супрацоўнік міліцыі. — Але на сёння гэтая жанчына з бальніцы выпушчаная, бо ў яе ніякіх траўм ды пашкоджанняў няма. А муж яшчэ знаходзіцца ў бальніцы, бо ў яго нага ў гіпсе, і толькі сёння бліжэй да вечара стане зразумела, што ў яго там. Але супрацоўнікі міліцыі працавалі ў межах закону і ніякай унутранай праверкі не праводзіцца».
Абодвум «абаронцам» інкрымінуюць артыкулы 23.3 «Умяшанне ў разрашэнне справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне» і 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Па кожным з іх пары пагражае адміністрацыйны арышт ці штраф ад 3 600 000 да 9 000 000 рублёў.
Каментары